Панядзелак, 24 Ліпень 2023 14:54

2023 г. —125 гадоў з часу пабудовы Крыжаўзвіжанскай царквы ў в. Амелянец (Камянецкі р-н; 1898), помніка архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю

Вёска Амелянец Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці упершыню ўпамінаецца ў 1527 г. у кнізе Сігізмунда Герберштэйна «Записки о Московии». Яшчэ адно ўпамінанне ў «Ардынацыі каралеўскіх пушч» аб тым, што ў мястэчку пасяліліся 59 асочнікаў. Гэта адносіцца да першай чвэрці ХVII ст., між 1620–1625 гг. Назва вёскі па адной з легенд паходзіць ад некалі атачаўшых яе вадзяных млыноў.

 Першая царква ў Амелянцы была пабудавана, як мяркуецца, каля 1713 г., пра што сведчыў надпіс на антымінсе. Хто фундаваў яе будаўніцтва — невядома, аднак ужо ў 1799 г., калі згарэлі царкоўныя дакументы, царква патрабавала капітальнага рамонту. З цудам захаванага рукапісу «Царкоўна-прыходскі летапіс Крыжаўзвіжанскай царквы вёскі Амелянец Гродзенскай губерні Брэсцкага павета» можна даведацца, што ў 1836 г. храм быў значна пашыраны: адрамантавана старая Заходняя сцяна, прыбудавана Паўночная рызніца і дашчаны бабінец. У 1876–1879 гг. сцены выпрастаны і ўмацаваны, падкладзены новыя падрубы, прыбудавана рызніца з паўднёвага боку, пастаўлены новы іканастас. У выніку праведзеных рамонтных работ першапачатковы выгляд царквы змяніўся.

Званіца тады налічвала 5 званоў вагой ад 32 фунтаў да 10 пудоў, на кожным з якіх былі зробленыя надпісы. Найменшы быў пазначаны датай «1666 г.» У царкве захоўвалася ілюстраванае гравюрамі Евангелле 1780 г. пачаеўскага друку. Вялікую каштоўнасць уяўляла пліта (нерухомы антымінс) з надпісам «ANNO DOMINI (ад Раства Хрыстова) 1713 DIE 6 APRIL 1713» з мошчамі святых Савы і Даната. Пры царкве дзейнічала брацтва, якое налічвала каля 200 чалавек.

Падчас Першай сусветнай вайны царква моцна пацярпела: былі выбітыя вокны, зрашэчаны аскепкамі і кулямі дах, пашкоджана званіца. З вясны 1922 г., калі большасць вяскоўцаў вярнулася з бежанства, вырашана было заняцца рамонтам царквы. У выніку моцнай навальніцы 24 мая 1923 г. згарэў купал. У лютым 1925 г. у царкве зноў адбыўся пажар. Спачатку людзі пачулі моцны выбух, адчынілі дзверы храма, але ўвайсці ў яго не змаглі, ён увесь быў напоўнены з'едлівым дымам. Агонь абрынуўся аднекуль са столі. Храм выратаваць не ўдалося. Следства не высветліла прычыну пажару. Богаслужэнні сталі праходзіць у маленькай царкве, якая знаходзілася на могілках.

Атрыманай страхоўкі па факце пажару і ахвяраванняў хапіла, каб купіць царкву Сергія і Германа Валаамскіх Яблачынскага Свята-Ануфрыеўскага манастыра, які знаходзіцца на мяжы Польшы і Беларусі Асобай, якая назаўжды вайшла ў гісторыю манастыра, быў архімандрыт Серафім (Астравумаў), пры якім актыўна вялося будаўніцтва. У 1907 г. ля Белага возера пачалося будаўніцтва царквы Сергія і Германа Валаамскіх, а 4 кастрычніка 1909 г. царква была асвячана. Па іншых крыніцах гэтая царква пабудавана у канцы ХІХ ст. Польска-савецкая вайна (1919–1921) прывяла да таго, што жыццё Белаазёрскага скіта прыпынілася. Манахі пакінулі яго, а царкву закрылі, а потым прадалі ў Амелянец. Яе разабралі і па чыгунцы са станцыі Дубіца перавезлі да станцыі Чарэмха, а адтуль коньмі да Амелянца. Лёс гэтай царквы, як і лёс папярэдняга храма, паказальны сваімі пакручастымі зменамі.

Царква з Белаазёрскага скіта была пастаўлена на месцы згарэўшай. Будаўніцтва пачата 6 мая 1927 г. і скончана 16 мая 1930 г., пра гэта сведчыць надпіс унутры купала, выяўлены вясной 2012 г. пры рамонце. 7 верасня 1930 г. па благаславенню кіруючага архіерэя было здзейснена асвячэнне новай царквы як Свята-Крыжаўзвіжанскай. Чын асвячэння здзейсніў благачынны Высока-Літоўскай акругі святар Сяргей Дзюкаў.

