Аўторак, 11 Ліпень 2023 10:26

1 жніўня 2023 г. — 125 гадоў з дня нараджэння Ільі Савіча Галкіна (1898–1990), вучонага-гісторыка, заслужанага дзеяча навукі Расіі

Ілья Савіч Галкін нарадзіўся 1 жніўня 1898 г. у в. Панасюкі Пружанскага павета Гродзенскай губерніі (цяпер Дзмітровіцкага сельсавета Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Вучыўся ў Раснянскай двухкласнай школе. Набліжэнне фронту Першай сусветнай вайны ў 1915 г. прымусіла вялікую сям’ю падацца ў бежанства ва Уладзімірскую губерню, дзе ў г. Каўроў Ілья атрымаў пачатковую адукацыю. Закончыў тэхнічнае вучылішча пры Маскоўскай чыгунцы, працаваў фармоўшчыкам ліцейнага цэха чыгуначных майстэрняў.

 У 1917 г. Ілья Галкін быў мабілізаваны ў Рускую армію, накіраваны ў Кіеўскую школу прапаршчыкаў. У 1918 г. паступіў у Іванава-Вазнясенскі палітэхнічны інстытут. Правучыўшыся тры месяцы, уступіў у шэрагі Чырвонай арміі і трапіў на Усходні фронт, дзе ўдзельнічаў у разгроме войскаў Калчака. Быў паранены, дэмабілізаваны па стане здароўя.

 У пачатку жніўня 1921 г. Ілья Галкін атрымаў ліст ад Еўдакіі Казловай-Фраловай, сельскай настаўніцы з Саратаўскай губерніі, якая была жонкай Аляксандра Федарука – школьнага сябра, з якім разам вучыліся ў Раснянскай школе. Еўдакія паведаміла, што муж памёр ад тыфу. Пасля нядоўгай перапіскі яна запрасіла яго на лячэнне ў Саратаўскую губернію, затым яны ажаніліся. Ілья Галкін прыступіў да працы ў Аткарскім павеце настаўнікам, дырэктарам школы, кіраўніком групы калоніі для беспрытульнікаў. У 1924 г. быў дэлегатам Усесаюзнага з’езда настаўнікаў. Член ВКП(б) з 1927 г.

 Правучыўшыся два гады на завочным аддзяленні Саратаўскага ўніверсітэта, у 1930 г. Ілья Галкін быў накіраваны на вучобу ў Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт на этналагічны факультэт. Пад кіраўніцтвам акадэміка М. М. Лукіна займаўся вывучэннем гісторыі новага і найноўшага часу. У 1932 г. скончыў гісторыка-філасофскі факультэт.

 У 1935 г. І. С. Галкін скончыў аспірантуру. У 1936 г., абараніўшы кандыдацкую дысертацыю па гісторыі германскай сацыял-дэмакратыі, прыступіў да педагагічнай працы ў Маскоўскім інстытуце філасофіі, літаратуры і гісторыі імя М. Г. Чарнышэўскага. Прайшоў шлях ад выкладчыка да прафесара гэтай навучальнай установы. Загадчык гістарычнага аддзялення, дэкан гістарычнага аддзялення (1936–1938), прарэктар (1937–1941), выконваючы абавязкі рэктара (1941).

 Са снежня 1941 г. пасля ўваходжання МІФЛІ ў склад гістарычнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта, І. С. Галкін быў прызначаны прарэктарам універсітэта па вучэбнай частцы, намеснікам рэктара, упаўнаважаным Народнага Камісарыята асветы РСФСР па эвакуацыі ўніверсітэта ў Туркменскую ССР, г. Свярдлоўск, а таксама яго вяртанню ў Маскву. Яму давялося рашаць маштабныя задачы, якія стаялі перад калектывам, прадэманстраваў выдатныя навыкі адміністратара ў крытычных умовах вайны і пасляваеннага часу.

 У 1943 г. І. С. Галкін быў абраны рэктарам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. У. Ламаносава. Да канца года ва ўніверсітэце на розных факультэтах адкрыліся новыя кафедры: нізкіх тэмператур, мора, акустыкі, электронных і іённых працэсаў; хіміі глеб, меліярацыі і аграхіміі глеб, гістарычнай геалогіі; гідралогіі і гідраграфіі; гісторыі заходняй і рускай філасофіі. Новаму рэктару ўдалося дабіцца ад урада прыняцця некалькіх нарматыўна-прававых актаў, якія сыгралі важную ролю ў аднаўленні ўніверсітэта.

