Панядзелак, 21 Жнівень 2023 12:56

13 ліпеня 2023 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Паўла Максімавіча Арчакова (1923–2014), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Ганаровага грамадзяніна г. Бярозы (1974)

Павел Максімавіч Арчакоў нарадзіўся 13 ліпеня 1923 г. у в. Сінія Ліпягі Ніжнедзевіцкага раёна Варонежскай вобласці. У 1939 г. закончыў 9 класаў Ніжнедзевіцкай школы, працаваў служачым. Марыў аб службе ў Чырвонай арміі. У пачатку 1940 г. напісаў ліст Наркому абароны СССР маршалу С. К. Цімашэнку з просьбай залічыць яго ў армію. 5 мая 1941 г. вызваны ў ваенкамат, залічаны курсантам Арлоўскага пяхотнага вучылішча.

У чэрвені 1941 г. курсантаў адправілі ў Беларусь на Слуцкі хімічны палігон. Вялікую Айчынную вайну Павел Арчакоў сустрэў на заходняй граніцы. 25 чэрвеня прыняў свой першы бой з захопнікамі на рацэ Ясельда. Восенню на пасадзе камандзіра ўзвода ў складзе 17-й асобнай курсанцкай стралковай брыгады абараняў Маскву ў раёне в. Крукава. Удзельнічаў у баях пад Сталінградам, на Украіне ў бітве за Дняпро, у баях за вызваленне Беларусі, у штурме Кёнігсберга і Берліна, вызваленні Прагі.

У ліпені 1944 г. Павел Арчакоў ішоў па тых жа палескіх балотах, што і падчас адступлення ў 1941-м, але цяпер ужо на захад, вызваляючы беларускія вёскі і гарады. За вызваленне г. Баранавічы і праяўленыя пры гэтым доблесць і мужнасць 48-я гвардзейская дывізія была ўзнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга.

У выніку хуткага прасоўвання ў першай палове дня 13 ліпеня дывізіі 28-й арміі 1-га Беларускага фронту выйшлі на левы бераг ракі Ясельда, на поўнач і на ўсход ад г. Бярозы, дзе атрымалі задачу фарсіраваць водную перашкоду і, прарваўшы абарону праціўніка, вызваліць раённы цэнтр.

Першым вызваленым населеным пунктам Бярозаўскага раёна стала вёска Спорава. Часткі 1-га механізаванага корпуса генерал-лейтэнанта С. Крывашэіна, якія прасоўваліся наперадзе надыходзячых савецкіх войскаў, з-за складаных умоў балоцістай мясцовасці свае танкі ў баявых дзеяннях за Бярозу выкарыстоўваць не змаглі. Ясельда была абраная праціўнікам у якасці моцнай абарончай мяжы на далёкіх подступах да г. Брэста.

Вялікія выгады для абароны на рацэ ўяўляў характар яго правага берага. Тады як подступы да ракі з усходу на 600-800 метраў ўяўлялі сабой забалочаную нізіну, на правым жа беразе праходзіла града пануючых над мясцовасцю высотак. Буйныя населеныя пункты, размешчаныя на гэтым беразе, таксама былі зручныя для абароны. Немцамі тут былі адкапаны дзве поўнага профілю траншэі, злучаныя паміж сабой хадамі, на найважнейшых напрамках устаноўлены драцяныя загароды і мінныя палі. Вёскі Сялец, Лявошкі, Самойлавічы, Стрыгінь, Галавіцкія, Высокае і саму Бярозу праціўнік ператварыў у апорныя пункты, прыстасаваўшы да кругавой абароны. На гэтую мяжу абароны фашысцкае камандаванне тэрмінова перакінула 292-ю пяхотную дывізію, у яе складзе было тры пяхотных палка, артылерыйскі і супрацьтанкавы дывізіёны, сапёрны і іншыя батальёны.

48-я гвардзейская Крыварожская стралковая дывізія (камандзір дывізіі генерал-маёр Г. М. Корчыкаў), якая наступала з усходу, завязала зацятыя баі ў раёне вёскі Стрыгінь. Каля трох сутак дывізія жорстка змагалася. Нашы страты былі значнымі, напал баёў узрастаў. 16 ліпеня часткі 48-й гвардзейскай стралковай дывізіі выбілі ворага з Бярозы.

