Аўторак, 02 Красавік 2024 15:12

2024 г. — 60 гадоў з часу заснавання філіала «Аўтамабільны парк № 15 г. Драгічына» ААТ «Брэстаблаўтатранс» (1964)

 

Сваю гісторыю аўтамабільны парк № 15 г. Драгічына Брэсцкай вобласці адлічвае з 1964 г., калі ў складзе філіяла Кобрынскай аўтабазы была арганізавана Драгічынская аўтабаза № 5. Яе першым кіраўніком з’яўляўся Аляксандр Лукіч Гац.

На аўтабазу № 5 ускладаліся абавязкі па забеспячэнні горада і раёна аўтамабільнымі перавозкамі грузаў і пасажыраў. У той час вытворчыя і адміністрацыйныя памяшканні новаўтворанага аўтатранспартнага прадпрыемства размясціліся ў будынках па вул. Кастрычніцкай, 57. У аўтагаспадарцы налічвалася 79 грузавых аўтамабіляў і 11 аўтобусаў з рабочым персаналам 248 чалавек. Аўтагаспадарка мела такія аўтамашыны, як ГАЗ-51, ЗІЛ-164, КАЗ-608.

Функцыянавалі два гарадскія маршруты ў Ліпнікі і Літоўск, на якіх працавалі два аўтобусы ПАЗ-651 умяшчальнасцю 25 пасажыраў. На васьмі прыгарадных маршрутах працавалі аўтобусы КАЗ. У 1973 г. у Драгічыне была пабудавана новая аўтастанцыя, якая з’яўляецца падраздзяленнем прадпрыемства. Пік развіцця аўтапарка прыпаў на першую палову 1980-х гг. У 1985 г. былі пабудаваны новыя вытворчыя і адміністрацыйныя будынкі на 200 аўтамабільных месцаў па вул. Юбілейнай, 45, дзе знаходзяцца па цяперашні час.

За гісторыю свайго існавання транспартная арганізацыя зведала шэраг змяненняў і рэарганізацый: у 1973 г. аўтабаза № 5 была перайменавана ў аўтакамбінат № 3, у 1977 г. – у аўтакалону 2452, а ў 2009 г. атрымала цяперашнюю назву. У свой час прадпрыемства узначальвалі Уладзімір Паўлавіч Трыфанаў, Мікалай Яфімавіч Маскалюк, Уладзімір Уладзіміравіч Шуст, Уладзімір Уладзіміравіч Гац, Вячаслав Віктаравіч Касянчук, Васіль Міхайлавіч Ганчар, Мікалай Мікалаевіч Млынчык, Мікалай Андрэевіч Гарнастай, Уладзімір Міхайлавіч Мазоль, зараз – Сяргей Мікалаевіч Галамака.

За 2023 г. аўтапарк папоўніўся двума новымі транспартнымі сродкамі для перавозкі пасажыраў. За кошт уласных сродкаў прадпрыемства быў набыты ПАЗ-4234, а за кошт сродкаў з абласнога бюджэту – МАЗ-203, які задзейнічаецца пры ажыццяўленні гарадскіх перавозак на рэйсах з найбольшым пасажырапатокам.

На сённяшні дзень агульная працягласць маршрутаў сеткі аўтапарка складае амаль 6 тысяч км. Рэйсы выконваюцца па 100 маршрутах, з іх 5 гарадскіх і 95 прыгарадных. У склад аўтапарка ўваходзіць аўтобусная станцыя Драгічын. За мінулы год пасажыраабарот склаў больш за 7 млн. пасажыра-кіламетраў, рост у параўнанні з папярэднім перыядам – 104,1%. За год аўтапаркам было перавезена больш за 436 тысяч пасажыраў, рост – 103,5%. Ва ўмовах дзеючай сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў склалася рацыянальная маршрутная сетка, якая задавальняе запыты насельніцтва з улікам выдзялення бюджэтных сродкаў на субсідаванне сацыяльна значных перавозак.

