Панядзелак, 18 Сакавік 2024 10:22

12 ліпеня 2024 г. — 80 гадоў з дня вызвалення Івацэвіцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (1944)

 

 

Беларуская наступальная аперацыя «Баграціён» пачалася 23 чэрвеня 1944 г. Двума днямі раней на ўсіх чыгунках Беларусі пранёсся шквал «Рэйкавай вайны». За адну ноч партызаны і падпольшчыкі вывелі са строю ўсе чыгуначныя камунікацыі, паралізаваўшы тыл гітлераўскай арміі.

У Івацэвіцкім раёне на Брэст-Маскоўскую чыгунку ад станцыі Блок-Быцень да Броннай Гары выйшлі тысячы партызан. Пасля дадзенага імі «Канцэрта» чыгуначнае палатно ўздыбілася рэйкамі і шпаламі, рух цягнікоў спыніўся. А на ўсходзе ўжо гатовымі былі да ўдару войскі трох Беларускіх і першага Прыбалтыйскага франтоў.

З 8 па 12 ліпеня разгарнуліся баі за вызваленне нашага раёна. У другой палове ночы 8 ліпеня часці 146-га гвардзейскага стралковага палка занялі в. Сялец і разгарнулі наступленне на Мілавіды і Вольку. 9 ліпеня была вызвалена в. Пагор’е, 10 ліпеня – вёскі Рудня і Доўгая. 10 ліпеня часці 48-й гвардзейскай стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра Корчыкава ва ўзаемадзеянні з партызанскай брыгадай імя Гуляева вызвалілі г. п. Целяханы.

У баявым данясенні штаба батальёна 138-га гвардзейскага стралковага палка ў 19 гадзін 10 ліпеня 1944 г. камандзір партызанскай брыгады Якавенка і начальнік штаба Каракулін паведамлялі, што 1-ы стралковы батальён 138-га гвардзейскага стралковага палка 48-й гвардзейскай дывізіі ва ўзаемадзеянні з 99-й партызанскай брыгадай авалодалі мястэчкам Целяханы і знішчылі гарнізон у складзе 30 чалавек немцаў і ўласаўцаў. Праціўнік страціў 250 чалавек забітымі і 35 чалавек палоннымі. Былі вызвалены вёскі Краглевічы і Азарычы (Пінскі раён). У час аперацыі рота гітлераўцаў спрабавала прарвацца з Азарыч да Целяхан, але была разбіта партызанамі. У ходзе баёў узяты трафеі: 2 ротныя і 2 батальённыя мінамёты, 6 станкавых кулямётаў, 30 ручных кулямётаў розных сістэм, 40 аўтаматаў, 148 вінтовак, 2 аўтамашыны, 60 коней.

У гэты ж дзень войскі Чырвонай арміі занялі мястэчка Быцень, а таксама в. Любішчыцы. Раніцай 11 ліпеня вызвалены вёскі Панкі і Яглевічы, у гэты ж дзень разгарнуліся баі за Івацэвічы. Вызваленне Івацэвічаў праходзіла ў жорсткіх баях. Абарону тут трымалі рэзервовыя часці 2-й нямецкай арміі, якія мелі 12 танкаў і некалькі артылерыйскіх батарэй. Акрамя таго, фашысты выбралі для абароны зручную пазіцыю за выгібам ракі Грыўда. Па звестках мясцовых жыхароў, тут знаходзіліся часці СС і падраздзяленні штурмавога батальёна 2-й арміі вермахта.

Ацаніўшы абстаноўку, камандзір 20-га стралковага корпуса маёр Швараў накіраваў стралковую дывізію пад камандаваннем палкоўніка Несцярэнкі ў абход Івацэвічаў з поўдня. Немцы не вытрымалі націску з фланга і пачалі адыход па шашы ў напрамку Бярозы. 11 ліпеня часці 19-й механізаванай брыгады вызвалілі Косава і суседнія вёскі.

