Серада, 05 Ліпень 2023 09:09

28 ліпеня 2023 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Льва Раманавіча Казлова (1938), вучонага-гісторыка, даследчыка ў галіне гістарычнай геаграфіі і картаграфіі Беларусі, пісьменніка, выдаўца

Леў Раманавіч Казлоў нарадзіўся 28 ліпеня 1938 г. у в. Літвінкі Кобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці). Вялікая Айчынная вайна застала сям’ю (маці Марыю Іванаўну, бацьку Рамана Іванавіча і трохгадовага Лёву) у Пінску. Пасля вайны пераехалі ў Кобрын. У школу (сёння СШ № 1) Леў пайшоў у 1946 г. і правучыўся там сем гадоў. Далей працягваў вучобу ў сярэдняй школе № 2, якую закончыў у 1956 г. У школьныя гады любіў чытаць, выяўляў здольнасці да малявання, захапляўся гісторыяй.

 У 1957–1960 гг. Леў Казлоў служыў у Савецкай арміі. Маляваў сценгазеты, але часцей яго выкарыстоўвалі як ваеннага картографа. Марыў стаць мастаком, аднак пасля службы ў арміі паступае на гісторыка-геаграфічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага. У інстытуце паглыбіўся ў вывучэнне старажытнай картаграфіі.

У 1965 г. закончыў інстытут, затым там жа навучаўся ў аспірантуры (1965–1968), працаваў выкладчыкам. У 1970 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю «Рост культурна-тэхнічнага ўзроўню рабочага класа Беларусі ў гады першай пяцігодкі (1928–1932 гг.)», атрымаў навуковую ступень кандыдата гістарычных навук.

У 1970–1981 гг. — старшы выкладчык, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі МДПІ імя А. М. Горкага. У 1981–1992 гг. — прафесар кафедры гісторыі Беларусі і замежных краін, дэкан факультэта замежных студэнтаў Мінскага інстытута культуры. З 1992 г. па 1994 г. — старшы навуковы супрацоўнік аддзела спецыяльных гістарычных дысцыплін, кіраўнік картаграфічнай групы Інстытута гісторыі АН Беларусі. Л. Р. Казлоў узначальваў групу, якая стала працаваць над пяцітомным «Вялікім гістарычным атласам», арганізаваў работу па складанні новых гістарычных карт і школьных атласаў.

Не дачакаўшыся бюджэтнага фінансавання выдання карт, Л. Р. Казлоў у 1994 г. заснаваў і ўзначаліў прыватнае выдавецтва — УП «Арты-Фэкс», якое займаецца выданнем геаграфічных карт і атласаў. Работа выдавецтва «Арты-Фэкс» адзначана еўрапейскім залатым прызам «Europe Award» (Парыж, 2001).

З 1995 г. Л. Р. Казлоў — галоўны рэдактар «Вялікага гістарычнага атласа Беларусі», часопісаў «Падарожнік» (1997–2001), «Наш край». Навуковы кансультант выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі», член Саюза прадпрымальнікаў Беларусі, Нацыянальнай Геаграфічнай Асацыяцыі (ЗША), міжнароднага «Клуба лідэраў гандлю». Адзначаны еўрапейскім прызам «За якасць» (Парыж, 2002).

Аўтар кніг «Дапаможныя гістарычныя дысцыпліны» (1980), «Беларусь на сямі рубяжах» (1993), «Картаграфія Беларусі падчас паўстання 1863–1864 гг.» (2003), «Беларусь у працах польскiх картографаў» (2004), «Беларускае Палессе на старажытных картах» (2006) і інш. Удзельнік шэрагу міжнародных і рэгіянальных навуковых канферэнцый, аўтар артыкулаў па краязнаўчай і картаграфічнай тэматыцы.

Большую частку свайго жыцця Л. Р. Казлоў займаецца ўзнаўленнем рарытэтных карт, якія адшуквае ў розных архівах, бібліятэках, на аўкцыёнах і ў прыватных калекцыянераў. Дзякуючы дзейнасці Льва Раманавіча айчынныя музейныя экспазіцыі папоўніліся дзясяткамі новых выяў беларускіх зямель з маршрутамі старажытных часоў, якія раней не дэманстраваліся. Некаторыя карты, намаляваныя ім, упрыгожваюць раённыя краязнаўчыя музеі.

