Аўторак, 12 Снежань 2023 16:39

2023 г. — 50 гадоў з часу заснавання заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага хору «Крыніца» Столінскага гарадскога Дома культуры (1973)

Пры Столінскім раённым Доме культуры ў 1973 г. быў створаны самадзейны харавы калектыў. Яго арганізатарам і першым мастацкім кіраўніком быў Мікалай Рыгоравіч Вайцяхоўскі. Калектыў, які аб’яднаў апантаных людзей, якія не ўяўлялі свайго жыцця без народнай творчасці, музыкі і песні, ад года ў год развіваўся, сталеў, удасканальваў свае выканальніцкае майстэрства.

Асноўныя накірункі творчасці – адраджэнне, захаванне, развіццё і папулярызацыя песеннай спадчыны Століншчыны і Беларусі. Хор стаў лаўрэатам I Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці працоўных (1975–1977). У 1977 г. за творчыя дасягненні і актыўную канцэртную дзейнасць хору «Крыніца» было прысвоена ганаровае званне «Народны самадзейны калектыў», якое ён нязменна пацвярджае.

 

У 1982 г. мастацкім кіраўніком «Крыніцы» стала Алена Канстанцінаўна Аўсянік (1945–2020), дырэктар Столінскай дзіцячай музычнай школы, якая закончыла Брэсцкае музычнае вучылішча (1980), Мінскі інстытут культуры па спецыяльнасці «харавое дырыжыраванне» (1988). Яе прафесіяналізм, самаадданасць і творчы падыход да справы спрыялі заслужанай славе хору.

Народны хор «Крыніца» – дыпламант Усесаюзнага агляду самадзейнай мастацкай творчасці (1983–1985), прысвечанага 40-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Калектыў вёў актыўную канцэртную дзейнасць ў Беларусі, выступаў на Украіне, на ВДНГ СССР у Маскве, у Волагдзе, Варонежы. Шмат гадоў у калектыве ўдзельнічалі Валянціна Неўдах, Фёдар Стахавец, Наталля Дастанка, Надзея Дабрынец, Фёдар Галуза і інш.

У рэпертуары былі апрацоўкі беларускіх і рускіх народных песень («Ой, у полі», «Ой, вецер вее», «Ой, думаю я», «Із далёкіх із краёў», «Там каля млына», «У полі бяроза», «Добры чечар», «Стэп ды стэп наўкол», «На гары на горачцы, «Трава мая, трава»), песні беларускіх і іншых кампазітараў («Дарогаю шчасліваю» А. Граса, «Спявай, маё Палессе» М. Вайцяхоўскага, «Люблю цябе, Белая Русь» Ю. Семянякі, «Сядзяць у абдымку ветэраны» А. Пахмутавай, «Ой, туманы мае, растуманы» У. Захарава, «Хлеб усяму галава» М. Кудрына, «Ты квітней, Расія» В. Левашова, «Стэпам» А. Пашкевіча і інш.).

Хор «Крыніца» – нязменны ўдзельнік конкурсаў і фестываляў харавой творчасці, дзе пастаянна меў поспех і цёплы прыём. Неаднаразовы пераможца і лаўрэат раённых, абласных і рэспубліканскіх аглядаў, конкурсаў і фестываляў «Ляці, наша песня!», «Беларусь – мая песня» і інш., удзельнік міжнароднага фестывалю «Пеўчае поле» ў г. Мядзел Мінскай вобласці (1997). Дыпламант рэспубліканскага конкурсу вакальна-харавых калектываў, прысвечанага 100-годдзю з дня нарадэння Г. І. Цітовіча (2010). Хор пабываў і праславіў Століншчыну ў многіх гарадах былога Савецкага Саюза і ў краінах замежжа – Германіі, Польшчы, Балгарыі, Італіі. Аб гісторыі стварэння калектыву і яго творчасці зняты тэлефільм «Спявай, маё Палессе».

