Панядзелак, 21 Жнівень 2023 17:01

1 ліпеня 2023 г. — 50 гадоў з дня ўводу ў строй ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» ў в. Тухавічы (Ляхавіцкі р-н; 1973), вядучага прадпрыемства тарфяной галіны

Гісторыя торфабрыкетнага завода «Ляхавіцкі» пачалася з распрацоўкі размешчанага ў адносна блізкіх ваколіцах вёскі Тухавічы Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці тарфянога масіву «Выганашчанскі». Сюды ў 1968 г. прыехалі геолагі і ўстанавілі шчыт з надпісам «Тут будзе пабудаваны торфабрыкетны завод». Пастановай Савета Міністраў № 937 ад 30 жніўня 1968 г. заснаваны торфабрыкетны завод «Ляхавіцкі».

Завод пачалі будаваць у 1969 г., а закончылі — у 1973-м. Размешчаны на поўдзень ад Тухавіч. Першыя тры гады існавання прадпрыемства прадукцыяй быў так званы фрэзерны торф, больш вядомы, як тарфяная крошка. Ішоў ён у асноўным на патрэбы сельскай гаспадаркі: у якасці ўгнаенняў, для падсцілкі жывёлы. Паралельна ішло будаўніцтва цэха па выпуску паліўных брыкетаў, сыравінай для якіх і з’яўляецца фрэзторф. Першы брыкет з кулярын новапабудованага завода сышоў 1 ліпеня 1973 г.

Сыравінная база размяшчалася за 5 кіламетраў ад прадпрыемства. Гэта тарфяныя месцазнаходжанні «Сельцы» і «Выганашчанскае». Праектаная магутнасць завода — 120 тыс. т брыкетаў у год. У 1982 г. была здабыта максімальная колькасць фрэзернага торфу — 452,4 тыс. т. У 1987 г. выпушчана максімальная колькасць брыкетаў — 177,9 тыс. т.

Спажыўцы больш як дзвюх дзесяткаў рэгіёнаў Беларусі ацяпляюць свае дамы тухавіцкім брыкетам. Развіты і экспартны накірунак збыту: прыкладна трэцяя частка прадукцыі адпраўлялася ў 11 краін замежжа (Літва, Латвія, Эстонія, Украіна, Польшча, Германія, Расія і інш.). У 2019 г. у завода з’явіўся філіял — торфапрадпрыемства «Калпеніца» ў в. Калпеніца Баранавіцкага раёна. У 2023 г. далучаны ААТ «ТБЗ Гатча-Осаўскі» Жабінкаўскага раёна.

Торфабрыкетны завод «Ляхавіцкі» — адно з лепшых прадпрыемстваў у Міністэрстве паліўнай прамысловасці Рэспублікі Беларусь. Не адзін раз быў адзначаны рознымі ўзнагародамі. У 1979 г. быў узнагароджаны пераходзячым Чырвонам Сцягам ЦК КПСС, Савета Міністраў СССР, ВЦСПС і ЦК ВЛКСМ. Па выніках работы за 1987 г. завод зноў атрымаў пераходзячы Чырвоны Сцяг гэтага статусу. У 1998 г. за ўдарную працу і ў гонар 25-годдзя завода калектыў узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. У 2019 г. ААТ «ТБЗ Ляхавiцкi» занесена на Галерэю Славы Ляхавіцкага райвыканкама.

Былы дырэктар (1983–2012) завода Васіль Кузьміч Іваноў пабываў у Парыжы, куды быў запрошаны каардынацыйным Саветам Міжнароднай праграмы «Партнёрства дзеля міру». Ва ўрачыстай абстаноўцы на пасяджэнні каардынацыйнага Савету яму быў уручаны прыз «Залаты Меркурый» і нумарны Сертыфікат. Гэта высокая ўзнагарода прысуджана на аснове ацэнак экспертаў і па выніках аналізу комплексных статыстычных данных з цэнтральнай  інфарматычнй базы ў Парыжы. Асноўная ўвага ўдзялялася дынаміцы вытворчасці, аб’ёмам рэалізацыі прадукцыі, эфектыўнасці вытворчасці, вырашэнню экалагічных праблем.

Нумарны Сертыфікат зацвердзіў, што торфабрыкетны завод «Ляхавіцкі» быў удзельнікам Міжнароднай праграмы па рабоце ў новых рыначных умовах і дае права прадпрыемству карыстацца міжнароднай інфармацыяй, на льготных умовах атрымліваць абсталяванне, матэрыялы.

З 2016 г. заводам кіруе Уладзімір Паўлавіч Гунько. У 2018 г. яму было прысвоена званне «Чалавек года Брэстчыны–2017» у галіне паліўна-энергетычнага комплексу. У тым жа годзе дырэктар ТБЗ стаў «Чалавекам года» у раёнай намінацыі «Прамысловасць, бытавое абсслугоўванне, гандаль і паслугі». Дэлегат VI Усевебалускага народнага сходу (2021).

У кастрычніку 2021 г. на базе ААТ ТБЗ «Ляхавіцкі» адбыўся рэспубліканскі семінар-нарада па выніках сезона здабычы торфу. Сярод лепшых у рэспубліцы значацца і працаўнікі мясцовага прадпрыемства.

Ляхавіцкі ТБЗ мае 50-гадовую гісторыю, кожная старонка якой — мноства дасягненняў, вырашэнне пэўных праблем, пошукі рынкаў збыту. Былі тут і мадэрнізацыі, і будаўніцтвы, і рэканструкцыі, асвойваліся новыя віды прадукцыі, у тым ліку і запатрабаваная ў спажыўца сушонка. Актыўна ідзе кадравае амаладжэнне (заняты каля 270 чалавек), рэгулярна абнаўляецца машынна-трактарны парк. На парадку дня і будаўнічыя работы. Удасканальваюцца пытанні аховы працы.

