Серада, 13 Снежань 2023 16:30

9 ліпеня 2023 г. – 100 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Іванавіча Царыцына (1923–2004), удзельніка вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Героя Савецкага Саюза (1944)

Канстанцін Іванавіч Царыцын нарадзіўся 9 ліпеня 1923 г. у в. Калупаева Старыцкага павета Цвярской губерні (цяпер Ржэўскага раёна Цвярской вобласці) у сялянскай сям’і. Закончыў сямігодку ў сяле Малагіне. У 1938 г. пераехаў у Ленінград, закончыў сярэднюю школу № 16, працаваў вучнем слесара.

 

У Чырвонай арміі з ліпеня 1941 г., залічаны курсантам 1-га Ленінградскага артылерыйскага вучылішча. З лістапада ў дзеючай арміі, ваяваў на Заходнім, Калінінскім, 2-м Прыбалтыйскім і 1-м Беларускім франтах. Удзельнік вызвалення Беларусі. Удзельнічаў у абароне Масквы як наводчык процітанкавай гарматы.

Камандзір процітанкавай гарматы 339-га асобнага знішчальна-процітанкавага дывізіёна 1-й стралковай дывізіі 70-й арміі 1-га Беларускага фронту старшы сяржант К. І. Царыцын вызначыўся пры ліквідацыі брэсцкай групоўкі праціўніка.

28 ліпеня 1944 г. К. І. Царыцын заняў агнявую пазіцыю на шашы Жабінка – Варшава каля населенага пункта Бахукалы на поўнач ад г. Бяла-Падляска (Польшча). Калі гітлераўцы спрабавалі вырвацца з акружэння, агнём з гарматы прамой наводкай адбіў 8 контратак, знішчыў 17 аўтамашын, 3 гарматы, 180 павозак з грузам, больш за 300 гітлераўцаў.

За узорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм Указам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР ад 26 кастрычніка 1944 г. старшаму сяржанту К. І. Царыцыну прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» (№ 7310).

У кастрычніку 1944 г. Канстанцін Царыцын быў цяжка паранены, у красавіку 1945 г. – дэмабілізаваны, жыў у Ленінградзе, працаваў у праектна-канструктарскім бюро. Закончыў Ленінградскі суднабудаўнічы тэхнікум (завочна), а потым – Ленінградскі суднабудаўнічы інстытут (1959).

Выбіраўся дэпутатам Свярдлоўскага раённага Савета працоўных г. Ленінграда, старшынёй прафкама, членам партбюро. Прымаў удзел у ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені (1985), медалямі.

К. І. Царыцын памёр 15 сакавіка 2004 г., пахаваны на Канавееўскіх могілках Санкт-Пецярбурга (8 новы ўчастак).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

  1. Царицин Константин Иванович // Твои герои, Беларусь! Герои Советского Союза : биографиечский справочник. Минск, 2015. С. 345.
  2. Царыцын Канстанцін Іванавіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 154.
  3. Царицин Константин Иванович // Герои Советского Союза : краткий биографический словарь : в 2 т. Москва, 1988. Т. 2. С. 701.
  4. Царицин Константин Иванович // Навечно в сердце народном. 2-е изд., доп. и испр. Минск, 1977. С. 481.
  5. Царыцын Канстанцін Іванавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 11. С. 96.
  6. Долгов, И. А. Золотые звезды калининцев / И. А. Долгов. – Москва : Московский рабочий, 1984. – Кн. 2.
  7. Ігонін, П. Указам Прэзідыума… : [пра К. І. Царыцына] / П. Ігонін // Чырвоная змена. 1964. 2 ліпеня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 109 разоў