Камандзір воінскай часці П. І. Сіменка так піша пра вызваленне Косава: «Мы ўварваліся ў мястэчка разам з танкістамі, дамы гарэлі. Гітлераўцы яшчэ раней хацелі прарвацца на Бронную гару, але шлях ім перакрылі партызаны. Першымі ўвайшлі ў Косава разведчыкі. Па іх адкрылі агонь куляметчыкі, якія заселі ў адзіным ацалелым у горадзе двухпавярховага будынку. Разведчыкі выклікалі на іх агонь артылерыі і куляметы замоўклі. Без вялікіх баёў Косава вечарам 11 ліпеня быў вызвалены. Войскі рушылі на захад у напрамку вёсак Скураты, Бялавічы, Квасевічы, Альшаніцы, Ёдчыкі».

Перад наступленнем Чырвонай арміі партызанскія атрады занялі пазіцыі, каб перарэзаць нямецкім войскам шляхі адыходу па выгадных для іх маршрутах. Брыгада імя Панамарэнкі і атрады, якія дзейнічалі побач з ёй, занялі абарончыя рубяжы па лініі вёсак Заплле – Бялавічы – Альшаніца – Квасевічы – Ёдчыкі і перарэзалі немцам шляхі адступлення праз Гута-Міхалінскі лес на Бронную Гару і Бярозу. 11 ліпеня партызанам прыходзілася па некалькі разоў адбіваць атакі немцаў, якія, адступаючы, спрабавалі прабіцца ў накірунку вёскі Заполле, Квасевічы. Не дабіўшыся поспеху, яны вымушаны былі адступаць на Ружаны.

Сумесным ударам 48-й гвардзейскай стралковай дывізіі і партызан да раніцы 12 ліпеня былі выбіты немцы з Івацэвіч. Радасна і ўрачыста сустракалі жыхары раёна воінаў Чырвонай арміі. Змучаныя цяжкай вайной і фашысцкай няволяй яны з надзеяй глядзелі ў будучыню. Але вораг быў яшчэ не дабіты. Больш за 7000 жыхароў раёна ўліліся ў рады Чырвонай арміі, прадоўжылі наступленне на захад. Больш за 2000 з іх не вярніліся дамоў.

На тэрыторыі Івацэвіцкага раёна ў гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў устаноўлены помнікі. У 1956 г. у Івацэвічах на брацкай магіле быў усталяваны пастамент у выглядзе скульптуры воіна. Там пахаваныя 64 чалавекі – воіны і партызаны, якія загінулі ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941–1944 гг. сярод пахаваных воіны 20-га стралковага корпуса 28-й арміі 1-га Беларускага фронту, якія загінулі 11–12 ліпеня 1944 г. У 1975 г. у в. Волька ўстаноўлена стэла ў памяць злучэння 36-га партызанскага атрада з Чырвонай арміяй 9 ліпеня 1944 г. 9 мая 2023 г. у Івацэвічах адбыліся цырымонія адкрыцця абноўленага пасля рэканструкцыі сквера Перамогі па вул. Савецкай і цырымонія запальвання Вечнага агню ля помніка загінуўшым воінам.

Іменамі тых, хто аддаў свое жыццё за вызваленне нашага краю названы шэраг вуліц населенных пунктаў Івацэвіцкага раёна: Мікалай Васільевіч Гойшык, Віктар Сцяпанавіч Клютко, Аляксей Пятровіч Чарткоў, Канстанцін Дзям'янавіч Талочка, Мікалай Фёдаравіч Трында, Міхаіл Панкратавіч Голдышаў, Аляксей Антонавіч Гулевіч, Іосіф Паўлавіч Урбановіч.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г. Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Маслоўскі Сяргей Віктаравіч, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу

 

