Панядзелак, 15 Студзень 2024 12:51

2 верасня 2024 г. — 185 гадоў з дня нараджэння Івана (Іаана) Антонавіча Катовіча (1839–1911), праваслаўнага царкоўнага дзеяча, даследчыка гісторыі распаўсюджвання хрысціянства на Беларусі

 

Іван (Іаан) Антонавіч Катовіч нарадзіўся 2 верасня 1839 г. у в. Чаравачыцы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер в Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці). Паходзіў са старажытнага беларускага праваслаўнага святарскага роду. Старэйшы сын протаіерэя Антонія Ануфрыевіча Катовіча. Браты Івана – Фама, Мікалай, Міканор, Аляксей – таксама былі святарамі, сёстры – Марыя, Юстына, Алена – выйшлі замуж за асоб духоўнага звання.

Першапачатковую адукацыю Іван Катовіч атрымаў дома. Паступіў у Кобрынскае духоўнае вучылішча, якое было адным з трох навучальных устаноў такога роду ў Гродзенскай губерні. У вучылішчы рыхтавалі хлопчыкаў да паступлення ў духоўную семінарыю. Вучылішча складалася з трох аддзяленняў, курс навучання працягваўся тры гады, дзеці паступалі ва ўзросце ад 9 да 11 год.

Пасля заканчэння вучылішча ў 1855 г. Іван Катовіч паступіў у Літоўскую духоўную семінарыю ў Вільні. Для гэтага яму давялося здаць шэсць экзаменаў: па геаграфіі, арыфметыцы, катэхізісе, рускай, лацінскай і грэчаскай мовах. Навучанне ў семінарыі было ўсебаковым, акрамя багаслоўскіх прадметаў вывучалася і шмат свецкіх.

У 1861 г. Іаан Катовіч заняў пасаду настаўніка ў Кобрынскім духоўным вучылішчы, пачаў друкавацца ў газеце «Дух христианина», рэдактар якой іерэй Аляксандр Гумілеўскі настойліва рэкамендаваў яму для працягу адукацыі ехаць у Пецярбургскую духоўную акадэмію. Раней талент і розум Iаана Катовіча былі заўважаны мітрапалітам Іосіфам Сямашкам. 5 снежня 1863 г. яго без экзаменаў залічылі ў акадэмію.

З акадэміі ён вынес багаты запас ведаў, а галоўнае – маральны абавязак і гатоўнасць аддаваць усе свае сілы і працу на карысць роднага краю. Настаўнікам Іаана Катовіча быў Міхаіл Восіпавіч Каяловіч – вядомы прадстаўнік беларускай гістарычнай думкі другой паловы XIX ст., публіцыст і грамадскі дзеяч, прафесар рускай грамадзянскай гісторыі.

Скончыўшы акадэмію, у 1867 г. І. А. Катовіч прыязджае ў Вільню, дзе на працягу года працуе ў Публічнай бібліятэцы, чакаючы адкрыцця штата ў Віленскім саборы Раства Багародзіцы. 2 жніўня 1868 г. мітрапаліт Іосіф прыняў прашэнне прызначыць І. А. Катовіча святаром у названы сабор. Святарскае пасвячэнне Іаана Катовіча 29 верасня 1868 г. здзейсніў епіскап Брэсцкі Ігнацій Жалязоўскі. Апякун Віленскай навучальнай акругі прызначыў Іаана Катовіча законавучыцелем рэальнай гімназіі. Такім чынам, І. А. Катовіч вярнуўся да педагагічнай дзейнасці і праявіў сябе таленавітым арганізатарам і кіраўніком навучальнага працэсу.

20 снежня 1869 г. Св. Сінод зацвердзіў І. А. Катовіча на пасаду рэдактара «Литовских епархиальных ведомостей» (ЛЕВ). З таго часу паралельна з асноўнай працай найважнейшай часткай яго дзейнасці стала газета, рэдактарам якой Іван Антонавіч быў звыш 30 гадоў (1869–1903). Пад кіраўніцтвам І. А. Катовіча «ЛЕВ» атрымалі росквіт, а рэдакцыя згуртавала знакамітых дзеячаў свайго часу – І. С. Аксакава, А. В. Бялецкага, А. С. Будзіловіча, У. В. Качаноўскага, Ю. Ф. Крачкоўскага і многіх іншых. Іван Антонавіч ператварыў газету ў адно з лепшых перыядычных выданняў Расійскай імперыі, у якім з’яўляецца і мноства яго нарысаў, артыкулаў, у тым ліку: «Историческая записка о литовской духовной семинарии» (1878), «Высокопреосвященный Алексий, архиепископ Литовский и Виленский» (1890), «Торжество 50-летия воссоединения униатов» (1889), «Слово в день празднования 300-летнего юбилея со времени построения Свято-Духовым братством церкви Святого Духа в г. Вильне» (1897).Пяру журналіста І. А. Катовіча належала вялікая колькасць артыкулаў пра гісторыю манастырэй і цэркваў краю, а таксама некралогаў. Супрацоўнічаў з часопісамі «Православное обозрение», «Виленский календарь» і інш.

