Чацвер, 29 Люты 2024 15:18

13 лютага 2024 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Анатоля Канстанцінавіча Санько (1949), кампазітара, кандыдата мастацтвазнаўства

 

Анатоль Канстанцінавіч Санько нарадзіўся 13 лютага 1949 г. у в. Крывошын Ляхавіцкага раёна Баранавіцкай (цяпер Брэсцкай) вобласці ў сям’і настаўнікаў. З дзяцінства выхоўваўся ў атмасферы шчырага захаплення музыкай, галоўным носьбітам якой была яго маці Ангеліна Антонаўна. Менавіта ёй абавязаны Анатоль сваёй зацікаўленасцю музычным мастацтвам. Чалавек па натуры актыўны і цікавы, яна многа сіл аддавала сваёй рабоце, прымала актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці, доўгі час кіравала школьным хорам. Яна першая заўважыла схільнасць сына да музыкі.

Атрымаць музычную адукацыю ў 1960-я гг. было няпроста. Музычная школа была толькі ў раённым цэнтры, у Ляхавічах, да якіх было 35 км. Зімою і восенню Анатоль адпраўляўся ў няблізкі шлях. Яго першым настаўнікам музыкі быў Уладзімір Ільіч Карцаў, якога і цяпер ўспамінае з цеплынёй.

Паспяхова скончыўшы музычную школу па класу баяна, Анатоль Санько паступіў у Гродзенскае музычнае вучылішча. Там ён паспрабаваў сам пісаць музыку. Па рэкамендацыі педагогаў паступіў у Маскоўскае музычнае вучылішча пры Маскоўскай кансерваторыі. Тут ён займаўся па класу кампазіцыі ў педагога К. К. Баташова. Скончыў вучылішча за тры гады (1967–1970) і паступіў у Маскоўскую дзяржаўную кансерваторыю імя П. І. Чайкоўскага ў клас кампазітара, прафесара, народнага артыста РСФСР Яўгена Кірылавіча Голубева. Гады навучання ў кансерваторыі сталі для маладога кампазітара сапраўднай школай мастацкага майстэрства.

У 1975 г. Анатоль Санько скончыў МДК, а таксама аспірантуру. У гэты час ім напісаны творы, у якіх арганічна ўвасоблены традыцыі беларускай музычнай культуры. Гэта сімфанічная паэма «Брэсцкая крэпасць», канцэрт для фартэпіяна з аркестрам і інш. Пасля заканчэння кансерваторыі служыў у Савецкай арміі, разам з артыстамі ансамбля песні і танца Маскоўскай ваеннай акругі нёс сваё мастацтва народу.

Пасля дэмабілізацыі Анатоль Санько стажыраваўся ў класе прафесара Мікалая Іванавіча Пяйко пры Дзяржаўным музычна-педагагічным інстытуце імя Гнесіных. У 1982 г. яго прынялі ў Саюз кампазітараў СССР. Прызнанне слухачоў атрымалі «Песня пра Маскву» (1982), «Песня аб роднай зямлі» (1976), вальс «Старая Вена» (1986), саната для фартэпіяна; музыка на тэму барацьбы за мір «Сёння ў свеце неспакойна» (1985). Аўтар твораў праграмна-сімфанічнага і канцэртна-інструментальнага жанру (сімфанічная паэма «Брэсцкая крэпасць» (1981) і канцэрт для фартэпіяна з аркестрам), камерна-інструментальнай музыкі, творы якой сталі рэпертуарнымі (сіюта для флейты, фагота і арфы «Беларускія малюнкі» (1972), «Канцэрціна для арфы і камернага аркестра» (1978)).

Для шматлікіх слухачоў імя кампазітара непарыўна звязана з вакальнай музыкай і найперш з рамансам і песняй. Анатоль Канстанцінавіч часцей за ўсё звяртаецца да класічнай паэзіі. Напісаў шмат рамансаў на словы А. Фета, Ф. Цютчава, А. Блока, М. Агарова. Творча супрацоўнічае і з сучаснымі паэтамі.

Добра ўплывае на творчасць кампазітара беларуская народная песня, яе мяккі лірычны строй, задушэўнасць. У беларускім фальклоры Анатоль Канстанцінавіч чэрпае сваё натхненне. Пад уражаннем прыгажосці мясцін, дзе нарадзіўся, ён напісаў «Песню аб роднай зямлі», раманс «Вясны адлюстраванне», сюіту «Беларускія малюнкі».

Навуковыя інтарэсы А. К. Санько звязаны з гісторыяй і развіццём нацыянальных кампазітарскіх школ, а асноўная тэматыка даследаванняў – аналіз твораў кампазітараў, якія належаць да розных нацыянальных культур. Тэма яго кандыдацкай дысертацыі: «Евгений Голубев: композитор, педагог, музыкальный деятель» (2001). Аўтар першай манаграфіі аб кампазітары Я. К. Голубеве. З’яўляецца складальнікам вучэбных праграм, аўтарам зборніка па сальфеджыа. Член Саюза кампазітараў Масквы. Узнагароджаны ганаровай граматай Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі (2008).

Сёння А. К. Санько выкладае кампазіцыю ў Акадэмічным музычным каледжы пры Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П. І. Чайкоўскага, а таксама ў Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П. І. Чайкоўскага. Яго жонка была опернай спявачкай, іх сын – музыкант, працуе ў Прэзідэнскім аркестры Расiйскай Федэрацыi. 3 сакавіка 2019 г. у канцэртнай зале імя Н. Я. Мяскоўскага прайшоў аўтарскі вечар А. К. Санько, прымеркаваны да яго 70-годдзя.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Ляхавіцкай цэнтральнай райннай бібліятэкай імя Я. Купалы. Зелянко Таццяна Уладзіміраўна, заг. сектара аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў

 

Працы А. К. Санько

  1. Становление национальных композиторских школ в Московской и Санкт-Петербургской консерваториях : историко-архивное исследование / А. К. Санько. – Москва : Композитор, 2016. – 365 с.
  2. Н. Я. Мясковский в воспоминаниях Е. К. Голубева / А. К. Санько // Неизвестный Мясковский : взгляд из ХХI века : сборник статей. Москва : Композитор, 2006.
  3. Несокрушимая этическая константа : [о Е. К. Голубеве] / А. К. Санько // Музыкальная жизнь. 2010. № 7. С. 33–34.
  4. Композиторская школа Московской консерватории в 50-е годы ХХ века / Анатолий Санько // Музыкальная академия. 2008. № 1. С. 114–117.
  5. Н. Я. Мясковский в воспоминаниях ученика – Е. К. Голубева / А. К. Санько // Музыковедение. 2007. № 4. С. 23–25.
  6. В интерпритации Виктора Мержанова / А. К. Санько // Музыкальная академия. 2007. № 2. С. 96–97.
  7. Педагогическая деятельность Д. Д. Шостаковича : (к 100-летию со дня рождения композитора) / А. К. Санько // Обсерватория культуры. 2007. № 2. С. 95–99.
  8. Композитор большой интеллектуальной культуры : к 90-летию со дня рождения Е. К. Голубева / А. К. Санько // Музыкальная академия. 2001. № 1. С. 54–60.

 

Аб жыцці і творчасці А. К. Санько

  1. Санько Анатолий Константинович // Советские композиторы и музыковеды : справочник в 3 т. Москва : Советский композитор, 1989. Т. 3, ч. 1. С. 24–25.
  2. Аўчыннікаў, М. Песні ад сэрца / М. Аўчыннікаў // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск, 1989. С. 438–439.

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 60 разоў