Пятніца, 22 Сакавік 2024 16:46

4 сакавіка 2024 г. — 65 гадоў з дня нараджэння Сяргея Аляксеевіча Гардуна (1959–2022), праваслаўнага святара, кандыдата багаслоўя, прафесара, лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне» (2018)

 

Сяргей Аляксеевіч Гардун нарадзіўся 4 сакавіка 1959 г. у в. Дзівін Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласціў сялянскай сям’і. Бацька,Аляксей Іванавіч Гардун, працаваў у калгасе «Новае жыццё», маці, Аляксандра Іванаўна, – у сталовай. Уся сям’я была веруючая, і гэта было вызначальным у далейшым лёсе Сяргея. Вучыўся ў Дзівінскай сярэдняй школе. У 5–6 класе ў хлопчыка была мара стаць настаўнікам, а калі ў 8 класе прачытаў Евангелле, з’явілася жаданне глыбей пазнаць Свяшчэннае Пісанне, багаслоўе і стаць свяшчэннікам.

Пасля заканчэння школы ў 1976 г. Сяргей Гардун паступіў у Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў, таму што ў духоўную семінарыю, дзе ён марыў вучыцца, па савецкім заканадаўстве было забаронена паступаць да наступлення васемнаццацігоддзя. Юнаку з дзяцінства лёгка даваліся мовы, ён добра ведаў англійскую, а таксама рускую, украінскую, польскую і, безумоўна, беларускую, якая пастаянна гучала ў доме бацькоў. Будучы студэнтам, старанна наведваў богаслужэнні ў Свята-Духавым кафедральным саборы і ў Аляксандра-Неўскай царкве.

Пасля заканчэння інстытута па спецыяльнасці «настаўнік англійскай і французскай моў» (1981) два гады працаваў настаўнікам англійскай мовы ў в. Павіцце Кобрынскага раёна, усё гэтак жа рэгулярна наведваў царкву, што ў эпоху багаборства лічылася зусім непрымальным для савецкага настаўніка.

Пакінуўшы педагагічны шлях, Сяргей Гардун паступіў у Маскоўскую духоўную семінарыю, якую закончыў у 1984 г. Затым працягнуў вучобу ў Маскоўскай духоўнай акадэміі, пасля заканчэння якой быў пакінуты ў якасці прафесарскага стыпендыята і выкладчыка Святога Пісання Старога Запавету і англійскай мовы ў Маскоўскай духоўнай семінарыі.Адначасова з гэтым у 1987 г. у храме ў імя Рускіх Святых Тройца-Сергіевай лаўры іерэй Сергій быў пасвечаны ў сан святара.

Працуючы выкладчыкам Маскоўскай духоўнай семінарыі, марыў як мага хутчэй вярнуцца ў Беларусь. Гэта стала магчымым у 1989 г., калі ў Жыровічах была адноўлена дзейнасць Мінскай духоўнай семінарыі. Іерэй Сергій Гардун стаў першым вучоным сакратаром і адным з выкладчыкаў спачатку ў семінарыі, а пазней у Мінскай духоўнай акадэміі і Беларускім дзяржаўным універсітэце.

2 верасня 1990 г. нададзены тытул протаіерэя.Першы прыход – у в. Лелікава Кобрынскага раёна, дзе служыў без афіцыйнага прызначэння, а толькі па вуснаму благаславенню архіерея.Потым тры з паловай гады быў у Слоніме, кароткі час служыў у Ганцавічах. У 1991 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Пастырства іерасхіманаха Макарыя (Іванова)».

З 1994 г. – у Мінску. Служыў ў Мінскім кафедральным саборы і адначасова выкладаў на факультэце тэалогіі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта,які ў 2004 г. быў пераведзены ў склад БДУ. З 2000 г. – дацэнт, з 2010 г. – прафесар Мінскай духоўнай акадэміі. Выкладчык Свяшчэннага Пісання Старога Запавету, уводзін у спецтэрміналогію (на англійскай мове), спецкурса «Сучасная Праваслаўная Духоўнасць» (на англійскай мове).

У 2005–2018 гг. – загадчык кафедры біблеістыкі і хрысціянскага веравучэння Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, са студзеня 2018 г. – першы прарэктар Інстытута тэалогіі БДУ.З 2021 г. – загадчык кафедры біблеістыкі Мінскай духоўнай акадэміі. На працягу 28 гадоў служыў клірыкам Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора. Многія гады ўсёй нашай краіне Сергій Гардун даваў каментарыі на беларускай мове да святочных богаслужэнняў на Раство і Уваскрэсенне Хрыстова ў час іх трансляцыі па першаму дзяржаўнаму тэлеканалу Беларускага тэлебачання.

