Серада, 29 Лістапад 2023 16:40

18 лістапада 2023 г. — 55 гадоў з дня заснавання ландшафтнага заказніка рэспубліканскага значэння «Выганашчанскае» (Івацэвіцкі, Ляхавіцкі, Ганцавіцкі р-ны; 1968)

 

На мяжы Івацэвіцкага, Ляхавіцкага і Ганцавіцкага, раёнаў Брэсцкай вобласці знаходзіцца ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння «Выганашчанскае». Створаны як гідралагічны заказнік Пастановай Савета Міністраў БССР № 342 ад 18 лістапада 1968 г. з мэтай захавання аднаго з буйнейшых леса-балотных масіваў Еўропы на галоўным еўрапейскім водападзеле рэк Балтыйскага і Чорнага мораў – басейнаў рэк Шчара і Ясельда.

 

Плошча заказніка 43 тысячы га, працягласцць з поўначы на поўдзень 27 км, з захаду на ўсход 46 км. У заказнік уваходзяць азёры Выганашчанскае і Бабровіцкае, а таксама прылеглая тэрыторыя, якая прадстаўляе сабою ў асноўным забалочаную раўніну. Каля 10 тысяч гадоў таму на гэтым месцы знаходзілася прыледавіковае возера плошчай каля 500 кв. км. У сярэдзіне ХХ ст. прыродная тэрыторыя была філіялам запаведніка «Белавежская пушча».

Нізіннае балота Выганашчанскае знаходзіцца ў Івацэвіцкім і Ганцавіцкім раёнах. Парасло бярозай, вольхай, часткова хвояй, месцамі бязлеснае з асаковай і разнатраўнай расліннасцю. Плошча каля 49 500 га, магутнасць пакладаў торфу і сапрапелю да 4,9 м. Асноўная плошча балотнага масіву – заказнік, частка пад сенажацямі і пасевамі.

Возера Выганашчанскае знаходзіцца на мяжы Івацэвіцкага і Ляхавіцкага раёнаў, у басейне рэк Шчара і Ясельда. Самае вялікае ў Брэсцкай вобласці – плошча 26 кв. км. Даўжыня 7 км, найбольшая шырыня 4,8 км, сярэдняя 3,7 км, найбольшая глыбіня 2,3 м, сярэдняя 1,2 м. Катлавіна авальная, выцягнута з захаду на ўсход. Плоскае дно ўстлана карычневымі грубадэтрытавымі сепрапелямі. Возера перасякае Агінскі канал. Водзяцца карась, шчупак, плотка, лешч, язь, лінь. У бязлёдавы перыяд шмат вадаплаўных птушак.

Возера Бабровіцкае знаходзіцца ў Івацэвіцкім раёне, у басейне ракі Грыўда, левага прытока Шчары. Плошча 9,47 кв. км. Даўжыня 4,9 км, найбольшая шырыня 3,5 км, сярэдняя 1,9 км, найбольшая глыбіня 8 м, сярэдняя 2 м. Катлавіна нагадвае трохвугольнік. Берагі нізкія, месцамі забалочаныя. Водзяцца серабрысты карась, карп, шчупак, плотка, акунь, лешч.

У раслінным покрыве заказніка «Выганашчанскае» дамінуюць лясныя супольнасці, якія займаюць каля 67 працэнтаў агульнай плошчы заказніка. Асаблівую цікавасць уяўляюць павышаныя ўчасткі рэльефу – груды плошчай 0,5–10 га на дзярнова-глеевых карбанатных глебах. На карбанатных грудах выяўлены лугавы мергель магутнасцю 10–60 см. У такіх месцах растуць шыракалістныя лясы з дамінаваннем дуба і пры ўдзеле ясеня, клёна, ліпы, граба, вяза.

У заказніку маюцца буйныя запасы лекавай сыравіны: ландыша травеньскага, купены лекавай, каліны звычайнай, маліны, святаянніка прадзіраўленага, ажыны, мучаны звычайнай, чабора звычайнага, крываўніка звычайнага, валяр’яны лекавай.

