Серада, 13 Снежань 2023 16:23

23 лютага 2023 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Віктара Палікарпавіча Мішэніна (1913–1990), удзельніка вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Героя Савецкага Саюза (1945)

Віктар Палікарпавіч Мішэнін нарадзіўся 23 лютага 1913 г. у пасёлку Юзаўка Бахмуцкага павета Екацерынаслаўскай губерні (цяпер г. Данецк) у рабочай сям’і. З 1928 г. працаваў токарам, затым канструктарам на Данецкім металургічным заводзе. Закончыў Данецкі металургічны інстытут (1938).

У Чырвонай арміі служыў у 1936–1937 гг. і з ліпеня 1941 г. Змагаўся на Заходнім, 1-м Беларускім, 2-м Беларускім франтах. У баях быў двойчы паранены (10 лютага 1942 г. і 18 сакавіка 1943 г.), пасля выздараўлення вяртаўся ў вайсковую разведку. Паспяхова правёў шмат адказных і цяжкіх баявых заданняў.

 

Камандзір узвода разведкі старшына В. П. Мішэнін вызначыўся ў Беларускай аперацыі. У час наступальных баёў 11–30 ліпеня 1944 г. на чале групы разведчыкаў неаднаразова пранікаў у тыл ворага. Разведчыкі выяўлялі сілы праціўніка, размяшчэнне агнявых кропак. У час разведкі на паўднёвай ускраіне г. Брэста ўзвод пад камандаваннем Віктара Мішэніна ўступіў у бой з перавышаючымі сіламі праціўніка, уварваўся ў крэпасць і змагаўся да падыходу асноўных сіл палка.

За ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання і прыяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм Указам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 г. старшыне В. П. Мішэніну прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» (№ 7396).

Таксама ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступеняў, Чырвонай Зоркі, Славы ІІІ ступені, медалямі.

Пасля вайны В. П. Мішэнін дэмабілізаваны. З 1946 г. працаваў у сельскай гаспадарцы, у 1959–1978 гг. – інжынерам-канструктарам на Данецкім металургічным заводзе імя У. І. Леніна. Памёр 13 снежня 1990 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

  1. Мишенин Виктор Поликарпович // Твои сыновья, Бенларусь! Герои Советского Союза : биографический справочник. Минск, 2015. С. 292.
  2. Мишенин Виктор Поликарпович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 96–97.
  3. Мішэнін Віктар Палікарпавіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 153.
  4. Мишенин Виктор Поликарпович // Герои Советского Союза : краткий биографический словарь : в 2 т. Москва, 1988. Т. 2. С. 99.
  5. Мишенин Виктор Поликарпович // Навечно в сердце народном. 2-е изд., доп. и испр. Минск, 1977. С. 316.
  6. Мішэнін Віктар Палікарпавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Минск, 1973. Т. 7. С. 276.
  7. Трокаев, А. А. Герои пламенных лет : очерки о Героях Советского Союза – уроженцах Донецкой области / А. А. Трокаев. – Донецк, 1985. – 575 с. – (Герои Советского Союза).
  8. Митюков, А. Виктор Мишенин первым ступил на землю Брестской крепости / Александр Митюков // Советская Белоруссия. 2014. 17 июня. С. 10.
  9. Малашевский, В. Приказано разведать : [о В. Мишенине] / В. Малашевский // Товарищ. 1999. 25 июня.
  10. Акулов, П. Двенадцать дней подвига : [о В. Мишенине] / П. Акулов // Во славу Родины. 1994. 11 октября.
  11. Степанов, А. «Судьба моя, разведка…» : [о В. Мишенине] / А. Степанов // Заря. 1984. 28 июля.
  12. Мишенин, В. Освобождая город над Бугом : [из воспоминаний фронтовика] / В. Мишенин // Заря. 1965. 27 апреля.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 91 разоў