Аўторак, 16 Красавік 2024 17:12

15 сакавіка 2024 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Мікалая Васільевіча Амялюсіка (1949–1996), эколага, пісьменніка, фатографа

Мікалай Васільевіч Амялюсік нарадзіўся 15 сакавіка 1949 г. у в. Стаўкі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Вучыўся ў мясцовай пачатковай школе, потым – у сярэдняй школе в. Міжлессе, атэстат сталасці атрымаў у вячэрняй школе рабочай моладзі. Працоўную дзейнасць пачаў на Бярозаўскім масласырзаводзе.

Пасля службы ў Савецкай арміі Мікалай Амялюсік працаваў ў Сігневіцкім будаўніча-меліярацыйным упраўленні. Тады ж паспрабаваў свае сілы на творчай ніве: пачаў друкавацца ў раённай газеце «Маяк коммунизма». Першы яго верш быў надрукаваны ў студзенi 1970 г. З 1973 г. — член літаратурнага аб’яднання «Крыніца» пры рэдакцыі раёнкi. У 1973–1975 гг. займаў прызавыя месцы ў літаратурным конкурсе «Сохраним и приумножим природные богатства».

Мікалай Амялюсік працаваў два гады фотакарэспандэнтам раённай газеты (1977–1979). Пасля — у рыбгасе «Белаазёрскі», затым пачалася ягоная адысея меліяратара. Спачатку на прасторах Бярозаўскага раёна — Сялецкае водасховішча, возера Чорнае, Спораўскія балоты. Затым была Гомельшчына, потым зноў Брэстчына. Заўсёды з ім былі блакнот і фотаапарат: ён збіраў непаўторныя ўраджанні ад сустрэч з цудоўным светам прыроды.

Геадэзісту земснарада Мікалаю Амялюсіку трэба дзякаваць за тое, што для нашчадкаў быў захаваны дзівосны куточак палескай прыроды. Менавіта ён натрапіў на Спораўскіх балотах на каштоўную чырвонакніжную кветку — венерын чаравічак. Пра незвычайную біялагічную знаходку расказаў на старонках раённай газеты, паставіў шэраг пытанняў. Аператыўна была створана экспедыцыя спецыялістаў некалькіх інстытутаў і інстытута «Саюзгіпрамеліявадгас», якая з дапамогай трэста «Галоўпалессевадбуд» правяла дэталёвае абследванне тэрыторыі. Вынікі былі ашаламляльнымі. Вучоныя выявілі яшчэ адзінаццаць раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі, а таксама дванаццаць прадстаўнікоў жывёльнага свету, якія лічацца рэдкімі.

Гісторыя атрымала шчаслівае завяршэнне: меліярацыйныя работы былі спынены рашэннем Бярозаўскага райвыканкама ад 29 снежня 1988 г. Неўзабаве быў створаны біялагічны заказнік «Спораўскі», якому нададзены статус рэспубліканскага.

Мікалай Амялюсік пісаў вершы, апавяданні, гумарэскі, замалёўкі па-руску і па-беларуску, яны друкаваўся ў газетах і часопісах. Фотаздымкі і замалёўкі часта з’яўляліся на старонках часопіса «Родная прырода». Ён быў знаёмы з вядомымі беларускімі аматарамі фотапалявання Вадзімам Сугойдзем, Віктарам Ярашчуком, Вільгельмам Дубіловічам. Разам яны пабывалі ў Белавежскай пушчы, у Негарэльскай паляўнічай гаспадарцы. Быў членам Усесаюзнага арніталагічнага таварыства.

У 1989 г. у выдавецтве «Полымя» ўбачыла свет першая і, на жаль, апошняя кніжка эцюдаў аб прыродзе «Рябина у окна» сябра усесаюзнага арніталагічнага таварыства Мікалая Амялюсіка. Прадстаўляючы чытачу сваю кнігу, напісаў: «Так хочацца, каб ніколі не мутнелі крыніцы, з якіх мы п’ем. Каб дарылі нам радасць журавы. Каб гучалі ў нашай душы вясёлыя перазвоны сінічак. Каб не канчаўся залаты лістапад. Каб чырванела пад акном рабіна».