Пасля вайны Павел Арчакоў скончыў артылерыйскае аддзяленне Ленінградскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча імя Ф. Энгельса, служыў на Крайняй Поўначы і ў Беларусі. 

У званні падпалкоўніка П. М. Арчакоў у студзені 1960 г. быў звольнены ў запас. Вярнуўшыся ў Варонеж, трыццаць чатыры гады адпрацаваў мадэльшчыкам на цеплавозарамонтным заводзе імя Ф. Э. Дзяржынскага. Быў майстравітым чалавекам: мог вядро скляпаць, печ палажыць, швейную машынку адрамантаваць, змайстраваць шафу ці сервант. Разам з жонкай Марыяй Фёдараўнай выгадавалі дзяцей — Юрыя і Надзею.

Павел Максімавіч на грамадскіх пачатках актыўна займаўся ветэранскай і пошукавай работай, адшукаў 870 аднапалчан. Старшыня Савета ветэранаў 48-й гвардзейскай Чырванасцяжнай ордэнаў Суворава і Кутузава Крыварожскай стралковай дывізіі. Выступаў у воінскіх і працоўных калектывах, часта сустракаўся са школьнікамі. Па яго ініцыятыве ў 36 школах створаны музеі баявой славы. Сустракаючыся з аднапалчанамі, праехаў Расію, Украіну і Беларусь, дзе ў многіх гарадах і вёсках яму прысвойвалі званне «Ганаровы грамадзянін».

У 1974 г. Бярозаўскі гарадскі Савет народных дэпутатаў прыняў рашэнне прысвоіць званне «Ганаровы грамадзянін горада Бярозы» воінам, якія вызвалялі раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў: Глебу Мікалаевічу Корчыкаву, Аляксею Андрэевічу Піскуну, Паўлу Максімаввічу Арчакову.

Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, трыма ордэнамі Айчыннай вайны, ордэнам Дружбы (1997), трыма медалямі «За боевые заслуги», медалямі «За отвагу», «За аборону Москвы», «За взятие Кёнигсберга», «За взятие Берлина», «За победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.» і інш.

П. М. Арчакова не стала 14 студзеня 2014 г., пахаваны на Лясных могілках г. Варонежа. Ён пакінуў светлую і добрую памяць не толькі на сваёй радзіме, але і на беларускай зямлі. 5 мая 2016 г. у Варонежы на доме, дзе жыў ветэран (вул. Таранчэнкі, 31), адкрыта мемарыяльная дошка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Бярозаўскай цэнтральнай раённай

бібліятэкай. Логіс Аляксандра Генадзьеўна, бiблiёграф аддзела

абслугоўвання і інфармацыі

 

1.Арчаков Павел Максимович // Долготович Б. Д. Почетные граждане белорусских городов / Б. Д. Долготович. Минск, 2008. С. 20.

2.Арчаков, П. М. И вот встретились мы вновь / Павел Арчаков. – Москва : Ритм, 2011. – 267 с. : портр., фото.

3.Чемармазович, В. Статус: почетный гражданин : [о Павле Максимовиче Арчакове] / подготовила Виктория Чемармазович // Маяк. Берёза, 2022. 13 августа. С. 10.

4.Касьянов, В. 12000 километров войны :  [о Почетном гражданине г. Березы П. М. Арчакове] / Владимир Касьянов // Заря. 2022. 12 февраля. С. 10–11.

5.Карпеш, Р. Почётные граждане г. Берёзы : [Павел Максимович Арчаков] / подготовила Розалия Карпеш // Маяк. Берёза, 2019. 31 июля. С. 6.

6.Котюх, В. У деревни Крюково выстоял их взвод : [о гвардии подполковнике П. М. Арчакове] / Валентин Котюх // Коммуна. Воронеж, 2015. 8 сентября. С. 5.

7.Гашимова, Т. Заговоренный : [об участнике Великой Отечественной войны П. М. Арчакове] / Тамара Гашимова // Коммуна. Воронеж, 2012. 5 мая. С. 2.

 

 

 

Чытаць 125 разоў