Чацвер, 18 Красавік 2013 09:53

19 лiстапада 2013 г. – 105 гадоў з дня нараджэння Мiколы (Мiкалая Арцёмавiча) Засiма (1908, Пружанскi р-н – 1957), паэта

Мікалай Арцёмавіч Засім нарадзіўся 19 (па старым стылю 6) лістапада 1908 года ў вёсцы Шані Пружанскага павета (цяпер Пружанскi раён Брэсцкай вобласці) ў вялікай i беднай сялянскай сям’і.

{gcontent}У час Першай сусветнай вайны з бацькамі эвакуіраваўся ў Саратаўскую губерню, на радзіму Засімы вярнуліся ў 1921 годзе. Мікола Засім вучыўся спачатку ў рускай школе ў в. Папоўка каля Саратава, а пасля вяртання на родную Пружаншчыну скончыў сямікласную польскую школу.

Працаваў па найме, на Пружанскім лесапільным заводзе (тартаку). У 1924 годзе ўступіў у падпольную камсамольскую арганізацыю, затым у Камуністычную партыю Заходняй Беларусі. За ўдзел у рэвалюцыйным руху польскія ўлады яго не раз арыштоўвалі. У 1925 годзе зняволены ў пружанскую турму.

Пасля ўз’яднання Беларусі (1939) Мікола Засім абраны старшынёй Шанеўскага сельскага савета.

У час Вялікай Айчыннай вайны – партызан, інструктар Брэсцкага абласнога антыфашысцкага камітэта. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і трыма медалямі.

У 1944–1946 гадах – загадчык аддзела Пружанскага райвыканкама. Пасля заканчэння ў 1948 годзе Рэспубліканскай партыйнай школы пры ЦК КП(б)Б М. Засім працаваў у рэдакцыі брэсцкай абласной газеты “Заря” (1948–1957).

Вершы Мікола Засім пачаў пісаць у юнацтве. Першая публікацыя была ў віленскім часопісе “Маланка” (1928. № 5): сатырычны верш “Ні каровак, ні мандату…”. Друкаваўся ў часопісах “Маланка”, “Літаратурная старонка”, “Асва”, газетах “Наша воля”, “Наша праца”. У час Вялікай Айчыннай вайны друкаваў вершы ў падпольных газетах “Заря”, “За Родину”. Пісаў аб родным краі, аб жыцці сялян у Заходняй Беларусі, аб героіцы партызанскай барацьбы ў гады вайны, аб мірным жыцця пасля яе. Яго вершы перакладалі на рускую мову Аляксандр Твардоўскі, Міхаіл Луконін.

Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1945 года.

У 1948–1951 гадах кіраваў абласным літаратурным аб’яднаннем, якое грунтавалася вакол “Зари”. На пачатку 1951 года ў газеце “Заря” пачалі друкавацца літаратурныя старонкі, якія рыхтаваў М. Засім. З яго дапамогай змешчаны вершы Яраслава Пархуты, Мікалая Цялічкі, Уладзіміра Харужага, Мікалая Чарняева, Васіля Падбеды, Веры Сурскай, Уладзіміра Каліноўскага, Сцяпана Крэчко, Яўгена Жалнеровіча i iншых. У вачах юнакоў і дзяўчат М. Засім увасабляў прыклад сапраўднага прафесійнага паэта. Многія паэты Брэстчыны называюць сябе вучнямі М. Засіма.

Пры жыцці Міколы Засіма выйшлі два зборнікі паэзіі – “Ад шчырага сэрца” (1947) i “Вершы” (1954). Пасля смерці выдадзены: “Выбранае” (1960), “Вершы” (1973), “А за намі Белавежа” (1984).

Па ўспамінах сяброў, Мiкола Засім – мужчына-волат, асоба неардынарная, якой былi ўласцівы і трапны гумар, і незайздросная прамалінейнасць, і славеснае грубіянства, і нейкія іншыя недахопы ў складзе яго характару і паводзінах. Увогуле ён быў лагодным і памяркоўным чалавекам.

Мікола Засім памёр 19 верасня 1957 года, пахаваны на Трышынскіх могілках г. Брэста.

У Брэсце на доме, дзе была рэдакцыя газеты “Заря” (вул. Камсамольская, 40), у гонар М. Засіма ў 1988 годзе ўстаноўлена мемарыльная дошка. У студзені 1989 года Саветам Міністраў БССР Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы i Шанеўскай сярэдняй школе прысвоена імя Міколы Засіма. На будынку бібліятэкі ўстаноўлена мемарыяльная дошка. У Шанеўскай СШ створаны музей паэта.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

