Панядзелак, 29 Май 2023 09:25

2023 г. — 25 гадоў з часу з пабудовы касцёла святога Юзафа ў г. Жабінка (1989)

Па выніках падпісання Рыжскага мірнага дагавора (1921) Жабінкаўшчына апынулася ў складзе Польскай Рэспублікі. Пры дзяржаўнай падтрымцы Каталіцкая царква знаходзілася ў спрыяльных умовах і займала прывілеяванае становішча, актыўна будаваліся новыя касцёлы. 28 кастрычніка 1925 г. заснавана Пінская дыяцэзія, у склад якой уваходзіць Жабінкаўская парафія.

 Першы каталіцкі храм з'явіўся ў Жабінцы ў 1920-х гг. Да нашых дзён ён не захаваўся. Гэта быў цагляны будынак, які стаяў недалёка ад вакзала. Да Жабінкаўскай парафіі Кобрынскага дэканату адносіліся Жабінка, Галінова, Самаўшчызна, Салейкі. Прыхаджан налічвалася 169 чалавек. Выканаўцам абавязкаў рэктара парафіі быў ксёндз Вікенцій Хвайноўскі, асноўным яго месцам службы з’яўляўся касцёл Прасвятой Тройцы ў Чарнаўчыцах (цяпер Брэсцкі раён).

Калі пачалася Другая сусветная вайна, жабінкаўскі касцёл быў зруйнаваны амаль у першы дзень баявых дзеянняў 1939 г. Падчас нямецка-фашысцкай акупацыі, прыкладна ў канцы 1941 г. — пачатку 1942 г., пабудаваны драўляны касцёл з высокімі авальнымі дзвярыма і прасторным ганкам з веерападобнымі прыступкамі, уваход упрыгожвалі чатыры мураваныя калоны.

Пасля вайны пачалася хваля абмежавання дзейнасці Каталіцкай царквы і скасавання парафіяў. Касцёл у Жабінцы быў зачынены, у 1949 г. памяшканне перадалі пад рэканструкцыю для раённага Дома культуры.

Да канца 1980-х гг. у Жабінцы не існавала месца, дзе каталікі маглі б збірацца на набажэнствы. Бліжэйшыя касцёлы месціліся ў Чарнаўчыцах, Пелішчах і Брэсце. У сувязі з перабудовай і ўсталяваннем дыпламатычных адносінаў з Ватыканам, у Беларусі сталі адраджацца каталіцкія храмы.

У 1988 г. з Польшчы ў Брэст прыехаў Тадэвуш Альшэўскі, якому прапанавалі застацца і прыняць прыход. Дзякуючы намаганням ксяндза Тадэвуша пачала збірацца каталіцкая абшчына і ў Жабінцы, якая хадайнічала аб перадачы былога будынка касцёла вернікам, але ім адмовілі, таму што на той час там дзейнічала дзіцячая музычная школа.

Быў створаны камітэт каталікоў, які звярнуўся да ўладаў з просьбай аб выдзяленні зямельнага ўчастка пад будаўніцтва касцёла на сродкі прыхаджан. Быў выдзелены ўчастак па вул. Камянецкай, 1, на якім паставілі часовае збудаванне, дзе вяліся службы. У маі 1998 г. пачалося ўзвядзенне храма, праект якога распрацавалі архітэктары з г. Баранавічы. Восенню гэтага ж года будынак быў узведзены.

25 лістапада 2000 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне касцёла Святога Юзафа, на якім прысутнічаў ксёндз-кардынал епіскап Пінскай дыяцэзіі Казімір Свёнтак.

Жабінкаўскі касцёл — гэта ўвасабленне сучаснай архітэктуры з рысамі неаготыкі. Аднанефны, збудаваны з нетынкаванай чырвонай цэглы, фасады не насычаны дэкаратыўнымі элементамі. У аснове асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі прамавугольны ў плане высокі неф, які ўзвышаецца над іншымі аб'ёмамі і накрыты двухсхільным дахам з каркаснай званічкай з боку фасада, якую завяршае крыж. Званніца аўтаматызаваная, кожную гадзіну гучыць перазвон, адбіваючы час сутак. З паўночнага боку да асноўнага нефа далучаны ніжэйшы рызаліт сакрысціі пад аднасхільным пакрыццём.