Над экзэмплярам узноўленай карты для Нясвіжскага замка Леў Раманавіч працаваў каля месяца і ствараў яго з арыгінала, які захоўваецца ў старажытным шведскім г. Упсала. У музеі Нясвіжскага замка экспануецца і другі твор вучонага — вялікі глобус XVI ст. У картаграфічным кабінеце Музея гісторыі Мінска большасць экспанатаў выкананы рукамі Льва Раманавіча. Нягледзячы на век камп’ютарных тэхналогій, ён працуе ў старадаўняй манеры, не здраджвае звычайнаму алоўку, цыркулю, пяру, акварэлям. Калегі ахрысцілі Льва Раманавіча беларускім Меркатарам (у гонар фламандскага картографа і географа XVI cт. Г. Меркатара). Л. Р. Казлоў упэўнены, што карты могуць расказаць нават больш, чым летапісы, гістарычныя дакументы.

Краязнаўствам Леў Раманавіч займаецца з 1955 г. Настаўнікамі лічыць М. Улашчыка, М. Гнеўку, Г. Каханоўскага, М. Ткачова. У сааўтарстве з дырэктарам Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава Нінай Пліско да 700-годдзя Кобрына выдаў гісторыка-эканамічны нарыс «Кобрин» (1987). У якасці рэдактара-укладальніка Л. Р. Казлоў працаваў над гісторыка-дакументальнай хронікай «Памяць. Кобрынскі раён» (2002).

Чалавек рознабаковага таленту, энцыклапедычных ведаў, асоба неардынарная, з самаіроніяй і пачуццём тонкага гумару. Як многiя з гісторыкаў — нумізмат, сабраў вялікую калекцыю манет, захапляецца гістарычнай мастацкай літаратурай, мае выдатную бібліятэку. У 1983 г. выйшаў яго зборнік гістарычных анекдотаў «Музей остроумия», які быў двойчы перавыдадзены (1986, 1989), у 1999 г. з’явілася новае дапоўненае выданне — «Большой музей остроумия». Аўтар мастацкіх кнiг «Радзивилл Сиротка» (2015), «З дазволу караля і вялікага князя» (1992, 1998, 2016) і інш. Пад псеўданімам «Плат. Гудовіч» выдаў зборнік вершаў «Размова нанова» (2017).

У ліпені–жніўні 2018 г. у зале беларускай літаратуры Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі працавала выстава «Вандроўкі па ваколіцах мінулага», прысвечаная 80-годдзю Л. Р. Казлова. З 14 верасня юбілейная выстава дзейнічала ў Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы, дзе адбылася творчая сустрэча з юбілярам. Усе прадстаўленыя на выстаўцы матэрыялы Леў Раманавіч падараваў кобрынскай бібліятэцы і яе чытачам. У фондзе бібліятэкі шмат кніг з паметкай «З асабістай бібліятэкі Л. Р. Казлова».

У маі 2023 г. у Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна ўрачыста адкрылася выстаўка «Мастацтва старажытнай картаграфіі», у якой увасобіўся плён апантанай працы па зборы старажытных карт Л. Р. Казлова. У ліпені ў краязнаўчым інфармацыйным цэнтры кобрынскай бібліятэкі праходзіць юбілейная выстаўка-партрэт «Гісторык, картограф, літаратар».

Нягледзячы на тое, што наш зямляк даўно ўжо жыве ў Мінску, малую радзіму ён не забывае. Як заўважае Леў Раманавіч, дакрананне да вытокаў наталяе яго новымі свежымі ідэямі і энергіяй, таму, нягледзячы на сталы ўзрост, ён штогод прыязджае на Кобрыншчыну – пакланіцца магілам сваіх бацькоў, паразмаўляць з землякамі, падыхаць паветрам далёкага дзяцінства, зазірнуць у кобрынскія школы, музей, бібліятэку.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.

Кобрынскай цэнтральнай раённай бiблiятэкай.

Курачук Святлана Дзмітрыеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Працы Л. Р. Казлова

1.Стагоддзі на картах / Леў Казлоў. – Мінск : Беларуская навука, 2021. – 239 с. : іл., каляр. іл., партр., карты.

2.Гудовіч, П. Размова нанова : выбраныя вершы / Плат. Гудовіч. – Мінск : Галіяфы, 2017. – 48 с.

3.З дазволу караля і вялікага князя / Л. Р. Казлоў. – Мінск : Галіяфы, 2016. – 159 с. : ил.

4.Радзивилл «Сиротка» : историческая трилогия : Кн. 1 : Наследник по мечу / Л. Р. Козлов. – Минск : Альтиора – Живые краски, 2015. – 183 с.

5.«Афіцына Блавіяна» : з сярэднявечча – у новы час / Л. Р. Казлоў. – Мінск : [б. в.], 2014. – 16 с.

