Чацвер, 28 Снежань 2023 17:04

1 студзеня 2023 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Ганны Іванаўны Карповіч (Сухарэбская; 1938–1981), перадавіка сельскагаспадарчай вытворчасці, Героя Сацыялістычнай Працы (1966)

Ганна Іванаўна Карповіч (у дзявоцтве Сухарэбская) нарадзілася 1 студзеня 1938 г. у в. Быткоўшчына Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Дзіцём перажыла нямецка-фашысцкую акупацыю. Бацька памёр заўчасна неўзабаве пасля вайны, з маці, Марыяй Пятроўнай, засталіся тры сыны – Сігізмунд, Казімір, Вячаслаў і дачка Ганна. Ганна закончыла сем класаў і пайшла працаваць.

 З 1955 г. Ганна Сухарэбская працавала паляводам у калгасе «Бальшавік». З 1961 г. – птушкавод Гарадзішчанскай птушкафабрыкі, якая толькі была ўзведзена. У той час усе работы выконваліся ўручную. Яе напарніцай была Лізавета Іванаўна Вінаград, старэйшая па ўзросце. Справы пайшлі лепш, калі дырэктарам фабрыкі стаў Генадзь Ісламавіч Фідараў. У 1964 г. Ганна Сухарэбская атрымала па 155 яек ад кожнай куры, але такая колькасць яе не задаволіла.

Настойліва авалодвала прафесійнымі сакрэтамі, чытала спецыяльную літаратуру, вывучала вопыт у лепшых птушкаводаў рэспублікі. Паступова вырасла ў сапраўднага майстра птушкагадоўлі. Датэрмінова выканала вытворчыя заданні сямігодкі (1959–1965) і свае асабістыя сацыялістычныя абавязацельствы.

Указам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР ад 22 сакавіка 1966 г. за дасягнутыя поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, павялічэнні вытворчасці і нарыхтовак мяса, малака, яек і іншай прадукцыі Г. І. Сухарэбскай было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Серп і Молат» (№ 339445).

У 1975 г. Ганна Карповіч перайшла на Баранавіцкую птукафабрыку ў в. Русіно. У 1976 г. атрымала па 255 яек ад куры. Узнагароджана медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Г. І. Карповіч памерла ў 1981 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

  1. Карпович (Сухоребская) Анна Ивановна // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда. Минск, 2014. С. 109.
  2. Карповіч (Сухарэбская) Ганна Іванаўна // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, С. 596–597.
  3. Карпович (Сухоребская) Анна Ивановна // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 277.
  4. Карповіч (Сухарэбская) Ганна Іванаўна // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 292.
  5. Сухарэбская Ганна Іванаўна // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1974. Т. 10. С. 137.
  6. Татун, В. Птичьи тайны / В. Татун // Мастера ферм – герои : очерки. Минск : Ураджай, 1979. С. 84–95.
  7. Татун, В. Высокая цель / В. Татун // Земные звезды : [очерки о Героях Социалистического Труда Брестской области]. Минск, 1978. С. 323–329.
  8. Татун, В. Высокая цель / В. Татун // Знамя коммунизма. Барановичи, 1978. 24 ноября.
  9. Тамкович, А. Тропинка : [о птичнице Анне Сухоребской] / А. Тамкович // Заря. 1966. 17 июля.
Чытаць 96 разоў Апошняя змена Аўторак, 16 Студзень 2024 17:11