У 1873 г. I. А. Катовіч пад кіраўніцтвам прафесара М. В. Каяловіча паспяхова абараніў магістарскую дысертацыю «Первоначальная история христианства в нынешнем Северо-Западном крае России до Великого князя Литовского Ягайлы» і яму была прысуджана вучоная ступень магістра багаслоўя. У 1875 г. быў узведзены ў сан протаіерэя і неўзабаве прызначаны настаяцелем саборнай царквы ў Вільні.

І. А. Катовіч выявіў сябе не толькі як арганізатар і кіраўнік навучальнага працэсу, але і як чалавек, неабыякавы да пытанняў пастаноўкі адукацыі ў краі. Пра гэта сведчыць шэраг яго артыкулаў па царкоўна-школьнай справе, народнай адукацыі, педагогіцы, а таксама тое, што ён быў нязменным старшынёй і кіраўніком епархіяльных з’ездаў. 11 гадоў з’яўляўся членам педагагічнага сходу кіравання Літоўскай духоўнай семінарыі.

Быў ініцыятарам і распрацоўшчыкам метадычных матэрыялаў у дапамогу духавенству для напісання царкоўна-прыходскіх летапісаў, якія і ў цяперашні час не страцілі значэння для развіцця царкоўнага краязнаўства. Захаваўся цэлы шэраг рукапісных зборнікаў, якія протаіерэй вывучаў як узоры народнай літаратуры. Частку з іх ён падараваў у 1860-я гг. публічнай бібліятэцы Вільні (цяпер яны захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў бібліятэкі Літоўскай акадэміі навук).

Рэлігійную, навуковую і педагагічную дзейнасць І. А. Катовіч сумяшчаў з грамадскай. Уваходзіў у Віленскую гарадскую думу, у шэраг навуковых таварыстваў і камітэтаў, з’яўляўся членам Паўночна-Заходняга аддзела Рускага геаграфічнага таварыства, прымаў актыўны ўдзел у «Трудах» Віленскага аддзялення IX археалагічнага з’езда.

Аўтар шматлікіх даследчых прац, артыкулаў. Ужо ў перыяд настаўніцтва ў яго выяўляюцца схільнасці да даследчай працы па вывучэнні свайго краю. Вучні і паплечнікі айца Іаана часта ўспаміналі пра яго асаблівую ўвагу да народнай культуры, традыцыйнага сялянскага побыту, народнага духоўнага свету, які ён вывучаў і заклікаў іх у гэтым рушыць услед за ім.

Іаан Катовіч памятаў свае карані, падтрымліваў цесныя сувязі са сваёй сям’ёй і ўвесь час цікавіўся падзеямі гісторыі і сучаснасці малой радзімы. Даследаваў гісторыю праваслаўных храмаў Кобрыншчыны. Збіраў палескі фальклор для выдання Пятра Гільтэнбранда «Сборник памятников народного творчества в Северо-Западном крае». Удзельнічаў у падрыхтоўцы да друку матэрыялаў для кнігі «Дакументы, якія тлумачаць гісторыю Заходнярускага краю і яго адносіны да Расіі і Польшчы» (1865).

На старонках газеты «ЛЕВ» друкуе артыкулы: гістарычны нарыс «О православных церквях в г. Кобрине», «Об обычаях ставить кресты на открытых местах Северо-западного края России», «Из Кобринского уезда», «Завещание помещицы Верещаковой»(аб гісторыі Буховіцкай царквы), «О событиях 8 сентября в с. Берёза», «Освящение каменной Соборной церкви в городе Кобрине», «Протоирей Антоний Котович», «О построении и освещении церквей» (з гісторыі Буховіцкай царквы). Актыўнымі карэспандэнтамі «ЛЕВ» былі браты Міканор Катовіч, Васілій Катовіч і Фама Катовіч: друкавалі свае артыкулы, павучанні, водгукі наконт юбілеяў, прамовы над труной памерлых мясцовых святароў.

Заслугі айца Іаана на пастырскай і грамадскай ніве высока ацэньваліся. Сярод найвышэйшых узнагарод – ордэн Святой Ганны І ступені.

Пастыр памёр 18 снежня 1911 г. пасля працяглай і цяжкай хваробы. Пахаванне адбылося 21 снежня на віленскіх праваслаўных Ефрасіннеўскіх могілках. Некралог быў змешчаны ў «ЛЕВ» на другой старонцы № 1 за 1912 г.

