Аўторак, 04 Красавік 2023 17:16

2023 г. — 290 гадоў з часу пабудовы Троіцкага касцёла ў в. Воўчын (Камянецкі р-н; 1733), помніка архітэктуры позняга барока

У вёсцы Воўчын Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці знаходзіцца адметны каталіцкі храм – Троіцкі касцёл. Помнік архітэктуры звязаны з гістарычнымі падзеямі, што адбывалася на Беларусі ў розны час. Першыя ўспаміны пра мястэчка Воўчын належаць да ХVI ст., калі яно належала Солтанам. У другой чвэрці ХVІІ ст. новы ўладальнік маёнтка А. Корвін-Гасеўскі ахвяраваў значныя сродкі на пабудову драўлянага касцёла, падмуркі якога заклалі ў 1629 г.

 У 1720 г. сядзіба Воўчын перайшла да Чартарыйскіх, з гэтае пары пачаўся яе росквіт. 18 ліпеня 1729 г. Брэсцкім архідыяканам і намеснікам суддзі Яноўскай Генеральнай кансісторыі Уладзіславам Суткоўскім быў закладзены мураваны касцёл у імя Святой Троіцы. Будаўніцтва было завершана ў 1733 г. Пабудаваны храм за сродкі Кракаўскага кастэляна Станіслава Панятоўскага. Калі ў яго нарадзіўся сын Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, яго хрысцілі менавіта ў гэтым касцёле.

Па некаторых звестках, канчаткова Троіцкі касцёл быў дабудаваны і абсталяваны ў 1743 г., дзякуючы намаганням новага ўладальніка Воўчына – Міхаіла Чартарыйскага, якому маёнтак дастаўся ў 1738 г. Работы па аздабленні інтэр’еру працягваліся і ў наступныя гады. Сярод архіўных матэрыялаў знойдзена таксама інфармацыя, што ў 1755 г. у Воўчыне працаваў архітэктар Крэйц, які быў адным з лепшых вучняў Пепельмана, Яўха, Дэйбеля. У канцы XVIII ст. Адамам Чартарыйскім праведзены рамонт Воўчынскага палаца і касцёла.

Пасля польскага паўстання 1863–1864 гг. касцёл у Воўчыне быў спачатку зачынены, а потым перададзены праваслаўным вернікам. Работы па перабудове касцёла ў царкву пачаліся ў 1873 г. 30 жніўня 1876 г. адбылося асвячэнне царквы ў імя Святой Тройцы. Свята-Троіцкая царква была прыпісана да воўчынскай царквы святога Мікалая Цудатворца. За перыяд існавання царквы буйных рамонтаў і пераробак будынка не праводзілася.

Пасля першай сусветнай вайны ў 1918 г. воўчынскі храм быў вернуты каталікам. У 1925 г. у храме адрамантавана тынкоўка, зроблена печка, умацавана канструкцыя вежы, устаўленыя новыя дзверы, аконныя рамы, адрамантаваны дах. У 1930-я сярод польскага насельніцтва рэгіёна пачалася кампанія па адраджэнні Троіцкага храма. У храме захоўвалася метрыка Станіслава Аўгуста Панятоўскага, апошняга караля Рэчы Паспалітай. У ліпені 1938 г. у Воўчын з Ленінграда была перавезена труна з парэшткамі караля. Перапахаванне праводзілася таемна ад грамадскасці, без выканання неабходнага ў такім выпадку рытуалу. Другая сусветная вайна прыпыніла распачаты рамонт касцёла.

У сярэдзіне 1950-х гг. касцёл зачынілі і перадалі калгасу, які выкарыстоўваў яго як склад. Пахаванне апошняга караля было разрабавана.

У 1988 г. беларуска-польскай камісіяй былі наладжаны раскопкі на тэрыторыі воўчынскага касцёла. Былі знойдзены рэшткі каралеўскай труны, якія перавезены ў Польшчу. 14 лютага 1995 г. у Каралеўскім замку ў Варшаве, у кафедральным касцёле святога Яна, знайшоў канчатковы прытулак апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Улічваючы, што стан будынка касцёла з кожным годам пагаршаўся, праблема яго ўратавання на працягу 2005–2006 гг. тройчы разглядалася на пасяджэннях каардынацыйнага савета аблвыканкама па ахове матэрыяльнай і духоўнай спадчыны. Рэстаўрацыя касцёла пачалася у 2006 г. Работы па аднаўленні першапачатковага аблічча архітэктурнага помніка вяла польская рэстаўрацыйная фірма «RenowatorWilk», пад кіраўніцтвам Віктара Вілька.