29 снежня 2011 г. народнаму хору «Крыніца» пад кіраўніцтвам А. К. Аўсянік было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь».

Калектыў працягваў адзначацца высокімі ўзнагродамі прэстыжных фестываляў і конкурсаў. Дыпламант абласнога форуму «С любовью к песне». Удзельнік рэспубліканскай акцыі «Хоровое вече», рэспубліканскага свята беларускага пісьменства ў Ганцавічах, міжнароднага фестывалю этнакультурных традыцый «Покліч Палесся» ў Гомельскай вобласці, абласных фестываляў-кірмашоў «Дажынкі» і інш.

За заслугі ў музычнай творчасці А. К. Аўсянік была адзначана ўзнагародамі, сярод якіх: Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, нагрудны знак Міністэрства культуры «За ўклад у развіццё культуры Беларусі». У 2012 г. названа «Чалавекам года» Брэсцкай вобласці. За актыўную грамадскую дзейнасць, значны ўклад у развіццё харавога мастацтва Алене Канстанцінаўне было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Столінскага раёна» (2014).

Новым кіраўніком калектыву стала хармайстар Вольга Васільеўна Навумовіч. Хор «Крыніца» атрымаў дыплом лаўрэата ІІІ ступені на VI Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе патрыятычнай песні «Сердцем причастны» ў Оршы (2021). Удзельнік ХVII Рэспубліканскага экалагічнага форуму ў Століне (2023). У сакавіку 2022 г. калектыў прадставіў справаздачу і пацвердзіў ганаровае званне заслужанага.

Значную ролю ў дзейнасці калектыву іграюць баяністы Мікалай Вайцяхоўскі і Пётр Астапчук. Цяжка ўявіць «Крыніцу» без групы акампаніятараў – заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага інструментальнага ансамбля «Брыз» (кіраўнік Фёдар Мікалаевіч Вайцяхоўскі).

25 лістапада 2023 г. вядучы харавы калектыў Столінскага раёна святочна адзначыў 50-годдзе з часу стварэння. За значны ўклад у развіццё культуры рэгіёна калектыў «Крыніца» атрымаў Ганаровую грамату ўпраўлення культуры аблвыканкама. Такую ж Ганаровую грамату атрымала актыўная ўдзельніца хору Аксана Мікалаеўна Гембіцкая. Граматамі і падзячнымі лістамі ўзнагароджаны ўдзельнікі калектыву: Аляксандр Камароў, Адам Клачко, Мікалай Сімончык, Вольга Адамовіч, Алена Дубойская, Валянціна Міцько, Аксана Камарова.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

