Аўторак, 12 Снежань 2023 16:47

29 снежня 2023 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Мілана Георгіевіча Настасіча (1923–1999), удзельніка Другой сусветнай вайны, военнага лётчыка, першага камандзіра 65-га Кобрынскага верталётнага палка

На працягу чатырох дзесяцігоддзяў жыццё Кобрына было непарыўна звязана з лёсам размешчанага тут верталётнага палка. У мінулым гэта быў асобны верталётны полк ВПС СССР і найстарэйшы верталётны полк у Беларусі. Першым яго камандзірам (унікальны выпадак у гісторыі савецкай авіяцыі) стаў сербскі лётчык падпалкоўнік Мілан Настасіч, які ўзначальваў полк з 1962 г. па 1970 г. Менавіта Мілан Георгіевіч Настасіч стаяў ля вытокаў фарміравання 65-й транспартна-баявой верталётнай базы.

 

Мілан Георгіевіч Настасіч нарадзіўся 29 снежня 1923 г. у г. Біеліна (Югаславія) у сям’і чыгуначніка. «Будзь працавітым і адказным, любі Радзіму і людзей», – такое завяшчанне ён атрымаў ад бацькоў. З 1939 г. юнак вучыўся ў палітэхнічнай школе ў г. Нові-Сад, займаўся планерным спортам. Мілан Настасіч быў адным з мацнейшых планерыстаў Еўропы.

Калі родную Югаславію ахапіла полымя вайны, Мілан Настасіч быў студэнтам. З’яўляючыся членам Саюза камуністычнай моладзі Югаславіі, з красавіка 1941 г., ён удзельнічаў у антыгітлераўскім падполлі, потым уступіў у партызанскі атрад, прымаў удзел у шматлікіх баях. Яго асабістая адвага выклікала вялікую павагу сярод баявых сяброў. З мая 1943 г. Мілан Настасіч камісар роты Народна-вызваленчай арміі Югаславіі (НВАЮ). Мужна змагаўся з акупантамі, за што ўзнагароджаны югаслаўскімі ордэнамі «За храбрасць», «За заслугі перад народам».

У канцы лістапада 1943 г. па рашэнні штаба НВАЮ Мілана Настасавіча перапраўляюць у Італію. У студзені 1944 г. ён стаў камісарам штурманскай школы НВАЮ на вызваленай саюзнымі войскамі тэрыторыі Італіі, затым Егіпта.

У верасні 1944 г. Вярхоўны штаб НВАЮ накіраваў Мілана Настасіча ў СССР. М. Г. Настасіч імкнуўся быць не проста баявым лётчыкам, а ўмелым, моцным пілотам, таму стаў курсантам Энгельскай ваеннай авіяцыйнай школы пiлотаў імя М. М. Расковай, дзе вучыўся з лістапада 1944 г. па снежань 1946 г.

Пасля паспяховага заканчэння ўстановы вяртаецца ў Югаславію і служыць у ваеннай авіяцыі. У 1948 г., калі Югаславія разарвала сувязі з СССР і іншымі краінамі сацлагера, М. Г. Настасічу прыйшлося зрабіць цяжкі выбар паміж жыццёвымі перакананнямі і ваеннай кар’ерай. У знак нязгоды з палітыкай генеральнага сакратара ЦК кампартыі Югаславіі I. Броз Ціта 15 верасня 1948 г. М. Г. Настасіч на ваенным самалёце бамбардзіроўшчыку Пе-2 пераляцеў на тэрыторыю СССР. Яго гераічная біяграфія была больш пераканаўчай за любыя праверкі органаў, і М. Г. Настасіч быў залічаны на службу ва Узброеныя Сілы СССР. У Югаславіі Мілан Георгіевіч быў завочна прыгавораны да смяротнага пакарання як здраднік, пазней пакаранне было зменена на 20 гадоў зняволення, а ў 1965 г. адменена асабіста І. Броз Ціта.

Пасля заканчэння ў 1959 г. Ваенна-паветранай акадэміі Мілан Настасіч камандаваў палком стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў Ту-16.

У 1960 г. перайшоў на службу ў верталётную авіяцыю, у жніўні 1962 г. прызначаны камандзірам сфарміраванага ім 65-га асобнага верталётнага палка, які з 1964 г. базіраваўся ў Кобрыне. Стварэнне гэтага палка стала адным з галоўных здзяйсненняў у яго воінскім лёсе. Мілан Георгіевіч быў выключна чулым камандзірам, умелым выхавацелем салдат. Ён сам асабіста займаўся і лятаў з кожным пачынаючым лётчыкам. Яго запаведзь «салдата не трэба шкадаваць, салдата трэба берагчы» жыла ў палку да апошніх дзён яго існавання.