На пастаяннай аснове праводзіцца работа па вывучэнні попыту насельніцтва для распрацоўкі найбольш зручнага і актуальнага раскладу руху, які задавальняе патрэбы пасажыраў. У выпадку неабходнасці і мэтазгоднасці праводзіцца адпаведная карэкціроўка маршрутаў. У залежнасці ад пасажырапатоку на лініі курсуюць аўтобусы рознай марачнасці: у гадзіны пік аўтобусы большай умяшчальнасці, у астатні час і на маршрутах з малым пасажырапатокам – аўтобусы меншай умяшчальнасці.

Сёння грузавы парк прадпрыемства прадстаўлены чатырнаццаццю аўтамабілямі маркі МАЗ. У 2023 г. рухомы састаў папоўніўся двума «дваццацітоннікамі». За 2023 г. перавезена амаль 160 тысяч т грузаў, грузазварот склаў каля 7,7 млн. тона-кіламетраў. Па грузаперавозках аўтапарк цесна супрацоўнічае з раённымі арганізацыямі ДРБУ № 177, ПМК № 8, ДСУ № 32, а таксама Белаазёрскім энергамеханічным заводам і інш.

Таксама выконваюцца міжнародныя грузаперавозкі, на якіх задзейнічаны тры седлавыя цягачы з прычэпамі. Асноўнымі контрагентамі выступаюць арганізацыі Расійскай Федэрацыі. У цяперашні час Драгічынскі аўтамабільны парк № 15 прапануе розныя дадатковыя паслугі, сярод якіх – дыягностыка аўтамабіляў, медыцынскі агляд кіроўцаў на допуск да працы, перадрэйсавы кантроль тэхнічнага стану транспартных сродкаў, паслугі пагрузчыка «Амкадор» і рамонтнай майстэрні.

У аўтарамонтнай майстэрні працуюць слесары, токар, зваршчык, электрык, шынамантажнік. Іншым арганізацыям аказваюцца паслугі па рамонце рухавікоў, выконваюцца кузаўныя работы і іншыя віды рамонту. У мінулым годзе набыты новы стэнд шынамантажу для грузавых аўтамабіляў.

На транспартным прадпрыемстве працавалі тысячы людзей, і кожны з іх унёс сваю лепту ў развіццё аўтапарка, перавозак, рашэнне сацыяльных і жыццёвых пытанняў насельніцтва, зручнасць і камфортнасць перамяшчэння жыхароў і гасцей Драгічынскага раёна.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024г. Драгічынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Кобак Ніна Паўлаўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Родько, М. Маршрут длиною в шестьдесят лет / Максим Родько // Драгічынскі веснік. 2024. 15 сакавіка (№ 11). С. 12–13.
  2. Рассафонов, А. Счастливое детство на улице Юбилейной / А. Рассафонов // Драгічынскі веснік. 2022. 27 мая (№ 21). С. 20.
  3. Гучек, О. Директор из Дрогичина / Оксана Гучек // Транспортный вестник. 2019. 3 октября (№ 40). С. 12.
  4. Головийчук, К. Дело, ставшее судьбой / Кристина Головийчук // Транспортный вестник. 2019. 14 марта (№ 11). С. 10. 
  5. Шафран, Г. Автопарк № 15 укрепляет позиции / Галина Шафран // Драгічынскі веснік. 2018. 7 сакавіка. С. 4.
  6. Рассафонов, А. Дорожные были Петра Марчука : [П. П. Марчук – 28 лет проработал в автоколонне 2452 (нынешний автопарк № 15)] / А. Рассафонов // Драгічынскі веснік. 2016. 29 кастрычніка. С. 4.
  7. Шафран, Г. Дороги разные сюда вели... : история автопарка – глазами ветеранов / Галина Шафран // Драгічынскі веснік. 2014. 15 сакавіка. С. 4.
  8. Горностай, Н. А. Наш потенциал – в мастерстве и профессионализме тружеников / Николай Горностай ; беседовала Галина Шафран // Драгічынскі веснік. 2014. 15 сакавіка. С. 3.
  9. Горностай, Н. А. Главное – нам удалось сохранить автопарк / Н. А. Горностай // Драгічынскі веснік. 2006. № 85. С. 1.

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 37 разоў