Аўторак, 17 Студзень 2023 09:09

7 студзеня 2023 г. – 85 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Фёдаравіча Свідуновіча (1938–2008), кандыдата багаслоўя, протаіерэя

Аляксандр Фёдаравіч Свідуновіч нарадзіўся 7 студзеня 1938 г. у сяле Дзівін Кобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер аг. Дзівін Кобрынскага раёна). Бацькі Фёдар Сільвестравіч і Ганна Сцяпанаўна назвалі сына ў гонар рускага князя Аляксандра Неўскага, кананізаванага Рускай праваслаўнай царквой. Дзяцінства хлопчыка праходзіла ў нялёгкі час нямецка-фашысцкай акупацыі. На ўсё жыццё ў памяці Аляксандра засталіся ўспаміны пра тое, як яго сям'іпрыходзілася галадаць, хавацца ў лесе ад немцаў. Але прыйшла доўгачаканая перамога, і хлопчык пайшоў у першы клас сельскай школы, навучанне ў якой праходзіла на роднай беларускай мове.

 У 1956 г. Аляксандр закончыў Дзівінскую сярэднюю школу, адаслаў дакументы ў Гродзенскі педагагічны інстытут, але бацька параіў паступаць у духоўную семінарыю. Сям'я Свідуновічаў была праваслаўнай, і сам Аляксандр часта наведваў царкву. Забраўшы дакументы з педінстытута, паступіў у Мінскую духоўную семінарыю, якая знаходзілася пры Свята-Успенскім Жыровіцкім мужчынскім манастыры. Валодаючы выдатным музычным слыхам і моцным прыродным голасам, ужо ў першы год навучання студэнт Свідуновіч звяртае на сябе ўвагу выкладчыка царкоўных спеваў, і яго прызначаюць рэгентам царкоўнага хору. У гэтыя гады фарміруецца характар і светапогляд будучага святара.

Семінарыю Аляксандр Свідуновіч скончыў у 1960 г. і вырашыў прадоўжыць навучанне далей. У Ленінградскую духоўную акадэмію яго залічваюць без уступных экзаменаў. Выкладчыкі акадэміі, сярод якіх былі адукаваныя, інтэлігентныя настаўнікі яшчэ дарэвалюцыйнай царскай школы, акрамя багаслоўска-рэлігійных ведаў змаглі прывіць сваім студэнтам і мастацка-эстэтычны густ, наведваючы разам з імі шматлікія музеі і тэатры паўночнай сталіцы. У 1964 г. Аляксандр закончыў акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя, якой быў удастоены за курсавую работу па кананічнаму праву «Родство и свойство, как препятствие к браку».

Пасля заканчэння акадэміі атрымаў накіраванне ў Смаленск, дзе на працягу сямі гадоў нёс царкоўныя паслухмянствы ў якасці псаломшчыка, рэгента і дыякана. У сане дыякана яго служэнне праходзіла ў старажытным велічным саборы, пабудаваным у XVII ст. царом Аляксандрам Міхайлавічам. У 1971 г., па стане здароўя, пераязджае ў Бярдзянск. З 1972 г. пачынаецца яго служба на Днепрапятроўшчыне (Украіна):з 1972 па 1980 г. – настаяцель Свята-Пакроўскай царквы п. Таромскае; з 1980 па 1982 г. – настаяцель Свята-Успенскай царквы г. Паўлаграда; з 1982 па 1988 г. – святар Свята-Траецкага кафедральнага сабора Днепрапятроўска.

Да 1988 г. у Днепрапятроўскай вобласці налічвалася ўсяго 22 праваслаўныя храмы. У Днепрадзяржынску на той час не было ніводнай дзеючай царквы. Вялікая колькасць лістоў-хадайніцтваў адпраўлялася вернікамі ў розныя ўрадавыя інстанцыі. Калі было прынята рашэнне перадаць Свята-Мікалаеўскі сабор праваслаўнай абшчыне, кіраўнік Днепрапятроўскай епархіяй мітрапаліт Лявонцій (Гудзімаў) вырашыў прызначыць настаяцелем вернутага храма айца Аляксандра Свідуновіча.Ужо праз тры дні пасля яго прызначэння, 3 красавіка 1988 г., адбылася служба, першая за 28 гадоў з часу перадачы сабора ў 1960 г. пад музей. Пад кіраўніцтвам і пры актыўным удзеле протаіерэя Аляксандра Свідуновіча сабор, які быў у вельмі дрэнным стане, удалося адрамантаваць.

Аляксандр Свідуновіч служыў настаяцелем Свята-Мікалаеўскага сабора на працягу амаль 20 гадоў, быў благачынным цэркваў Днепрадзяржынска, пастырам самай буйной і ўплывовай хрысціянскай супольнасці ў горадзе. Царкоўны працоўны стаж першага настаяцеля адноўленага Свята-Мікалаеўскага сабора складаў 52 гады. За гэты час яго заслугі былі адзначаны мноствам царкоўных і дзяржаўных узнагарод.

8 снежня 2008 г. на семдзесят першым годзе жыцця Аляксандр Фёдаравіч Свідуновіч раптоўна памёр. Памяццю пра настаяцеля застаўся адроджаны ім Свята-Мікалаеўскі сабор, на тэрыторыі якога і пахаваны мітрафорны протаіерэй айцец Аляксандр Свідуновіч.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Свідуновіч Аляксандр Фёдаравіч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 440.
  2. Гапанович, А. Н. Александр Федорович Свидунович / Афанасий Гапанович // Дивин древний и молодой / Афанасий Гапанович. Брест, 2017. С. 76.
  3. Слоневский, А. Жизнь. Смерть. Воскресение : [есть упоминание о передаче отцомАлександром Свидуновичем иконы Святителя и Чудотворца Николая римско-католической общине в Днепродержинске] / А. Слоневский. Днепропетровск : Пороги, 2009. С. 215.
  4. Свідуновіч Аляксандр Фёдаравіч // Дзівінскі шлях: гісторыя і дзень сённяшні : гісторыка-краязнаўчы нарыс да 550-годдзя з часу першага ўпамінання в. Дзівін Кобрынскага раёна / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2016. С. 46.
  5. Свідуновіч Аляксандр Фёдаравіч // Людзі навукі нашага краю :біябібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук. 2-е выд., дапрац. і дап. Кобрын, 2020. С. 128–129.
  6. 85 гадоў з дня нараджэння А. Ф. Свідуновіча (1938) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 93.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 209 разоў Апошняя змена Аўторак, 17 Студзень 2023 09:12