  1. Овсяник, Е. К. Столинский народный хор «Крынiца» / Е. К. Овсяник // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 378.
  2. Дубойская, А. М. Народныя і ўзорныя калектывы : народны хор «Крыніца» / А. М. Дубойская // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 592.
  3. Мяцеж, Н. Л. Столінскі народны хор «Крыніца» / Л. Н. Мяцеж // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 129.
  4. Нікіфарэнка, А. «Крыніцы» – 50! : [пра юбілейны канцэрт у Столінскім ГДК] / Аляксандр Нікіфарэнка // Навіны Палесся. Столін, 2023. 21 лістапада. С. 6.
  5. Касперович, Л. Доброта, искренность, талант : [о сестрах-близнецах Марии и Ольге Пилипчук из аг. Белоуша, которые долгое время были участницами народного хора «Крыніца»] / Людмила Касперович // Навіны Палесся. Столін, 2022. 7 кастрычніка. С. 12.
  6. Каспяровіч, Л. Адчуйце музыку душой : [хор «Крыніца» пацвярджае званне заслужанага калектыву] / Людміла Каспяровіч // Навіны Палесся. Столін, 2022. 15 сакавіка. С. 3.
  7. Памяти заслуженного человека : [Елена Константиновна Овсяник (1945–2020)] // Навіны Палесся. Столін, 2020. 30 чэрвеня. С. 5.
  8. Мароз, С. Сустрэча ў Скапіне : [народны хор «Крыніца» на святкаванні дня горада Скапін у Расіі] / Мароз Святлана // Навіны Палесся. Столін, 2019. 21 чэрвеня. С. 10.
  9. Гашчук, Г. Гран-пры «Пеўчага поля» – «Крыніца» / Галіна Гашчук // Навіны Палесся. Столін, 2017. 11 ліпеня. С. 4.
  10. Гашчук, Г. У яднанні з «Крыніцай» : [пра творчы вечар А. К. Аўсянік, кіраўніка народнага хору «Крыніца»] / Галіна Гашчук // Навіны Палесся. Столін, 2015. 27 студзеня. С. 3.
  11. Гашчук, Г. Ляці, мая песня... : [пра А. К. Аўсянік, кіраўніка народнага хору «Крыніца»] / Галіна Гашчук // Навіны Палесся. Столін, 2015. 23 студзеня. С. 1–2.
  12. Гашчук, Г. Спеўная «Крыніца» : [аб прысваенні народнаму хору «Крыніца» звання «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь»] / Галіна Гашчук // Культура. 2012. 21 студзеня (№ 3).
  13. Леанавец, Н. У рытме «Крынiцы» : [пра заслужаны калектыў РБ народны хор «Крыніца» Столінскага ГДК] / Н. Леанавец // Народная трыбуна. 2012. 20 студзеня. С. 12.
  14. Гашчук, Г. Ляцi, песня! : [пра заслужаны калектыў РБ народны хор «Крыніца» Столінскага ГДК] / Галiна Гашчук // Заря. 2012. 17 января. С. 5.
  15. Сеген, Т. Беражы мяне, песня! : [пра салістку з народнага хору «Крыніца» Столінскага ГДК Алену Аўсянік] / Таццяна Сеген // Народная трыбуна. 2010. 14 жніўня. С. 12.
  16. Сеген, Т. Беражы мяне, песня : [пра салістку народнага хору «Крыніца» Столінскага ГДК Алену Аўсянік] / Таццяна Сеген // Навiны Палесся. Столiн, 2010. 5 сакавiка. С. 8.
  17. Мiрановiч, В. Свята не толькi Палесся : [пра святкаванее 30-годдзя народнага хору «Крыніца» Столінскага ГДК] / Валянцiна Мiрановiч // Навiны Палесся. Столiн, 2004. 20 лiпеня.
  18. Пашкавец, Г. Спявае добрая душа... : [пра народны хор «Крыніца» Столінскага ГДК] / Ганна Пашкавец // Навiны Палесся. Столiн, 2004. 16 лiпеня.
  19. Мітрошкін, Ю. Рэха выступленняў «Крыніцы» : [пра выступленні народнага хору «Крыніца» Столінскага РДК у Волагдзе і Варонежы] / Ю. Мітрошкін // Навіны Палесся. Столін, 1989. 6 чэрвеня.
  20. Аўсянік, А. Песні Беларусі ў Варонежы : [пра выступленне народнага хору «Крыніца» Столінскага РДК] / А. Аўсянік // Навіны Палесся. Столін, 1989. 6 красавіка.
  21. Віктарава, І. Канцэрты, канцэрты : [народны хор «Крыніца» і народны ансамбль танца «Рэха» Столінскага РДК запрошаны на свята горада Бярэзна (УССР)] / І. Віктарава // Навіны Палесся. Столін, 1988. 17 верасня.
  22. Пашковец, А. «Криницы» – живая вода : [о народном хоре «Криница» Столинского РДК] / А. Пашковец // Заря. 1988. 10 марта.
  23. Мірановіч, В. На крылах песні : [пра народны хор «Крыніца» Столінскага РДК] / В. Мірановіч // Навіны Палесся. Столін, 1987. 22 жніўня.
Чытаць 106 разоў Апошняя змена Аўторак, 12 Снежань 2023 16:42