Серада, 08 Май 2013 10:50

12 мая 2013 г. – 65 гадоў з дня нараджэння Антаніны Фёдараўны Гуршчанковай (1948), мастака дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (габелен, батык)

Антаніна Фёдараўна Гуршчанкова (у дзявоцтве Якімук) нарадзілася 12 мая 1948 года ў вёсцы Кабёлка Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласцi. Маляваць любіла з дзяцінства.

{gcontent}У яе раду мастаком быў дзед Андрэй. Першыя сакрэты малюнка дапамагаў асвоіць школьны настаўнік Уладзімір Якаўлевіч Васілюк.

У 1967–1972 годах Антаніна Гуршчанкова вучылася на аддзяленнi мастацкага тэкстылю Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Займалася ў мастакоў Паўла Васiлевiча Масленiкава i Ангелiны Пятроўны Бельцюковай.

Пасля заканчэння ВНУ А. Гуршчанкова жыла ў Гомелi, потым пераехала ў Брэст. Працуе ў галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (габелен, батык), у манументальна-дэкаратыўным жывапісе (вітраж, сграфіта) і акварэлі. З 1972 года Антаніна Фёдараўна ўдзельнічае ў абласных і рэспубліканскіх мастацкіх выставах. Брала ўдзел у пленэры мастакоў, прысвечаным 600-годдзю Нацыянальнага парка “Белавежская пушча” (2008).

З 1989 года член Беларускага саюза мастакоў.

Муж, Мікалай Ігнатавіч Гуршчанкоў, таксама вядомы брэсцкi мастак, член БСМ з 1987 года. Напрыклад, ён аўтар пано “Бярэсце ХVII стагоддзя” на фасадзе аднаго з дамоў па вуліцы Савецкай г. Брэста. Выканаць гэта пано яму дапамагалі жонка і мастак Анатоль Сакалоў.

У творчых бацькоў і дачка Алеся, выхаваная ў творчай атмасферы, стала чалавекам мастацтва – прафесiйным скульптарам. Алеся Гуршчанкова разам са сваім мужам скульптарам Паўлам Герасіменка – аўтары помнiкаў Афанасiю Філіповічу ў Брэсце, Якубу Коласу ў Ганцавічах, дэкаратыўнай скульптуры “Мелодыя” (“Русалка”) у Брэсцкім парку культуры і адпачынку.

Антаніна Гуршчанкова з 1990 года працуе на камбінаце “Мастацтва” г. Брэста. Асноўныя працы: габелен-заслона “Тэатр”, габелены “Народная песня”, “Пра Белую Русь”, “Абуджэнне”, “Веснавыя старты”, “Вяртанне на зямлю”, “Жнівень у сілавых палях”; батык-заслона “Беларусь святочная”, батык-пано “Сад пад дажджом”, батык “Купалле”, ”Майская песня”, “Вясна на Прыпяці”, “Кветкі восені”, “Навальніца”, “Першы снег”, сграфіта “Крыніца” у Гомельскім шпіталі ветэранаў, вітражы ў ЗАГСе Савецкага раёна г. Гомеля.

Творы Антаніны Гуршчанковай знаходзяцца ў Гомельскім краязнаўчым музеі, Брэсцкім мастацкім музеі, Веткаўскім краязнаўчым музеі, у прыватных зборах Беларусі, Польшчы, Ізраіля, Германіі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай цэнтральнай раённай бiблiятэкай. Васiлюк Таццяна Іванаўна, бібліёграф;

Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiяёграф Брэсцкай абласной бiблiятэкi iмя М. Горкага

{/gcontent}

  1. Антаніна Гуршчанкова : [тэкстыльнае пано “Шопiнг”] // Мастакі Брэстчыны = Artists of the Brest region: альбом-каталог / аўт.-склад. М. П. Кузьміч. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2010. С. 40–41.
  2. Антонина Гурщенкова : [гобелен “Зимний аккорд”] // Художники Брестчины = Artists of the Brest region : альбом-каталог. Минск : А. Климов, 2002. С. 36–37.
  3. Гуршчанкова Антаніна Фёдараўна : [“Сад пад дажджом”] // Беларускі саюз мастакоў. 1938–1998 : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1998. С. 145.
  4. Антонина Гурщенкова : [гобелен “Пробуждение весны”] // Художники Брестчины. 50 лет : альбом-каталог / Брестское областное отделение Белорусского союза художников. Минск : Хелмон, 1997. С. 22–23.
  5. Шныпарков, А. Летом – в родную Кобёлку : [о художнице Антонине Гурщенковой (Якимук)] / А. Шныпарков // Заря над Бугом (Брест). 1990. 16 янв.
  6. Волкович, А. Из глины взращивать цветы : [о брестских скульпторах супругах Алесе Гурщенковой и Павле Герасименко] / Александр Волкович // Заря. 2011. 14 нояб.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1347 разоў Апошняя змена Серада, 25 Сакавік 2020 09:55