Серада, 30 Жнівень 2023 14:15

26 студзеня 2023 г. – 100 гадоў з дня нараджэння Мікалая Андрэевіча Кліменкі (1923–2010), удзельніка Вялікай Айчыннай ваны, Ганаровага грамадзяніна г. Баранавічы

Мікалай Андрэевіч Кліменка нарадзіўся 26 студзеня 1923 г. у станіцы Старашчарбакоўская Краснадарскага краю, багатай не толькі ўрадлівай глебай, але і моцным казачым родам, які захаваў традыцыі вернасці Айчыне. Гэтыя якасці з ранняга дзяцінства ўвабраў у сябе Мікалай Кліменка. Пасля заканчэння 10 класаў у 1940 г. ён паступіў у Саратаўскае ваеннае танкавае вучылішча. Стаць танкістам было яго патаемнай марай. Праз год пачалася Вялікая Айчынная вайна.

У ліпені 1941 г. Мікалай Кліменка быў накіраваны на фронт у якасці стралка-радыста ў танку. У першых жа баях пад Смаленскам баявая машына была падбіта. Камандзір танка і салдаты загінулі, а Мікалай і механік цяжка кантужаны, страцілі прытомнасць. Калі ачуліся, былі ўжо ў палоне. Калона палонных савецкіх байцоў ішла па дарозе ў бок Беларусі. Выбраўшы момант, Мікалай Кліменка вырваўся з акружэння канваіраў і пабег, услед засвісталі кулі, але яны яго не дасягнулі. Аднак неўзабаве на лясным узлеску нарваўся на нямецкую стралковую часць, зноў апынуўся ў палоне.

Ваеннапалонных у чыгуначных вагонах павезлі на захад. Побач з Мікалаем Кліменкам аказаўся зямляк з кубанскіх стэпаў, вырашылі збегчы. У раёне станцыі Койданава Баранавіцкага раёна першым з вагона на волю рвануўся зямляк, за ім Мікалай. Але зямляк пасля скачка не ўстаў з зямлі, быў смяротна траўміраваны. Мікалай адзін пайшоў па балотах і лясах. Адчуўшы свабоду пасля дзесяці дзён палону, ён бадзяўся, спадзеючыся знайсці партызан і ўключыцца ў барацьбу з акупантамі. Дапамагалі добрасардэчныя беларускія сяляне.

Нарэшце ён дабраўся ў Налібоцкую пушчу, дзе дзейнічала Баранавіцкае партызанскае злучэнне. Вясна 1942 г. у прынёманскіх лясах была ранняй. У гэтыя дні пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Анісімавіча Дзенісенкі быў створаны партызанскі кавалерыйскі атрад, які стаў пасля знакамітай 1-й Беларускай партызанскай брыгадай. Раптоўныя налёты кавалерыстаў на нямецкія камендатуры і паліцэйскія ўчасткі, на абозы суперніка прыводзілі фашыстаў у шаленства. Камандзірам 2-га атрада 1-й Беларускай кавалерыйскай партызанскай брыгады быў Мікалай Кліменка.

З ліпеня 1942 г. М. А. Кліменка быў на розных камандных пасадах у партызанскім кавалерыйскім дывізіёне Д. А. Дзенісенкі. З студзеня 1944 г. – камандзір 2-га кавалерыйскага партызанскага атрада, прымаў удзел у шматлікіх паспяховых аперацыях супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў. 10 ліпеня 1944 г. брыгада (530 партызан) злучылася з Чырвонай арміяй.

Пасля вайны М. А. Кліменка працаваў інструктарам Мірскага райкама КПБ, ваенруком школы фабрычна-завадскога навучання № 34, дырэктарам абласнога лекцыйнага бюро, дырэктарам Баранавіцкай абласной бібліятэкі. З 1946 г. завочна вучыўся ў Маскоўскім юрыдычным інстытуце, які закончыў у 1949 г. З 1957 па 1962 гг. – загадчык аддзела прапаганды і агітацыі Навамышскага райкама КПБ. З 1962 па 1969 гг. – сакратар, другі сакратар Баранавіцкага гаркама партыі. З 1954 г. на партыйнай рабоце: сакратар Баранавіцкага гаркама КПБ, другі сакратар Баранавіцкага гаркама КПБ.

У кастрычніку 1969 г. М. А. Кліменка ўзначаліў Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прамысловасці (з 1970 г. – імя Героя Савецкага Саюза В. Я. Чарнышова). З’яўляючыся дырэктарам гэтай навучальнай установы, Мікалай Андрэевіч правёў вялікую работу па паляпшэнні навучальнага працэсу, укараненні дасягненняў педагагічнай навукі, перадавога вопыту. За перыяд яго працы (1969–1983) значна палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база тэхнікума, своечасова і якасна праводзіўся рамонт навучальных кабінетаў, лабараторый, вытворчых майстэрняў. Уведзены ў строй новы інтэрнат для вучняў на 360 месцаў.

Мікалай Андрэевіч устанавіў дзелавыя адносіны з базавымі прадпрыемствамі. У выніку значна палепшылася арганізацыя і праходжанне навучэнцамі вучэбна-тэхналагічнай і пераддыпломнай практыкі. Належная ўвага надавалася таксама навучанню без адрыву ад вытворчасці. З году ў год паспяхова вырашаліся пытанні набору навучэнцаў, выпуску спецыялістаў і размеркаванні іх па прадпрыемствах лёгкай прамысловасці.

М. А. Кліменка ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі «Партизану Отечественной войны» 1 ступені, «За Победу над Германией» і інш., Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, граматами Баранавіцкага гаркама КПБ, гарвыканкама, гарадскога Савета дэпутатаў.

Рашэннем Баранавіцкага гарадскога Савета дэпутатаў № 82 ад 3 мая 2005 г. Мікалаю Андрэевічу Кліменку прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Баранавічы».

М. А. Кліменка памёр 21 верасня 2010 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя В. П. Таўлая

 

1.Клименко Николай Андреевич // Долготович, Б. Д. Почетные граждане белорусских : биографический справочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2008. С. 16.

2.Почётные граждане города Барановичи : [справочное издание / авт.-сост. А. Д. Пустовитовский]. – Барановичи : Красная звезда, 2012. – 52с. – (Лучшие из лучших).

3.Партызанская брыгада 1-я Беларуская кавалерыйская // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 400.

4.Пустовитовский, А. Боец и труженик : [почетный гражданин города – Н. А. Клименко ] / Алексей Пустовитовский // Наш край. Барановичи, 2011. 15 ноября. С. 2.

5.Дружинин, Г. ...Я сызнова живу : [о Н. А. Клименко] // Наш край. Барановичи, 2005. 7 июля. С. 3.

6.Полку почетных прибыло! : [почетный гражданин города – Н. А. Клименко] // Наш край. Барановичи, 2005. 5 мая. С. 1.

 

Чытаць 110 разоў Апошняя змена Серада, 30 Жнівень 2023 14:51