Пятніца, 02 Чэрвень 2023 16:51

17 сакавіка 2023 г. — 105 гадоў з дня нараджэння Аляксея Канстанцінавіча Скрылёва (1918–1946), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Героя Савецкага Саюза

Аляксей Канстанцінавіч Скрылёў нарадзіўся 17 сакавіка 1918 г. у сяле Міхайлаўскае Краснаярскага павета (цяпер Ужурскага раёна Краснаярскага края) у сялянскай сям’і. Бацькі паходзілі з перасяленцаў з Арлоўшчыны. У Міхайлаўскім Аляксей закончыў пачатковую школу. У 1933 г. сям’я пераехала ў г. Ужур, дзе закончыў дзевяць класаў чыгуначнай школы № 39, потым – тры курсы рабфака Краснаярскага лесатэхнічнага інстытута.

У 1937 г. Аляксей Скрылёў быў прызваны ў Чырвоную армію. Закончыў 1-е Кіеўскае артылерыйскае вучылішча (1939), праходзіў службу ў 88-й стралковай дывізіі Архангельскай ваеннай акругі. Быў камандзірам батарэі 401-га лёгкаартылерыйскага палка. У час Савецка-фінляндскай вайны яго полк нёс баявую ахову Кіраўскай чыгункі ў раёне г. Кем.

З 13 жніўня 1941 г. на франтах Вялікай Айчыннай вайны. 88-я стралковая дывізія была перакінута з Архангельска ў раён Кестэньгі (Карэлія). Прымаў удзел у баях на Карэльскім, Паўночна-Заходнім, 2-м і 3-м Прыбалтыйскім, 1-м Беларускім франтах. Удзельнік Рыжскай, Вісла-Одэрскай, Усходне-Памеранскай і Берлінскай аперацый.

Асабліва вызначыўся ў Берлінскай апрерацыі ў час прарыву абароны праціўніка на рацэ Одэр. У красавіку 1945 г. гвардыі маёр Аляксей Скрылёў камандаваў 49-м гвардзейскім артылерыйскім палком 23-й гвардзейскай стралковамй дывізіі 3-й ударнай арміі 1-га Беларускага фронту.

У перыяд з 16 па 25 красавіка полк прымаў удзел у наступленні і прарыве моцнай варожай абароны, забяспечыў сваім агнём паспяховы захоп паўночна-заходняй часткі Берліна. 23 красавіка ў час баёў за прыгарад Панкоў Аляксей Скрылёў быў кантужаны, але поля боя не пакінуў, працягваў кіраваць дзеяннямі свайго палка, забяспечыў выхад палка на канал Берлін – Шпандау. Байцы палка за гэты перыяд знішчылі 58 гармат, каля 1700 гітлераўцаў, падавілі агонь 233 кулямётаў, 9 мінамётных батарэй.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета ССР ад 31 мая 1945 г. гвардыі маёр А. К. Скрылёў удастоены звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка».

А. К. Скрылёў узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонага Сцяга (12.02.1942; 18.03.1945), ордэнамі Аляксандра Неўскага (2.11.1944), Айчыннай вайны І (29.02.1944) і ІІ (25.10.1943) ступеняў, медалём «За боевые заслуги» (30.04.1945).

Пасля заканчэння вайны А. К. Скрылёў працягваў службу ў складзе Групы савецкіх войск у Германіі. Пры выкананні службовых абавязкаў трагічна загінуў 6 снежня 1946 г. Пахаваны на Гарнізонных могілках г. Брэста (сектар 6), у 1948 г. устаноўлена надмагілле. У п. Ужур у 1967 г. яго імем названа вуліца. У школе сяла Міхайлаўка ў 2020 г. устаноўлена «Парта Героя».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.

Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

  1. Скрылёў Аляксей Канстанцінавіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 635.
  2. Скрылев Алексей Константинович // Герои Советского Союза : краткий биографический словарь : в 2 т. Москва, 1988. Т. 2. С. 477.
  3. Скрылев Алексей Константинович // Навечно в сердце народном : [биографический словарь]. 3-е изд., доп. и испр.. Минск, 1984. С. 477.
  4. Скрылев Алексей Константинович // Навечно в сердце народном : [биографический словарь]. 2-е изд., доп. и испр.. Минск, 1977. С. 416.
  5. Скрылёў Аляксей Канстанцінавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 9. С. 564.
  6. Могила Скрылёва Алексея Константиновича : [Гарнизонное кладбище] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 60.
  7. Гарнізонныя могілкі : [узгадваецца А. К. Скрылёў] // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 614.

 

Чытаць 105 разоў