Сёння ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі ў паліўнай сферы Ляхавіцкі торфабрыкетны завод застаецца вядучым прадпрыемствам тарфяной галіны ў Брэсцкай вобласці.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай

бібліятэкай імя Я. Купалы. Зелянко Таццяна Уладзіміраўна, заг. сектара

аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў

 

1.«Ляхавіцкі», торфабрыкетны завод // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 9. С. 435.

2.«Ляховичске», торфопредприятие / В. П. Гунько // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т.. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 64.

3.Гончар, И. Белорусский торф в европейском тренде : [о работе филиала «Торфопредприятие Колпеница» Барановичского района] / Инна Гончар // Наш край. Барановичи, 2022. 7 декабря. С. 4.

4.Канько, Г. У Тухавічах нараджаецца цяпло : [аб рабоце ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі»] / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. 2022. 3 верасня. С. 4.

5.Юркевич, Е. Будем с топливом / Елена Юркевич // Заря. 2021. 3 ноября. С. 17.

6.Канько, Г. У Тухавічы – на дажынкі / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. 2021. 23 кастрычніка. С. 3.

7.Канько, Г. Тарфабрыкетны знак якасці / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. 2021. 4 верасня. С. 4.

8.Канько, Г. Майстры тарфяных палеткаў / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. 2021. 23 чэрвеня. С. 2.

9.Канько, Г. Завадская загартоўка : [дырэктар ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» Уладзімір Гунько стаў дэлегатам VI Усебеларускага народнага сходу] / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. 2021. 16 студзеня. С. 4.

10.Каваленка, І. Нялёгкая работа – здабываць торф з балота / Іван Каваленка // Ляхавіцкі веснік. 2020. 5 снежня. С. 4.

11.Каваленка, І. Міністэрскі прыём наадварот : [міністр энергетыкі Рэспублікі Беларусь Віктар Каранкевіч наведаў ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі»] / Іван Каваленка // Ляхавіцкі веснік. 2020. 28 лістапада. С. 2.

12.Каваленка, І. Новы фармат фірмы : [аб рабоце ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі»] / Іван Каваленка // Ляхавіцкі веснік. 2020. 8 жніўня. С. 10.

13.Шубич, М. Торф в тренде / Михаил Шубич // Заря. 2020. 8 июля. С. 8.

14.Канько, Г. Даеш цяпло! : [аб дзейнасці ААТ «ТБЗ «Ляхавіцкі»]. / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. 2019. 31 жніўня. С. 4.

15.Хилько, К. Энергия дела : [о деятельности торфобрикетного завода «Ляховичский» Ляховичского района] / Кристина Хилько // Народная газета. 2019. 5 ліпеня (№ 27). С. 18–19.

16.Канько, Г. Такія людзі! : [дырэктар ААТ «ТБЗ «Ляхавіцкі» У. П. Гунько атрымаў званне «Чалавек года»] / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. 2018. 24 лістапада. С. 2.

17.Каваленка, І. Брыкет 45-гадовай вытрымкі : [Людміла Дыдышка – ветэран-тарфянік ААТ «ТБЗ «Ляхавіцкі»] / Іван  Каваленка // Ляхавіцкі веснік. 2018. 8 лістапада. С. 4.

18.Канько, Г. Брыкет цяпер ранні / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. 2018. 18 ліпеня. С. 2.

19.Каваленка, І. У тарфянікаў сваё жніво / Іван Каваленка // Ляхавіцкі веснік. 2018. 2 чэрвеня. С. 3.

20.Каваленка, І. Банкноты з балота / Іван Каваленка // Ляхавіцкі веснік. 2017. 27 снежня. С. 4.

21.Каваленка, І Балота – месца іх работы / Іван Каваленка // Ляхавіцкі веснік. 2017. 30 жніўня. С. 5.

22.Лапіч, А. Тухавіцкага цяпла хопіць на ўсіх / Аліна Лапіч // Ляхавіцкі веснік. 2016. 21 снежня. С. 2.

23.Каваленка, І. Колькі торфу ў тоне цэменту? : [аб ААТ «ТБЗ «Ляхавіцкі»] / Іван Каваленка // Ляхавіцкі веснік. 2016. 30 сакавiка. С. 2.

24.Лапіч, А. Цёплая прапанова ад ТБЗ «Ляхавіцкі» / Аліна Лапіч // Ляхавіцкі веснік . 2013. 31 жніўня. С. 3.

25.Каваленка, І. Тарфянікі рыхтуюць карты / Іван Каваленка // Ляхавіцкі веснік. 2013. 16 сакавіка. С. 2.

26.Каваленка, І. Калі вопыт апераджае прапанову / Іван Каваленка // Ляхавіцкі веснік. 2010. 23 студзеня. С. 3.

27.Лапіч, А. Кропка зваротнага адліку / Аліна Лапіч // Ляхавіцкі веснік. 2008. 16 красавіка.

28.Юркевич, Е. Трудные времена / Елена Юркевич // 2007. 31 марта. С. 4.

29.Бельмач, С. Людзі на балоце / Святлана Бельмач // Ляхавіцкі веснік. 2004. 25 жніўня. С. 2.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 122 разоў Апошняя змена Панядзелак, 21 Жнівень 2023 17:06