У 2007 г. Троіцкі касцёл перадалі Пінскай епархіі рымска-каталіцкай царквы. У 2016 г. архітэктар В. Вільк памёр, так і не скончыўшы свой праект. Рэстаўрацыя часова прыпынілася. Але пры дапамозе ААТ «Белавежскі», Камянецкага райвыканкама, іншых спонсараў работы ўдалося скончыць у 2020 г. 22 лістапада 2020 г. епіскап Пінскі Антоні Дзям’янка здзейсніў абрад блаславення адноўленага касцёла.

Троіцкі касцёл ў Воўчыне – помнік архітэктуры позняга барока з рысамі ракако. Уяўляе сабой цэнтрычны васьмігранны ў плане мураваны будынак, накрыты гранёным шатровым дахам. У яго завяршэнні бельведэр з гадзіннікам-курантамі (знішчаны ў 1939 г., адноўлены ў 2010-х гг.). Куты зрэзаныя чатырма авальнымі ў плане памяшканнямі з лоджыямі на другім ярусе, на якія вядуць вітыя ўсходы. Два ярусы абмежаваны шырокім паветраным з прафіляваным карнізам і арнаментальным фрызам. Першы ярус сцен раскрапаваны карынфскімі канеліраванымі пілястрамі, другі – тонкімі лапаткамі з гірляндамі ў прасценках. У дэкоры шырока выкарыстана лепка: картушы, гірлянды, букеты кветак, акантаваны арнамент, гарэльефы херувімаў. Асноўнымі пластыка-дэкаратыўнымі акцэнтамі інтэр'еру з'яўляюцца тры алтары – галоўны і два бакавыя.

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 Троіцкі касцёл в. Воўчын унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага.

