Чацвер, 06 Чэрвень 2013 11:21

16 сакавіка 2013 г. – 20 гадоў з часу адкрыцця (1993) для наведвальнікаў Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея

16 сакавіка 1993 года Івацэвіцкім райвыканкамам Брэсцкай вобласцi было прынята рашэнне № 72 аб адкрыцці ў раёне гісторыка-краязнаўчага музея на базе народнага музея піянера-героя Мікалая Гойшыка.

{gcontent}Музей размяшчаўся ў жылым памяшканні, дзе пражывала маці героя Вольга Андрэеўна Гойшык.

У 1993 годзе новая ўстанова была адкрыта для наведвальнікаў. Дырэктарам музея была назначана Iна Расцiславаўна Лях, потым – Раiса Іванаўна Горбач. Штат супрацоўнiкаў быў зацверджаны ў 1996 годзе. З кастрычнiка 1998 года адноўленая музейная экспазiцыя М. Гойшыка пасля перапынку ў некалькi гадоў зноў пачала сваю работу, на яе базе вялося патрыятычнае выхаванне дзяцей i моладзi раёна.

Супрацоўнiкi музея ладзiлi выставы ў ГДК, раённай бiблiятэцы, установах адукацыi. У студзені 2009 года гісторыка-краязнаўчаму музею перададзены будынак па вул. Дзяржынскага, 18. На будынку музея ўсталявана мемарыяльная дошка генерал-лейтэнанту Герою Савецкага Саюза Мікалаю Мікалаевічу Мультану (1900–1975), ураджэнцу раёна.

Асноўны фонд музея на пачатак 2013 года налічвае 3832 адзiнак захоўвання, навукова-дапаможны – 1191адзiнак. Збор прадметаў музейнага назначэння быў пачаты ў 1996 годзе. Да 2011 года музейны фонд папаўняўся шляхам перадачы жыхарамі горада і раёна, а таксама падчас экспедыцый па раёне. Прадстаўлены калекцыі: археалогія, нумізматыка, вайсковы рыштунак, зброя, дакументы, друкаваныя выданні, этнаграфія, калекцыя беларускіх ручнікоў. У экспазіцыі “Коля Гойшык – юны герой Вялікай Айчыннай вайны” дэманструюцца асабістыя рэчы, фотаздымкі, дакументальныя матэрыялы па біяграфіі Мікалая Васілевіча Гойшыка (1927–1944), удзельнiка партызанскага руху Вялiкай Айчыннай вайны. Найбольш цікавымі экспанатамі з’яўляюцца мэбля пачатку ХХ ст., нямецкі трафейны тэлефон часоў Вялікай Айчыннай вайны, нямецкі посуд са свастыкай 1941 года.

Агульная плошча экспазіцыйнай залы 88 м кв. Прадстаўлены экспазiцыi з фондаў музея: “Коля Гойшык – юны герой вайны” (да 85-годдзя з дня нараджэння); “Апусцела без цябе зямля…”, прысвечаная загінуўшым воінам-афганцам, ураджэнцам раёна; “Калі гадзіннік б’е дванаццаць” – калекцыя гадзіннікаў.

У апошнi час дзейнічаюць выставы: новых карцін самадзейнага мастака Анатоля Галушкі “Натхненне”; дзіцячых работ СШ № 3 “Выцінанка”; работ навучэнцаў школы мастацтваў “Вясёлка талентаў”.

Ва ўстанове культуры дзейнічае музейна-педагагічная праграма “Асновы праваслаўя”. Падтрымліваючы прапанову Міністэрства культуры РБ аб правядзенні акцыі “Ноч музеяў”, Івацэвіцкі гісторыка-краязнаўчы музей у 2012 годзе далучыўся да гэтага музейнага фэсту.

Філіял музея – мемарыяльны комплекс “Хаваншчына”, які знаходзіцца ў лясным урочышчы Хаваншчына каля вёскi Корачын Івацэвіцкага раёна. Створаны ў 1971 годзе, быў фiлiялам Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, у жніўні 1998 года перададзены аддзелу культуры Івацэвіцкага райвыканкама. У 1943–1944 гадах тут базіраваліся Брэсцкія падпольныя абкомы КП(б)Б і ЛКСМБ, штаб Брэсцкага партызанскага злучэння, рэдакцыя і друкарня газеты “Заря”, медсанчастка. У комплекс уваходзяць: 4 драўляныя хаты, 2 зямлянкі, калодзеж, “лясная школа” (некалькі самаробных сталоў, лаўкі і школьная дошка на ствале дрэва). Устаноўлены шчыт з тэкстам Прысягі беларускага партызана і вялікі валун з памятным надпісам.

