Аўторак, 18 Чэрвень 2013 10:19

4 чэрвеня 2013 г. – 55 гадоў з дня нараджэння Алеся (Аляксандра Феадосьевiча) Паплаўскага (1958), пісьменніка, паэта

Аляксандр Феадосьевіч Паплаўскі нарадзіўся 4 чэрвеня 1958 года ў в. Мазуры Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Пасля заканчэння ў 1975 годзе Шамятоўскай сярэдняй школы вучыўся ў Полацкім лясным тэхнікуме.

{gcontent}Службу ў арміі праходзіў на Урале ў Хабараўскім краі. У 1988 годзе скончыў Беларускі тэхналагічны інстытут па спецыяльнасці “Лясная гаспадарка”. Працаваў у лясгасах Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны: памочнікам ляснічага ў Маларыцкім лясніцтве, а з 1997 года – інжынерам па ахове прыроды Брэсцкага лясгаса, начальнікам адміністрацыйна-тэхнічнай інспекцыі ў Брэсцкім гарвыканкаме, інжынерам па забяспячэнні прадпрыемства “Аварыйна-аднаўленчыя работы”.

З дзяцiнства цягнуўся да літаратуры, пісаў вершы на рускай мове. Гады, праведзеныя ў Полацку пад час вучобы, знаёмства з Вільнюсам, калі працаваў у пасёлку Котлаўка, што за 30 кіламетраў ад Вільні, самастойнае вывучэнне замежнай літаратуры – спрыялі творчаму станаўленню будучага пісьменніка. Сваіх аднадумцаў Алесь знайшоў у літаратурным аб’яднанні “Зарянка” пры брэсцкай абласной газеце “Заря”, якім кіравала Зінаіда Дудзюк. Менавіта Зінаіда Іосіфаўна дапамагла сцвердзіцца маладому правінцыйнаму чалавеку. У 1989 годзе “Заря” змясціла першы верш А. Паплаўскага “Реки изгиб, небес голубизна…”

Удзельнік Рэспубліканскага семінара маладых літаратараў у Іслачы (1990), пасля якога Алесь вырашыў пісаць на роднай мове. Перажываў, што не мае філалагічнай адукацыі, упарта працаваў са слоўнікамі і падручнікамі. У пачатку 90-х Алеся Паплаўскага болей ведалі як аўтара і выканаўцу бардаўскай песні. Песенны дар ён атрымаў у спадчыну ад бацькі, вясковага гарманіста. Алесь быў адным з актыўных членаў бардаўскай студыі “Вежа”, выступаў на літаратурных вечарынах разам з В. Вашэкам, С. Храмавым, В. Сідарук, Н. Загарэўскай. Ніколі не лічыў сябе бардам, але ўпэўнены, што праз вершы, пакладзеныя на музыку можна данесці да слухача намнога болей.

Вывучаў творчасць К. Чорнага, М. Танка, В. Быкава, У. Арлова і іншых беларускіх і рускіх класікаў. Духоўным настаўнікам лічыць замежную літаратуру, гэта такія аўтары, як А. Барыко, Дж. Кутзее, С. Рушдзі, Ф. Рот, Р. Музіль i iншыя.

Жыццё не абдзяліла на знаёмствы з цікавымі людзьмі. Алесь шчыра верыць у тое, што з кім павядзешся, ад таго і набярэшся. У. Гніламёдаў, А. Лойка, А. Пашкевіч – гэтыя літаратуразнаўцы далі рэкамендацыю А. Паплаўскаму пры ўступленні ў Саюз беларускіх пісьменнікаў, сябрам якога ён стаў у 1993 годзе.

Паэтычныя і празаічныя творы А. Паплаўскага змяшчалі часопісы “Маладосць”, “Першацвет”, “Тэрмапілы”, “Дзеяслоў”, альманах “Жырандоля”. З’яўляецца аўтарам кніг паэзіі “Спынены лістапад” (1987), “Незваротнасць” (2000), кніг прозы “Тэрыторыя скразнякоў” (2004), “Пастка для рэха” (2009).

Асноўная тэма творчасці Алеся Паплаўскага – чалавек у сучасным грамадстве, яго шляхі, пошук сэнса жыцця. Усё свядомае жыццё пісьменнік спрабуе расказаць адну і тую ж гісторыю – гісторыю людской адзіноты. Яму цікава працаваць не столькі з тэмай, колькі са словам. Яму падабаецца ствараць міфы, да яго бліжэй пісьменнікі-містыфікатары, а не пісьменнікі-рэалісты, стараецца пісаць пра тое, чаго насамрэч не было, але магло быць. Пісьменніку падабаецца ў прозе тая форма – невялікая аповесць, якой карыстаецца цяпер.

А. Паплаўскі – лаўрэат абласной лiтаратурнай прэмii iмя У. Калеснiка за 2009 год, рэспублiканскай прэмii “Залаты апостраф” за 2012 год.