Найбольш прадуктыўныя журавіннікі сканцэнтраваны ў асакова-сфагнавых бярэзніках. Тут растуць рэдкія для тэрыторыі Беларусі віды: вярба лапландская, бяроза нізкая, мірт балотны, смалёўка літоўская, пячоначніца звычайная і інш Сярод відаў, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, зарэгістраваныя: зубніца клубняносная, вярба чарнічная, галубок сібірскі, каўлінія малая, цыбуля мядзведжая (чарамша), лілея кудраватая і інш.

Насяляюць заказнік лось, казуля, дзік, сустракаюцца еўрапейскі алень, зайцы русак і бяляк, ліса, янотападобны сабака, андатра, амерыканская норка, лясная куніца, бабёр, кулікі, рабчык, цецярук. З відаў, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, насяляюць: млекакормячыя – барсук, еўрапейская рысь, арэшнікавая соня, паўночны кожанок, соня-палчок, сажалкавая начніца; птушкі – белавокая чэрнець, вялікі і малы падворлік, арлан-белахвост, пугач, барадатая няясыць, вялікая і малая бугая, чорны бусел, драч і іншыя; амфібіі, рэптыліі, балотная чарапаха, мядзянка, медыцынская п'яўка.

Адміністрацыя заказніка размешчана ў г. п. Целяханы Івацэвіцкага раёна, уваход на тэрыторыю заказніка – праз вёску Выганашчы. Дзяржаўную прыродаахоўную ўстанову «Заказнік рэспубліканскага значэння «Выганашчанскае» узначальвае дырэктар Сяргей Уладзіміравіч Габец. У калектыве заказніка сапраўдныя прафесіяналы, якія ўмеюць паказаць і цікава расказаць аб жывёлах і птушках.

