Серада, 30 Жнівень 2023 12:02

2023 г. – 115 гадоў з часу наведвання пiсьменнiкам Шолам-Алейхемам (Саламон Нохумавіч Рабіновіч; 1859–1916) г. Баранавiчы (1908)

 «Чтоб ей сгореть, этой станции Барановичи!» Такім амаль што біблейскім праклёнам заканчваецца адно з апавяданняў выдатнага яўрэйскага пісьменніка Шолам-Алейхема, якое ўвайшло ў зборнік навэл «Чыгуначныя апавяданні». Яно так і называецца «Станцыя Баранавічы». Чым жа так не дагадзіў гэты прыпыначны пункт, гэты ледзь прыкметны пункт на карце чыгунак Расійскай імперыі сусветна прызнанаму пісьменніку?

Класік яўрэйскай літаратуры Шолам-Алейхем (Саламон Нохумавіч Рабіновіч) нарадзіўся 2 сакавіка 1859 г. у г. Пераяслаў Палтаўскай губерні (цяпер Пераяслаў-Хмяльніцкі Кіеўскай вобласці) у патрыярхальнай небагатай яўрэйскай сям'і. Ён рана страціў маці – хлопчыку ледзь споўнілася 13, калі яна памерла.

Пасля заканчэння школы Саламон тры гады даваў урокі дачцы аднаго багатага яўрэя. І, як гэта часта апісваецца ў класічнай літаратуры, закахаўся ў сваю вучаніцу. Бацька каханай аказаўся не гатовым да такога сацыяльнага мезальянсу, і Шолам-Алейхему было паказана на дзверы. Зрэшты, праз шэсць гадоў закаханыя насуперак волі бацькі ўсё ж здабылі сваё шчасце. Яны ажаніліся, і ў выніку ў сям’і нарадзілася шасцёра дзяцей.

Спачатку будучы сусветна прызнаны пісьменнік спрабаваў рабіць кар’еру ў самых розных абласцях. Ён пабываў і вандроўным рэпетытарам, і выдаўцом, і біржавым гульцом. Зрэшты, да пачатку XX ст. Шолам-Алейхем ужо набывае вядомасць як літаратар – аўтар вершаваных твораў і празаічных тэкстаў на ідыш. Крытыкаваў капіталістычную рэчаіснасць, стварыў вобразы таленавітых людзей з народа, наследаваў дэмакратычныя і асветніцкія традыцыі рускай і еўрапейскай літаратур.

Акрамя пісьменніцкага рамяства ён асвойвае і новы для сябе жанр чытальніка-дэкламатара ўласных твораў. З гэтымі публічнымі выступамі ён аб’ездзіў ледзь не паўсвету, бываў у Мінску, Гродна, Брэсце, Віцебску, Лідзе і іншых гарадах Беларусі. І адным з месцаў, дзе Шолам-Алейхем пабываў, аказаліся Баранавічы.

Сюды ён прыбыў улетку 1908 г. па запрашэнні толькі што створанага з дазволу губернатара мясцовага Яўрэйскага літаратурна-артыстычнага таварыства. Творчая сустрэча адбылася 27 ліпеня ў летнім тэатры, які, дарэчы, праіснаваў нядоўга, усяго каля года. Будынак быў перабудаваны ўладальнікам мястэчка Развадава графам І. А. Развадоўскім пад паштовую кантору. Паколькі многія жадаючыя не змаглі патрапіць на гэтую творчую сустрэчу, арганізатары ўпрасілі пісьменніка правесці яшчэ адзін выступ. І атрымалі згоду.

Але мерапрыемства, на жаль, не адбылося: у Шолам-Алейхема абвастрыўся прыступ туберкулёзу, і баранавіцкія ўрачы на чале з мясцовым медыцынскім свяцілам Сцепержынскім строга забаранілі ўсякія выступленні. Каля двух месяцаў замест аднаго дня правёў Шолам-Алейхем у Баранавічах. Падчас лячэння ён пражываў у гатэлі «Славянскі», які таксама належаў графу Развадоўскаму.

Літаральна праз год пасля ўсіх гэтых злаключэнняў з-пад пяра майстра выходзіць у свет бліскучае апавяданне з характэрнай назвай «Станцыя Баранавічы» (1909), якое ўлілося пасля ў зборнік навэл «Чыгуначныя апавяданні» (1902–1911). І цалкам магчыма, што той прыступ хваробы, які ледзь не каштаваў пісьменніку жыцця, і стаў прычынай анафемы, якая прагучала ў адрас ні ў чым не вінаватай станцыі ў заключных радках аповеду… Памёр Шолам-Алейхем ад усё таго ж туберкулёзу 15 мая 1916 г. у ЗША.