Алесь Паплаўскі – чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі, якім і павінен быць пісьменнік. Імкнецца спрыяць беларускаму літаратурнаму працэсу, падтрымлiваць пачынаючых аўтараў. Ён аўтар артыкулаў, прадмоў да кніжак маладых, ахвотна выступае на літаратурных імпрэзах, сустрэчах з чытачамі ў бібліятэках i навучальных установах.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бiблiятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі;

Сухапар Уладзімір Васільевіч, гал. бібліёграф Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага

{/gcontent}

Творы i артыкулы А. Паплаўскага

  1. Пастка для рэха : аповесці [“Бонза” ; “Закахацца ў малпу” ; “Пiрамiды”] / Алесь Паплаўскі. Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2009. 223 с. (Лімаўскі фальварак).
  2. Тэрыторыя скразнякоў : аповесці [Жыццё на развiтанне ; Піраміда] / Алесь Паплаўскі ; уступ. арт. С. Грышкевіча. Брэст, 2004. 324 с.
  3. Незваротнасць : вершы / Алесь Паплаўскі. Брэст : Выд-ва С. Лаўрова, 2001. 58 с.
  4. Спынены лістапад : вершы / Алесь Паплаўскі. Берасцье : Рэдакцыя газеты “Шлях”, 1997. 64 с. (Берасцейскае вогнішча).
  5. Lapido : аповесць / Алесь Паплаўскі // Дзеяслоў. 2012. № 3. С. 77–120.
  6. І я прыйду : [разважанні аб паэтычным зборніку Г. Тварановіч “Бурштыновы яблык”] / Алесь Паплаўскi // ЛiМ. 2011. 18 ліст. (№ 46). С. 7.
  7. Невымоўнае : [аповесць-навела] / Алесь Паплаўскі // ЛiМ. 2010. 12 лют. (№ 6). С. 9.
  8. Дыягназ не суцяшае : [палемічныя развагі пра стан сучаснай беларускай літаратуры] / Алесь Паплаўскi // ЛiМ. 2009. 3 крас. С. 7.
  9. Багацце жыцця і прастата смерці : Паэтыка прыгажосці : [аб творчасці празаіка Аляксандра Ілічэўскага] / Алесь Паплаўскі // Жырандоля № 2: літаратурны альманах Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. Мінск : Кнігазбор, 2009. С. 241–245.
  10. Бонза : аповесць / Алесь Паплаўскі // Маладосць. 2009. № 6. С. 11–33.
  11. Душа не бачыць дна свайго… : [успамiны пра паэтку Ніну Мацяш] / Алесь Паплаўскі // ЛіМ. 2009. 4 снеж. С. 12.
  12. “Пакорлівасцю атрутнай…” ; “Упэўненасць мінае, як і ўсё…” ; “Ля падмуркаў былой сінагогі…” ; “Вар’яцтва мрояў… Холад небыцця…” ; Непазбежнасць воляю багоў…” ; “Святло ў нерапрамененым святле…” : [вершы] / Алесь Паплаўскі // Жырандоля : літаратурны альманах Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў. Мінск : Кнігазбор, 2008. № 1. С. 58–62.
  13. Архітэктура адлегласці : [вершы] / Алесь Паплаўскі // Брестский курьер. 2008. 12 июня. (№ 24). С. 8.
  14. Паляванне на драбноту : [аб стане беларускай літаратурнай крытыкі] / Алесь Паплаўскі // ЛiМ. 2008. 1 лют. С. 12.
  15. Ці трэба баяцца цябе, жыццё? : апавяданне / Алесь Паплаўскі // Звязда. 2007. 19 ліст. С. 2.
  16. “Прыгрэецца пакорлівасць-змяя…” ; “Панураю жаўцізною…” ; “Упэўненасць мінае, як і ўсё…” ; “Непазбежнасць воляю багоў…” : [вершы] / Алесь Паплаўскі // ЛіМ. 2007. 7 снеж. (№ 49). С. 8.
  17. “Развітальнай, пякельнай вехай…” ; “У далягляда напавер…” ; “Прыгрэецца пакорлівасць-змяя…” : [вершы] / Алесь Паплаўскі // Народная трыбуна. 2006. 7 кастр. С. 4.
  18. Нашто табе ведаць… : апавяданне / Алесь Паплаўскі // Народная трыбуна. 2004. 13 ліст. С. 6.
  19. “Захочаш сьлёз, а сьлёз ня будзе” : [верш] / Алесь Паплаўскі // Верш на свабоду : [Анталёгія паэзіі Радыё Свабоды, 2001]. Прага, 2002. С. 423.
  20. Баннов, В. Души слеза : стихи / Василий Баннов ; предисловие А. Поплавского. Брест, 2000. 59 с.
  21. Расхрыстаны будзень : [верш] / Алесь Паплаўскі // Дзядзінец. Паэзія Берасцейшчыны. Брэст, 1999. С. 203–209.

