Пятніца, 02 Чэрвень 2023 16:49

1 жніўня 2023 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Дзмітрыя Сцяпанавіча Дацэнкі (1913–1991), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Героя Савецкага Саюза

Дзмітрый Сцяпанавіч Дацэнка нарадзіўся 1 жніўня 1913 г. у сяле Аннаўка Запарожскай вобласці ў сялянскай сям’і. Яшчэ ў яго дзяцінстве сям’я пераехала ў г. Горлаўка. У 1935 г. закончыў будаўнічы тэхнікум, працаваў на машынабудаўнічым заводзе.

У 1935 г. Дзмітрый Дацэнка быў прызваны ў войскі НКУС, ахоўваў чыгунку. У 1939 г. закончыў курсы палітсаставу. У 1942 г. пераведзены ў Чырвоную армію. Са снежня 1942 г. на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

У студзені 1945 г. старшы лейтэнант Д. С. Дацэнка камандаваў узводам 1075-га знішчальна-супрацьтанкавага артылерыйскага палка 5-й гвардзейскай арміі 1-га Украінскага фронту. Вызначыўся ў час фарсіравання Одэра. 24 студзеня узвод Дзмітрыя Дацэнкі адным з першых у палку пераправвіўся цераз Одэр, захапіў плацдарм на яго заходнім беразе і ўтрымліваў яго, адбіў тры нямецкія контратакі ў раёне населенага пункта Ліндэн (7 км ад Бжэга). За час баёў за расшырэнне плацдарма ўзвод Д. С. Дацэнкі знішчыў 4 дзоты і 2 кулямёты праціўніка.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета ССР ад 10 красавіка 1945 г. старшы лейтэнант Д. С. Дацэнка ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».

Пасля заканчэння вайны Д. С. Дацэнка працягваў службу. У 1948 г. закончыў Ленінградскую вышэйшую афіцэрскую артылерыйскую школу. У 1963 г. у званні падпалкоўніка звольнены ў запас. Пражываў у г. Брэсце, працаваў начальнікам аддзела кадраў ПМК-8, ва ўпраўленні «Брэстсельбуда». Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў, «Знак Пашаны», медалямі.

Д. С. Дацэнка памёр 15 сакавіка 1991 г.. Пахаваны на Гарнізонных могілках г. Брэста (сектар 4).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

  1. Доценко Дмитрий Степанович / С. А. Зинович // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 56.
  2. Доценко Дмитрий Степанович // Герои Советского Союза: краткий биографический словарь : в 2 т. Москва, 1987. Т. 1. С. 443.
  3. Дацэнка Дзмітрый Сцяпанавіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Кн. 2. Мінск, 2001. С. 633.
  4. Гурин, А. Это многих славный путь… : [отклики ветерана Великой Отечественной войны Ф. Бромберга и вдовы Героя Советского Союза Д. С. Доценко Татяьны Глебовны] / А. Гурин // Вечерний Брест. 2002. 9 августа. С. 4.
  5. Доценко Дмитрий Степанович : [некролог] // Заря. 1991. 16 марта.
  6. Кулаков, А. Плацдарм отстояли : [о подвиге Героя Советского Союза Д. С. Доценко] / А. Кулаков // Заря. 1989. 13 января.
  7. Иваненко, С. За Одером : [о Герое Советского Союза Д. С. Доценко] / С. Иваненко // Заря над Бугом. Брест, 1987. 19 нроября.
  8. Доценко, Д. Горячий снег : [воспоминания о военных событиях] / Д. Доценко // Заря. 1985. 1 февраля.
  9. Доценко, Д. Особое измерение : [воспоминания о комсомольской юности] / Д. Доценко // Заря над Бугом. Брест, 1983. 29 октября.
  10. Иваненко, С. Горячий снег : [начальник отдела кадров ПМК-8 Д. С. Доценко рассказывет о событиях военных лет] / С. Иваненко // Заря над Бугом. Брест, 1983. 3 марта.
  11. Россихин, В. Праздник народа : [о Д. Доценко] / В. Россихин // Заря над Бугом. Брест, 1977. 22 февраля.
  12. Бляхер, А. Ветеран остается в строю : [о секретаре парторганизации ПМК-8 Д. С. Доценко] / А. Бляхер // Сельская газета. 1971. 29 июня.

 

 

Чытаць 111 разоў