Так мог гаварыць чалавек, які балюча адчуваў вусцішны, разбуральны наступ тэхнізаванага чалавечага грамадства на безабароненую прыроду. Аўтар глядзеў на гэты свет па-асабліваму — з любоўю, цярпеннем і надзеяй.

Апошняе апавяданне ў кнізе называецца «Дни — как люди»: «…рождаются, живут и умирают… Будет новый день. А сегодняшний уже никогда не повторится. Так же как не повторится ничья жизнь — ни букашки, ни птицы, ни зверя, ни человека».

М. В. Амялюсіка не стала 28 кастрычніка 1996 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.

Бярозаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай

 

Творы М. Амелюсіка

  1. Рябина у окна : этюды о природе / Николай Омелюсик. – Минск : Полымя, 1989. – 175 с.
  2. «Золотая осень…» : [стихотворение] / Николай Омелюсик // Маяк. Берёза, 1997. 1 июля.
  3. Хвосцікам лёд раскалолі ; Пагаслі сонейкі ; Зуёк і сітаўка : вясновыя эцюды / Мікалай Амялюсік // Родная прырода. 1997. № 2. С. 15.
  4. «То тучи на небе...» : [стихотворение] / Николай Омелюсик // Маяк. Берёза, 1996. 10 декабря.
  5. «В ту осень потерял я много…» ; «Золотая осень…» ; «Мороз уж тронул ягоды калины…» ; «Сказала ты: забудем всё былое…» : [стихи] / Николай Омелюсик // Маяк. Берёза, 1996. 5 ноября.
  6. «За рекой кричали журавли…» ; «Облака плыли по небу…» : [стихи] / Николай Омелюсик // Маяк. Берёза, 1996. 1 октября.
  7. Сучасны рабінзон : [жарт] / Мікалай Амелюсік // Народная трыбуна. 1996. 26 ліпеня.
  8. «Птица вещая – кукушка…» : [стихотворение] / Николай Омелюсик // Маяк. Берёза, 1996. 16 июля.
  9. «Сёння вецер данёс…» ; «Адляцелі ластаўкі…» ; «Зімовы лес…» : [вершы] ; Дуб і крыж ; Падаў голас драч : [замалёўкі] / Мікалай Амелюсік // Прырода. 1996. № 6. С. 26.
  10. Чужие дети : рассказ / Николай Омелюсик // Маяк. Берёза, 1996. 8 июня.
  11. Банный день : рассказ / Николай Омелюсик // Маяк. Берёза, 1996. 20 февраля.
  12. Пусть все живут : [стихотворение] / Николай Омелюсик // Маяк. Берёза, 1995. 18 ноября.
  13. Продаётся девочка : рассказ / Николай Омелюсик // Маяк. Берёза, 1995. 30 сентября.
  14. Беда деда Мирона : рассказ / Николай Омелюсик // Маяк. Берёза, 1995. 5 сентября.
  15. «Над заросшим окопом…» : [стихотворение] / Николай Омелюсик // Маяк. Берёза, 1995. 1 августа.
  16. Последний ток : рассказ / Николай Омелюсик // Маяк. Берёза, 1995. 23 мая.
  17. «Ты прости, что иногда молчу…» ; «На сад цветущий падал снег…» ; «Опьянил март берёзовым соком…» ; «Над деревней тихий вечер опустился…» ; «Я уходил из дома не навечно…» ; «Осень крылом крылом журавлиным взмахнула…» ; «Давно уже тебе я не писал…» ; «Укрыты снегом поле, лес, деревня…» : [стихи разных лет] / Николай Омелюсик // Маяк. Берёза, 1995. 7 февраля.
  18. Старый сад ; «Уже отпели…» : [стихи] / Николай Омелюсик // Маяк. Берёза, 1994. 6 августа.

 

Аб жыцці і творчасці М. Амелюсіка

  1. Лукашев, И. Памяти друга : к годовщине смерти Николая Омелюсика : [стихотворение] / И. Лукашев // Маяк. Береза, 1997. 25 октября.
  2. Памяти товарища [Николая Васильевича Омелюсика : некролог] / маяковцы // Маяк. Берёза, 1996. 1 ноября.

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 28 разоў