Панядзелак, 27 Люты 2023 09:27

2023 г. – 110 гадоў з часу пабудовы Свята-Казанскай царквы ў г. Давыд-Гарадку (Столінскі р-н; 1913), помніка архітэктуры рэтраспектаўна-рускага стылю

У г. Давыд-Гарадку Мазырскага павета Мінскай губерні (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобласці) на старой базарнай плошчы, на якой ў далёкім мінулым былі праваслаўныя могілкі, у 1906 г. была ўзведзена капліца ў гонар Аляксандра Неўскага. У гэты час у Давыд-Гарадку дзейнічалі Свята-Георгіеўская (1724) і Свята-Васкрасенская (1842) цэрквы. На 1907 г. у горадзе 13 217 жыхароў.

Капліца Аляксандра Неўскага пабудавана з цэглы ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Будынак васьмівугольны ў плане, накрыты шатровым дахам з цыбулепадобнай галоўкай. Апяразаны арктурным перапетам у аснаванні шатра, поясам кілепадобных бровак у фрызавай частцы. Каларыстычнае багацце архітэктуры стварае спалучэнне чырвонацаглянай муроўкі сцен і пабеленых элементаў дэкору: вуглавых лапатак, шырынкавага фрыза, ліштваў арачных праёмаў. 12 верасня i 6 снежня тут праходзяць богаслужэнні ў памяць святога князя Аляксандра Неўскага.

Побач з капліцай у цэнтры ўчастка ў 1910 г. пачалі будаваць мураваную царкву ў гонар Казанскай іконы Маці Божай, адной з самых значымых у Рускай праваслаўнай царкве. Важная роля ў зараджэнні храма належыць іерэю Цімафею Сцяпанавічу Юхневічу (1877–1920), які дабіўся перадачы зямельнага ўчастка праваслаўнаму прыходу, праектаваў капліцу і царкву. Айцец Цiмафей заўчасна памёр (у 42 гады), пахаваны ля царквы, на яе фасадзе размешчана мемарыяльная дошка яго памяці, у яго гонар у 2000 г. названа вуліца, дзе знаходзіцца царква (раней вул. Крупскай).

Будаўніцтва Свята-Казанскай царквы вялося ў асноўным на сродкі прыхаджан. Пры капанні траншэй пад фундамент былі знойдзены чалавечыя косці, якія перапахавалі непадалёк. Асвечана новая царква 14 ліпеня 1913 г. благачынным давыд-гарадоцкай акругі Сергіем Пакроўскім.

У складанай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі храма – кубападобны аб’ём малітоўнай залы, паўкруглая апсіда, да якой прыбудаваны акруглыя рызніцы, трапезная і над ёй трох’ярусная званіца з купалам, макаўкі над прыдзелам і апсідай. Храм накрыты вальмавым дахам з пяццю купаламі на круглых барабанах. Сцены з чырвонай цэглы неатынкаваны, але атынкаваны элементы дэкору: аркарныя, гародчатыя і шырыначныя фрызы, кілепадобныя ліштвы і броўкі вокан, вуглавыя лапаткі. Ваконныя праёмы маюць арачную форму.

Доўгі час ў храме не было падлогі, ён стаіць не на ўзвышшы і, не маючы высокага падмурку, знаходзіцца амаль на ўзроўні грунту. У інтэр’еры малітоўнай залы з паўкруглымі сводамі вылучаецца разны двух’ярусны іканастас. На сценах, пакрытых блакітнай фарбай, размешчаны шматлікія іконы, многiя з іх ХІХ ст. Для ацяплення ў зімовы перыяд пабудаваны кафельныя грубкі.

У агароджу храма ўбудаваны вароты, якія выкананы ў тым жа рускiм стылі: тры аркі, якія вянчаюць цыбулепадобныя галоўкі па цэнтру і дзве па баках. На тэрыторыі царквы ёсць цагляны будынак, дзе праходзяць заняткі Нядзельнай школы. У 2012 г. набожныя прыхаджане з адной сям’і ахвяравалі храму звон з адлітымі на ім імёнамі дарыцеляў.

25 чэрвеня 2001 г. Свята-Казанскі храм наведаў Патрыярх Маскоўскі і Усея Русі Алексій ІІ. Яму была ўручана карціна з выявай Свята-Казанскай царквы (мастак Аляксандр Харашун). 13 ліпеня 2013 г. адбылося святкаванне 100-годдзя храма, архіепіскапам Пінскім і Лунінецкім Стэфанам праведзена ўрачыстае богаслужэнне.

