Аўторак, 18 Чэрвень 2013 10:25

22 мая 2013 г. – 70 гадоў з дня нараджэння Міколы (Мікалая Мікалаевіча) Федзюковіча (1943–1997), паэта, перакладчыка

Ёсць у Беларускім Палессі, на Драгічыншчыне Брэсцкай вобласці, непрыкметная, як сотні іншых, вёска Гутава, згадкі аб якой у пісьмовых крыніцах вядомы з 1502 года. Тут у сялянскай сям’і 22 мая 1943 года нарадзіўся вядомы беларускі паэт Мікола Федзюковіч.

{gcontent}Гадаваўся ў маці-калгасніцы, таму з маленства ведаў усю сялянскую працу. Школьнікам добра маляваў, захапляўся спортам, гуляў у футбол, абараняў гонар раёна на першынствах вобласці. Пасля заканчэння Гутаўскай сярэдняй школы ў 1960 годзе Мiкола працаваў у калгасе, затым літсупрацоўнікам драгічынскай раённай газеты “Запаветы Леніна”, фотакарэспандэнтам лунінецкай “раёнкі” “Ленінскі шлях”. Служыў у Савецкай Арміі ў Пячах, наборшчыкам пры дывізійнай газеце “Звезда Советов” (1962–1965).

Любоў да мастацкай літаратуры і паэтычнага слова праявілася ў Міколы вельмі рана. Блакітныя гарызонты, веснавая ралля, пах сена, усход сонейка... і прывабная яго воку зорка Мілавіца (Венера), а таксама іншыя атрыбуты вясковага жыцця натхнялі маладога паэта на творчасць. Мiкола стаў адным з актыўных удзельнiкаў лiтаратурнага аб’яднання пры iванаўскай раённай газеце. У многіх яго вершах праглядаецца праца селяніна на нялёгкай хлебнай ніве, бо сам Мікола быў паэтам ад зямлі.

У 1970 годзе закончыў аддзяленне паэзіі Літаратурнага інстытута
імя М. Горкага ў Маскве. Прыехаў у Мінск, працаваў у выдавецтве “Народная асвета”, у рэдакцыях газеты “Чырвоная змена”, бюлетэня “Служба быту Беларусі”. З 1993 года – літкансультант газеты “Белорусская нива” i адначасова кіраўнік літаратурнага аб’яднання пры “Чырвонай змене”. Многа часу аддаў ён маладзейшым калегам, ахвяруючы сабой, не напісаўшы сваіх вершаў.

Першыя вершы Міколы Федзюковіча ў раённым друку з’явіліся ў
1960-м, у рэспубліканскім – у 1964 годзе. З 1972 года Мiкола Федзюковіч стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР. Аўтар зборнікаў вершаў “Зямля – магніт” (1968), “Мілавіца” (1971), “Птушыны грай” (1976), “Птичье дерево” (1976), “Макаў цвет” (1979), “Красадзён” (2009). Яго творы перакладаліся на ўкраінскую, літоўскую і рускую мовы.

Ён належыў да таго пакалення, дзяцінства якога прыпала на ваенныя і пасляваенныя гады. I таму тэма вайны так хвалявала яго. Мікола Федзюковіч пісаў пра гора, што прынесла вайна, пра свае галоднае і халоднае дзяцінства. Бацька паэта Мікалай Іванавіч не вярнуўся з франтавых дарог Вялiкай Айчыннай – загінуў у 1942-м, гэта была першая значная страта. Потым трагічна загінуў брат, не стала адзінага сына, якi загiнуў дарослым. За год да смерці паэта памерла ягоная маці Ксенія Пракопаўна, якую ён з вёскі забраў да сябе ў Мінск, і якой прысвяціў не адзін верш. Бязлітасны лёс выпрабоўваў яго на трываласць, грамадзянскую мужнасць. Тэму радзімы, сяброўства, кахання паэт лічыў галоўнай у сваёй творчасці.

Неадступнымі спадарожнікамі няўрымслівага героя яго твораў з’яўляюцца вятры і навальніцы, сонца і хмары, дажджы і травы, лясы і рэкі. Яшчэ ў першым паэтычным зборніку “Зямля – магніт” (1968) ён нібы прадказаў свой лёс, заявіў пра сваё крэда, агучыў праграму свайго “хуткаплыннага” жьщця. Кніга вершаў “Макаў цвет”, выдадзеная ў 1979 годзе выдавецтвам “Мастацкая літаратура”, стала, на жаль, апошняй пры жыцці Мікалая Мікалаевіча.

Паэт “маўчаў” 18 гадоў. Рукапіс новай кніжкі з незвычайна прыгожай назвай “Красадзён” праляжаў у выдавецтве “Мастацкая літаратура” больш за дзесяць год, а ў свет пры жыцці паэта так і не выйшаў. Красадзён – гэта прыгожая травянiстая раслiна, звычайная для палескiх мясцiн.

