Аўторак, 09 Студзень 2024 11:54

27 снежня 2022 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Адама Аўтаномавіча Машчыца (1912–1980), удзельніка партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Ганаровага грамадзяніна г. Лунінца

Адам Аўтаномавіч Машчыц нарадзіўся 27 снежня 1912 г. у в. Махновічы Мазырскага павета Мінскай губерні (цяпер Мазырскага раёна Гомельскай вобласці) у сям’і селяніна. Бацька загінуў на Першай сусветнай вайне, маці памерла ў 1922 г. Сірата бадзяўся па чужых сем’ях. У шаснаццаць гадоў пачаў працоўны шлях рабочым лесапільнага завода.

Ужо ў маладосці Адам Машчыц зарэкамендаваў сябе чалавекам працавітым, адказным, справядлівым, яму былі ўласцівы годнасць і сціпласць, не па ўзросту разважлівасць. Таму яго, камсамольца з 1931 г., ва ўзросце ўсяго дваццаці гадоў у 1933 г. абралі старшынёй калгаса «Парыжская камуна» ў в. Буда-Сафіеўка Буйновіцкага сельсавета Лельчыцкага раёна. Калгас быў арганізаваны ў 1930 г., гэта быў складаны час станаўлення калгаснага руху, з’яўлення новых форм арганізацыі працы і адносін у сялянскім жыцці.

У 1935 г. Адам Машчыц быў прызваны ў Чырвоную армію. Пасля службы працаваў інструктарам аблспажыўсаюза, начальнікам аддзела кадраў Мікашэвіцкага фанернага завода. У 1939 г. быў зноў прызваны на вайсковую службу, прымаў удзел у вызваленні Заходняй Беларусі. У пачатку 1941 г. яму прысвоілі званне «тэхнік-інтэндант 2-га рангу».

У маі 1941 г. Адам Машчыц быў прызваны на зборы, працаваў на ўзвядзенні Лунінецкага аэрадрома, дзе і сустрэў Вялікую Айчынную вайну.Прымаў удзел у баявых дзеяннях па 17 верасня 1941 г., калі ў раёне Гомеля часткі Чырвонай арміі былі акружаны, вырашыў вяртацца ў родныя мясціны.

Ужо ў кастрычніку 1941 г. сабраў партызанскую групу, якую ўзначаліў, потым з групы вырас атрад Пятровiча (камандзір Андрэй Пятровіч Савіцкі). Вясной 1942 г. партызаны ўступілі ва ўзброеную барацьбу супраць акупантаў. З лістапада 1942 г. да ліпеня 1943 г. Адам Машчыц займаў пасаду начальніка штаба атрада імя Кірава. Пасля стварэння брыгады імя Кірава Пінскага злучэння стаў камісарам атрада імя Сталіна (з кастрычніка 1943 г. па ліпень 1944 г.), які вырас з 3-й роты атрада імя Кірава. Удзельнічаў у баявых аперацыях, уласнаручна ўстанаўліваў міны на рэйках і мастах. Наколькі магчыма ў лясных умовах, дакументаваў дзейнасць атрада.

Пасля вызвалення Лунінецкага раёна А. А. Машчыц быў пакінуты для арганізацыі аднаўлення народнай гаспадаркі. Займаў пасады загадчыка раённага зямельнага аддзела, парторга пры МТС, старшыні райспажыўсаюза. Працаваў дырэктарам міжрайгандлю, старшынёй міжкалгасбуда, дырэктарам лесагандлёвага склада, гандлёва-таварнай базы.

Адам Аўтаномавіч праводзіў грамадскую работу, многа сіл і энергіі аддаваў ваенна-патрыятычнаму выхаванню працоўных і моладзі раёна. Ахвотна сустракаўся са школьнікамі, расказваў пра цяжкія ваенныя гады і гераічную барацьбу савецкага народа. Збіраў кнігі аб партызанах, матэрыялы аб партызанскім руху на Палессі. Напісаў некалькі артыкулаў у газеты «Ленінскі шлях» і «Заря», збіраўся напісаць кнігу ўспамінаў.

На пенсіі захапляўся пчалярствам, стварыў пчальнік на Прыпяці, дзе любіла збірацца яго сям’я. З жонкай Валянцінай (у дзявоцтве Камандзіс), з якой ажаніўся ў 1940 г., выгадавалі сына Аляксандра (нарадзіўся ў партызанах у 1943 г.) і дачок – Ларысу, Людмілу, Галіну, Алену. Быў добрым бацькам, дзеці не чулі нават павышанага тону яго голасу.