Табольчык Ларыса Мікалаеўна, бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Воўчынскі Троіцкі касцёл / Л. М. Несцярчук // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2011. Т. 2. С. 401.
  2. Волчинский Троицкий костел // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 246.
  3. Касцёл Найсвяцейшай Тройцы / Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2008. С. 71.
  4. Воўчынскі Троіцкі касцёл / Валерый Пазднякоў // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 467–468.
  5. Троіцкі касцёл (в. Воўчын) // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 78–79.
  6. Волчинский Троицкий костел / С. Г. Багласов, М. С. Кацер // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 223–224.
  7. Воўчынскі Троіцкі касцёл / С. Г. Багласаў, А. М. Кулагін // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 682–683.
  8. Несцярчук, Л. М. Адраджэнне Воўчынскага касцёла Прасвятой Троіцы / Л. М. Несцярчук // Станіслаў Аўгуст Панятоўскі / Л. М. Несцярчук. Брэст : ААТ «Брэсцкая друкарня», 2011. С. 225–230.
  9. Несцярчук, Л. М. Воўчын / Л. М. Несцярчук // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны XXXстагоддзяў / Л. М. Несцярчук. Мінск, 2002. С. 167–169.
  10. Воўчын // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 26–28.
  11. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск: БЕЛТА, 2009. – 684 с.
  12. Кирилюк, Т. В. Историко-культурное наследие Беларуси: Троицкий костёл в д. Волчин / Т. В. Кирилюк ; научный руководитель Т. П. Савчук // Историческая наука в ХХІ веке: достижения, проблемы, перспективы. Брест, 2013. С. 114–117.
  13. Мілінкевіч, А. Воўчынская гісторыя : [гісторыя перазахавання Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў в. Воўчын] / Аляксандр Мілінкевіч. – Гродна, 2004. – 76 с.
  14. Адамович, С. Проект реставрации и приспособления костела в Волчине / Светлана Адамович, Владимир Старостин // Каштоўнасці мінуўшчыны – 5 : рэстаўрацыя і выкарыстанне помнікаў гісторыі і культуры. Мінск, 2001. С. 56–59.
  15. Михайлова, Д. Волчинская святыня / Дина Михайлова // Навіны Камянеччыны. 2022. 2 ліпеня (№ 27). С. 14.
  16. Яскевіч, С. Жамчужына позняга барока : [аб гісторыі і аднаўленні Троіцкага касцёла ў в. Воўчын] / Святлана Яскевіч // Звязда. 2021. 21 снежня. С. 12.
  17. Мощик, С. «RenowatorWilk» вернул Волчину святыню : открыли Троицкий костел, который с 2007 года реставрировали благотворители / Сергей Мощик // Вечерний Брест. 2020. 27 ноября (№ 48). С. 12.
  18. Трибулева, Е. По ком плачет кровля? : реставрация костела в Волчине идет 9 лет и никак не завершится / Елена Трибулева // Вечерний Брест. 2017. 18 августа. С. 7.
  19. Павловский, Б. Тайна последнего короля / Борис Павловский // Вечерний Брест. 2015. 16 октября. С. 7.
  20. Орлова, И. Зодчие в тени короля / Ирина Орлова // Народная газета. 2015. 17 июля. С. 7.
  21. Трибулева, Е. Возвращение Иоанна : [об установке скульптуры апостола Иоанна Богослова на фронтоне костела Святой Троицы в Волчине] / Елена Трибулева // Вечерний Брест. 2013. 4 сентября. С. 6.
  22. Трибулева, Е. Вильк, который посвятил себя Волчину : польский реставратор – о восстановлении Троицкого костела / Елена Трибулева // Вечерний Брест. 2013. 21 июня. С. 4–5.
  23. Кір’янаў, А. Наканавана выжыць : унікальны касцёл у вёсцы Воўчын Камянецкага раёна набывае страчаныя рысы / А. Кір’янаў // Рэспубліка. 2013. 1 лістапада. С. 11.
  24. Трибулева, Е. Ренессанс над Волчином : [о ходе реставрации костела] / Елена Трибулева // Вечерний Брест. 2013. 25 октября. С. 1, 3.
  25. Трибулева, Е. Старинные часы уже идут : [о ходе реставрации костела в Волчине]/ Елена Трибулева // Вечерний Брест. 2011. 18 ноября. С. 1, 3.
  26. Трибулева, Е. Последнее пристанище короля : [о ходе реставрации костела в Волчине] / Елена Трибулева // Вечерний Брест. 2011. 14 октября. С. 5.
  27. Воўчынскі касцёл перададзены Пінскай епархіі // Навіны Камянеччыны. 2007. 13 кастрычніка. С. 1.
  28. Патолятов, Д. Страсть по костёлу : [о проблеме реставрации Троицкого костёла в д. Волчин] / Дмитрий Патолятов // Брестский курьер. 2006. № 9. С. 9.
  29. Селех, Л. Судьба костела – под контролем / Людмила Селех // Брестская газета. 2006. 10–16 февраля (№ 6). С. 2.
  30. Новiк, Г. Воўчынскi касцёл сёння. А заўтра? / Галiна Новiк // Навiны Камянеччыны. 2005. 5 сакавіка. С. 5.
  31. Волкович, А. Интрига на королевских мощах вновь витает над Волчином : [о научно-практической конференции, на которой был создан Фонд возрождения Троицкого костела в д. Волчин] / Александр Волкович // Брестский курьер. 2005. № 9. С. 9.
  32. Гладыщук, А. …И судьбы всей земли вершат они порой : создается общественный фонд по восстановлению костела Св. Троицы на родине последнего польского короля  / А. Гладыщук // Вечерний Брест. 2005. 25 февраля.
  33. Новік, Г. І зноў цепліцца надзея / Галіна Новік // Навіны Камянеччыны. 2004. 11 снежня.
  34. Гладышчук, А. Кароль з Воўчына / Анатоль Гладышчук // Вечерний Брест. 2004. 24 ноября. С. 9.
  35. Лiцкевiч, Г. Помнiк хоча жыць : [пра Троіцкі касцёл у Воўчыне] / Г. Лiцкевiч // Народная трыбуна. 2003. 17 мая.
  36. С. І. Самотны апостал на фоне нябёс... : [гісторыя Троіцкага касцёла ў в.Воўчын] / С. І. // Культура. 2002. 2228 чэрвеня. С.14.
  37. Козлович, В. Забытый Волчин : [о Троицком костеле] / Валентина Козлович // Брестский курьер. 2000. № 47. С. 11.
  38. Адамовіч, С. Апошні прытулак караля : [Троіцкі касцёл у Воўчыне] / Святлана Адамовіч // Навіны Камянеччыны. 1993. 29 ліпеня.

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 186 разоў Апошняя змена Панядзелак, 17 Ліпень 2023 09:30