Асветніцкая дзейнасць протаіерэя Сергія Гардуна з’яўляецца значнай для праваслаўя на беларускіх землях. Ім перакладзены на беларускую мову богаслужэнні Боскай літургіі, вялікай вячэрні, чыноў Вадохрышча і Вянчання, Наступства да Святога Прычашчэння, малітвы ранішнія і на сон будучы, малітвы перад споведдзю.Склаў і сам пераклаў Беларускі малітваслоў, актыўна ўключаўся ў выдавецкія справы, у прыватнасці Выдавецкага савета Беларускай праваслаўнай царквы.

Найважнейшым плёнам яго прац з'яўляецца пераклад Новага Запавету, які мае міжканфесійнае значэнне. Пад старшынствам святара на працягу чвэрці стагоддзя калектыў аўтараў працаваў над перакладам з мовы арыгінала на сучасную беларускую мову Святога Пісання Новага Запавету. Працы, выдадзеныя ў 2017 г., атрымалі высокую ацэнку праваслаўнай грамадскасці і былі адзначаны прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» (2018).

Сергій Гардун быў прафесіяналам як у галіне багаслоўскай падрыхтоўкі, так і ў сферы мовазнаўства. Валодаў дзевяццю мовамі, у т. л. грэчаскай, лацінскай, царкоўнаславянскай, англійскай, французскай, польскай, украінскай. Яму даводзілася служыць набажэнствы цалкам па-англійску.

Узнагароджаны ордэнамі Сергія Раданежскага ІІІ ступені, Кірылы Тураўскага І і ІІ ступеней, медалём Сергія Раданежскага ІІ ступені і іншымі царкоўнымі ўзнагародамі. Кінастудыя «Беларусьфільм» выпусціла дакументальны фільм «Айцец Сергій» (2007; сцэнарый У. В. Мароза, пастаноўка рэжысёра С. А. Гайдука) аб лёсе протаіерэя Сергія Гардуна – чалавека, які прысвяціў сваё жыццё служэнню Богу.

Будучы шчырым і адкрытым духоўнікам, ён быў добрым пастырам. Кожнае звернутае да яго пытанне прапускаў праз сваё сэрца, запальваў у сэрцах людзей жаданне жыць, працаваць, тварыць. Протаіерэй Сергій Гардун заслужана набыў любоў і павагу свяшчэнначалля і паствы, шырокай навуковай грамадскасці, працаўнікоў храма і мноства вернікаў. 

21 чэрвеня 2022 г. айцец Сергій адышоў у іншы свет, пакінуўшы аб сабе добрую памяць у сэрцах суайчыннікаў. Пахаваны, паводле яго завяшчання, на малой радзіме – у Дзівіне.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2019 г., дапоўнены ў 2024 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, 

