Серада, 07 Чэрвень 2023 12:41

15 чэрвеня 2023 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Юрыя Іванавіча Сахарчука (1948–2021), заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь, краязнаўца

Юрый Іванавіч Сахарчук нарадзіўся 15 чэрвеня 1948 г. у г. Высокае Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў 8 класаў Высокаўскай сярэдняй школы. Працаваў электраманцёрам Аршанскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі (1966–1967). Пасля заканчэння Брэсцкага тэхнікума чыгуначнага транспарту працаваў на Паўночнай чыгунцы у г. Волагда, дзе за паўгода стаў старшым механікам.

 У 1968 г. Юрыя Сахарчука прызвалі ў Савецкую армію. Службу праходзіў у г. Севераморску. Яго накіравалі на асобны вузел сувязі, дзе прайшоў шлях ад радавога да старшыні роты, быў прызначаны начальнікам курсаў, дзе рыхтавалі тэлеграфістаў і механікаў тэлеграфнай службы. Па заканчэнні службы ў 1970 г. яму быў уручаны медаль «За воинскую доблесть. В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина».

У снежні 1970 г. Юрый Сахарчук вярнуўся ў родны горад, працаваў у міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі электраманцёрам, затым — інжынерам Высокаўскай ПМК-15 (1970–1972). У 1972 г. стаў намеснікам старшыні і сакратаром партарганізацыі калгаса «Дружба» Камянецкага раёна (цяпер ААТ «Александрыя-Агра»). У канцы 1974 г. абраны старшынёй калгаса. У 1977 г. скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію.

З 1979 г. працоўная дзейнасць Юрыя Іванавіча звязана з педагогікай. Спачатку на пасадзе намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Высокаўскага СПТВ-27, з 1988 г. — намесніка дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце.

У 1990 г. Ю. І. Сахарчук быў прызначаны дырэктарам Высокаўскага СПТВ-27. Пад кіраўніцтвам Юрыя Іванавіча ўстанова адукацыі прайшла шэраг карэнных пераўтварэнняў. Вучылішча першым у Брэсцкай вобласці сярод прафесійна-тэхнічных навучальных устаноў і адным з першых у Рэспубліцы Беларусь стала рыхтаваць спецыялістаў на двух узроўнях навучання, дзе арганічна спалучаліся прафесійна-тэхнічная і сярэдняя спецыяльная адукацыя. У 2001 г. Высокаўскае вучылішча было пераўтворана ў Высокаўскі дзяржаўны сельскагаспадарчы каледж.

Юрый Сахарчук быў кіраўніком, які не спыняўся на дасягнутым,
па-дзелавому вырашаў сацыяльна-эканамічныя пытанні, надаваў важнае значэнне ўмацаванню матэрыяльнай базы ўстановы адукацыі, набыцці сучаснай спецыялізаванай тэхнікі. Ён увасабляў у практыку якасна новыя падыходы да падрыхтоўкі рабочых кадраў. Актыўна ўдзельнічаў
у грамадска-палітычным жыцці краіны, шмат увагі надаваў сацыяльна-эканамічнаму развіццю беларускай вёскі, захаванню гісторыі і культуры.

Краязнаўчай дзейнасцю Ю. І. Сахарчук пачаў займацца ў пачатку
1980-х гг. з пошуку інфармацыі па гісторыі Высокаўскага вучылішча. Пазней стаў цікавіцца гісторыяй г. Высокае, праваслаўнай гісторыяй Камянеччыны. Адзін са складальнікаў і аўтараў кніг: «Всему начало плуг и борозда»
аб гісторыі вучылішча (2010), «Высокое» (2012; 2018), «Праваслаўныя храмы Камянеччыны» (2013), «Православные храмы Брестского района» (2015). Свае кнігі перадаваў у бібліятэкі Высокаўскага сельскагаспадарчага каледжа, Высокаўскую гарадскую і Камянецкую цэнтральную раённую.