Амелянецкая царква — помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Адрозніваецца сваёй складанай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй, якая ўключае асноўны аб’ём, трапезную, прытвор, пяцігранную апсіду з бакавой рызніцай і ахвярнікам. Над прытворам чацверыковая званіца пад двухсхільным дахам з заломам і цыбулепадобнай глаўкай у завяршэнні. Над асноўным аб’ёмам — васьмігранны светлавы барабан пад шатровым верхам з макаўкай і вуглавыя цыбулепадобныя глаўкі. Сцены, рубленыя ў вугал «з астаткам», прарэзаны шырокімі лучковымі аконнымі праёмамі. Рашэнне галоўнага ўвахода — ганак пад двухсхільным перакрыццем, на фігурных кранштэйнах. Алтарная частка аддзелена ад асноўнай двух’ярусным іканастасам. Царква мае 7 купалаў.

За працы па пабудове новага храма архіепіскап Палескай епархіі Аляксандр аб’явіў падзяку прыхаджанам і псаломшчыку Алінію Нясведаву. Узнагародзіў настаяцеля Кліменція Каваленю залатым нагрудным крыжам, а царкоўнага старасту Івана Гайдуковіча блаславёнай Граматай.

Пажылыя прыхаджане памятаюць нямала цікавых гісторый, звязаных са званіцай царквы. Падчас Вялікай Айчыннай вайны тут хаваўся савецкі радыст. Немцы, даведаўшыся, адкрылі па ім агонь. Усё навокал было зрашэчана, але ніводная куля не даляцела да званіцы.

У 1945 г. айцец Яўген Місеюк (1915–1987) напісаў ліст маршалу Георгію Жукаву ад імя вернікаў з прашэннем у дапамозе набыцця званоў для царквы, таму што акупанты вывезлі іх у Германію. Неўзабаве ад маршала прыйшла пасылка вагой у тону — столькі важылі тры званы. Як і дзе былі здабытыя званы невядома, але належалі яны іншым храмам, пра што сведчаць надпісы на іх. Самы вялікі звон з храма в. Антопаль Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці з надпісам «Адліты для Антопальскай царквы ў 1934 г. на ахвяраванні вернікаў на сродкі царквы ў бытнасць настаяцеля С. Ляўчука і кцітара У. Хоміча». Меншы звон з'яўляўся ўласнасцю Грушаўскай царквы Камянецкага раёна (царква не адноўлена): «Пераліты на сродкі прычта і ахвярадаўцаў — прыхаджан Грушаўскай царквы 1934 г.». Трэці мае выявы абразоў Пачаеўскай Божай Маці, св. Мікалая і дату: «РОКУ БОЖIА 1836».

У Амелянецкай царкве служылі: Антоній Катовіч з 1884 г. (у 1902 г. узнагароджаны ордэнам Св. Ганны 3-й ступені за 25-гадовую працу па народнай адукацыі, у 1907 г. яшчэ служыў); Ігнат Адэльскі; Кліменцій Каваленя (падчас Першай сусветнай вайны служыў святаром палявога шпіталя, узнагароджаны ордэнам Св. Ганны 3-й ступені, памёр у 1934 г., пахаваны ў Варшаве ў праваслаўнай царкве); Мітрафан Зноска-Бароўскі, ураджэнец Брэст-Літоўска, настаяцель Амелянецкай царквы ў 1934–1938 гг, епіскап Рускай праваслаўнай царквы за мяжой; Аляксей Целякоўскі, пахаваны каля царквы; Яўген Місеюк (1942–1948); Мікалай Гарбачук (1948–1953); бацька і сын протаіерэі Пётр і Серафім Самойлавічы. Айцец Серафім служыў у 1957–1970 гг., пахаваны побач з капліцай; Сямён Ярашук, які нарадзіўся ў в. Ражкоўка, удзельнік вайны, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны і шматлікімі медалямі, пахаваны побач з царквой; Сяргей Разановіч; іераманах Герман; Георгій Варонка; Аляксей Лагашоў. Цяпер настаяцелем служыць іерэй Ігар Пяркоўскі.

У склад прыхода ўваходзяць: Амелянец, Падбур’е, Ваўкаставец, Бобінка, Дубраўцы, Панасюкі, Занавіны, Чвіркі. Прастольнае свята — 27 верасня. Крыжаўзвіжанская царква занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі (шыфр 113Г000328).