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Працы С. А. Гардуна

  1. Праблемы фарміравання беларускай багаслоўскай тэрміналогіі / Сергій Гардун // Беларуская мова ў сакральнай сферы: гісторыя і сучаснасць : матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Мінск, 21 лютага 2018 г.). Мінск, 2019. С. 7–12.
  2. Евангелие для самых маленьких / [под общ. ред. Сергия Гордуна]. – Минск, 2018. – 142 с. : ил.
  1. Новы Запавет Госпада нашага Іісуса Хрыста / [пер. з грэчаскай мовы Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы ; рэд. пер. протаіерэй Сергій Гардун]. – Мінск : Прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора : Медыял, 2017. – 542, [1] с., [1] л. іл.
  2. Святая Валентина, тебе — земной поклон : акафист, молитвы, песни, стихи, житие / [ред. протоиерей Сергий Гордун]. – Минск : Бонем, 2015. – 55 с.
  3. Азбука православия / [авт.-сост. С. Сомов ; науч. ред. С. Гордун]. – 2-е изд., доп. – Минск : Четыре четверти, 2001. – 76 с.
  4. Асветніцкі подзвіг святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла і яго значэнне для беларускага народа / протаіерэй Сергій Гардун // Крещение Руси в судьбах народов Беларуси, России и Украины: выбор цивилизационного пути : материалы Международной научной конференции (Минск, 6–7 июня 2013 г.). Минск : Издательство Белорусского Экзархата, 2013. С. 158–169.
  5. Праваслаўны малітваслоў / уклад. протаіерэй Сергій Гардун ; прадм. і пер. з царкоўнаславян. і грэч. протаіерэя Сергія Гардуна. – 2-е выд., дап. – Мінск : Прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора, 2012. – 144 с.
  6. Бажэственная літургія свяціцеля Іаана Залатавуста / пер. [на беларус. мову] протаіерэя С. Гардуна. – Мінск : [б. в.], 2010. – [25] с. – (Пачуй, Божа, малітву маю).
  7. Скарына пра Біблію і пра сябе / Сергій Гардун // Беларуская думка. 2017. № 12. С. 72–79.
  8. Беларускія пераклады Свяшчэннага Пісання / Сергій Гардун // Ведомости Минской митрополии. 2017. № 12. С. 49–54.
  9. Праваслаўе як падмурак беларускай нацыі / протаіерэй Сергій Гардун // Беларуская думка. 2016. № 1. С. 23–29.
  10. Крэацынізм, эвалюцыянізм і Біблія / Сергій Гардун // Наука и инновации. 2013. № 12. С. 15–16.
  11. Брэсцкая ўнія як царкоўна-гістарычная трагедыя беларускага народа / протаіерэй Сергій Гардун // Минские епархиальные ведомости. 2011. № 3. С. 76–81.
  12. Асоба мітрапаліта Мелхіседэка (Паеўскага) і праблема адзінства рускай праваслаўнай царквы пры свяцейшым патрыярху Ціхане і яго пераемніках / протаіерэй Сергій Гардун // Праваслаўе. 2011. № 17. С. 28–38.
  13. Преподобная Евфросинья Полоцкая – слава земли белорусской / Сергий Гордун // Адукацыя і выхаванне. 2010. № 6. С. 75–79.
  14. Я таксама люблю Беларусь / протаіерэй Сергій Гардун // Дзеяслоў. 2009. № 2 (39). С. 320–325.
  15. У вечнай памяцi будзе праведнiк / протаіерэй Сергій Гардун // Царкоўнае слова. 2008. № 21. С. 6–7.
  16. Літургічнае жыццё праваслаўнай царквы / протаіерэй Сергій Гардун // Праваслаўе. 2007. № 14–15. С. 14–23.

 

