Аўторак, 09 Студзень 2024 16:09

22 лістапада 2024 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Яўгеніі Андрэеўны Мелісевіч (1914–1988), перадавіка сельскагаспадарчай вытворчасці, Героя Сацыялістычнай Працы (1966)

Яўгенія Андрэеўна Мелісевіч нарадзілася 22 лістапада 1914 г. у в. Белавусаўшчына Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і малазямельных сялян. Ужо з дванаццаці гадоў Яўгенія пачала працаваць на панскім агародзе, з чатырнаццаці гадоў разам з маці даіла панскіх кароў. З 1939 г. працавала ў саўгасе «Белавусаўшчына», які быў створаны на базе панскага маёнтка.

У час нямецка-фашысцкай акупацыі Яўгенія Мелісевіч вяла ўласную сялянскую гаспадарку, адна гадавала дзяцей. Пасля вызвалення раёна ўдзельнічала ў аднаўленні саўгаса. У 1946–1970 гг. – даярка эксперыментальнай базы «Белавусаўшчына» Брэсцкай абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі. База спецыялізавалася на гадаванні племяннога маладняка буйной рагатай жывёлы.

Штогод Яўгенія Андрэеўна ўдасканальвала метады работы па раздойванню кароў. Выйшла ў лік перадавых даярак раёна і вобласці. Надайвала па 4–4,5 тысячы кг малака ад кожнай каровы сваёй групы. Да яе прыязджалі даяркі з розных гаспадарак вобласці пераймаць вопыт. У 1966 г. стала першай ў раёне даяркай, якая надаіла па 5 тысяч кг малака.

За дасягнутыя поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, атрыманне высокіх надояў малака Указам Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР ад 22 сакавіка 1966 г. Я. А. Мелісевіч прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Серп і Молат» (№ 12095).

Яўгенія Андрэеўна неаднаразова станавілася пераможцай сацыялістычнага спаборніцтва сярод даярак раёна. Выгадавала нямала майстроў даення. У 1955 г. была ўдзельніцай ВДНГ СССР. Атрымала званне «Ударнік камуністычнай працы». Узнагароджана двума медалямі «За трудовую доблесть» (1948, 1950).

Абіралася членам райкама КПБ, дэпутатам раённага Савета народных дэпутатаў. Праводзіла вялікую работу па выхаванні моладзі на працоўных традыцыях савецкага народа. Выйшла на пенсію ў студзені 1970 г.

Я. А. Мелісевіч памерла 9 лютага 1988 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

  1. Мелисевич Евгения Андреевна // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда. Минск, 2014. С. 154.
  2. Мелісевіч Яўгенія Андрэеўна // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна. Мінск, 1992. С. 420.
  3. Мелисевич Евгения Андреевна // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 420.
  4. Мелісевіч Яўгенія Андрэеўна // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 419.
  5. Мелісевіч Яўгенія Андрэеўна // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 7. С. 134.
  6. Липович, А. Через всю жизнь / А. Липович // Земные звезды : [очерки о Героях Социалистичского Труда Брестской области]. Минск : Беларусь, 1978. С. 213–216.
  7. Барадоўскі, С. Жывая вада / С. Барадоўскі // Сцяганосцы новага, перадавога. Мінск : Ураджай, 1967. С. 208–219.
  8. З пачэсным званнем Героя : [Я. А. Мелісевіч] // Раённыя будні. Пружаны, 2000. 15 студзеня. С. 6.
  9. Яўгенія Андрэеўна Мелісевіч : [некралог] / В. М. В’юн, М. Я. Антаноўскі, У. П. Вашчук [і інш.] // Зара камунізму. Пружаны, 1988. 11 лютага.
  10. Барадоўскі, С. Жывая вада : [пра даярку саўгаса «Белавусаўшчына» Я. А. Мелісевіч] / С. Барадоўскі, А. Шабалін // Літаратура і мастацтва. 1973. 16 лютага. С. 3.
  11. Васільева, А. Яе лёс – лёс маёй рэспублікі : [провады на пенсію Я. А. Мелісевіч] / А. Васільева // Зара камунізму. Пружаны, 1970. 22 студзеня.
  12. Мелисевич, Е. Мы идем к большому празднику : [доярки успешным трудом встречают День Великой Октябрьской социалистической революции] / Е. Мелисевич // Заря. 1967. 18 октября.
  13. Туров, В. Этапы одной жизни : [о доярке Е. А. Мелисевич] / В. Туров // Заря. 1966. 28 сентября.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 75 разоў