Да франтальнага фасада прылягае асіметрычна скампанаваны аб’ём нартэкса, цэнтральны рызаліт са спічастым дахам якога першапачаткова быў прарэзаны арачнай уваходнай нішай. Зараз яе ўпрыгожвае ажурная каваная брама, зробленая ў 2020 г. кавалём Ігарам Георгіевічам Сідорчыкам, і вялікім круглым акном-ружай над ёй. Бакавыя фасады прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі розных памераў і двума вокнамі-ружамі, якія размешчаны над алтаром з абодвух бакоў.

У інтэр'еры нэф перакрыты трапецападобным скляпеннем з дэкаратыўнымі драўлянымі бэлькамі. Столь храма таксама драўляная. Антрэсоль хароў, якая месціцца над нартэксам, прыўзнята пад скляпенне двума арачнымі праёмамі, абмежаванымі разной балюстрадай. Інтэр’ер касцёла вельмі сціплы. Галоўны алтар акаймаваны шырокафарматнымі абразамі: святога Юзафа з Хрыстом-немаўлятам, святой Марыі з Хрыстом-немаўлятам, Папы Рымскага Яна Паўла ІІ і «Ісус, спадзяюся на Цябе» ці «Вобраз Ісуса Міласэрнага». У левым вуглу знаходзяцца скульптурныя выявы Маці Божай і святога Юзафа. На сценах залы размешчаны рэпрадукцыі 14 стацый з цыкла «Крыжовы шлях Хрыста».

З 2015 г. некаторы час памочнікам ксяндза-пробашча парафіі Тадэвуша Альшэўскага служыў Юрый Дрозд, вікарый парафіі імя Багародзіцы ў Брэсце, пазней дырэктар Катэхетычнага каледжа імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах, потым вікарый парафій Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі і святых Анёлаў Ахоўнікаў у Гомелі.

Служба ў жабінкаўскім касцёле вядзецца на беларускай і польскай мовах. Галоўныя ўрачыстасці храма: дзень асвячэння касцёла 25 лістапада, прастольнае свята святога Юзафа — 19 сакавіка і 1 мая.

Касцёл святога Юзафа ў Жабінцы праз сваё месцазнаходжанне і асаблівую форму яшчэ здалёк звяртае на сябе ўвагу і з’яўляецца сімвалам непарушнай веры, надзеі і выратавання.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Карпішчук Марына Віктараўна, бібліёграф

  1. Касцёл святога Юзафа : [г. Жабінка] // Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы Беларусі : [энцыклапедычны даведнік] / А. М. Кулагін. Мінск, 2008. С. 138, 416–417.
  2. Касцёл : [г. Жабінка] // Кулагін, А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2000. С. 178.
  3. Левин, Р. У вас доброе сердце, мадам... : повествование о событиях и судьбах, извлеченных из небытия / Роман Левин. – Харьков : Майдан, 2004. – 339 с. – Из содерж.: [костел в местечке Жабинка]. С. 45.
  4. Zаbіnка. Кościół filjalny, murowany // Spis Kościółow i Duchowieństwa Diecezji Pińskiej w Rzeczypospolitej Polskiej 1933 i 1934 : stan dіесеzjі nа dzień 31 gгudnіа 1933 гокu / [drukowac zezvalamy Kazimierz Bp.]. Pińsk :Wydawnictwo drukarni diecezjalnej, 1933. С. 109.
  5. Дрозд, Ю. Год Міласэрнасці прынясе ачышчэнне // Юрый Дрозд ; [гутарыў] Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2015. 23 снежня. С. 1–2.
  6. Бензярук, А. Толькі на паперы пабудавалі касцёл у Жабінцы / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 1991. 1 мая. С. 2–3.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 141 разоў Апошняя змена Панядзелак, 17 Ліпень 2023 09:31