У 1963 г. палку ўручаны Баявы Чырвоны сцяг. У 1960-я гг. полк удзельнічаў у розных вучэннях і выпрабаваннях верталётаў Мі-4 і Мі-6. У канцы сакавіка 1969 г. 12 верталётаў Мі-4 палка былі ў тэрміновым парадку прыцягнуты да выратавальных работ пасля моцнага землетрасення ў горадзе Кзыл-Орда (Кызылорд, Казахстан). М. Г. Настасіч займаў пасаду камандзіра 65-га асобнага верталётнага палка да 1970 г., калі быў звольнены з Ваенна-паветраных Сіл у званні палкоўніка.

З 1970 г. у адстаўцы, жыў у Мінску. Ужо знаходзячыся ў СССР, ажаніўся, у 1952 г. у яго нарадзіўся сын Георгій, у 1956 г. – дачка Алена.

За самаадданую службу ва Узброеных Сілах СССР, поспехі ў падрыхтоўцы лётных кадраў, высокую баявую гатоўнасць палка М. Г. Настасіч быў узнагароджаны ордэнамі Баявога Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, медалямі.

Мілан Георгіевіч Настасіч памёр 21 лютага 1999 г., пахаваны на Усходніх могілках г. Мінска.

Па рашэнні Кобрынскага гарвыканкама ад 22 лютага 2000 г. № 92 імем М. Г. Настасіча была названа адна з вуліц у ваенным гарадку Кобрына. Валявы, адважны, мужны, сумленны чалавек – такімі характарыстыкамі надзялялі Мілана Настасіча людзі, якія ведалі яго асабіста. Ён навечна застанецца ў памяці кобрынчан рыцарам неба, вопытным асам, верным таварышам і сапраўдным камандзірам. Пра гады існавання 65-га Кобрынскага верталётнага палка сёння нагадваюць сквер, помнік і верталёт на пастаменце ў былым ваенным гарадку на ўскраіне райцэнтра.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бiблiятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Настасіч Мілан Георгіевіч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 438–439.
  2. Вуліца Настасіча // Імёны тваіх вуліц, горад Кобрын : даведнік-тур па вуліцах да 730-годдзя з часу першага ўпамінання Кобрына / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. Кобрын, 2017. С. 52. (Серыя «Ведай і любі свой горад»).
  3. 100 гадоў з дня нараджэння М. Г. Настасіча (1923) // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 90.
  4. Козлович, В. Пришла тишина – ушла молодость : [жизнь Кобрина четыре десятилетия была связана с судьбой размещавшегося здесь вертолетного полка] / Валентина Козлович // Советская Белоруссия. 2013. 9 августа. С. 6–7.
  5. Чтобы помнили : [о Кобринской вертолетной базе] // Кобрин-информ. 2013. 21 февраля. С. 5.
  6. Кондрашук, Н. Полвека вертолетам Кобрина / Наталья Кондрашук // Кобрин-информ. 2012. 11 жніўня. С. 2.
  7. Шевченко, А. Летчик – легенда : [Милан Настасич – первый командир 65-го Кобринского вертолетного полка] / Алла Шевченко // Кобрин-информ. 2007. 1 ноября (№ 45). С. 3.
  8. Можаровская, Е. С привкусом неба… : [40-летие со дня образования 65-й транспортной боевой вертолетной базы в Кобрине] / Елена Можаровская ; фото Анатолия Шугая // Кобрынскі веснік. 2002. 7 жніўня. С. 2.
  9. Пустовой, Е. Крылья Кобрина : [к 40-летию Кобринской вертолетной части] / Евгений Пустовой // Кобрин-информ. 2002. 1 августа. С. 1.
  10. Памяці М. Г. Настасіча : [адна з вуліц г. Кобрына носіць імя былога камандзіра Кобрынскага верталётнага палка] // Кобрынскі веснік. 2000. 1 красавіка.
  11. Егоров, К. Милан Настасич в истории Кобрина / Константин Егоров // Во славу Родины. 2000. 13 апреля.
  12. Загорская, М. Вторая родина Милана Настасича / Марина Загорская, Ольга Томашевская // Белорусская деловая газета. 2000. 24 ноября.
Чытаць 118 разоў