Свята-Васкрасенская царква, якая стаяла на Замкавай гары, згарэла ў 1936 г. Да Свята-Казанскага храма прыпісана старажытная Свята-Георгіеўская (Юр’еўская) царква, дзе праходзяць адпяванні нябожчыкаў. Помнік народнага драўлянага дойлідства ўсходнепалескай школы. У 1962–1990 гг. царква не дзейнічала. Прастольнае свята – 6 мая, у дзень святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца.

Прыход Свята-Казанскага храма адносіцца да Столінскага благачыння Пінскай і Лунінецкай епархіі Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы. Прастольнае свята адзначаецца 21 ліпеня. Настаяцелямі храма на працягу яго гісторыі былі 25 свяшчэннікаў, сярод іх Васілій Чыкіда і інш. З 1993 г. настаяцелем служыць протаіерэй Рыгор Кажаноўскі, ураджэнец в. Рубель Столінскага раёна, які з 1997 г. з’яўляецца благачынным Столінскай акругі.

Свята-Казанская царква – помнік архітэктуры маскоўска-яраслаўскага накірунку рэтраспектаўна-рускага (псеўдарускага) стылю, разам з капліцай Аляксандра Неўскага з’яўляецца ўпрыгожваннем старажытнага горада.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

  1. Капліца. Царква ў гонар Казанскай іконы Маці Божай : [г. Давыд-Гарадок] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 135–136.
  2. Свята-Юр’еўская царква : [так памылкова названа Свята-Казанская царква ў Давыд-Гарадку] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 68.
  3. Дранько-Майсюк, Л. В. Кветкавы край Беларусі / Леанід Дранько-Майсюк, Анатоль Кляшчук. – Мінск : Паліграфкамбінат, 2020. – 370, [5] с. : іл. – Са зместу: Вера. С. 221–273.
  4. Шэлехаў, М. У. Адукацыя, культура, грамадскае будаўніцтва : [узгадваецца Свята-Казанская царква г. Давыд-Гарадка] / М. У. Шэлехаў, Ю. С. Юркевіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 79–82.
  5. Шэлехаў, М. У. Давыд-Гарадок. Час і людзі / М. У. Шэлехаў. – Брэст, 2000. – 304 с., [8] л. іл. – Са зместу: [Ц. С. Юхневіч. Свята-Казанская царква]. С. 269–270.
  6. Дранько-Майсюк, Л. В. «Мёд з Хатомля, ладан з мыта...» : давыд-гарадоцкія храмы / Леанід Дранько-Майсюк // Звязда. 2021. 27 красавіка. С. 13.
  7. Кожановский, Г. Бог не забывает нас / Григорий Кожановский ; [подготовила] Анна Мельник // Навіны Палесся. Столін, 2020. 14 жніўня. С. 4.
  8. Шпаковская, С. Сердце древнего города : [к 100-летию Казанской церкви в Давид-Городке] / Светлана Шпаковская // Навіны Палесся. Столін, 2013. 19 ліпеня. С. 4.
  9. Дранько-Майсюк, Л. В. Свята-Казанскі храм : [у Давыд-Гарадку] / Леанід Дранько-Майсюк, Валянціна Мірановіч // Навiны Палесся.Столiн, 2009. 6 лістапада. С. 14.
  10. Дранько-Майсюк, Л. В. Вера. Давыд-Гарадоцкія святыні : [гісторыя цэркваў Давыд-Гарадка] / Леанід Дранько-Майсюк // Звязда. 2009. 29 студзеня ; 31 студзеня.
  11. Патрыярх Алексій ІІ на Століншчыне : [аб наведванні храмаў 25 чэрвеня 2001 г.] // Навіны Палесся. Столін, 2001. 27 чэрвеня. С. 1.
  12. Крыжа на іх няма : [пра абрабаванне Казанскай царквы ў Давыд-Гарадку] // Народная трыбуна. 1995. 11 лютага.
  13. Дабраліся і да царквы : [пра абрабаванне Казанскай царквы ў Давыд-Гарадку] // Навіны Палесся. Столін, 1995. 4 лютага.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 145 разоў Апошняя змена Панядзелак, 17 Ліпень 2023 09:24