6.Падарожжы Мікалая Радзівіла «Сіроткі» / Л. Р. Казлоў. – Нясвіж : [б. в.], 2009. – 32 с.

7.Карэліцкі край на старажытных картах (XVI―XIX ст.) / Л. Р. Казлоў. – Мінск : Арты-Фэкс, 2008. – 9, [3] с.

8.Белорусское Полесье на старинных картах / Л. Р. Козлов. – Москва : [б. и.], 2008. – 22, [2] с.

9.Беларускае Палессе на старажытных картах : [навукова-папулярны нарыс] / Л. Р. Казлоў. – Мінск : Арты-Фэкс, 2006. – 63, [1] с.

10.Старажытная картаграфія Беларусі : атлас : [у 3 вып.] / Л. Р. Казлоў. – Мінск : Арты-Фэкс, 2005–2009. – (Старажытная картаграфія Беларусі).

11.Картаграфія Беларусі падчас паўстання Тадэвуша Касцюшкі / Л. Р. Казлоў. – Мінск : [б. в.], 2004. – 15, [2] с.

12.Беларусь у працах польскiх картографаў (XVI–XX стст.) / Л. Р. Казлоў. – Мінск : Арты-Фэкс, 2004. – 115, [2] с. – (Беларусь на старажытных картах).

13.Картаграфія Беларусі падчас паўстання 1863–1864 гг. / Л. Р. Казлоў. - Мінск, 2003. – [16] с.

14.Памяць. Кобрынскі раён : гісторыка-дакументальная хроніка / рэдактар-укладальнік Л. Р. Казлоў. – Мінск : БЕЛТА, 2002. – 624 с. : іл.

15.Навагрудак на старажытных картах / [Л. Р. Казлоў]. – Мінск : Арты-Фэкс, 2002. – [2] с., уключ. вокладку. – (Гарады і мястэчкі Беларусі ў старажытнай картаграфіі).

16.Георг Кристоф Лихтенберг / авт.-сост. Л. Р. Козлов. – Минск : Арти-Фекс, 2002. – 94 с., [20] л. ил. – (Библиотека остроумия ; Т. 47).

17.Представьте себе : [сборник] / авт.-сост. Л. Р. Козлов. – Минск : Арти-Фекс, 2001. – 172 с. – (Библиотека остроумия ; вып. 1).

18.Гістарычны атлас Беларусі : навукова-папулярнае ілюстраванае выданне / уклад. Л. Р. Казлоў. – Мінск : «Арты-Фэкс», 2001. – 34 с. : карт.

19.Беларусь на сямi рубяжах (XI – пачатак XX ст.) / Л. Р. Казлоў. – Мiнск : УП Арты-Фэкс, 2000. – 57, [2] с. : карт.

20.Большой музей остроумия : исторические анекдоты / Л. Р. Козлов. – Минск : Арти-Фекс, 1999. – 619 с.

21.Плиско, Н. М. Кобрин : историко-экономический очерк / Н. М. Плиско, Л. Р. Козлов. – Минск : «Полымя», 1987. – 95 с.

22.Музей остроумия / Л. Р. Козлов. – Минск : Полымя, 1983. – 222 с. : ил.

23.Вспомогательные исторические дисциплины : учебно-методическое пособие / Л. Р. Козлов. – Минск : Минский пединститут им. А. М. Горького, 1980. – 90 с.

24.Рост культурно-технического уровня рабочего класса Белоруссии в годы первой пятилетки (1928–1932 гг.) : автореферат диссертации ... кандидата исторических наук / Л. Р. Козлов. – Минск, 1969. – 22 с.

25.Польска-савецкая мяжа Менскай акругі БССР (1924–1930 гг.) / Леў Казлоў // Знакамітыя мінчане XIX–XX стст. Мінск і Міншчына пасля падзей 1921 года – лёсы людзей і краіны : матэрыялы X Міжнароднай навукова-тэарэтычнай канферэнцыі, Мінск, 13–14 верасня 2016 г. Мінск, 2017. С. 6–9.

26.Картаграфічныя крыніцы да гісторыі і гістарычнай геаграфіі Беларусі XIX ст. / Л. Р. Казлоў // Теоретические и практические проблемы документоведения и архивоведения: ретроспектива и современность : материалы Международной научно-практической конференции (Минск, 2–3 декабря 2015 г.). Минск, 2016. С. 121–127.

27.Мікалай Радзівіл Сіротка – падарожнік / Леў Казлоў // Нясвіжскі палац Радзівілаў: гісторыя, новыя даследаванні. Вопыт стварэння палацавых музейных экспазіцый : матэрыялы 1-й міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Нясвіж, 20 кастрычніка 2009 г. Нясвіж, 2010. С. 63–80.

