Панядзелак, 29 Май 2023 09:31

2023 г. — 310 гадоў з часу пабудовы царквы Раства Прасвятой Багародзіцы ў в. Ляхаўцы (Маларыцкі р-н; 1713), помніка народнага дойлідства

У в. Ляхаўцы Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці праваслаўная царква існавала з другой паловы ХVI ст.. Пісьмовыя згадкі пра Ляхавецкую царкву адносяцца да 1575, 1668, 1704, 1713, 1721, 1786, 1796 гг. Цяперашняя царква Раства Багародзіцы пабудавана ў 1713 г., тады ў яе ўласнасці налічвалася 158 дзесяцін зямлі.

 У выніку перабудовы ў сярэдзіне ХІХ ст. Ляхавецкая святыня змяніла свой першапачатковы выгляд, страціўшы істотныя мастацка-кампазіцыйныя элементы. Тым не менш элементы яе архітэктурнага аблічча адлюстроўваюць агульныя напрамкі развіцця старажытных помнікаў ХVІІІ ст., утрымліваюць звесткі пра асаблівасці Маларыцкай школы драўлянага дойлідства.

Царква трохзрубная, прадольна-восевай кампазіцыі. Першапачаткова зрубы мелі самастойныя вярхі, а над бабінцам была званіца. Цяпер асноўны аб’ём і бабінец накрыты агульным двухскатным дахам, які пераходзіць у вальмавы над тамбурам. Алтар накрыты паўвальмавым дахам. Цэнтральны зруб прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Звонку сцены вертыкальна абшыты дошкамі. Барочны двух’ярусны купал над цэнтральным аб'ёмам – мастацкі акцэнт, характэрны для помніка Маларыцкай школы. Купал захаваўся ў нязменным выглядзе і дае магчымасць, выкарыстоўваючы аналогію з царквой у Олтушы і Хаціславе, зрабіць рэканструкцыю аўтэнтычнага выгляду святыні ХVІІІ ст. Званіца зрубна-каркаснай канструкцыі пабудавана асобна на адной васі з царквой. Пастаўлена ў 1858 г.,мае чатыры званы.

У «Гродненском православно-церковном календаре» канца ХIХ ст. ёсть апісанне: «Церковь деревянная, с таковою же колокольней, в деревянной ограде, сооружена в 1713 году прихожанами. Отстоит от г. Береста в 50 верстах. Прихожан при ней: 609 мужескаго пола и 606 женскаго, а всего 1215, в одном селе все. При храме имеются: братство, церковно-приходское попечительство и церковная школа, открытая в 1861 году священником Василием Лехачевским. Размещалась она в доме причетника с 44 учащихся мальчиков. Причт состоит из 2 лиц: священника и псаломщика, с жалованьем 486 рублей 8 копеек. Земли церковной в пользовании причта 124,41 десятины. Имеются: церковь кладбищенская Николаевская в Ляховцах, деревянная; сооружена в 1846 году старанием местнаго священника о. Николая Лихачевскаго при содействии прихожан».

Па апісанні сярэдзіны 1920-х гг., у Ляхавецкім храме рознага начыння было дастаткова, а па штаце пакладзены святар і псаломшчык. Царкоўная зямля апрацоўвалася сялянамі пры ўмове перадачы 1/3 часткі ўраджаю храму. Зямля была пясчанай, яе якасць пакідала жадаць лепшага. Сярэдні даход ад здачы зямлі ў арэнду складаў 350 злотых.

У сакавіку 1963 г. набажэнствы ў храме перасталі здзяйсняцца з-за таго, што святар перайшоў у іншую парафію. Скарыстаўшыся гэтым, мясцовыя ўлады хадайнічалі аб зняцці храма з ліку дзеючых. 12 верасня 1964 г. па рашэнні абласнога Савета народных дэпутатаў царква была зачынена. У ёй размясцілі складскія памяшканні школы і калгаса.

У 1988 г. пачалося адраджэнне царкоўнага жыцця.Прыхаджане звярнуліся з хадайніцтвам да ўладаў аб адкрыцці прыходскага храма ў Ляхаўцах. Зварот быў разгледжаны і задаволены. Благачынны Брэсцкай акругі протаіерэй Яўген Парфянюк, агледзеўшы будынак храма, у рапарце на імя мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта дакладваў, што прастол у закрытым храме захаваўся некранутым, быў асвечаны ў 1895 г. архіерэйскім чынам. Алтарная частка не была спустошана, трон апынуўся некранутым.

Пачалося доўгачаканае аднаўленне святыні. У асноўнай частцы храма сіламі прыхаджан была пакладзена новая падлога і пафарбаваны сцены. Царкоўнае начыннеі абразы былі вернутыя ў храм.

