Пятніца, 23 Снежань 2022 09:11

15 снежня 2022 г. – 100 гадоў з дня нараджэння Івана Іванаваіча Савенкі (1922), удзельніка Вялікай Айчыннай вйаны, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі БССР

Іван Іванавіч Савенка нарадзіўся 15 снежня 1922 г. у в. Цёсны Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці ў вялікай сялянскай сям’і. Пасля галодных 1933–1934 гг. з сямі дзяцей засталіся трое. У школе Іван вучыўся толькі на «выдатна». Працоўную дзейнасць пачаў у калгасе «Пралетарый» Лоеўскага раёна.

 У 1939 г. стаў студэнтам Маскоўскага будаўнічага інстытута, а праз год яго прызвалі ў Чырвоную армію, накіравалі ў Арлоўскае ваеннае вучылішча. У час Вялікай Айчыннай вайны — удзельнік абароны Масквы і Сталінградскай бітвы. У чэрвені 1943 г. быў цяжка паранены і ў 1944 г. па інваліднасці звольнены з арміі ў званні капітана.

Пасля шпіталя Іван Савенка паехаў у г. Кустанай (Казахстан). Працаваў настаўнікам гісторыі ў дзіцячым доме, сустрэў свой лёс – Марыю Міхайлаўну Палякову, якая пасля падарыла яму два сыны і дзве дачкі.

Выдатныя арганізатарскія здольнасці, вялікае імкненне да ведаў вызначылі яго далейшы лёс. Калі родная Беларусь была вызвалена ад ворага, Іван Савенка вярнуўся на спустошаную радзіму. Працаваў у савецкіх і партыйных установах. У 1949 г. закончыў Мінскую партыйную школу. Загадчык ваеннага аддзела райвыканкама, работнік Свяцілавіцкага райкама КПБ, пасля заканчэння Вышэйшай партыйнай школы пры ЦК КПСС (1955) – сакратар Жабчыцкага райкама партыі.

У красавіку 1955 г. Іван Савенка апынуўся ў в. Яечкавічы Іванаўскага раёна, узначаліў адстаючы калгас «Зара камунізму». З першых дзён старшынства шукаў працавітых людзей, народных самародкаў, якія маглі стаць яго надзейнай падтрымкай і апорай. Нават у самыя цяжкія моманты яны верылі, што надыдзе час, і калгас будзе атрымліваць багатыя ўраджаі.

Па натуры Іван Іванавіч быў чалавекам рашучым і прамым. Прынцыпамі яго працы сталі ўменне пралічваць сітуацыю, не баяцца браць адказнасць на сябе, валодаць сітуацыяй, давяраючы кадрам, правяраць і выхоўваць іх, ствараць надзейную каманду прафесіяналаў. У нялёгкай працы Івану Іванавічу заўсёды дапамагалі прыродны розум, гаспадарчая хватка, кемлівасць, талент арганізатара. А яшчэ ў яго было пастаяннае імкненне да ведаў. Настольнымі кнігамі сталі літаратура па агратэхніцы, навуковаму развіццю жывёлагадоўлі, арганізацыі зялёнага канвеера, артыкулы аб замежным і айчынным вопыце.

Іван Іванавіч любіў паўтараць: «Няма дрэннай зямлі, няма дрэнных умоў, ёсць дрэнныя гаспадары». З году ў год гаспадарка набірала тэмпы, мацнела, умацоўвалася яе матэрыяльная база, машынна-трактарны парк папаўняўся найноўшай тэхнікай. І. І. Савенка першым у раёне гаспадарчым спосабам пабудаваў зернесушыльныя комплексы, бетонныя сіласныя траншэі, станцыі тэхабслугоўвання, семяачышчальныя лініі для падрыхтоўкі насення траў, прэсаванае сена захоўвалася пад вентыляванымі навесамі. Вырошчвалі такія не характэрныя для раёна культуры, як рапс, кукуруза.

У цэлым жа па ўсіх эканамічных паказчыках гаспадарка «Зара камунізму» займала лідзіруючыя пазіцыі ў раёне. 25 гадоў калгас не прасіў у дзяржавы пазыкі і крэдыты, цалкам быў забяспечаны ўласнымі рэсурсамі, жыў па законе самаакупнасці і самафінансавання. Кніга І. І. Савенкі «Выхаваць гаспадара» (1990) і сёння не страціла сваёй актуальнасці, можа стаць настольным падручнікам для пачаткоўцаў кіраўнікоў гаспадарак.

У гаспадарцы былі створаны 12 будаўнічых брыгад. Пабудавалі свой цагляны завод. Вёска Яечкавічы ператварылася ў цывілізаваны пасёлак. Да паслуг вяскоўцаў былі пабудаваны дзіцячы сад, гандлёвы цэнтр з харчовай, прамтаварнай, гаспадарчай крамамі, Дом культуры, двухпавярховая сярэдняя школа. Актыўна вялося будаўніцтва жылля для сваіх работнікаў.

