Чацвер, 14 Сакавік 2013 11:58

7 сакавіка 2013 г. – 70 гадоў з дня нараджэння Алы Канстанцінаўны Кабаковіч-Тычына (1943–1985), літаратуразнаўца, паэтэсы, перакладчыка

Ала Канстанцінаўна Кабаковіч нарадзілася 7 сакавiка 1943 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Гутава Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці.

{gcontent}У 1959 годзе з залатым медалём закончыла Гутаўскую сярэднюю школу. У 1964 годзе на “выдатна” закончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Два гады працавала ў сістэме Дзяржкамітэта БССР па радыёвяшчанню і тэлебачанню.

У 1966 годзе паступіла ў літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве на перакладчыцкі факультэт, які закончыла ў 1971 годзе. У час вучобы была слухачкай славiстычных курсаў пры Варшаўскiм унiверсiтэце. Дэбютавала ў друку падборкай вершаў “Из лирической тетради” у часопiсе “Нёман” (1970. № 7. С. 77–78). Адзiн год працавала рэдактарам i рэцэнзентам аддзела паэзii часопіса "Дружба народаў", дзе публікавала свае пераклады з беларускай мовы вершаў У. Караткевіча, А. Вярцінскага. 3 1971 года працавала навуковым супрацоўнікам інстытута літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі навук БССР. За час працы абараніла кандыдацкую дысертацыю (1975), выдала кнігі "Паэзія Максiма Багдановіча" (1978), "Беларускі свабодны верш" (1984), была сааўтарам манаграфii “Паэзiя абнаўлення свету” (з I. Шпакоўскiм, Н. Шуклiной, 1981).

Была жонкай беларускага пiсьменнiка Мiхася Тычыны.

Ала Кабаковiч – сапраўдная паляшучка не толькі таму, што нарадзілася і ўзгадавалася ў глушы Палесся, але і натурай (аднакурснікі звалі яе Лесяй – у гонар вядомай гераіні А. Купрына).

Яна пайшла туды, куды клікала прызванне і жаданне аддзячыць людзям за дабро і спачуванне ў цяжкія гады, і стала радыёжурналісткай. А потым раптам апанавала яе жаданне пісаць вершы. Да лёсу сваіх вершаў адносілася досыць абыякава. Друкавалася рэдка. Найчасцей пісала, запісвала вершы на нейкіх лістках у блакнотах, пісьмах і забывала пра іх. Сціпласць і павага да роднага слова, дзе працуюць майстры, утрымлівалі яе. Яна заўсёды дзякавала лёсу, але лёс быў няроўны да яе – дні раскаванай натхненай працы чаргаваліся з днямі выпрабаванняў. Але яна верыла цвёрда, што пасеянае ўзыдзе і што лёс зробленага ёю будзе лепшым, чым яе ўласны лёс.

Памерла А. К. Кабаковіч-Тычына 11 лютага 1985 года.

Ужо пасля смерці была выдадзена яе навуковая праца "Фальклорныя і анталагічныя традыцыі ў беларускай паэзіі" (1989). У кнізе выбранага "Пасеянае ўзыдзе" (1991) апублікаваны яе вершы, пераклады і шматлікія артыкулы і рэцэнзіі, у якіх даследуецца творчасць многіх нашых лепшых паэтаў М. Танка, Я. Стакова, М. Стральцова, Р. Барадуліна, Р. Баравіковай, П. Макаля і іншых.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Драгічынскай цэнтральнай раёнай бібліятэкай. Трыфанава Наталля Іванаўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

{/gcontent}

Творы А. Кабаковiч

  1. Пасеянае ўзыдзе : вершы, пераклады, лiтаратурна-крытычныя артыкулы / Ала Кабаковiч ; прадмова М. А. Тычыны. Мiнск : Мастацкая лiтаратура, 1991. 287 с., [1] л. партр.
  2. Фальклорныя і анталагічныя традыцыі ў беларускай паэзіі : гiсторыка-тэарэтычны нарыс / Ала Кабаковiч. Мiнск : Навука i тэхнiка, 1989. 127 с.
  3. Беларускі свабодны верш / Ала Кабаковiч. Мiнск : Навука i тэхнiка, 1984. 175 с.
  4. Паэзія Максiма Багдановіча: дыялектыка рацыянальнага i эманацыянальнага / Ала Кабаковiч. Мiнск : Навука i тэхнiка, 1978. 136 с.
  5. Зоркі свецяць усім : [рэцэнзія на кнігу: Скобелев Э. Из тьмы светлеющие лики. Мн., 1983] / Ала Кабаковіч // Полымя. 1985. № 3. С. 215–217.
  6. Са сваёй чарадой : [пра творчасць паэта Рыгора Барадуліна] / Ала Кабаковіч // Маладосць. 1985. № 2. С. 170–175.

 

Аб жыццi i творчасцi А. Кабаковiч

  1. Баравiкова, Р. Iмя незабыўнае, iмя дарагое : [Ала Кабаковiч] / Раiса Баравiкова // ЛiМ. 2013. 7 сак. (№ 10). С. 4.
  2. Ала Кабаковіч-Тычына // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст : ААТ “Брэсцкая друкарня”, 2008. С. 183–164.
  3. Тычына, М. Са сваёй чарадой : [штрыхі да партрэта Алы Кабаковіч] / Міхась Тычына // Роднае слова. 2003. № 3. С. 30–32.
  4. Аляксейчык, Я. Я. Ала Кабаковіч-Тычына / Я. Я. Аляксейчык // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Драгічынскага раена / [уклад С. А. Супрун ; рэд.- склад. Я. Я. Аляксейчык]. Мінск : БЕЛТА. 1997. С. 442.
  5. Ляшук, В. Я. Ала Кабаковіч // Ляшук В. Я. Літаратурная Берасцейшчына : краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. Мінск : Литература и Искусство, 2008. С. 302.
  6. Кабаковiч Ала // Беларускiя пiсьменнiкi : бiябiблiяграфiчны слоўнiк : у 6 т. Мiнск, 1994. Т. 3. С. 28–29.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2160 разоў Апошняя змена Аўторак, 20 Красавік 2021 10:15