Побач з царквой, на старых могілках, знаходзілася закінутая капліца, пабудаваная ў 1906 г. Разбураныя сцены, адсутнасць даху, прагнілая падлога, абвугленыя бэлькі, якія захоўвалі невядомую дату «1836», і адзінокая ікона св. Мікалая. Ніхто з вяскоўцаў не памятаў ні якое імя было ў храма, ні ў якім годзе здарыўся пажар. Клопатамі святара Алексія Лагашова гэты храм-капліца быў адноўлены. Асвячэнне адбылося 9 снежня 2009 г. і названа капліца ў гонар Уваскрэсення Хрыстова.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Камянецкай цэнтральнай раённай

бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.Омельянецкая Крестовоздвиженская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 164.

2.Царква ў гонар Уздзвіжання Крыжа Гасподняга : [в. Амелянец] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 15–16.

3.Свята-Крыжаўзвіжанская царква : [в. Амелянец] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 10.

4.Свята-Крыжаўздзвіжанская царква, в. Амелянец // Праваслаўныя храмы Камянеччыны. РИА «Вечерний Брест», 2013. С. 64–67.

5.Крестовоздвиженская церковь : [д. Омеленец] / В. К. Филатов // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 234.

6.Крыжаўзвіжанская царква : [в. Амельянец] / У. К. Філатаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 200.

7.Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарнчяўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск : БЕЛТА, 2009. – 684 с. : іл.

8.Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 511 с., [40] л. іл. – Са зместу: [Амелянец]. С. 341–342.

9.Крыжаўзвіжанская царква (в. Амельянец) / Т. Чарняўская // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 76–77.

10.Шатько, Е. Г. Колокольный звон Белой Руси: тысячелетие традиции / Е. Г. Шатько. – Минск : Братство в честь Святого Архистратига Михаила : Медиал, 2015. – 608 с. – Из содерж.: [История колоколов храма д. Омеленец]. С. 146.

11.Мараськевич, Я. Деревянная архитектура северной части Еврорегиона Буг : западная часть Брестской земли / Я. Мараськевич, А. Башков ; [фот.: Я. Мараськевич, Д. Мараськевич ; пер.: Э. Д. Пашкевич и др.]. – Бяла Подляска : Бяльско-подл. об-во регионального развития, 2006. – 96 с. : фот.

12.Амелянец // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 15–16.

13.Козлович, В. Молчаливые свидетели эпохи : [об истории церквей в дд. Рожковка и Омеленец Каменецкого района] / Валентина Козлович // Народная газета. 2021. 17 снежня. С. 42.

14.Кузьмич, С. Пущанскими дорогами : [впечатления от посещения церквей в дд. Омеленец и Рожковка Каменецкого района] / Светлана Кузьмич // Заря. 2020. 3 октября. С. 9.

15.Мусевіч, Г. С. Царква ў Омэлянцы : [гісторыя царквы ў в. Амелянец Камянецкага раёна] / Георгій Мусевіч // Бельскі гостінэць. Бельск-Падляскі, 2015. № 1. С. 107–111.

16.Мусевич, Г. Православные церкви моей Каменетчины / Георгий Мусевич // Брестские епархиальные ведомости. 2014. № 1. С. 68–75.

17.Ролич, О. Освящение часовни в Омеленце / Ольга Ролич // Заря. 2010. 11 февраля. С. 17.

18.Каменецкитй район : [освящение храма Воскресения Христова в д. Омеленец] // Царкоўнае слова. 2009. № 51. С. 3.

19.Мытько, О. Колокола Жукова : [история Крестовоздвиженской церкви д. Омельянец Каменецкого района, которой маршал Г. Жуков подарил колокола] / О. Мытько // 7 дней. 2009. 13 августа. С. 9.

20.Ролич, О. Пасхальный тропарь над кладбищенскими крестами : [история Свято-Крестовоздвиженского прихода села Омельянец Каменецкого района] / Ольга Ролич // Брестские епархальные ведомости. 2009. № 4. С. 43.

21.Жукова, М. Маршал Жуков: сокровенная жизнь души : [упоминается о подарке маршала Г. Жукова трёх колоколов в церковь д. Омеленец] / Мария Жукова // Духовный вестник. 2005. № 4. С. 4.

22.О чем звонит колокол : [упоминается письмо священника Е. Мисеюка из д. Омеленец к маршалу Г. Жукову в 1945 г.] // Советская Белоруссия. 2004. 17 декабря. С. 20.

23.Церковь в Омеленце // Заря. 2004. 12 октября.

24.Ролич, О. Свято-Кресто-Воздвиженская церковь в Омельянце / Ольга Ролич // Брестские епархиальные ведомости. 2004. № 3. С. 45–47.

25.Церковь в Омеленце // Духовный вестник. 2000. № 9.

26.Мусевіч, Г. Храм Божы ў Амельянцы / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 1998. 18 красавіка. С. 4.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 169 разоў