Серада, 17 Красавік 2024 09:53

16 красавіка 2024 г. — 140 гадоў з дня нараджэння Якуба Сулейманавіча Шынкевіча (1884), доктара філасофіі, татарскага рэлігійнага і грамадскага дзеяча

Якуб Сулейманавіч Шынкевіч нарадзіўся 16 красавіка 1884 г. у мястэчку Ляхавічы Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер г. Ляхавічы Брэсцкай вобласці) у сям’і татарскага землеўладальніка Сулеймана Шынкевіча і яго жонкі Фацімы. Меў брата Мустафу Шынкевіча, старшыню грамадства польскіх татар, і сястру Аміну.

Якуб Шынкевіч вучыўся ў розных пачатковых школах, затым у пятнаццацігадовым узросце быў залічаны ў трэці клас рэальнага вучылішча ў Мінску, дзе навучаўся ў 1899–1904 гг. У 1904–1910 г. вучыўся ў Санкт-Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце. У 1912 г. паступіў на ўсходнезнаўчае аддзяленне гісторыка-філалагічнага факультэта Санкт-Пецярбургаскага ўніверсітэта.

Пасля пачатку Першай сусветнай вайны быў вымушаны перарваць навучанне, знаходзіўся на фронце. Восенню 1919 г. пераехаў у Берлін, каб працягваць навучанне ва ўніверсітэце. У 1925 г. у Берлінскім універсітэце абараніў доктарскую дысертацыю, атрымаў ступень доктара філасофіі.

28 кастрычніка 1925 г. Якуб Шынкевіч быў абраны муфтэям польскіх мусульманаў. Яго сядзіба знаходзілася ў Вільні. Двойчы, у 1926 г. і 1932 г., удзельнічаў у Мусульманскім кангрэсе ў Егіпце і Ерусаліме. Наладзіў сувязі з іншымі мусульманскімі краінамі. У 1928 г. наведаў Югаславію, Балгарыю, Турцыю. У 1930 г. быў прыняты каралём Егіпта Фуадам Першым. Адтуль здзейсніў хадж да Меккі і Медыны.

У 1935 г. Якуб Шынкевіч прымаў удзел у Еўрапейскім Мусульманскім Кангрэсе. Свабодна размаўляў на некалькіх усходніх мовах, у тым ліку на стараасманскай. Пераклаў на польскую мову шэраг вершаў з Карана і выдаў кнігу «Wersety z Koranu» (1935). 21 красавіка 1936 г. Якуб Шынкевіч стварыў Мусульманскі рэлігійны саюз у Рэчы Паспалітай (Muzulmanski Zwiazek Religiny w RP), які і ўзначаліў. У канцы 1930-х гг. планаваў пабудаваць у Варшаве мячэць, але гэтаму перашкодзіла Другая сусветная вайна.

Падчас вайны жыў і працаваў пад нямецкай акупацыяй. Быў муфтэям усіх мусульман, якія пражылі падчас вайны на захопленых немцамі тэрыторыях. Увосень 1942 г. арганізаваў у Мінску сваё прадстаўніцтва на чале з Алi Смайкевічам. У сакавіку 1944 г. па ініцыятыве Якуба Шынкевіча быў створаны Союз татарскай моладзі, штаб якога размясцілі ў Баранавічах.

Пасля вайны Якуб Шынкевіч выехаў у Егіпет, дзе жыў да 1952 г., затым пераехаў у ЗША. Быў жанаты на Лідзіі Талькоўскай (10.07.1910–15.02.1982), меў сына Джаміля. Памёр 1 лістапада 1966 г. у штаце Канектыкут.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.

Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы.

Зелянко Таццяна Уладзіміраўна,

заг. сектара аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў

 

  1. Гришин, Я. Я. Польско-литовские татары: взгляд через века : исторические очерки / Я. Я. Гришин. – Казань : Татарское книжное издательство, 2000. – 158 с.
  2. Усманова, Д. Ученый, муфтий и политик – три «жизни» Якуба Шинкевича / Диляра Усманова // Tatars in the history and culture of Lithuania from the14th to the 21st centuries. The Latest Researches. Vilnius : Vilniaus Universiteto Leidykla, 2023. P. 181–202.
  3. Грибова, С. В. Отношение к коллаборационизму в среде белорусских татар во время Великой Отечествченной войны / С. В. Грибова // Белорусский исторический обзор. 2022. № 1. С. 141–154.
  4. Грыбава, С. У. Беларускія татары падчас Вялікай Айчыннай вайны: гістарыяграфія праблемы / С. У. Грыбава // Вестник Брестского государственного технического университета. Серия: Гуманитарные науки. 2011. № 6. С. 21–23.
  5. Грыбава, С. У. Палітыка нямецкіх улад у дачыненні да татарскага насельніцтва Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны / С. У. Грыбава // Віцебшчына ў 1941–1945 гг.: супраціў, вызваленне, ушанаванне памяці : матэрыялы рэсп. навук.-практ- канф. Віцебск, 2009. С. 100–105.
  6. GzewinskiG. Spawozdania z podrozy muftiego jakuba Szynkiewicza. Zrodla, omowienie, interpretacja / Grzegorz Gzewinski. – Bialystok : Ksiaznica Podlaska, 2013. – 323 с.
  7. Gąsiorowski, S. Szynkiewicz Jakub / Stefan Gąsiorowski // Polski Slownik Biograficny. Warszawa, 2015. Vol. 50. P. 321.

 

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 35 разоў