Іван Іванавіч вёў вялікую грамадскую работу. Двойчы выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, быў дэпутатам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, шмат разоў – дэпутатам раённага і сельскага Савета дэпутатаў. Быў членам ЦК КПБ.

І. І. Савенка ўзнагароджаны ордэнамі Леніна (1973), Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга (1960, 1971), «Знак Пашаны» (1966), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1982), медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Ганаровае званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларускай ССР» прысвоена ў 1979 г.

І. І. Савенка трыццаць чатыры гады кіраваў калгасам «Зара камунізму» (цяпер ААТ «Зара-Агра») – да 1990 г. Памёр 1 лістапада 2006 г.

У Яечкавіцкай сярэдняй школе працуе гісторыка-краязнаўчы музей, ля вытокаў стварэння якога быў Іван Іванавіч. У музеі годнае месца адведзена ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і калгаснай вытворчасці, асабіста І. І. Савенку. 15 снежня 2022 г. у Яечкавіцкім Доме культуры адбыўся вечар памяці да 100-годдзя з дня нараджэння І. І. Савенкі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава.

Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Кнігі і артыкулы І. І. Савенкі

  1. Выхаваць гаспадара : [аб вопыце работы старшыні калгаса «Зара камунізму» Іванаўскага раёна]/ Іван Савенка ; [літаратурны запіс І. Ф. Краўцова]. Мінск : Ураджай, 1990. 262 с. : iл.
  2. Зялёны цэх пратэiну : [аб шляхах вырашэння бялковай праблемы ў калгасе «Зара камунізму» Іванаўскага раёна] / Іван Савенка. – Мінск : Ураджай, 1979. – 38 с. – (Наш курс – эфектыўнасць і якасць).
  3. Трудный экзамен : [о колхозе «Заря коммунизма»] / Иван Савенко // Советская Белоруссия. 1979. 5 июля.
  4. И больше, и лучше : [передовой опыт колхоза «Заря коммунизма»] / Иван Савенко // Заря. 1979. 1 июня.
  5. Нашвялікі абавязак : [аб калгасе «Зара камунізму»] / Іван Савенка // Чырвоная звязда. Іванава, 1978. 11 красавіка.
  6. Бобовые плюс корнеплоды. Корма – основа животноводства: [о колхозе «Заря коммунизма»] / Іван Савенка // Заря. 1978. 14 марта.
  7. Там, дзе адвечная багна была… : [калгас «Зара камунізму»] / Іван Савенка // Чырвоная звязда. Іванава,1976. 10 чэрвеня.
  8. Натхняючыя перспектывы : [калгас «Зара камунізму»] / Іван Савенка // Чырвоная звязда. Іванава,1976. 3лютага.
  9. Пяць ударных год калгаса «Зара камунізма»/ Іван Савенка // Чырвоная звязда. Іванава,1976. 6студзеня.
  10. Людзі нашага калгаса : [«Зара камунізму»] / Іван Савенка // Чырвоная звязда. Іванава,1975. 30верасня.
  11. Ключевые проблемы / Иван Савенко // Заря. 1971. 3 марта.
  12. Земля и люди : [о колхозе «Заря Коммунизма» Ивановского района] / Иван Савенко // Заря. 1970. 15 апреля.

 

 

Аб жыцці і творчасці І. І. Савенкі

  1. Савенко Иван Иванович // Кто есть кто в Республике Беларусь : [в 2 т.]. Минск, 2005. Т. 2. С. 300.
  2. Савенко Иван Иванович // Кто есть кто в Республике Беларусь. Минск : Энциклопедикс, 2004. С. 243.
  3. Савенка Іван Іванавіч // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мiнск, 2000. С. 513.
  4. Наш низкий поклон ветеранам – героям войны и труда (из истории Яечковичской ветеранской организации) // О подвигах, о доблести, о славе... / Ивановская районная организация Белорусского общественного объединения ветеранов ; сост. М. П. Горупа. Иваново : Ивановская районная типография, 2015. С. 36–44.
  5. Захарчук, В.Линия жизни : [о председателе колхоза «Заря коммунизма» И. И. Савенко] / Виктор Захарчук // Хлеб, помноженный на соль / Виктор Захарчук. Минск : Ураджай, 1986. С. 27–32.
  6. Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь : 1979 : І. І. Савенка // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 566.
  7. Павельчук, Л. «Я вам должон сказать» : [к 100-летию со дня рождения И. И. Савенко] / Лариса Павельчук // Янаўскі край. Іванава, 2022. 16 снежня (№ 50). С. 8–9.
  8. Савенко Иван Иванович : [некролог] // Чырвоная звязда. Іванава, 2006. 7 лістапада. С. 3.

 

Чытаць 177 разоў