У каледжы высока пастаўлена патрыятычнае выхаванне. Разам з Віктарам Сідаравічам Кандылёвым (кіраўнік музея ў 1985–2010 гг.) і іншымі педагогамі Юрый Іванавіч арганізаваў у Высокаўскім каледжы музей баявой славы 49-й Чырвонасцяжнай стралковай дывізіі, які быў адкрыты ў 1985 г. Гэта дывізія з 1940 г. дыслацыравалася ў Высокаўскім раёне, з раніцы 22 чэрвеня 1941 г. вяла абарону краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Дырэктар шмат працаваў над павышэннем прэстыжу прафесійнага навучання і рэйтынгу ўстановы. У 2000 г. у каледжы з’явіўся гімн, які гучыць на ўсіх масавых мерапрыемствах. На тэрыторыі каледжа адкрыты памятны знак «Всему начало плуг и борозда…» (2006). У 2007 г. з’явіўся ўласны сцяг каледжа. У 2010 г. быў зарэгістраваны тавары знак каледжа. Высокаўскі каледж добра ведаюць не толькі ў Беларусі, а таксама ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Екацерынбургу, Волагдзе і іншых гарадах Расіі.

Самаадданая, выдатная праца Юрыя Іванавіча Сахарчука высока адзначана дзяржавай. У 2000 г. яму прысвоена званне «Заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь». Узнагароджаны граматамі Брэсцкага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў, Міністэрства адукацыі, значкамі «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» і «За заслугі ў развіцці прафтэхадукацыі», граматамі ад мітрапаліта Філарэта і архіепіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана.

Юрый Іванавіч Сахарчук памёр 9 мая 2021 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.

Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі.

 

Працы Ю. І. Сахарчука

  1. Праваслаўныя храмы Камянеччыны : [царквы, капліцы, асвячоныя крыніцы, святыя месцы / складальнікі Ю. І. Сахарчук і інш. ; гал. рэд. У. Шпарло ; фота А. М. Капішука]. – Брест : РИА «Вечерний Брест», 2013. – 119 с. : фот.
  2. Высокое / [Ю. И. Сахарчук и др.]. Брест : Вечерний Брест, 2012. 143 с. : фот.
  3. Всему начало плуг и борозда… / [Ю. И. Сахарчук и др. ; гл.ред. В. Шпарло ; фото А. М. Карпишука] ; УО«Высоковский государственный сельскохозяйственный профессионально-технический колледж». Брест : РИА «Вечерний Брест», 2010. 103 с. : фот.
  4. Сахарчук, Ю. И. Люди и годы : [об истории Высоковского училища] / Ю. И. Сахарчук // Всему начало – плуг и борозда… Брест, 2010. С. 7–35.

Аб жыцці і дзейнасці Ю. І. Сахарчука

  1. Сахарчук Юрий Иванович // Кто есть кто в Республике Беларусь. 2009. Минск, 2009. С. 204.
  2. Сахарчук Юрый Іванавіч : [некралог] / Наталья Грицук // Навіны Камянеччыны. 2021. 15 мая (№ 20). С. 23.
  3. Сахарчук Юрий Иванович : [некролог] // Заря. 2021. 15 мая. С. 21.
  4. Памяти Юрия Сахарчука : [некролог] // Вечерний Брест. 2021. 14 мая (№ 20). С. 5.
  5. Трибулева, Е. Юрий Сахарчук: «Каждый волен построить свою жизнь по-своему» / Е. Трибулева // Навіны Камянеччыны. 2018. 29 верасня (№ 39). С. 5.
  6. Сахарчук, Ю. И. Всех высот достиг в Высоком / Юрий Сахарчук ; беседовал Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2018. 15 июня. С. 3.
  7. Сахарчук, Ю. И. Всему начало – плуг и борозда / Юрий Сахарчук ; беседовала Елена Трибулева // Вечерний Брест. 2006. 6 октября. С. 5.
  8. Сахарчук, Ю. И. Сядай за парты і сталы і навучайся, дружа! / Юрый Сахарчук // Навіны Камянеччыны. 2002. 2 кастрычніка. С. 1–3.

 

Чытаць 180 разоў