У пачатку ХХI ст. на будынку былой гасцініцы (вул. Камсамольская, 27) была ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў памяць аб славутым пісьменніку: «У гэтым доме (былы гатэль «Славянскi») у лiпенi-вераснi 1908 года спыняўся выдатны яўрэйскi пiсьменнiк Шалом-Алейхем».

Творы Шолам-Алейхема на беларускую мову перакладалі З. Бядуля, А. Васілевіч, Ю. Канэ, І. Саламевіч, Г. Шупенька. У Брэсцкім абласным драматычным тэатры імя ЛКСМБ у 1991 г. быў пастаўлены спектакль «Играй, Иоселе, играй…» па п’есе Р. Горына «Поминальная молитва» паводле цыкла апавяданняў Шолам-Алейхема «Тевье-молочник».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Баранавіцкай цэнтральнай гарадской

бібліятэкай імя В. П. Таўлая

 

Творы Шолам-Алейхема

1.Станция Барановичи : [рассказ] / Шолом-Алейхем ; перевод Л. Юдкевича // Собрание сочинений : в 6 т. / Шолом-Алейхем. Москва, 1990. Т. 5. С. 23–33.

2.Станция Барановичи : [рассказ] / Шолом-Алейхем ; перевод Л. Юдкевича // Собрание сочинений : в 6 т. / Шолом-Алейхем. Москва, 1972. Т. 3. С. 27–37.

3.Блукаючыя зоркі : раман / Шолам-Алейхем ; [пераклад Г. С. Шупенька, І. У. Саламевіч].  Мінск : Беларуская навука, 1998. – 512 с. – (Школьная бiблiятэка).

4.Хлопчык Мотл : аповесць / Шолам-Алэйхем ; [пер. з рускай мовы А. Васілевіч]. – Мінск : Юнацтва, 1993. – 190 с.

5.Тэўе-малочнік : аповесці, апавяданні, юнацкі раман : пер. э ідыш / Шолам-Алейхем. – Минск : Мастацкая літаратура, 1992. – 510 с. – (Скарбы сусветнай лiтаратуры).

6.Заколдованный портной : повести и рассказы / Шолом-Алейхем ; [сост. и примеч. М. Беленького ; предисл. М. Бажана]. – Москва : Художественная литература, 1984. – 527 с., [1 л.] портр.

 

Аб жыцці і творчасці Шолам-Алейхема

1.Шолам-Алейхем // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 17. С. 450.

2.Шолам-Алейхем // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2003. Т. 2. С. 537.

3.Шолом-Алейхем // Их именами названы… : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 690.

4.Шолам-Алейхем / М. В. Няхай // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 583.

5.Шолам-Алейхем // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 11. С. 347.

6.Шолом-Алейхем – писатель и человек : статьи и воспоминания / [сост., примеч. и пер. с евр. М. С. Беленького ; послесл. У. Гуральника]. – Москва : Советский писатель, 1984. – 334 с. ; [8] л. ил.

7.Ременик, Г. А. Шолом-Алейхем : критико-биографический очерк / Г. А. Ременик. – Москва : Гослитиздат, 1963. – 204 с. : [5] л. ил.

8.Фінкель, У. Г. Шолам-Алейхем / Уры Гіршавіч Фінкель ; пер. з яўр. мовы і апрац. В. Вольскага. – Мінск : Дзяржвыд БССР, 1958. – 150 с.

9.Пономарев, О. Тайна одного проклятия, или Как мир впервые услышал о Барановичах... / Олег Пономарев // Заря. 2021. 27 января. С. 19.

10.Булаты, П. Вандроўныя рукапісы : [пра гісторыю г. Баранавічы; узгадваецца Шолам-Алейхем] / Павел Булаты // Вместе. 2019. 22 февраля (№ 8). С. 7.

11.Пономарев, О. Барановичи и именитые гости : [о посещении г. Барановичи общественными и политическими деятелями; упоминается Шолом-Алейхем] / Олег Пономарев // Заря. 2018. 18 января. С. 20.

12.Поликарпов, В. Король еврейского юмора : [о писателе Шолом-Алейхеме] / В. Поликарпов // Наш край. Барановичи, 2009. 3 марта. С. 5.

13.Климец, С. Шалом-Алейхем в Барановичах / Софья Климец // Шахар. Барановичи, 2004. № 3.

14.Угрынскi, М. Шыльда Шалом-Алейхема ў Баранавiчах / М. Угрынскi // Культура. 2002. № 29–30. С. 12.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 99 разоў Апошняя змена Серада, 30 Жнівень 2023 12:23