У склад прыходу ўваходзіць могілкавая царква свяціцеля Мікалая Цудатворцы, пабудаваная ў 1835 г. Будынак вырашаны чатырохсценным зрубам пад вальмавым бляшаным дахам, вільчык якога завершаны фігурным двух’ярусным цыбулепадобным купалам. Уваходны праём арганізаваны ў прыбудаваным нізкім прытворы пад двухсхільным дахам. Помнік народнага дойлідства.

У адноўленым храме Раства Багародзіцы 24 мая 1988 г. была здзейснена першая Бажэственная літургія благачынным Брэсцкай акругі протаіерэем Яўгенам Парфенюком у саслужэнні духавенства благачыння. Гэта была першая ў раёне царква, адкрытая пасля зацяжнога перыяду багаборства. Настаяцелем храма з’яўляецца протаіерэй Віталій Анатольевіч Равінскі.

Ляхавецкі храм Раства Багародзіцы ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр 112Г000510).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Кучына Галіна Уладзіміраўна, загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу

  1. Ляховецкая церковь// Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 64.
  2. Царкваў гонар Ражджаства Прасвятой Багародзіцы. Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца : [в. Ляхаўцы] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагiн. Мінск, 2007. С. 240241.
  3. Свята-Мікольская царква. Свята-Раства-Багародзіцкая царква : [в. Ляхаўцы] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 120–121.
  4. Церковь Рождества Богородицы : [д. Ляховцы] / С. Ф. Самбук // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 301.
  5. Царква Раства Багародзіцы : [в. Ляхаўцы] / С. Ф. Самбук // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 272.
  6. Праваслаўная царква ў в. Ляхаўцы : [фота] // Памяць. Маларыцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск : Ураджай, 1998. С. 37.
  7. Храм Рождества Пресвятой Богородицы // Агрогородок Ляховцы. Малоритский район. – Малорита : Малоритская РЦБС, 2021. – 20 с.
  8. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Са зместу: Царква Нараджэння Багародзіцы (1713) у Ляхаўцах. С. 354.
  9. Лісейчыкаў, Дз.Святар у беларускім соцыуме : прасапаграфія ўніяцкага духавенста 1596 – 1839 гг. / Дз. Лісейчыкаў. – Мінск, 2015. – 719 с.
  10. Православные храмы Малоритчины: история православных приходов Малоритчины. Малорита : Малоритская РЦБС, 2021. С. 95–102.
  11. Духовно-культурная жизнь Малоритского района в составе Российской империи (1795–1917 гг.) // Города и районы Брестчины : история и современность. / А.А. Горбацкий, О.Н. Иванчина, Р.Ю. Чуль и др. Брест : ОАО «Брестская типография», 2020. С. 204–267.
  12. Нивьер, А. Православные священнослужители, богословы и церковные деятели русской эмиграции в Западной и Центральной Европе (1920–1995): биографический справочник / Антуан Нивьер. Москва ; Париж, 2007. 614 с.
  13. Наумчик, Н. И. Несколько дней на Малоритчине: информационное издание / Н. И. Наумчик. –Минск: ООО «ТМ Арго-Графикс», 2014. – С. 41.
  14. Ляховцы // Малорита и ее окрестности : фотоальбом / авт.-сост.: В. Зенько, Э. Злобин. – Пинск : Паляшук, 2008. – С. 32–33.
  15. Ляхаўцы // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 345–346.
  16. Малорита и окрестности : [фотоальбом] / гл. ред. В. Шпарло. – Брест : Вечерний Брест, 2010. – С. 95.
  17. Балицевич, Н. В. Униатское и православное духовенство Малоритчины (XYII век – 2017 год) / Николай Васильевич Балицевич : 2-е изд. доп. – Малорита : Малоритская РЦБС, 2021. – 74 с.
  18. Архiтэктура Беларусi : нарысы эвалюцыi ва ўсходнеславянскім i еўрапейскуім кантэксце : у 4 т. / НАН Беларусi, Iн-т мастацтвазнаўства, этнаграфiii фальклору. – Мiнск : Беларуская навука. – 2006. – Т. 2. – 622 с.
  19. Сакральная живопись Беларуси XV – XVIII веков / авт. текста и сост. Н.Ф.Высоцкая. – Минск : Беларусь, 2007. – 219 с.
  20. Малоритчина православная: история православных приходов Малоритчины. Малорита : Малоритская РЦБС, 2006.С.22–23.
  21. Ляховецкая церковь // История д. Ляховцы : информационный альбом.Малорита: Малоритская РЦБС, 2008.С.25.
  22. Чуль, В. В.Положение православных приходов на белорусских землях в 18401900-е гг. (на примере Влодавского благочиния) / Р. В. Чуль // Веснік Брэсцкага ўніверсітэта.2015. № 1.С. 4654.
  23. Навумчык, М. Царкоўныя ўзнагароды светарам / Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2013. 8 чэрвеня. C. 7.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 129 разоў Апошняя змена Панядзелак, 17 Ліпень 2023 09:28