Штогод, у апошнюю нядзелю мая, у музейным комплексе “Хаваншчына” сустракаюцца былыя партызаны i франтавiкi, праводзіцца тэатралізаваная экскурсія-апавяданне “Адзін дзень з жыцця партызанскага атрада”.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Івацэвіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Лось Вікторыя Анатольеўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

{/gcontent}

  1. Ивацевичский историко-краеведческий музей // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область / редкол. Т. В. Белова [и др.]. Минск : Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. Кн. 1. С. 419.
  2. Iвацэвiцкiгiсторыка-краязнаўчы музей. Ивацевичский историко-краеведческий музей // Музеi Беларусi = Музеи Беларуси / рэд. С. Ф. Дубянецкі, В. А. Кавальчук, Ю. В. Каласоўскі [и др.]. Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2008. С. 266–267.
  3. Музей партызанскай славы. Музей партизанской славы : [ур. Хаваншчына; фiлiял Iвацэвiцкага гiсторыка-краязнаўчага музея] // Музеi Беларусi = Музеи Беларуси. Мiнск : БелЭн, 2008. С. 425–426.
  4. Историко-краеведческий музей г. Ивацевичи : [фото] // Ивацевичи и окрестности / ред. В. Шпарло. Брест : ООО “Рекламно-информационное агенство «Вечерний Брест»”, 2011. С. 26. 
  5. Мешечко, Е. Н. Ивацевичский историко-краеведческий музей // Мешечко, Е. Н. Путешествие по Беларуси. В краю Нёмана, Западного Буга и Припяти : путеводитель / Е. Н. Мешечко. Брест : ОАО “Брестская типография”, 2012. С. 108.
  6. Джэжора, А. Чым плануе зацикавiць сваiх наведвальнiкаў гiсторыка-краязнаўчы музей : [аб дзейнасцi Iвацэвiцкага раённага музея. Да 20-годда з часу стварэння] / Аляксандра Джэжора // Iвацэвiцкi веснiк. 2013. 8 мая. С. 6.
  7. Горбач, Р. Першая “Ноч музеяў” у Івацэвіцкім гісторыка-краязнаўчым музеі / Раіса Горбач // Івацэвіцкі веснік. 2012. 29 мая. С. 7.
  8. Гончарова, И. Хранители истории : [об Ивацевичском районном историко-краеведческом музее] / Ирина Гончарова // Газета для вас (Iвацэвiчы). 2009. 15 мая. С. 3.
  9. Скулавец, С. Памяць : [аб рабоце і экспанатах гісторыка-краязнаўчага музея г. Івацэвічы; фота] / Сяргей Скулавец // Газета для вас (Iвацэвiчы). 2005. 23 снеж. (№ 51). С. 13.
  10. Литвинович, Е. Партизанскими тропами : [о встрече партизан и фронтовиков в мемориальном комплексе “Хованщина”] / Евгений Литвинович // Заря. 2011. 31 мая. С. 4.
  11. Шыла, А. Выстаўка работ Анатоля Галушкi : [пра выставу жывапiсу самадзейнага мастака А. Галушкi з в. Магiлiцы] / Аляксандр Шыла // Iвацэвiцкi веснiк. 2010. 2 лiп. С. 9.
  12. Дайлiд, П. Таленты зямлi нашай роднай : [пра выставу народнай творчасцi ў раённым краязнаўчым музеi] / Павел Дайлiд // Газета для вас (Iвацэвiчы). 2010. 9 крас. С. 2.
  13. Гапееў, В. Знаходка каменнага веку : [пра перадачу ў краязнаўчы музей каменнай сякеры, знойдзенай Рыгорам Дылюком] / В. Гапееў // Iвацэвiцкi веснiк. 2003. 9 снеж.
  14. Мароз, В. Музейны комплекс “Хаваншчына” : [пра музейны комплекс i яго рэканструкцыю] / Вiкенцiй Мароз // Iвацэвiцкi веснiк. 2000. 12 жн.
  15. Лаўранюк, А. Экспанаты чапаць можна : [пра Iвацэвiцкi раённы краязнаўчы музей] / А. Лаўранюк // Газета для вас (Iвацэвiчы). 1999. 15–21 мая (№ 20). С. 2.
  16. Касько, В. Народны музей Мiкалая Гойшыка зноў працуе / Вiктар Касько // Iвацэвiцкi веснiк. 1999. 27 лют. С. 4.
  17. Место базирования Брестских подпольных обкомов КП(б)Б и ЛКСМБ, штаба Брестского партизанского соединения : [ур. Хованщина] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 207–208.
  18. Мультан Мiкалай Мiкалаевiч // Энцыклапедыя гiсторыi Беларусi : у 6 т. Мiнск, 1999. Т. 5. С. 236.
  19. http://ivacevichi.brest-region.by/

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2821 разоў Апошняя змена Чацвер, 02 Красавік 2020 11:22