Аўторак, 16 Май 2023 09:52

11 мая 2023 г. — 140 гадоў з дня нараджэння Мойшы Элія Жарненскага (1883–1949), яўрэйскага пісьменніка, перакладчыка

Мойша Элія (Мошэ Эліяху) Жарненскі нарадзіўся 11 мая 1883 г. у Камянцы-Літоўскім (цяпер г. Камянец Брэсцкай вобласці) у сям'і Давіда Жарненскага і Іехудыт Рабіновіч. Атрымаў традыцыйную яўрэйскую адукацыю. Вучыўся ў іешывах Навагрудка і слабодкі Коўна (цяпер г. Каўнас, Літва).

Выкладаў іўрыт у яўрэйскім мястэчку на Падоле, затым перабраўся ў Адэсу, дзе займаўся папулярызацыяй гэтай мовы, размаўляючы з усімі навакольнымі (у тым ліку неяўрэямі) толькі на ёй. Некалькі лідараў сіянісцкага руху ў Адэсе, у тым ліку Менахем Усышкін і Лейб Лявінскі, забяспечвалі яго працай у якасці прыватнага настаўніка ўласных дзяцей. У Адэсе Мойша Жарненскі таксама пачаў супрацоўнічаць з яўрэйскімі выданнямі як журналіст і карэктар.

У 1913 г. Мойша Жарненскі пачаў вучобу на філасофскім факультэце Сарбоны ў Парыжы. Аднак у 1914 г. у Берліне, дзе ён праводзіў лета, яго заспеў пачатак Першай сусветнай вайны і ён быў адпраўлены ў лагер ваеннапалонных (інтэрніраваных), як расійскі падданы.

Пасля вайны Мойша Жарненскі некаторы час пражываў у Германіі, дзе займаўся журналістыкай і перакладамі. У 1920 г. ажаніўся. Заснаваў выдавецтва, якое спецыялізавалася на выпуску старадаўняй талмудысцкай літаратуры. У перыяд з 1929 па 1932 гг. ён жыў у Берліне і працаваў у энцыклапедыі «Эшколь» (на іўрыце).

З прыходам нацыстаў да ўлады ў Германіі у 1933 г. пакінуў краіну разам з сям'ёй. З 1934 г. жыў у Эрэц-Ісраэль. Пасля года працы школьным настаўнікам іўрыту, ён некаторы час займаў пасаду карэктара ў газеце «Ха-Бокер», а затым зарабляў на жыццё часопіснымі артыкуламі і перакладамі.

Апошнія 15 гадоў жыцця Мойша Жарненскі пражыў на гістарычнай радзіме. Яго артыкулы пра іўрыт, праблемы перакладу, віды паэтычнай выразнасці і на іншыя тэмы з'яўляліся ў розных часопісах. Пісаў пра паэзію сярэдніх стагоддзяў, творчасць Х. Бяліка і творы Ш.-Й. Агнона. Займаўся перакладамі з рускай, нямецкай і французскай моваў. Крытыкі адзначалі пераклад «Братоў Карамазавых» (т. 1–3, 1921–1929), Ф. М. Дастаеўскага і апавяданняў А. Бальзака (1943). Працы Мойшы Жарненскага выходзілі пад псеўданімам «М. Э. Жак».

М. Э. Жарненскі памёр 21 верасня 1949 г. у Іерусаліме.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага.

Табольчык Ларыса Мікалаеўна, бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Моше Элияху Жерненский (М. Э. Жак) / Давид Тидхар // Энциклопедия первопроходцев и строителей ишува. 1955. Т. 6. С. 2516–2517.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 199 разоў Апошняя змена Аўторак, 16 Май 2023 09:56