 У 1944 г. была адкрыта пасля рамонту Універсітэцкая бібліятэка імя М. Горкага, праведзены першыя Ламаносаўскія чытанні. У сакавіку 1945 г. было адноўлена навуковае студэнцкае таварыства. У лістападзе 1946 г. кіраўніцтва ўніверсітэта прыняло рашэнне аб вяртанні да пяцігадовага навучання на факультэтах навучальнай установы. У 1947 г. прайшлі папярэднія мерапрыемствы ў сувязі з будаўніцтвам універсітэцкага комплексу будынкаў на Ленінскіх (Вараб’ёвых) гарах.

 За 1943–1947 гг. у структуры Маскоўскага ўніверсітэта былі вылучаныя факультэт міжнародных адносін і фізіка-тэхнічны факультэт, пазней ператвораныя ў самастойныя ВНУ — МГІМА і МФТІ.

 Пост рэктара МДУ І. С. Галкін пакінуў у 1948 г. і ўвесь свой час прысвячаў працы са студэнтамі і аспірантамі. Доўгі час працаваў на кафедры новай і найноўшай гісторыі гістарычнага факультэта, пасаду загадчыка якой займаў у 1953–1980 гг. У 1956 г. абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені доктара гістарычных навук. Аўтар звыш 200 навуковых прац па ўсеагульнай гісторыі, гісторыі міжнародных адносін, гістарыяграфіі. За гады педагагічнай працы Ілья Савіч падрыхтаваў больш за 100 кандыдатаў навук.

 І. С. Галкін вёў актыўную грамадскую дзейнасць. Выбіраўся дэпутатам Маскоўскага Савета дэпутатаў працоўных, неаднаразова ўдзельнічаў у міжнародных канферэнцыях гісторыкаў, з’яўляўся членам рэдкалегіі часопіса «Новая и новейшая история».

 Быў ўзнагароджаны ордэнамі Леніна (1944), Кастрычніцкай рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, шматлікімі медалямі, у тым ліку «За боевые заслуги», «За оборону Москвы». Лаўрэат Ламаносаўскай прэміі МДУ (1968). Ганаровы доктар Сегедскага ўніверсітэта (Венгрыя) (1969). Заслужаны дзеяч навукі РСФСР (1973).

 Жонка — Еўдакія Міхайлаўна Федарук (1898–1965), лінгвіст, прафесар філалагічнага факультэта МДУ, галоўны рэдактар часопіса «Русский язык в школе». Дачка — Таццяна Ільінічна Галкіна (1935–2013), доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Унучка — Марына Уладзіміраўна Галкіна (нар. 1951), юрыст, прафесар кафедры адміністрацыйнага права і працэсу ўніверсітэта імя А. Я. Кутафіна (МГЮА). Унук — Ілья Уладзіміравіч Галкін (нар. 1957), гісторык, банкір, бізнесмен. Унучка — Дар’я Віктараўна Багаева (нар. 1971), філолаг па адукацыі, пражывае ў ЗША. Праўнучка — Яўгення Яўгеннеўна Фралова, доктар юрыдычных навук, прафесар кафедры адміністрацыйнага і фінансавага права РУДН, жонка Дзмітрыя Мезенцава, расійскага дзяржаўнага дзеяча і дыпламата, дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы.

 Ілья Савіч Галкін памёр 7 красавіка 1990 г., пахаваны ў Маскве на Вастракоўскіх могілках.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага.

Табольчык Ларыса Мікалаеўна, бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 Працы І. С. Галкіна

  1. Записки ректора Московского университета : воспоминания / И. С. Галкин ; [вступ. ст. В. И. Тропина]. – Москва : Изд-во Моск. ун-та, 2004. – 208 с. : ил.
  2. Н. М. Лукин – революционер, ученый / И. С. Галкин. – Москва : Изд-во Моск. ун-та, 1984. – 203 с.
  3. В. И. Ленин и развитие советской историографии новой и новейшей истории стран Европы и Америки / И. С. Галкин. – Москва : Изд-во Моск. ун-та, 1977. – 366 с.
  4. Дипломатия европейских держав в связи с освободительным движением народов Европейской Турции в 1905–1912 гг. / И. С. Галкин. – Москва : Изд-во Моск. ун-та, 1960. – 266 с.
  5. Рабочее движение в Германии 1871–1914 годов : оекции / И. С. Галкин ; Высш. парт. школа при ЦК КПСС. Кафедра истории междунар. рабочего и нац.-освобод. Движения. – Москва, 1957. – 84 с.
  6. Политика европейских держав в связи с освободительным движением народов европейской Турции в 1908–1912 гг. : автореферат диссертации … доктора исторических наук / И. С. Галкин ; Моск. гос. ун-т им. М. В. Ломоносова. Ист. фак. – Москва, 1956. – 47 с.
  7. Новая история : Италия, Австро-Венгрия, Балканские государства, Китай, Япония, США в 1870–1914 годах. Второй Интернационал в 1889–1914 годах. Первая мировая империалистическая война / И. С. Галкин. – Москва : тип. Высш. парт. школы при ЦК ВКП(б), 1946. – 244 с., [4] с. с карт., [1] л. карт. – (Курс всеобщей истории).
  8. Курс всеобщей истории : лекции 31, 32 и 33, Третья республика во Франции 1871–1914 гг. / И. С. Галкин ; Высш. парт. школа при ЦК ВКП(б). – Москва, 1940.