Аб жыцці і дзейнасці С. А. Гардуна

  1. Гардун Сяргей Аляксеевiч // Памяць. Кобрынскі раён : гісторыка-дакументальная хроніка. Мінск, 2002. С. 432.
  2. Гапанович, А. Сергей Алексеевич Гордун / Афанасий Гапанович // Дивин – древний и молодой / Афанасий Гапанович. Брест, 2017. С. 70.
  3. Гардун Сяргей Аляксеевіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. Кобрын, 2020. С. 25–27.
  4. 65 гадоў з дня нараджэння С. А. Гардуна // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 119.
  5. Вядомыя людзі, ураджэнцы в. Дзівін. Гардун Сяргей Аляксеевіч // Дзівінскі шлях: гісторыя і дзень сённяшні : гісторыка-краязнаўчы нарыс да 550-годдзя з часу першага ўпамінання в. Дзівін Кобрынскага раёна / ДУК «Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2016. С. 36.
  6. Курачук, С. Люди белорусской науки – наши земляки / Светлана Курачук // Кобрынскі веснік. 2024. 27 студзеня. С. 14.
  7. Отошел ко Господу протоиерей Сергий Гордун // Царкоўнае слова. 2022. 1 ліпеня (№ 26). С. 2–3.
  8. Елизарова, Ж. Путь в вечность : [21 июня 2022 г. умер первый проректор Института теологии БГУ, профессор Минской духовной академии, клирик Минской епархии протоиерей Сергий Гордун] / Жанна Елизарова // Кобрынскі веснік. 2022. 25 чэрвеня. С. 12.
  9. Чарота, І. Развітанне з пастырам : [памяці протаіерэя Сергія Гардуна] / Іван Чарота // Звязда. 2022. 25 чэрвеня. С. 6.
  10. Пашкович, Л. Дивину – 555! : [профессор Минской духовной академии, первый проректор Института теологии Белорусского государственного университета протоиерей Сергей Гордун присутствовал на празднике аг. Дивин] / Людмила Пашкович // Кобрынскі веснік. 2021. 1 верасня. С. 7.
  11. Гардун, С. Як мітрапаліт Філарэт прывёў мяне ў семінарыю / Сергій Гардун // Царкоўнае слова. 2021. № 5. С. 6.
  12. Беларуская інтэлігенцыя ў выпрабаваннях часу : [так называўся круглы стол, які адбыўся ў прэс-цэнтры БелТА ў пачатку верасня бягучага года, удзельнічаў С. Гардун] // Беларуская думка. 2020. № 9. С. 16–19.
  13. Дабравесце.by : Новый Завет на белорусском языке доступен в интернете : [в аудиоверсии переводов Священного Писания Нового Завета протоиерей Сергий Гордун читает молитвы] // Кобрин-информ. 2020. 30 июля (№ 31). С. 11.
  14. 555-летие со дня основания Спасского женского монастыря г. Кобрина : [в день престольного праздника Спасского монастыря г. Кобрина протоиерей Сергий Гордун сослужил Высокопреосвященнейшему Иоанну, архиепископу Брестскому и Кобринскому] // Кобрин-информ. 2020. 20 августа (№ 34). С. 13.
  15. Галоўка, С. Служэнне словам і справай : [аб лаўрэатах прэміі «За духоўнае адраджэнне» за 2018 г. калектыве Біблейскай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы па перакладзе Свяшчэннага Пісання і богаслужэнняў на беларускую мову, сярод якіх протаіерэй Сергій Гардун і доктар філалагічных навук Іван Чарота] / Сяргей Галоўка // Беларуская думка. 2019. № 4. С. 9–15.
  16. Дзеля чалавека : [пра ўзнагароджанне лаўрэатаў прэміі «За духоўнае адраджэнне»; фота С. Гардуна] // Літаратура і мастацтва. 2019. 11 студзеня (№ 2). С. 1–2.
  17. Гардун, С. «Сімвал Беларусі» : перакладчыкі Бібліі на родную мову ўшанаваны высокай узнагародай [прэміяй «За духоўнае адраджэнне»] / Сергій Гардун ; [запісала] Ніна Шчарбачэвіч // Звязда. 2019. 10 студзеня. С. 1, 13.
  18. Цімошык, Л. На беларускай мове – з благаславеннем : [аб працы над перакладам на беларускую мову Новага Запавету расказаў протаіерэй Сергій Гардун] / Ларыса Цімошык // Настаўніцкая газета. 2017. 15 верасня. С. 4.
  19. Гардун, С. «Для землякоў-беларусаў» : [протаіерэй Сергій Гардун расказаў аб стварэнні перакладу на беларускую мову Новага Запавету] / Сергій Гардун ; [размаўляла] Ніна Шчарбачэвіч // Звязда. 2017. 12 верасня. С. 10.
  20. Гардун, С. Гаварыць з нябёсамі па-беларуску / Сергій Гардун ; [гутарыла] Вераніка Пуставіт // Звязда. 2014. 4 снежня. С. 5.
  21. Протаіерэй Сергій Гардун // Праваслаўе. 2011. № 17. С. 166.
  22. Гардун, С. «Нам неабходна шырокая дыскусія вакол выкладання ў школах асноў хрысцiянскай культуры» / Сергій Гардун ; [размаўляла] Вольга Мядзведзева // Звязда. 2009. 14 кастрычніка. С. 7.
  23. Канановіч, І. Захаваць i выхаваць веру : [аповяд айца Сергія Гардуна аб тым, як ён спасцігаў хрысціянства і ўмацоўваўся ў веры на сваім жыццёвым шляху] / Іван Канановіч // Ступени. 2009. № 1; № 2.
  24. Бунеева, Л. «Мы ідзём ад жыцця» : [аб укладзе нашых землякоў С. Гардуна, І. Чароты ў праваслаўнае асветніцтва] / Людміла Бунеева // Вечерний Брест. 2008. 5 сентября. С. 1.
  25. Гордун, С. Венчание: дань моде или традиция? : [беседа с протоиереем Сергием Гордуном] / Сергий Гордун ; [записала] Татьяна Ускова // Белорусская нива. 2008. 2 августа. С. 13.
  26. Раманоўская, М. Протаіерэй Сергій Гардун: «За спробу паступіць у семінарыю мяне маглі арыштаваць» / Марына Раманоўская // Царкоўнае слова. 2004. № 13. С. 4–6.
  27. Раманоўская, М. Протаіерэй Сергій Гардун: «Пасля сотні атэістычных кніг Евангелле было для мяне адкрыццём» / Марына Раманоўская // Царкоўнае слова. 2004. № 12. С. 4–6.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 51 разоў