Пятніца, 02 Чэрвень 2023 16:46

12 лістапада 2023 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Андрэевіча Вахрушава (1903–1945), ваеннага дзеяча, удзельніка вызвалення Беларусі

Аляксандр Андрэевіч Вахрушаў нарадзіўся 12 лістапада 1903 г. у в. Аўсяннікава Харынскай воласці Тоцемскага павета Валагодскай губерні (цяпер Валагодскай вобласці) у сялянскай сям’і. У хуткім часе сям’я пераехала ў г. Волагду. У 1916 г. Аляксандр скончыў чатырохкласную школу. Працаваў качагарам і матросам на параходзе, на паліўным складзе станцыі Волагда.

У няпоўныя пятнаццаць гадоў Аляксандр Вахрушаў дабраахвотна ўступіў у Чырвоную армію 4 верасня 1918 г. Удзельнік Грамадзянскай вайны. У складзе 15-га Юр’еўскага стралковага палка ўдзельнічаў у баях супраць англічан і банд Міллера. 20 студзеня 1919 г. быў паранены. Пасля шпіталя – камандзір аддзялення асобнага батальёна 7-й арміі. Ваяваў супраць банд Булак-Булаховіча, Радзянкі і Юдзеніча. У лютым 1921 г. удзельнічаў у падаўленні Кранштадскага мяцежа.

Закончыў Варысаглебска-Ленінградскае кавалерыйскае вучылішча (1925). З 1925 г. – камандзір узвода асобнага кавалерыйскага эскадрона 36-й Забайкальскай стралковай дывізіі. Член партыі з 1925 г. З 1929 г. – палітрук 1-га эскадрона 74-га кавалерйскага палка 5-й асобнай Кубанскай кавалерыйскай брыгады. Удзельнік канфлікта на Кітайска-усходняй чыгунцы (1929). За выключную храбрасць узнагароджаны імянным наганам.

З 1932 г. – слухач Ленінградскіх бронетанкавых курсаў удасканалення камсаставу. З 1934 г. – камандзір танкавай роты на Ленінградскіх бронетанкавых курсах. Удзельнік Савецка-фінляндскай вайны (1939–1940).

З 1940 г. А. А. Вахрушаў – камандзір танкавага батальёна 35-й лёгкатанкавай брыгады, камандзір 12-га танкавага палка 6-й танкавай дывізіі 28-га механізіраванага корпуса. На гэтай пасадзе сустрэў Вялікую Айчынную вайну. У кастрычніку 1941 г. назначаны начальнікам штаба 6-й танкавай брыгады. Ваяваў на Паўднёвым фронце ў складзе войск 56-й арміі. Са студзеня 1942 г. – камандзір 39-й танкавай брыгады, якая была накіравана на Каўказскі фронт, затым была ў складзе Крымскага фронту. У лютым А. А. Вахрушаву прысвоена званне падпалкоўніка.

У канцы сакавіка 1942 г. з-за кепскай арганізацыі адзін батальён брыгады не выканаў баявую задачу, за што падпалкоўнiк А. А. Вахрушаў быў аддадзены пад суд. 22 красавіка асуджаны на 10 гадоў лагераў з адтэрміноўкай прыгавору да канца вайны. Пасля прыгавору назначаны намеснікам камандзіра 62-й танкавай брыгады 7-га танкавага корпуса. 26 верасня назначаны намеснікам камандзіра 31-й арміі па танкавых войсках. 10 снежня судзімасць была знята. Удзельнік Рыжска-Сычоўскай аперацыі.

24 студзеня 1943 г. А. А. Вахрушаву прысвоена званне палкоўніка. Удзельнічаў у Беларускай, Варшаўска-Познаньскай, Берлінскай аперацыях. 20 красавіка 1945 г. прысвоена званне генерал-маёра танкавых войск.

Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (21.03.1940; 21.02.1945), ордэнамі Чырвонага Сцяга (03.11.1944), Суворава  ІІ ступені (6.04.1945), мдалём «ХХ лет РККА» (1938).

А. А. Вахрушаў памёр ад хваробы сэрца 19 мая 1945 г., пахаваны на Гарнізонных могілках г. Брэста. У 1948 г. устаноўлена надмагілле.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

 

  1. Власюк, Н. Н. Гарнизонное кладбище : [упоминается А. А. Вахрушев] / Н. Н. Власюк // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 284.
  2. Гарнізонныя могілкі : [узгадваецца А. А. Вахрушаў] // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 614.
  3. Гарнизонное кладбище : [упоминается А. А. Вахрушев] // Брест : энциклопедический справвочник. Минск, 1987. С. 178–179.

 

Чытаць 100 разоў