Заказнік «Выганашчанскае» – важны аб’ект экалагічнага турызму. На тэрыторыі заказніка захаваўся старажытны промысел – бортніцтва. Выяўленыя сляды матэрыяльнай культуры каменнага веку (крэмневыя скрабкі). Частка Агінскага канала, пабудаванага ў 1767–1783 гг., знаходзіцца на тэрыторыі заказніка. У самых прыгожых кутках для турыстаў будуюцца экалагічныя сцежкі. Прапануюцца турыстычныя маршруты «Возера Бабровіцкае», «Целяханскі край», «Партызанская сцежка» і інш.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя В. Ф. Праскурава. Кулан Алена Юр’еўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Выганашчанскае.  Выганашчанскае балота. Выганашчанскае возера // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 302–303.
  2. Выгонощанское / П. И. Лобанок // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 6 т.]. Минск, 2006. Т .2. С. 838—839.
  3. Выгонощанское / П. И. Лобанок // Регионы Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Брестская область. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 253– 254.
  4. Выгонощанское // 50 уникальных заповедных территорий Беларуси / Н. А. Юргенсон [и др.]. Минск, 2017. С. 88–95.
  5. Выгонощанское // Заповедные территории Беларуси / сост. П. И. Лобанок. Минск, 2008. С. 104–109.
  6. Выгонощанское // Туристические регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. Минск, 2008. С. 54.
  7. Выгонощанское // Туристическая энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. Минск, 2007. С. 119.
  8. Выганашчанскае // Памяць. Ганцавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск : БЕЛТА, 1999. С. 451.
  9. Выганашчанскае // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. Мінск, 1983. Т. 1. С. 501.
  10. Выгонощанское / В. М. Бельков // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1979. Т. 2. С. 150.
  11. Выганашчанскае / В. М. Бялькоў // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1979. Т. 2. С. 180.
  12. Заказник «Выгонощанское» / В. Т. Демянчик, М. Г. Демянчик. – Брест : Альтернатива, 2008. – 22 с. : ил.
  13. Гидрологический заказник республиканского значения «Выгонощанское» // Особо охраняемые природные территории Брестской области. Брест, 1997. С. 34–38.
  14. Заказник «Выгонощанское» // Мешечко, Е. Н. Путешествие по Беларуси. В краю Немана, Западного Буга и Припяти : путеводитель / Е. Н. Мешенко. Брест : ОАО «Брестская типография», 2012. С. 41.
  15. Леса-балотны комплекс «Выганашчанскі» // Скарбы прыроды Беларусі : тэрыторыі, якія маюць міжнарнае значэнне для захавання біялагічнай разнастайнасці / пад. агул. рэд. А. В. Казуліна. Мінск, 2002. С. 88–93.
  16. Шэляговіч, В. Прыгоды на Бабровіцкім возеры / Вольга Шэляговіч // Івацэвіцкі веснік. 2023. 3 чэрвеня. С. 6.
  17. Шэляговіч, В. Рай для арнітолага / Вольга Шэляговіч // Івацэвіцкі веснік. 2023. 1 красавіка. С. 12.
  18. Шэляговіч, В. На шпацыр па экасцежцы : [экалагічная сцежка «Надліўская града» ў заказніку «Выганашчанскае»] / Вольга Шэляговіч // Івацэвіцкі веснік. 2022. 11 чэрвеня. С. 4–5.
  19. Козлович, В. В краю бородатой неясыти : [о заказнике «Выгонощанское»] / Валентина Козлович // СБ. Беларусь сегодня. 2021. 13 октября. С. 8.
  20. Горбач, А. Работнікі заказніка «Выганашчанскае» перамаглі на «Спораўскіх сенакосах» / Аляксандр Горбач // Івацэвіцкі веснік. 2021. 18 жніўня. С. 1.
  21. Прус, С. «Прыйшоў час клапаціцца пра прыроду» / [Сяргей Прус, Сяргей Габец ; гутарыла] Вольга Шэляговіч // Івацэвіцкі веснік. 2021. 5 чэрвеня. С. 1, 5.
  22. Кавалёва, Ю. Зберагчы некранутую прыгажосць прыроды для нашчадкаў – маюць на мэце работнікі заказніка «Выганашчанскае» / Юлія Кавалёва // Івацэвіцкі веснік. 2021. 17 красавіка. С. 5.
  23. Габец, С. В. Болота важны для человечества / С. В. Габец // Івацэвіцкі веснік. 2021. 30 студзеня. С. 3.
  24. Ільяшэвіч, Г. Заказніку «Выганашчанскае» – 50! / Галіна Ільяшэвіч // Івацэвіцкі веснік. 2018. 16 лістапада. С. 5.
  25. Колосова, В. По каналам – к сердцу природы : [достопримечательности заказника «Выгонощанское»] / Вероника Колосова // Родная прырода. 2018. № 5. С. 22–24.
  26. Гапееў, В. Пад крыламі барадатай няясыці : [аб помніках культуры і прыроды ў ДПУ «Заказнік рэспубліканскага значэння «Выганашчанскае»] / Валерый Гапееў // Івацэвіцкі веснік. 2017. 20 чэрвеня. С. 4–5.
  27. Шэляговіч, В. У самым сэрцы прыроды, ці якім было падарожжа у Выганашчы і Бабровічы / Вольга Шэляговіч // Івацэвіцкі веснік. 2016. 22 лістапада. С. 4–5.
  28. Яско, А. Тропа спасения : корреспонденты «СГ» вышли на весеннюю фотоохоту на знаменитые Выгонощанские болота Брестчины / Алена Яско // Сельская газета. 2016. 3 марта. С. 9.
  29. Лучше один раз увидеть : [о туристическом проекте, который планируют реализовать на Выгонощанском озере и Огинском канале Ивацевичского района] // Живая вода. 2009. 28 ноября. С. 5.
  30. Писарева, Н. Змей – исцелитель : в нынешнем году будет создан первый серпентарий : [в заказнике «Выгнощанское»] / Н. Писарева // Советская Белоруссия. 2009. 26 февраля. С. 1.
  31. Федотов, В. Ландшафтный заказник «Выгонощанское» / Владимир Федотов // Родная прырода. 2008. № 3. С. 17.
  32. Федотов, В. Гидрологический заказник «Выгонощанское» / Владимир Федотов // Родная прырода. 2007. № 9. С. 18.

 

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 201 разоў