{/gcontent}

Творы М. Засіма

  1. А за намі Белавежа / Мікола Засім ; склад., аўтар прадмовы У. А. Калеснік. Мінск : Мастацкая літаратура, 1984. 126 с., 1 л. партр. Са зместу: Старонкi з жыцця : (паэма); Брэст, 1949–1954 гг. – С. 99–111.
  2. Вершы / Мікола Засім ; уклад. У. А. Калеснік. Мінск : Мастацкая літаратура, 1973. 159 с. (Бібліятэка беларускай паэзіі).
  3. Розныя шляхі ; Пры панскай Польшчы ; Сон ; Дуброва ; Забраная вясна ; За Радзіму ; Светлай памяці бацькоў ; Сястра мая… ; Маладой настаўніцы : [вершы 1930–1948 гг.] / Мікола Засім ; падрыхтоўка тэкстаў Казіміра Камейшы // Полымя. 2007. № 5. С. 95–97.
  4. Парагвай ; “Мы нічым не багаты…” ; Выпраўляла маці сына ; Светлай памяці бацькоў ; Сінія вочы : [вершы] / Мікола Засім // Анталогія беларускай паэзіі : у 3 т. Мінск, 1993. Т. 2. С. 266–268.

 

Аб жыцці і творчасці М. Засіма

  1. Паэт-змагар Мікола Засім : літаратурна-краязнаўчае выданне. Пружаны : ЦРБ імя М. Засіма, 2008. 23 с. (Знакамітыя землякі).
  2. Калеснік, У. Мікола Засім // Калеснік, У. Лёсам пазнанае : выбраныя літаратурныя партрэты і нарысы / Уладзімір Калеснік. Мінск : Мастацкая літаратура, 1982. С. 205–238.
  3. Калеснік, У. Урокі Засіма / У. Калеснік ; З успамінаў А. Петрыка, земляка паэта М. Засіма // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна. Мінск, 1992. С. 411–416.
  4. Туров, В. “З прывiтаннем М. Засім…” : [аб жыццi i творчасцi М. Засіма] // Туров, В. След : художественно-документальные очерки / Владимир Туров. Брест, 2010. С. 53–63.
  5. Гарай, А. Ралля, узараная вершам : [аб паэзіі М. Засіма] / Анатоль Гарай // Жырандоля : літаратурны альманах Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. № 1, 2008. Мінск : Кнігазбор, 2008. С. 5–12.
  6. Мікола Засім // Ляшук, В. Я. Літаратурная Берасцейшчына : краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. Мінск : Литература и Искусство, 2008. С. 207–209.
  7. Мікола Засім // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укладальнік А. Крэйдзіч. Брэст : ААТ “Брэсцкая друкарня”, 2008. С. 419–422.
  8. Засім Мікола // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 2. С. 506–509.
  9. Засим Микола // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 3. С. 621.
  10. Засім Мікалай Арцёмавіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Брэста : у 2 кн. Мінск : БЕЛТА, 2001. Кн. 2. С. 652.
  11. Могила Засима : [Николая Засима на Тришинском кладбище г. Бреста] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 74–75.
  12. Кажадуб, С. Лісты паэта Міколы Засіма да Яраслава Пархуты, нашага славутага земляка / Святаслаў Кажадуб // Івацэвіцкі веснік. 2009. 14 жн. С. 2.
  13. Зарэцкая, В. Я. Рэгіянальнае, нацыянальнае, агульначалавечае ў вершах Міколы Засіма // Зарэцкая, В. Я. Гуманістычны пафас заходнебеларускай літаратуры : манаграфія / В. Я. Зарэцкая, М. І. Яніцкі. Брэст : БрДУ, 2007. С. 80–90.
  14. Філатаў, Л. “Напаказ расхрыстаны паэт-партызан” : [успаміны пра сустрэчы з М. Засімам] / Леанід Філатаў // Народная трыбуна. 2009. 6 лістап. С. 11.
  15. Жэдзік, Г. Дні, напоўненыя паэзіяй Засіма : [пра вечары, прысвечаныя 100-годдзю з дня нараджэння М. Засіма, праведзеныя ў ЦБС] / Галіна Жэдзік // Раённыя буднi (Пружаны). 2008. 29 ліст. С. 4.
  16. Верин, И. Светлому человеку – светлая память : [к 100-летию со дня рождения М. Засима] / Илья Верин // Брестский вестник. 2008. 20 нояб. (№ 47). С. 12.
  17. Гавака, І. Мікола Засім сустракае чытачоў ля цэнтральнай бібліятэкі : [пра святкаванне 100-годдзя з дня нараджэння М. Засіма; адкрыццё мемарыяльнай дошкі на будынку ЦРБ імя М. Засіма] / Ірына Гавака // Раённыя буднi (Пружаны). 2008. 22 ліст. С. 2.
  18. Камейша, К. Мікола Засім : [аб жыцці і творчасці] / Казімір Камейша // Полымя. 2007. № 5. С. 91–94.
  19. Каўка, А. Коля Засім : [да 95-годдзя з дня нараджэння Міколы Засіма] / А. Каўка // ЛiМ. 2003. 14 ліст. С. 7.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2770 разоў Апошняя змена Панядзелак, 06 Красавік 2020 12:48