Серада, 10 Красавік 2024 10:49

2024 г. –—110 гадоў з часу пабудовы Свята-Сімяонаўскай царквы ў г. Камянец (1914), помніка архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю

Старажытны г. Камянец Брэсцкай вобласці калісьці быў багаты праваслаўнымі храмамі. Паводле Іпацьеўскага летапісу ў 1276 г. пабудаваны абарончы слуп і на горцы «Кладуча» — першая царква Благавешчання Прасвятой Багародзіцы. Пазней была ўзведзена царква Раства Хрыстова, яшчэ пазней — Уваскрэсення Хрыстова, пры ёй быў адкрыты мужчынскі манастыр, з 1711 г. па 1885 г. дзейнічала Спаса-Праабражэнская царква.

Гісторыя Свята-Сімяонаўскага прыходу пачалася яшчэ ў другой палове ХVI ст. У 1562 г. прыхаджане пабудавалі з дрэва царкву на пагорку, які з усходу абмываўся безназоўным прытокам ракі Лясная.

Па хадайніцтву настаяцеля Льва Паеўскага імператар Мікалай II, які ў той час знаходзіўся ў Белавежскай пушчы, у 1897 г. выдзеліў 50 тысяч залатых рублёў на будаўніцтва храма і рамонт Камянецкай вежы. Будаўніцтва пачалося не адразу, толькі ў 1902 г. былі складзены план і смета. Усе клопаты па будаўніцтве ляглі на плечы чарговага настаяцеля Канстанціна Тарановіча. У 1912–1914 гг. на месцы старога храма была ўзведзена царква з цэглы паводле праекта гродзенскага архітэктара Вільгельма Аўгуставіча Срокі (1866–1939).

Нараджэнне новай царквы, правапераемніцы старой, прыйшлося перад пачаткам Першай сусветнай вайны. З набліжэннем фронту народ стаў ад’язджаць у бежанства, царква зачынілася. Набажэнствы аднавіліся пасля вяртання прыхаджан, храм стаў папаўняцца богаслужбовым начыннем, кнігамі. 5 мая 1924 г. царква зноў была асвечана епіскапам Палескім і Пінскім Аляксандрам (Іназемцавым). У гады Вялікай Айчыннай вайны многія цэрквы былі спалены, гэтая доля Камянецкую Сімяонаўскую царкву абмінула.

Камянецкая Сімяонаўская царква з’яўляецца помнікам архітэктуры рэтраспектыўна-рускага (псеўдарускага) стылю. Па сваёй аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі яна складаецца з чатырох частак: прытвор, які заканчваецца вежай, трапезная, асноўны храмавы аб’ём, пяцісценная апсіда. Высокі, прамавугольны ў плане прытвор і двух’ярусная вежа-званіца, якая ўзвышаецца над ім, складаюць галоўны фасад храма. У цэнтры — галоўны ўваход, аформлены перспектыўным арачным парталам, у тымпане якога размешчана мастацкае пано з вобразам Сімяона Стоўпніка.

Галоўны фасад па вертыкалі дзеліцца на тры часткі: цэнтральную — аснову вежы — і дзве бакавыя, дзе размешчаны службовыя памяшканні. Кожная частка фланкіравана пілястрамі і дэкарыравана арачнымі нішамі паміж імі. Першы і другі ярусы вежы — васьмігранныя з арачнымі аконнымі праёмамі, вуглы граняў аформлены пілястрамі. Завяршае вежу высокі шацёр, на гранях якога ў два ярусы размешчаны вокны — люкарны. Над шатром цыбулепадобная глаўка з металічным крыжам. Трапезная, якая злучае вежу-званіцу з асноўным аб’ёмам — гэта невялікая прамавугольная ў плане частка, вузкія сцены якой прарэзаны арачным акном.

Асноўная частка храма — гэта высокі, манументальны квадратны ў плане аб’ём. Цэнтральная частка ўвенчана масіўным купалам, які стаіць на цыліндрычным барабане з васьмю арачнымі вокнамі. Вакол купала ўстаноўлены чатыры цыбулепадобныя глаўкі на цыліндрычных барабанах з арачнымі нішамі. Барабаны купала і чатырох главак апіраюцца на невысокую цыліндрычную аснову, дэкарыраваную закамарамі. Бакавыя сцены асноўнага аб’ёму храма маюць трохчасную кампазіцыю, якую завяршае невысокая пяцісценная апсіда.

Сімяонаўская царква выдзяляецца манументальным аб’ёмам з высокімі дамінантамі — шатровай званіцай і купалам. Мастацкую выразнасць узмацняе каляровае вырашэнне: усе сцены храма пафарбаваны ў блакітны колер, а дэкаратыўныя дэталі — ліштвы акон, карнізы, броўкі — у белы. Храм стаіць на высокім месцы, да яго галоўнага фасада вядзе шырокая лесвіца з 35 прыступак.