28.Картаграфічныя крыніцы па гісторыі Беларусі XIX ст. / Л. Р. Казлоў // Проблемы методологии исследований истории Беларуси : материалы Международной научной конференции (Минск, 26–27 октября 2006 года ) / Минск, 2008. С. 246–249.

29.Паміж горадам і вёскай : (картаграфічныя крыніцы да гісторыі мястэчак Гарадзеншчыны ў XIX – пачатку XX ст.) / Л. Р. Казлоў // Гарады Беларусі ў кантэксце палітыкі, эканомікі, культуры : зборнік навуковых артыкулаў. Гродна, 2007. С. 56–60.

30.Гісторыя старажытнай картаграфіі Беларусі ў выданнях УП «Арты-Фэкс» / Л. Р. Казлоў // Беларуская кніга ў кантэксце сусветнай кніжнай культуры : зб. нав. арт. : [у 2 ч.] / Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры i мастацтваў. Мінск, 2006. Ч. 2. С. 123–125.

 

Аб жыцці і дзейнасці Л. Р. Казлова

1.Казлоў Леў Раманавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2013. Т. 4. С. 262.

2.Козлов Лев Романович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 488.

3.Козлов Лев Романович // Институт истории НАН Беларуси в лицах, 1929–2008 гг. : биобиблиографический справочник / Г. В. Корзенко [и др.]. Минск, 2008. C. 198.

4.Казлоў Леў Раманавіч // Вялікае княства Літоўскае : энцыклапедыя : у 2 т. 2-е выд. Мінск, 2007. Т. 2. С. 15.

5.Козлов Лев Романович // Корзенко, Г. В. Историки Беларуси в начале XXI столетия : библиографический справочник / Г. В. Корзенко. Минск, 2007. С. 173–174.

6.Казлоў Леў Раманавіч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 436.

7.Козлов Лев Романович // Кто есть кто в Республике Беларусь. Люди дела. Минск : Энциклопедикс, 1999. С. 65.

8.Казлоў Леў Раманавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 10-11.

9.Казлоў Леў Раманавіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук. Кобрын, 2020. С. 57–59.

10.85 гадоў з дня нараджэння Л. Р. Казлова (1938) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2020–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 86.

11.Ратуемся спадчынай : [17 мая ў Мінскай абласной бібліятэцы адкрылася выстава «Мастацтва старажытнай картаграфіі» Л. Р. Казлова] // Краязнаўчая газета. 2023. Май (№ 20). С. 2.

12.Святлова, Н. Майстэрства адлюстравання свету : [плён апантанай працы па зборы старажытных карт Л. Казлова ўвасобіўся ў выстаўцы «Мастацтва старажытнай картаграфіі»] / Наталля Святлова // Літаратура і мастацтва. 2023. 26 мая (№ 21). С. 14.

13.Дзядзюля, А. Захапляльны свет картаграфіі : [у Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна праходзіць выстаўка «Мастацтва старажытнай картаграфіі» Л. Казлова] / Алена Дзядзюля // Звязда. 2023. 23 мая. С. 12.

14.Бакун, А. Вывучаць мінулае, каб будаваць будучыню : [пра сустрэчу ў Кобрынскай раённай бібліятэцы з гісторыкам, картографам Л. Р. Казловым] / Алена Бакун // Кобрынскі веснік. 2018. 31 кастрычнiка. С. 8.

15.Бакун, А. Вандроўкі з земляком-картографом : [пра Л. Р. Казлова, картографа, гісторыка і літаратара] / Алена Бакун // Кобрынскі веснік. 2018. 26 верасня. С. 5.

16.Декола, Н. Белорусский Меркатор : [минчанин Лев Козлов воссоздает раритетные карты] / Надежда Декола // СБ. Беларусь сегодня. 2018. 7 июля. С. 11.

17.Сарычев, В. Школа моей мамы : [из стен СШ № 1 г. Кобрина вышли многие учёные, среди которых и историк Лев Козлов] / Василий Сарычев // Вечерний Брест. 2010. 10 ноября. С. 1–2. (Вечёрочка).

18.Козлов, Л. Р. «Белорусские земли на картах мира были ещё при Птолемее» / [Л. Р. Козлов ; беседовала] Надежда Белохвостик // Комсомольская правда в Белоруссии. 2009. 4 марта.

19.Сучасныя беларускія краязнаўцы : [сярод іншых – Казлоў Леў Раманавіч] // Краязнаўчая газета. 2005. № 25. С. 2.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 157 разоў