 

Аб жыцці і дзейнасці І. С. Галкіна

  1. Галкін Ілья Савіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 466.
  2. Галкин Илья Саввич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 2. С.871.
  3. Галкин Илья Саввич // Российская историческая энциклопедия. Москва, 2017. Т. 4. С. 456.
  4. Галкин Илья Саввич // Советская историческая энциклопедия : [в 16 т.]. Москва, 1963. Т. 4. С. 62.
  5. Меркулова, А. М. Ректор Московского университета Илья Саввич Галкин (1898–1990 гг.) : автореферат диссертации … кандидата исторических наук : 07.00.02 / Меркулова Анастасия Михайловна. – Москва, 2011. – 30 с.
  6. Проблемы новой и новейшей истории : [сборник статей, посвящённых заслуженному деятелю науки РСФСР, профессору И. С. Галкину / ред. коллегия: А. В. Адо и др.]. – Москва : Изд-во Моск. ун-та, 1972. – 283 с.
  7. Ремарчук, В. Илья Саввич Галкин / В. Реманчук // Ломоносов. 2002. № 6. С. 22–43.
  8. Никитина, Т.В. К 100-летию со дня рождения И.С. Галкина / Т. В. Никитина // Новая и новейшая история. 1999. № 2. С. 211–221.
  9. Языков, Е. Ф. Илья Саввич Галкин : (к 100-летию со дня рождения) / Е. Ф. Языков // Вестник Московского университета. Серия 8, История. 1998. № 4. С. 4–7.
  10. Зубов, С. В. Печатные труды И. С. Галкина / С. В. Зубов // Вестник Московского университета. Серия 8, История. 1998. № 4. С. 89–102.
  11. Дементьев, И. П. Илья Саввич Галкин: ученый, педагог, организатор исторической науки : к 100-летию со дня рождения / И. П. Дементьев // Новая и новейшая история. 1998. № 3. С. 200–215.
  12. Илья Саввич Галкин : [некролог] // Вопросы истории. 1990. № 8. С. 190.
  13. Илья Саввич Галкин : [некролог] // Новая и новейшая история. 1990. № 4. С. 233–234.
  14. Илья Саввич Галкин – старейшина советской исторической науки // Новая и новейшая история. 1988. № 4. С. 221–223.
  15. Кукушкин, Ю. С. 80-летие И. С. Галкина / Ю. С. Кукушкин, О. Сорока-Цюпа // Вопросы истории. 1978. № 8. С. 135–136.
  16. Жуков, Е. М. Илье Саввичу Галкину – 80 лет / Е. М. Жуков, Н. В. Сивачев // Новая и новейшая история. 1978. № 4. С. 202–206.
  17. Дементьев, И. П. К семидесятипятилетию И. С. Галкина / И. П. Дементьев // Вопросы истории. 1974. № 1. С. 162–164.
  18. Адо, А. В. Заслуженный деятель науки РСФСР И. С. Галкин / А. В. Адо, А. Д. Колпаков, А. Л. Нарочницкий // Новая и новейшая история. 1973. № 6. С. 200–204.
  19. Застенкер, Н. Е.Илья Саввич Галкин : (к 70-летию со дня рождения) / Н. Е. Застенкер // Вестник Московского университета. Серия 9, История. 1968. № 5. С. 93–96.
  20. Федорова, С. Г. Илья Саввич Галкин : (к 70-летию со дня рождения) / С. Г. Федорова // Новая и новейшая история. 1968. № 4. С. 185–186.
  21. Сказкин, С. Д. Илья Саввич Галкин : (к 60-летию со дня рождения) / С. Д. Сказкин // Вестник Московского университета. Историко-филологическая серия. 1958. № 1. С. 195–199.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 145 разоў