Серада, 13 Снежань 2023 16:34

15 верасня 2023 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Іванавіча Логінава (1923–1966), удзельніка вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Героя Савецкага Саюза (1945)

Уладзімір Іванавіч Логінаў нарадзіўся 15 верасня 1923 г. у г. Белая Царква Кіеўскай губерні (цяпер Кіеўскай вобласці) у сям’і рабочага. У 1941 г. закончыў дзесяцігодку.

У Чырвонай арміі з ліпеня 1941 г. У 1942 г. закончыў Омскае ваеннае пяхотнае вучылішча. З красавіка 1942 г. – камандзір узвода супрацьтанкавых ружаў 157-га Маскоўскага ўмацаванага раёна.

 

На фронце з кастрычніка 1943 г. – камандзір узвода процітанкавых ружжаў, камандзір стралковай роты 110-га гвардзейскага стралковага палка на Цэнтральным, 1-м Беларускім, 2-м Беларускім франтах. Удзельнік Гомельска-Рэчыцкай, Палескай, Люблін-Брэсцкай, Усходне-Прускай, Усходне-Памеранскай і Берлінскай аперацый. У баях двойчы паранены – у студзені і кастрычніку 1944 г.

У. І. Логінаў асабліва вызначыўся ў ходзе Люблін-Брэсцкай наступальнай аперацыі пры вызваленні Брэсцкай вобласці. У ліпені 1944 г. рота пад камандаваннем старшага лейтэнанта У. І. Логінава першай фарсіравала Заходні Буг на поўдні ад Брэста, захапіла плацдарм у раёне населеных пунктаў Навасюлкі і Яблэчна (Польшча). Байцы адбылі 4 контратакі пяхоты і танкаў праціўніка, якія спрабавалі вырвацца з акружэння ў раёне Брэста. Знішчылі больш за 100 і ўзялі ў палон 38 гітлераўцаў. У. І. Логінаў асабіста захапіў у палон чацвярых салдат і афіцэра.

Пры праследаванні ворага, калі ля шашы Брэст – Варшава дзве роты палка былі адрэзаны, У. І. Логінаў прыняў камандаванне на сябе. За дзень баёў роты знішчылі да 200 гітлераўцаў і шмат тэхнікі. Вывеў роты з невялікімі стратамі на злучэнне з палком.

За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 г. гвардыі капітану У. І. Логінаву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» (№ 5970).

Пасля вайны да 1950 г. У. І. Логінаў служыў у пяхоце камандзірам батальёна, начальнікам штаба батальёна ў Паўночнай групе войск у Польшчы, Маскоўскай ваеннай акрузе і Групе савецкіх войск у Германіі. Закончыў Ваенную акадэмію імя М. Фрунзэ (1953), Ваенную акадэмію Генштаба (1963).

У 1953–1954 гг. – афіцэр упраўлення ўкамплектавання і службы войск Генеральнага штаба, у 1954–1955 гг. – старшы ад’ютант 1-га намесніка міністра абароны СССР, у 1955–1956 гг. – старшы ад’ютант міністра абароны СССР. У 1956–1961 гг. – намеснік камандзіра механізаванага палка, намеснік камандзіра і камандзір мотастралковага палка, намеснік камандзіра мотастралковай дывізіі ў Групе савецкіх войск у Германіі. У 1963–1964 гг. – старшы афіцэр у Галоўным штабе Сухапутных войск.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга (1944), Айчыннай вайны І ступені (1945), Чырвонай Зоркі (1956), медалямі.

Палкоўнік У. І. Логінаў выйшаў у адстаўку ў верасні 1964 г., жыў у Маскве. Трагічна загінуў 27 красавіка 1966 г., пахаваны на Галовінскіх могілках г. Масквы. У Белай Царкве імем героя названа вуліца і сярэдняя школа № 1, у якой ён вучыўся (1931–1941). На будынку школы (вул. Логінава, 28) устаноўлена мемарыяльная дошка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

  1. Логинов Владимир Иванович // Твои сыновья, Беларусь! Герои Советского Союза : биографический справочник. Минск, 2015 С. 277.
  2. Логинов Владимир Иванович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 28–29.
  3. Логінаў Уладзімір Іванавіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 153.
  4. Логинов Владимир Иванович // Герои Советского Союза : краткий биографический словарь : в 2 т. Москва, 1987. Т. 1. С. 883.
  5. Логинов Владимир Иванович // Навечно в сердце народном. 2-е изд., доп. и испр. Минск, 1977. С. 271–272.
  6. Логінаў Уладзімір Іванавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 418.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 111 разоў