  1. Банасевіч, М. Вызваленне / Мікалай Банасевіч // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 257–259.
  2. Терешенков, И. М. Ценою жизни : [воспоминания комиссара отряда им. А. П. Черткова] / Иван Михаилович Терешенков // Буг в огне : [сборник]. Минск, 1965. С. 318–320.
  3. Ригин, В. И. В последние дни оккупации : [партизанское движение в районе Слоним – Ивацевичи – Пружаны, 1941–1944 гг.] / Викентий Ригин // 1060 дней в тылу врага Минск, 2019. С. 174–178.
  4. Тарасевич, И. А. Освобождение / Иван Тарасевич // Моё наследие. Брест, 2017. С. 76–79.
  5. Освобождение Беларуси, 1943–1944 : [материалы и документы]. – Минск : Беларуская навука, 2014. – 943 с., ил. – Из содерж.: Освобождение западных областей Белорусской ССР. С. 141–166.
  6. Оперативная сводка генерального штаба Красной Армии // Освобождение Беларуси, 1943–1944. Минск : Беларуская навука, 2014. С. 750–751.
  7. Івацэвіцкі раён // Памяць Беларусі. Минск : Беларуская энцыклапедыя, 2005. С. 113.
  8. Дулебо, А. И. Братская могила советских воинов и партизан : [Ивацевичи] / А. И. Дулебо // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 201.
  9. Памятник боевой славы : [д. Волька] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 204.
  10. Могила советского воина : [д. Доманово] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 206.
  11. Дулебо, А. И. Братская могила советских воинов и партизан : [Коссово] / А. И. Дулебо // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 209.
  12. Памятник освободителям : [д. Краглевичи] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 211.
  13. Братское кладбище советских воинов и партизан : [Телеханы] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 215.
  14. Вызваленне раёна : хроніка 8–12 ліпеня 1944 года / рэдакцыя «ІВ» // Івацэвіцкі веснік. 2022. 13 ліпеня.
  15. Зайцев, К. Битва за Беларусь : освобождение Полесья / Константин Зайцев // Белорусская военная газета. 2018. 27 июля. С. 7.
  16. Гапееў, В. Вызваленне раёна : у гэтыя дні 72 гады таму / Валерый Гапееў // Івацэвіцкі веснік. 2016. 8 ліпеня.
  17. 71 год таму ў гэтыя дні быў вызвалены Івацэвіцкі раён : па матэрыялах кнігі «Памяць. Івацэвіцкі раён»] / рэдакцыя «ІВ» // Івацэвіцкі веснік. 2015. 10 ліпеня.
  18. Банасевіч, М. Сцежкамі жыцця : [асобныя раздзелы з рукапіснай кнігі] Мікалай Банасевіч // Івацэвіцкі веснік. 2015. 2 ліпеня.
  19. Гербедзь Н. Вайна і вызваленне дзіцячымі вачыма. / Наталля Гербедзь // Івацэвіцкі веснік. 2014. 11 ліпеня.
  20. Вызваленне раёна : хроніка / рэдакцыя «ІВ» // Івацэвіцкі веснік. 2014. 11 ліпеня.
  21. Мароз, В. Вызваленне / Вікенцій Мороз // Івацэвіцкі веснік. 2000. 26 ліпеня.
  22. Банасевіч, М. Перад вызваленнем : [да 50-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне] / Мікалай Банасевіч // Івацэвіцкі веснік. 1994. 1 лістапада.
  23. Банасевіч, М. Гарэла зямля пад нагамі акупантаў : [да 50-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне] / Мікалай Банасевіч // Івацэвіцкі веснік. 1994. 25 кастрычніка.
  24. Мароз, В. Партызаны Паўлоўскія / Вікенцій Мороз // Івацэвіцкі веснік. 1994. 8 ліпеня.
  25. Банасевіч, М. Апошнія бітвы / Мікалай Банасевіч // Івацэвіцкі веснік. 1994. 1 ліпеня.
  26. Тарасевіч, І. Верылі ў Перамогу : [да 50-годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх звхопнікаў] / Іван Тарасевіч // Івацэвіцкі веснік. 1994. 12 красавіка.
  27. Самуйлік, А. З летапісу народнага подзвігу / Аляксандр Самуйлік // Кастрычнік. Івацэвічы, 1988. 16 жніўня.
  28. Пацёмкін, М. Іх вадзіла маладосць / Міхась Пацёмкін // Кастрычнік. Івацэвічы, 1977. 24 лютага.
  29. Кучаравенка, В. Яны вызвалялі наш раён. Ішоў полк на захад… / В. Кучаравенка // Кастрычнік. Івацэвічы, 1970. 9 мая.

 

 

 

 

Чытаць 69 разоў