Асноўны дэкаратыўны элемент інтэр’ера — трох’ярусны драўляны іканастас з шырокімі бакавымі ківотамі, што стаяць асобна ўздоўж бакавых сцен храма. Іканастас зроблены з цёмнага моранага дубу ў канцы XIX ст., у 1926 г. намаганнямі рэгента храма Сімяона Карнелюка прывезены з Варшавы (тады ў Польшчы шмат праваслаўных храмаў былі зачынены) на ахвяраванні прыхаджанкі Феадосіі Трайчук. У цэнтры цудоўнай работы іканастаса — Царскія вароты з невялікімі вобразамі евангелістаў Матфея, Лукі, Марка, Іаана Багаслова, а таксама кампазіцыі «Благавешчанне». Па баках ад Царскіх варот — чатыры вялікія іконы з выявамі ва ўвесь рост: «Збавіцель», «Ісус Хрыстос», «Архідыякан Стэфан», «Архістраціг Міхаіл». Над Царскімі варотамі — кампазіцыя «Тайная вячэра».

Важнай падзеяй у жыцці прыхода з’яўляецца ўстанаўленне святкавання ў гонар Камянецкай іконы Божай Маці па бласлаўленню епіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана 15 лістапада. Ікона са старажытных часоў лічылася цудатворнай, з’яўляецца святыняй Сімяонаўскай царквы. Вобраз Камянецкай Прасвятой Багародзіцы напісаны заснавальнікам горада князем Уладзімірам яшчэ ў 1268 г. і быў падораны ў Камянецкую царкву Прасвятой Багародзіцы. Пасля разбурэння царквы (прыкладна 1865 г.) ікона Божай Маці перанесена ва Уваскрасенскую, затым — у драўляную Сімяонаўскую царкву.

З гэтай іконай настаяцель царквы Леў Паеўскі прасіў у Мікалая II сродкі на рэстаўрацыю Камянецкага слупа і будаўніцтва новага цаглянага храма і падарыў яе імператару. Мікалай II ікону павёз у Санкт-Пецярбург, з тых часоў яе месцазнаходжанне невядома. У Камянцы засталася копія іконы, у 1998 г. яна была адрэстаўравана і цяпер знаходзіцца на аналое злева ад Царскіх варот.

На працягу існавання ў храме служылі свяшчэннікі: Павел Крукоўскі, Іларыён Мар’яновіч, Аляксей Яхімовіч, Стэфан Бядрыцкі, Аляксей Жукоўскі, Фрол Качаноўскі, Іосіф Кунаховіч. З 1852 г. — Аляксей Лячыцкі, пры якім у прыходзе было праваслаўнае брацтва Касьмы і Даміяна. З 1882 г. — Іаан Маркевіч. З 1894 г. — іерэй Леў Сямёнавіч Паеўскі (1856–1912), які быў надзелены талентам гісторыка, краязнаўцы, археолага і этнографа. З 1906 г. — Іларыён Будзіловіч. З 1910 г. — Канстанцін Аўгусцінавіч Тарановіч (1876–1927), выпускнік Літоўскай духоўнай семінары ў Вільні, пад яго духоўным пачаткам вялося будаўніцтва цаглянай Сімяонаўскай царквы, пасля Першай сусветнай вайны вярнуўся ў Камянец. У1935–1937 гг. — Ян Наўродскі. У 1940–1969 гг. — Уладзімір Філосафаў. У 1969–1990 гг. — протаiерэй Аляксей Патока, які ў перыяд ганення на царкву праявіў цвёрдасць духу і захаваў царкву ад разбурэння і закрыцця. Пры ім пастаўлена жалезная агароджа, пабудаваны прыступкі да храма. Карыстаўся заслужанай павагай у прыхаджан. У 1990-я гг. — Аляксей Скулавец, Стэфан Агіевіч, Яўгеній Лукашэвіч. Генадзь Сідарук, Аляксей Барзоў, Андрэй Мароз.

З 2009 г. настаяцелем храма з’яўляецца іерэй Сергій Буркоўскі, благачынны Камянецкай царкоўнай акругі. У храме наладжана паўнавартаснае прыхадское жыццё. Працуе Нядзельная школа, дзейнічае Маладзёжнае брацтва ў гонар Сімяона Стоўпніка, створана Сястрыцтва ў гонар святога вялікамучаніка і лекара Панцеляймона. Духоўна-асветніцкая і сацыяльная работа накіравана на аказанне дапамогі Пелішчанскаму сацыяльнаму прыюту, інвалідам, пажылым людзям. Пры цэнтральнай раённай бальніцы адкрыты малітоўны пакой, дзе святары здзяйсняюць малебны, праходзіць споведзь і прычашчэнне хворых.

Духоўна ўдасканальвацца, атрымаць дапамогу і падтрымку прыхаджане могуць у бібліятэцы, якая працуе пры храме. Фонд бібліятэкі налічвае больш за 1500 дакументаў праваслаўнай тэматыкі: кніг, перыёдыкі, электронных выданняў, імі карыстаюцца звыш 100 чытачоў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.

Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай

імя У. М. Ігнатоўскага.

Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Каменецкая Симеоновская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия. Минск, 2009. Т. 1, кн.1. С. 438.
  2. Царква ў імя Святога Сімяона : [г. Камянец] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 190–191.
  3. Свята-Сімяонаўская царква : [г. Камянец] // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 96.
  4. Свята-Сімяонаўская царква, г. Камянец // Праваслаўныя храмы Камянеччыны. Брест : РИА «Вечерний Брест», 2013. С. 48–55.
  5. Чарняўская, Т. Праваслаўныя храмы : Сімяонаўская царква (г. Камянец) / Т. Чарняўская // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 85–88.
  6. Комарова, А. М. Симеоновская церковь : [г. Каменец] / А. М. Комарова, А. Н. Кулагин // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 220–221.
  7. Габрусь, Т. В. Камянецкая Сімяонаўская царква / Т. В. Габрусь // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 659.
  8. Камарова, А. М. Сімяонаўская царква : [г. Камянец] / А. М. Камарова, А. М. Кулагін // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 199.
  9. Храма благовест Святой : Свято-Симеоновская церковь г. Каменца / Каменецкая ЦРБ им. В. Игнатовского ; сост. Г. П. Жедик. – Каменец, 2014. – 16 с.
  10. Мусевич, Г. С. Один из древних храмов Каменца / Георгий Мусевич. – Каменец, 2002. – 23 с.
  11. Мусевіч, Г. Іканастас Свята-Сімяонаўскага храма / Г. Мусевіч // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 90.
  12. Мусевич, Г. Православные церкви моей Каменетчины / Георгий Мусевич // Брестские епархиальные ведомости. 2024. № 1. С. 68–75.
  13. Борзов, А. Через века, под покровом Богородицы : [история Каменецкой иконы Божией Матери] / Алексей Борзов // Навіны Камянеччыны. 2019. 2 лістапада (№ 44). 16–17.
  14. Михальчук, В. О чудотворной Каменецкой иконе Богородицы и Приснодевы Марии / Виталий Михальчук // Навіны Камянеччыны. 2019. 19 кастрычніка (№ 42). С. 18.
  15. Михальчук, В. Каменецкий иконостас / Виталий Михальчук // Навіны Камянеччыны. 2019. 12 кастрычніка (№ 41). С. 18–20.
  16. Осташеня, А. Открываем Каменец заново. Храм преподобного Симеона Столпника / Андрей Осташеня // Навіны Камянеччыны. 2019. 13 апреля (№ 15). С. 18–19.
  17. Философ, В. Двадцать лет на пути к свету и добру : [о юбилее воскресной школы при Симеоновской церкви] / Вера Философ // Навіны Камянеччыны. 2016. 26 лістапада (№ 48). С. 22.
  18. Ролич, О. Каменецкая Богородица / Ольга Ролич // Заря. 2016. 10 ноября. С. 18.
  19. Философ, В. Вторые Свято-Симеоновские чтения / Вера Философ // Навіны Камянеччыны. 2015. 10 кастрычнiка. С. 20.
  20. Мусевич, Г. Лев Паевский – священник, ученый, патриот / Георгий Мусевич // Навiны Камянеччыны. 2015. 30 мая (№ 22). С. 20.
  21. Трибулева, Е. Чудеса с иконой : отец Сергий: «Она найдется, если будет промысел Божий» / Елена Трибулева // Вечерний Брест. 2015. 3 апреля. С. 1–2.
  22. Семенюк, О. Симеоновский храм отметил юбилей : [100 лет] / Ольга Семенюк // Навіны Камянеччыны. 2014. 6 снежня. С. 6.
  23. Мусевич, Г. Стоит на высоком месте храм-красавец / Георгий Мусевич // Брестские епархиальные ведомости. 2013. № 3. С. 71–74 ; № 4. С. 66–68.
  24. Рубашевский, Ю. «Обет свой исполнил» : [о священнике Льве Семеновиче Паевском] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2013. 6 марта (№ 19). С. 11.
  25. Рекуц, С. «Золотые» купола : [о работах по ремонту куполов Свято-Симеоновской церкви г. Каменца] / С. Рекуц // Заря. 2012. 1 ноября. С. 6.
  26. Мусевич, Г. Последний храм Каменца / Георгий Мусевич // Брестские епархиальные ведомости. 2011. № 2. С. 56–57.
  27. Глазов, В. Лев Паевский, священник и историк / Владимир Глазов // Брестский курьер. 2010. 25 ноября (№ 48). С. 21.
  28. Логашева, Ю. Покров Пречистой над Каменецкой землей / Юлия Логашева // Брестские епархиальные ведомости. 2009. № 4. С. 38–39.
  29. Мусевіч, Г. Цудоўны абраз Маці Божай Камянецкай / Георгiй Мусевiч // Echa Polesia. 2008. № 3. S. 80.
  30. Мусевіч, Г. Храм, прысвечаны Сімяону Столпніку / Георгій Мусевіч // Навіны Камянеччыны. 2004. 11 верасня.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 38 разоў