Панядзелак, 27 Люты 2023 17:05

18 кастрычніка 2023 г. — 500 гадоў з дня нараджэння Ганны Ягелонкі (1523–1596), вялікай княгіні ВКЛ, каралевы Польшчы, якая надала Кобрыну і Гарадцу магдэбурскае права

500-гадовы юбілей Ганны Ягелонкі – чарговая нагода ўспомніць праролю жанчын у гісторыі Кобрына. З 1532 г. горадам паслядоўна кіравалі польскія каралевы Бона Сфорца, Ганна Ягелонка і Канстанцыя Аўстрыйская. Усе яны сваімі дзеяннямі пакінулі значны след на кобрынскай зямлі.

Ганна Ягелонка нарадзілася 18 кастрычніка 1523 г. уг. Кракаве (Польшча).Яна была чацвёртым дзіцём караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта І Старога (1467–1548) і Боны Сфорцы (1494–1557).

Пра першую палову жыцця Ганны вядома няшмат. Бацькі не здолелі выдаць яе замуж, як і наступны кароль і вялікі князь, брат Ганны Жыгімонт II Аўгуст. Яна адмовілася ад шлюбу са шведскім прынцам Юханам Вазам і іншымі прэтэндэнтамі. Да 52 гадоў Ганна жыла старой дзевай, займаючыся чыста жаночымі справамі: вышыўкай і дабрачыннасцю.Доўгія гады чакання не толькі навучылі яе цярпенню і спакою, але і ўсялілі ўпэўненасць у тое, што жанчына таксама можа быць добрым манархам.

З 1576 г. замужам за трансільванскім ваяводам Іштванам Батары (Стафанам Баторыем). Шлюб з Ганнай быў умовай абрання Стафана Баторыя (1533–1586) на трон Польшчы і ВКЛ. 1 мая 1576 г. пасля цырымоніі шлюбу Ганна і Стафан былі каранаваны польскай каронай.

У 1581 г. Ганна атрымала ад мужа вена ў памеры 30 тысяч злотых, запісаных на маёнтках у ВКЛ, у тым ліку Кобрынскую эканомію і Пружаны.

Пасля смерці Стафана Баторыя (1586) Ганна паводле закону мела права ўзначаліць Рэч Паспалітую, але яна не здолела атрымаць уладу, у выніку чаго пачалося новае бескаралеўе. Тым не менш Ганна адыгрывала даволі ўплывовую ролю пры першых элекцыйных сеймах (дзе выбіралі караля). Менавітаяна дамаглася абрання на прастол Польшчы і ВКЛ свайго пляменніка, сына сваёй сястры Кацярыны, і ў 1587 г. на троне апынуўся Жыгімонт ІІІ Ваза (1566–1632).

У 1586 г. Кобрын дастаўся каралеве-ўдаве і вялікай княгіне Ганне Ягелонцы. Яна цалкам атрымала ў спадчыну ад маці, каралевы Боны, актыўнасць у палітычных і гаспадарчых справах і таксама займалася новаўвядзеннямі. Каб стымуляваць развіццё рамёстваў і гандлю, павялічыць даходнасць гарадской гаспадаркі, каралева вырашыла даць Кобрыну магдэбургскае права (самакіраванне). У 1589 г. Ганна Ягелонка асабіста прыбыла ў горад і ўрачыста ўручыла жыхарам Кобрына прывілей, падпісаны нядаўна абраным каралём Жыгімонтам III Вазай (1587–1632).Адначасова 10 снежня 1589 г. магдэбургскае права атрымаў Гарадзец. На паўгода раней – 6 мая 1589 г. – горад Пружаны.

Такім чынам, Кобрын стаў самакіравальным, вольным горадам. Згодна з прывілеем, кобрынскія жыхары (домаўласнікі) з гэтага часу маглі мець уласны адміністрацыйны орган улады – магістрат. У яго яны выбіралі ратманаў (радцаў), з ліку якіх выбіраліся бургамістры. Аднак над усімі стаяў войт, які абіраўся толькі са шляхецкага асяроддзя і валодаў паўнамоцтвам сцвярджаць абраных членаў магістрата. Ён жа старшынстваваў у мясцовым гарадскім судзе, дзе яму асісціравалі лаўнікі (засядацелі). Гараджанам дазвалялася свабодна займацца рамяством або гандлем. Жыхары Кобрына атрымалі права карыстацца агульнадзяржаўнымі мерамі і вагой, арганізоўваць штотыдзень, па панядзелках, гандаль на рынку, а двойчы за год – восенню і зімой – праводзіць кірмашы.

