Аўторак, 18 Чэрвень 2013 10:21

24 ліпеня 2013 г. – 20 гадоў з часу заснавання (1993) музея-сядзібы “Пружанскі палацык”

“Пружанскі палацык” – музей-сядзіба, заснаваны ў 1993 годзе ў г. Пружаны Брэсцкай вобласцi паводле рашэння Пружанскага райвыканкама ад 24 лiпеня 1993 года на базе збораў клуба “Спадчына” пры гарадскім Доме культуры.

{gcontent}Размешчаны ў адрэстаўрыраваным помніку архітэктуры ХІХ ст. – сядзібным доме палацава-паркавага ансамбля Швыкоўскіх. Сярод іх найбольш вядомы апошні з гэтай лініі Валенцій Швыкоўскі, пружанскі маршалак. 3 яго імем звязаны сапраўдная слава і росквіт маёнтка ў Пружанах, будаўніцтва новага палаца, фарміраванне парку і стварэнне ўнікальнага палацава-паркавага ансамбля. У сувязі з тым, што бацькоўскі дом не адпавядаў узрастаючым патрабаванням, Валенцій Швыкоўскі ў сярэдзіне XIX ст. пабудаваў паблізу цэнтра горада арыгінальную рэзідэнцыю. Новы будынак будуецца на манер італьянскай вілы ў формах неарэнесанса па праекту варшаўскага архітэктара Францішка Марыі Ланці, які з другой чвэрці XIX ст. жыў і працаваў у Польшчы і быў вядучым архітэктарам Рэчы Паспалітай. За гісторыю існавання сядзібы яе наведалі шмат вядомых людзей: пісьменнік Ю. Крашэўскі, мастак Н. Орда, этнограф М. Федароўскі.

Пасля вайны ў будынку размяшчаліся дзіцячы сад, затым стаматалагічная паліклініка, дзякуючы чаму палац быў уратаваны ад знішчэння. З 1989 па 1998 год сядзіба была на рэстаўрацыі. У 1998 годзе сюды пераязджае краязнаўчы музей, які стаў называцца музей-сядзіба “Пружанскі палацык”. На сёння – гэта адзіная адноўленая сядзіба такога тыпу на Беларусі. Тут створаны інтэр’еры сядзібнага дома XIX ст.

Музей адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў 19 чэрвеня 1999 года. Першай выставай, прапанаванай жыхарам горада i раёна была “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Кiтая”, прадастаўленая Пасольствам КНР у Рэспублiцы Беларусь (Раённыя буднi. 1999. 26 чэрв.).

Музеем кіравалі І. С. Машкала, М. А. Шульман, Ю. В. Коўшыла. З 2001 года дырэктар установы – Ю. С. Зялевіч.

Асноўны фонд музея налічвае больш як 5755 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны – 1187 (на 1 студзеня 2013 г.). Экспазіцыя размешчана ў шасцi залах агульнай плошчай 398 кв. м, мае раздзелы: “Салон”, ”Кветкавая зала”, “Паляўнічы кабінет”, “Зала прыроды”, “Рамёствы Пружаншчыны”. Дзейнічае доўгатэрміновая выстава “Абразы ХІХ–ХХ стст.”. У фондах музея калекцыі дакументаў ХІХ–ХХ стст., прадметаў этнаграфіі, калекцый мэблі, нумізматыкі, твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, жывапісу і графікі. Найбольш цікавымі з’яўляюцца ўнікальныя калекцыі народных майстроў Беларусі М. Тарасюка і А. Такарэўскага, калекцыі пячатак і разьбяны абраз “Тайная вячэра” 1-й паловы ХVII ст. з в. Варанілавічы Пружанскага раёна.

Мемарыяльным музеем Ю. І. Крашэўскага ў Раманове (Польшча) падаравана выстава “З Доўгага ў свет” (больш як 100 копій малюнкаў, фотаздымкаў і дакументаў), прысвечаных жыццю і творчасці польскага пісьменніка, этнографа, гісторыка, які ў 1830-я гады жыў у маёнтку Доўгае каля Пружан.