Многія члены роду Катовічаў пахаваны ў Чаравачыцах. Чаравачыцкая царква карысталася працэнтамі са 150 рублёў, завешчаных ёй маскоўскім святаром Іаанам Зернавым і ўдавой Іаана Катовіча на яго вечнае памінанне.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Працы І. А. Катовіча

 

  1. Слово 7 ноября 1898 г. на заупокойной литургии, накануне освящения и открытия памятника графу М. Н. Муравьёву / Иоанн Котович. – Вильна, 1898.
  2. Слово в день празднования 300-летнего юбилея со времени построения Свято-Духовским братством церкви Святого Духа в г. Вильне / Иоанн Котович. – Вильна, 1897.
  3. Слово в день 500-летия со дня кончины прп. и богоносного отца нашего Сергия, Радонежского чудотворца, 25 сентября 1892 г. сказанное в виленском Николаевском соборе / Иоанн Котович. – Вильна, 1892.
  4. Высокопреосвященнейший Алексий, архиепископ Литовский и Виленский: его кончина и погребение 10–13 ноября 1890 г./ Иоанн Котович. – Вильна, 1890. – 40 с.
  5. Историческая записка о Литовской духовной семинарии / Иоанн Котович. Вильна, 1878. С. 99–100.
  6. Первоначальная история христианства в нынешнем Северо-Западном крае России до великого литовского князя Ягайлы / Иоанн Котович. – СПб., 1873.
  7. О православных церквях в г. Кобрине / Иоанн Котович // Виленский вестник. 1869.
  8. Как смотреть на обычай ставить кресты при дорогах, площадях, полях и других открытых местах Северозападного края России? / Иоанн Котович. – Вильна, 1868.
  9. Богогласник, его значение и употребление в народе / Иоанн Котович // Виленский вестник. 1866. № 127.

 

Аб жыцці і дзейнасці І. А. Катовіча

  1. Котович Иван (Иоанн) Антонович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 505–506.
  2. Катовіч Іван (Іаан) Антонавіч / Валерый Чарапіца // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 149.
  3. Катовіч Іван (Іаан) Антонавіч // Асветнікі зямлі Беларускай : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2001. С. 223.
  4. Катовіч Іван (Іаан) Антонавіч // Рэлігія і царква на Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2001. С. 154.
  5. Ильин, А. Очерки истории Православной Церкви на Гродненщине / А. Ильин. – Гродно, 2005. – Ч. 2.
  6. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 512 с. – Са зместу: І. А. Катовіч. С. 49–50.
  7. Симонова, И. Э. Возвышенное и земное в роду Котовичей / Ирина Симонова // Карані і кроны : гісторыя Кобрыншчыны: першая палова XX стагоддзя / [укладальнікі: Ю. А. Барысюк, А. А. Мезенцэва]. Брэст, 2017. С. 3643.
  8. Черепица, В. Н. М. О. Коялович : история жизни и творчества / В. Н. Черепица. – Гродно, 1998.
  9. Щавинская, Л. Л. Народная православная книжность в собрании и исследованиях Иоанна Котовича : материалы к спецкурсу «Белорусская народная рукописная книжность XX–XXI вв.» / Л. Л. Щавинская. – Москва ; Минск, 2010. – 28 с. : ил.
  10. Шимолин, В. И. У истоков белорусской печати : епархиальные ведомости второй половины XIX – начала XX в. / В. И. Шимолин. – Минск : БГУ, 2010. – 199 с.
  11. Шимолин, В. И. Епархиальные периодические издания в развитии духовной культуры белорусов (вторая половина ХIХ – начало ХХ вв.) : автореферат диссертации ... кандидата филологических наук / В. И. Шимолин ; БГУ. – Минск, 2010. – 21 с.
  12. Чистяков, П. Церковно-краеведческая проблематика епархиальных ведомостей, издававшихся в Беларуси во второй половине XIX, начале XX ст. : кандидатская диссертация / П. Чистяков. Жировичи, 2004.
  13. Нецветаев, А. Литовские епархиальные ведомости как источник по истории Правосласной Церкви Белоруссии : кандидатская диссертация / А. Нецветаев. Жировичи, 2003.
  14. Иоанн Антонович Котович (1839–1911 годы) / работа подготовлена членами организации «Золотой возраст», И. Э. Симонова. – Кобрин, 2011. – 21 с.
  15. Катовіч Іван (Іаан) Антонавіч //Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук. Кобрын, 2020. С. 65–67.
  16. 185 гадоў з дня нараджэння І. А. Катовіча (1839) // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2016–2020 гг. / Дзяржаўная ўстанова культуры «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 123–124.
  17. Васюк, Н. Батюшка от Бреста до Пинска : [о роде Котовичей – священников, рожденных на Кобринщине] / Наталья Васюк // Вечерний Брест. 2014. 18 апреля. С. 8.
  18. Ильин, А. Черевачицкие Котовичи –священники, деятели культуры и просто люди / Александр Ильин // Гістарычная брама. 2016. № 1 ; № 2.
  19. Иоанн Антонович Котович // Кобрин-информ. 2011. 21 июля. С. 28–29 ; 28 июля. С. 28–29.
  20. Ильин, А. Библиограф Алексей Родосский об Иоанне Котовиче / Александр Ильин // Гістарычная брама. 2004. № 1. С. 46–47.
  21. Ильин, А. Волчинское ответвление рода Котовичей / Александр Ильин // Гістарычная брама. 2004. № 1. С. 47–48.
  22. Ильин, А. Полесские священники Котовичи / Александр Ильин // Гістарычная брама. 2004. № 1. С. 29–40.
  23. Черепица, В. Два юбилея в жизни протоиерея Иоанна Котовича / В. Черепица // Гістарычная брама. 2004. № 1. С. 42–46.

 

 

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 82 разоў Апошняя змена Аўторак, 16 Студзень 2024 16:39