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, дзевяццю медалямі: «Партизану Отечественной войны» I ступенi i iнш. Да 30-годдзя вызвалення Беларусі А. А. Машчыцу было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Лунінца» (1974).

А. А. Машчыц памёр 2 ліпеня 1980 г., пахаваны ў Лунінцы на старых могілках. Пра героя апавядаецца ў экспазіцыі чацвёртай залы Лунінецкага раённага краязнаўчага музея.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г. Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Бушыла Іна Васільеўвна, гал. бібліёграф аддзела абслуговання і інфармацыі

 

 

  1. Мащиц Адам Автономович // Долготович, Б. Д. Почетные граждане белорусских городов : биографический cправочник / Б. Д. Долготович. Минск, 2008. С. 38.
  2. Машчыц Адам Аўтаномавіч // Памяць. Лунінецкі раён : гіст.-дакум. хроніка.Мінск, 1995. С. 391.
  3. Атрад імя Кірава. Брыгада імя Кірава // Памяць. Лунінецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1995. С. 347–348.
  4. Атрад імя І. В. Сталіна : [камісар А. А. Машчыц] // Памяць. Лунінецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1995. С. 348.
  5. Жылко, В. Атрад Пятровіча / Вадзім Жылко // Памяць. Лунінецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1995. С. 354–356.
  6. Жылко, В. Атрад імя Шыша на Лунінеччыне / Вадзім Жылко // Памяць. Лунінецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1995. С. 362–364.
  7. Вёска Любань : [успамін А. А. Машчыца пра І. І. Канапацкага] // Памяць. Лунінецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск,1995. С. 412.
  8. № 257. Из дневника партизанского отряда Петровича Пинской обл. о боевой деятельности отряда с 22 июня по 8 ноября1942 г. // Всенароднае партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь1941июль1944) : документы и материалы : в 3 т. Минск : Беларусь, 1967. Т. 1. С. 417420.
  9. Литвинчук, В. А. Каратели свирепствуют / В. А. Литвинчук // Там, за Днепро-Бугом / В. А. Литвинчук. Брест, 2005. С. 169176.
  10. Канапацкая, Т. «Таварыш камісар...» : [пра ветэрана Вялікай Айчыннай вайны А. А. Машчыца і яго вялікую сям’ю] / Таццяна Канапацкая // Лунінецкія навіны. 2016. 9 снежня. С. 6.
  11. Адам Антаномавіч Машчыц : [некралог] / А. А. Ханцэвіч, В. А. Літвінчук, П. М. Тумілін [і інш.] // Ленінскі шлях. Лунінец, 1980. 12 ліпеня.
  12. Мащиц, А. В пущах Полесских : [из воспоминаний партизана] / А. Мащиц // Заря. 1979. 3 июля.
  13. Машчыц, А. Партызаны штурмавалі гарнізон : [з успамінаў былога камісара атрада імя Сталіна] / А. Машчыц // Ленінскі шлях. Лунінец, 1977. 7 лістапада ; 12 лістапада ; 15 лістапада.
  14. Віктараў, М. Свята вызвалення ў раёне : [пра мітынг, прысвечаны 30-годдзю вызалення Беларусі, на якім уручылі пасведчанні Ганаровага грамадзяніна г. Лунінца Фёдару Максімавічу Яравому, Пятру Мікалаевічу Кудзінаву, Івану Ляонцьевічу Раманюку і Адаму Аўтаномавічу Машчыцу] / М. Віктараў // Ленінскі шлях. Лунінец, 1974. 2 ліпеня.
  15. Машчыц, А. На бой вялі камуністы : [з успамінаў] / А. Машчыц // Ленінскі шлях. Лунінец, 1973. 29 снежня.
  16. Машчыц, А. У адзіным страі : [з успамінаў] / А. Машчыц // Ленінскі шлях. Лунінец, 1972. 8 ліпеня.
  17. Ходзін, І. Калекцыя партызанскіх кніг : [А. Машчыц збірае кнігі аб партызанскай барацьбе ў гады Вялікай Айчыннай вайны] / І. Ходзін // Ленінскі шлях. Лунінец, 1970. 14 лютага.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 88 разоў