Сёння музей вядомы як грамадска-культурны навуковы цэнтр. У ім праводзяцца музычныя і паэтычныя вечары, канцэрты і прэзентацыі, навукова-практычныя канферэнцыі па захаванні і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны. Музей з’яўляецца важным турыстычным аб’ектам рэгіёна. У год яго наведваюць больш за 8 тысяч турыстаў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Берднік Валянціна Іванаўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

{/gcontent}

  1. Турыстыяныя мясціны Пружанскага краю Музей-сядзіба “Пружанскі палацык” : [буклет]. [Пружаны], 2010. 1 л. (склад. у 3 разы).
  2. “Пружанскі палацык” // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 278–279.
  3. “Пружанскі палацык”, музей-сядзіба ; “Пружанскі палацык”, музей-усадьба // Музеі Беларусі = Музеи Беларуси. Мiнск, 2008. С. 486–488.
  4. “Пружанский палацик” // Туристские регионы Беларуси. Минск, 2008. С. 91.
  5. Несцярчук, Л. М. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны X–XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. Мiнск, 2002. С. 294–296.
  6. Пярвышын, У. М. Пружанскі палацык = Пружанский палацик : гістарычна-архітэктурны нарыс / У. М. Пярвышын. Мiнск, 1992. 79 с. : іл. (Помнікі беларускага дойлідства).
  7. Федорук, А. Т. Старинные усадьбы Берестейщины / А. Т. Федорук. Минск, 2004. С. 438–442.
  8. “Пружанскі палацык” : [музей-сядзіба “Пружанскі палацык] // Народная газета. 2009. 25 жн. С. 3. (Регионы. Пружанский район).
  9. Клімковіч, І. Ад каралеўскага палаца да “Пружанскага палацыка” / Ірына Клімковіч // Маладосць. 2009. № 10. С. 114–119.
  10. Литвинович, Е. Место встречи – дворец : [о работе музея-усадьбы «Пружанскi палацык»] / Евгений Литвинович // Заря. 2008. 21 февр. С. 17.
  11. Зялевiч, Ю. Пра вандалаў і феадалаў : [гутарка з дырэктарам музея-сядзібы “Пружданскі палацык”] / Юрый Зялевіч : гутарыў К. Пашкевіч // Раённыя будні (Пружаны). 2007. 10 студз. С. 4.
  12. Зелевич, Ю. «Пружанскi палацык»: связующая нить вековых традиций : [директор музея-усадьбы «Пружанскi палацык» рассказывает о деятельности учреждения] / Юрий Сергеевич Зелевич ; беседовал Пётр Сутько // Заря. 2007. 12 апр. С. 7.
  13. Кобяк, Э. Вторая жизнь «Пружанскага палацыка» / Эдуард Кобяк // Заря. 2006. 4 февр. С. 11.
  14. У палацыку, як на прыродзе : [пра новыя залы – прыроды i палявання – у музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”] // Раённыя буднi (Пружаны). 2004. 20 лiп.
  15. Петров, П. По следам памяти : [о краеведческой экспедиции сотрудников музея-усадьбы “Пружанскi палацык”] / Пётр Петров // Заря. 2004. 7 сент.
  16. Андрусевiч, М. Вяртанне Юзафа Крашэўскага : [пра адкрыццё ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” выстаўкі, прысвечанай Ю. Крашэўскаму] / Марына Андрушэвіч // Раённыя будні (Пружаны). 2003. 16 снеж.
  17. Сідарэнка, А. Палацык атрымаў грант прэзідэнта : [аб стварэнні экспазіцыі музея-сядзібы “Пружанскі палацык”] / Алег Сідасрэнка // Раённыя буднi (Пружаны). 2003. 17 мая. С. 5.
  18. Хокимова, А. Загадка “Пружанского палацыка” : [о находке в земле около музея-усадьбы “Пружанскi палацык” оружия ХIХ века] / Антонина Хокимова // Вечерний Брест. 2003. 13 авг. С. 10.
  19. Пакала, А. “Пружанскi палацык” – жамчужына Палесся / А. Пакала // Голас Радзiмы. 2002. 2 кастр. С. 4.
  20. Тельпук, Ю. Жизнь пружанской диковинки : [о музее-усадьбе “Пружанскi палацык” / Ю. Тельпук // Газета для вас (Iвацэвiчы). 2002. 6–12 верас. С. 6.
  21. Зялевiч, Ю. Інтэрв’ю на фоне музейных экспанатаў : [пра дзейнасць музея-сядзібы “Пружанскі палацык”] / Юрый Зялевiч ; гутарыў Алег Сідарэнка // Раённыя буднi (Пружаны). 2002. 18 мая. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1783 разоў Апошняя змена Панядзелак, 06 Красавік 2020 14:50