Кобрыну таксама дараваўся герб – шчыт з выявамі Святой Ганны і Маці Божай з дзіцём, і пячатка. На тэрыторыі Ніжняга замка была пабудавана ратуша. Увядзенне магдэбургскага права прыкметна ажывіла гаспадарчае жыццё горада. Рамеснікі і купцы аб'ядналіся ў цэхі. Узмацніўся тавараабмен паміж Кобрынам і навакольнымі сёламі, часцей сталі з'яўляцца гандлёвыя судны на Мухаўцы.

Ганна Ягелонка памерла на 72 годзе жыцця 9 верасня 1596 г. у Варшаве. Пахавана ў капліцы Жыгімонта Кракаўскага кафедральнага сабора. Яна была апошнім членам дынастыі Ягелонаў. Пасля Ганны Ягелонкі ўладальніцай Кобрына апынулася жонка Жыгімонта III, Канстанцыя, дачка аўстрыйскага эрцгерцага. Канстанцыя Аўстрыйская (1588–1631) валодала горадам і эканоміяй з 1605 г. да 1631 г.

Польскі пісьменнік Юзаф Ігнацы Крашэўскі ў сваім цыкле гістарычных раманаў «Гісторыя Польшчы» напісаў раман «Інфантка» (1884). Галоўная гераіня твора – Ганна Ягелонка, апошняя прынцэса роду Ягелонаў. Майстар прозы намаляваў яе няшчаснае жыццё, барацьбу за ўладу, любоў да Генрыха Валуа, надзеі і мары.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Ганна Ягелонка / І. А. Масляніцына // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 29.
  2. Ягелоны. Ганна / А. П. Грыцкевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2004. Т. 18, кн. 1. С. 230.
  3. Ганна Ягелонка // Вялікае Княства Літоўскае : энцыклапедыя : [у 3 т.]. Мінск, 2006. Т. 2. С. 776.
  4. Ганна Ягелонка // Вялікае Княства Літоўскае : энцыклапедыя : [у 3 т.]. Мінск, 2010. Т. 3. С. 154.
  5. Ягелоны. Ганна (18.10.1523, Кракаў – 9.9.1596) / Анатоль Грыцкевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2003. Т. 6, кн. 2. С. 286.
  6. Ганна Ягелонка // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 47.
  7. Марціновіч, М. В. Вялікія княгіні Вялікага Княства Літоўскага : біяграфічныя даследаванні / М. В. Марціновіч. – Мінск : Цымбераў, 2021. – 352 с., [8] л. іл. – Са зместу: Ганна. С. 217, 345.
  8. Niedżwiedzka, M. Anna Jageiellonka / Magdalena Niedżwiedzka. – Warszawa, 2019. – 398 s.
  9. Wrede, M. Anna Jagiellonka : szkic biograficzny / Marek Wrede. – [Warszawa] : Zamek Królewski w Warszawie, [1986?]. – 31, [15] s.
  10. Kraszewski, J. I. Infantka : powieść historyczna : Anna Jagiellonka / Józef Ignacy Kraszewski. Warszawa : Ludowa Spoldzielnia Wydawnicza, 1972. 444 с. (Jozef Ignacy Kraszewski. Dzieje Polski).
  11. Марціновіч, А. Перад Амура стралой – і цар не герой. Кацярына Ягелонка : [сястра Ганны Ягелонкі] / Алесь Марціновіч // Святло далекіх зорак : гістарычныя апавяданні, эсэ : у 2 кн. / Алесь Марціновіч. Мінск, 2019. Кн. 1. С. 339351.
  12. Плиско, Н. М. Кобрин : историко-экономический очерк / Н. М. Плиско, Л. Р. Козлов. – Минск : Полымя, 1987. – 95 с. : ил. – (Города Белоруссии).
  13. Каўтунюк, М. Герб Пружан – дараванне Ганны Ягелонкі / Марына Каўтунюк // Раённыя будні. Пружаны, 2022. 26 кастрычніка. С. 8.
  14. Войтик, И. Три королевы Речи Посполитой: зенит и закат династии Ягеллонов / Ирина Войтик // Государственный контроль: анализ, практика, комментарии. 2017. № 4. С. 8288.
  15. Масляніцына, І. Асенняя кветка Ягелонаў : [Ганна Ягелонка] / Ірына Масляніцына // Алеся. 2012. № 9. С. 20–22.
  16. Гулецкий, Д. Последняя кровь Ягеллонов : [Анна Ягеллонка] / Дмитрий Гулецкий // СБ. Беларусь сегодня. 2010. 19 января. С. 9.
  17. Масляніцына, І. Восеньская кветка Ягелонаў / Ірына Масляніцына, Мікола Багадзяж // Женский журнал. 2009. № 2. С. 66–67.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 192 разоў Апошняя змена Панядзелак, 27 Люты 2023 17:09