 

Аб жыцці і творчасці А. Паплаўскага

  1. Алесь Паплаўскі // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзiч. Брэст, 2008. С. 319.
  2. Паплаўскі, А. Прэмія, якую хацеў атрымаць Паплаўскі : “Залаты апостраф” упершыню ў Брэсце : [гутарка з брэсцкім пісьменнікам, лаўрэатам прэмii “Залаты апостраф”] / Алесь Паплаўскі ; [гутарыла] Іна Хоміч // Брестский курьер. 2013. 7 марта (№ 10). С. 32.
  3. Брадзіхіна, А. Забіць у сабе бонзу : [пра аповесць А. Паплаўскага “Бонза”] / Ала Брадзіхіна // ЛiМ. 2010. 5 сак. (№ 9). С. 7.
  4. Паталкоў, Ю. Нястрымная прага ачышчэння : нататкі пра аповесць Алеся Паплаўскага “Бонза” / Юрый Паталкоў // ЛіМ. 2010. 17 верас. (№ 37). С. 7.
  5. Паплаўскі, А. “Літаратура барацьба са злом” : [гутарка з пісьменнікам аб творчасці, літаратуры і кнізе “Пастка для рэха”] / Алесь Паплаўскі ; гутарыў Мікола Берлеж // Маладосць. 2010. № 10. С. 101–104.
  6. Бурдыка, В. Шлях на Парнас : таленты зямлі Берасцейскай : [А. Паплаўскі атрымаў абласную літатаратурную прэмію імя У. Калесніка за 2009 г.] / Вячаслаў Бурдыка // Народная трыбуна. 2009. 5 снеж. С. 11.
  7. Панцялеева, К. Калі натхняе жыццё : [аб прэзентацыі кнігі А. Паплаўскага “Пастка для рэха” ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага] / Кацярына Панцялеева // Заря. 2009. 5 снеж. С. 5.
  8. Грышкевіч, С. Апраўданне адзіноты, альбо у палоне эгацэнтрызму : [аб кнізе А. Паплаўскага “Пастка для рэха”] / Сяргей Грышкевіч // ЛіМ. 2009. 31 ліп. С. 7.
  9. Паплаўскі, А. Гісторыя людской адзіноты : [размова з пісьменнікам з нагоды выхаду новай кнігі А. Паплаўскага “Пастка для рэха”] / Алесь Паплаўскі ; гутарыў Сяргей Владимиров // Заря. 2009. 24 дек. С. 19.
  10. Паплаўскі, А. Гісторыя людской адзіноты : [размова з пісьменнікам з нагоды выхаду яго новай кнігі “Пастка для рэха”] / Алесь Паплаўскі ; гутарыў Сяргей Грышкевіч // ЛiМ. 2009. 28 жн. (№ 32). С. 13.
  11. Капуста, Ж. Парніць неабыякавасцю : [пра кнігу А. Паплаўскага “Пастка для рэха”] / Жанна Капуста // ЛiМ. 2009. 31 ліп. (№ 28). С. 7.
  12. Орлов, И. Чужаніца сярод родных асін : [пра кнігу А. Паплаўскага “Пастка для рэха”] / Иван Орлов // Вечерний Брест. 2009. 22 июля. (Вечёрочка. № 26. С. 14).
  13. Сянкевіч, М. “І пяро – як магчымасць сказаць” : [аб паэтычнай творчасці А. Паплаўскага] / Мікола Сянкевіч // Заря. 2008. 26 июня. С. 19.
  14. Борсук, Н. Водсвет думак : Штрыхі да партрэта : [да 50-годдзя пiсьменнiка А. Паплаўскага] / Ніна Борсук // Брестский курьер. 2008. 12 июня (№ 24). С. 8.
  15. Спатканне з творчымі асобамі : [у Залескім СДК адбылася сустрэча з пісьменнікамі, якія нарадзіліся на Кобрыншчыне – А. Паплаўскім і Л. Валасюком] // Кобрынскі веснік. 2006. 13 мая. С. 3.
  16. Орлов, И. “Тэрыторыя скразнякоў” в библиотеке : [о презентации книги прозы А. Поплавского в Брестской областной библиотеке им. М. Горького] / Иван Орлов // Вечерний Брест. 2005. 28 янв. С. 3.
  17. Святлова, К. “Гэта ў першую чаргу патрэбна мне…” : [пра творчую сустрэчу з паэтам А. Паплаўскім у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага] / Кацярына Святлова // Брестская газета. 2005. 29 янв. (№ 4). С. 2.
  18. О времени, о творчестве, о себе : [в областной библиотеке им. М. Горького состоялся творческий вечер поэта и исполнителя бардовской песни А. Поплавского] // Заря. 2005. 27 янв. С. 1.
  19. Чамярыца, А. Алесь Паплаўскі: “Творчасць – неад’емная частка майго жыцця” : [у Саюз беларускіх пісьменнікаў прынялі паэтаў-землякоў Івана Лагвіновіча з Баранавіч і Алеся Паплаўскага з Брэста] / А. Чамярыца // Заря. 2003. 5 июля. С. 5.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2646 разоў Апошняя змена Панядзелак, 06 Красавік 2020 14:44