Лёс не песціў паэта, але ён не скарыўся яму і, як мог, даражыў сваім прызначэннем паэта. Пра яго паэзію гаварылі ў літаратурных колах Беларусі, Расіі і іншых краін. Шырокая вядомасць і папулярнасць паэта яшчэ і ў тым, што ён быў перакладчыкам вершаў на беларускую мову з французскай, балгарскай, а таксама з грузiнскай, казахскай, кіргізскай, рускай, таджыкскай, татарскай, украінскай i іншых моў народаў СССР.

Шмат ездзiў па Беларусі, пісаў нарысы і рэпартажы з маладзёжных будоўляў, выступаў з імі ў друку і на радыё. Вёў на Беларускім радыё перадачу “Шчырага сэрца парывы”. Мікола Федзюковіч пісаў сумленную публіцыстыку, рэцэнзіі, нарысы і артыкулы.

Жыў адкрыта, не страхаваў сябе, лічыў сваім адзіным паратункам родны абсяг, да якога і прыхінаў галаву. Яго малая радзіма – палескі край. У душы паэта ён быў нечым незвычайным, таямнічым. Здавалася, яму там сонца ярчэй свяціла і людзі былі ласкавейшымі. Паэт любіў сваіх землякоў і як Айчыне, прысягаў ім вернасцю, тым самым плаціла паэту і Бацькаўшчына.

На жаль, жыццё паэта абарвалася рана – не дажыў да 54-х, засталіся яго творы, якія вучаць разумнаму, добраму, вечнаму. Мікалай Мікалаевіч Федзюковіч нечакана, раптоўна памёр 8 студзеня 1997 года. Пахаваны на Паўночных могілках г. Мінска.

Паэтычная спадчына паэта застаецца запатрабаванай. У 2009 годзе ў серыi “Беларуская паэзiя ХХ стагоддзя” выйшла кнiга вершаў і перакладаў М. Федзюковіча “Красадзён” (укладальнік Віктар Гардзей). На радзiме паэта, у Гутава Драгічынскага раёна, у 1998 годе было наладжана літаратурнае свята, прысвечанае 55-годдзю з дня нараджэння земляка. Яго імем названа адна з вуліц Гутава. У 2013 годзе адбыўся дзень памяцi “Мілавіца над Гутавам”, прысвечаны 70-годдзю з дня нараджэння Міколы Федзюковіча.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Драгічынскай раённай цэнтральнай бібліятэкай. Трыфанава Наталля Іванаўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

{/gcontent}

Творы М. М. Федзюковіча

  1. Красадзён : вершы, пераклады / Мікола Федзюковіч ; уклад. В. Гардзей. Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. 319 с. (Беларуская паэзія ХХ стагоддзя).
  2. Макаў цвет : вершы / Мікалай Федзюковіч. Мiнск : Мастацкая літаратура, 1979. 52 с.
  3. Птичье дерево : стихи / Микола Федюкович ; пер. с белорус. Ивана Бурсова. Москва : Молодая гвардия, 1976. 32 с. (Молодые голоса).
  4. Мілавіца : лірыка / Мікалай Федзюковіч. Мiнск : Беларусь, 1971. 56 с.
  5. Зямля – магніт : вершы / Мікалай Федзюковіч. Мінск : Беларусь, 1968. 64 с. (Першая кніга паэта).
  6. Вёска Гутава : [верш] / Мікола Федзюковіч // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2008. С. 182–183.
  7. “Земле на верность присягали” ; “О, как бы ни жил терпеливо” : [стихи] / Микола Федюкович // Белой вежи свет : сборник поэзии Брестчины / сост. и пер. с белорус. В. Гришковца. Минск : Літаратура і Мастацтва, 2010. С. 41.
  8. Балада пра бусла : [верш] / Мікола Федзюковіч // Дыялог на мяжы стагоддзяў / уклад. М. Панасюк. Мiнск : Тэхнапрынт, 2000. С. 281–282.
  9. Красадзён : старонкі з кнігі : [вершы] / Мікола Федзюковіч ; уступ. слова Віктар Шніп ; публікацыя Алены Федзюковіч // ЛіМ. 1997. 21 лют. (№ 8). С. 14–15.
  10. “У нашым лесе дрэў нямала” ; “Прачыналася рэчка Ясельда” ; “Неўпрыкмет заблудзіць сярод вуліц” ; “Жанчына” ; “Каравай” : [вершы] / Мікола Федзюковіч // Анталогія беларускай паэзіі : у 5 т. Т. 3 : Вершы і паэмы. Мiнск : Мастацкая літаратура, 1993. С. 363–366.

 

Аб жыццi i творчасцi М. М. Федзюковіча

  1. Федюкович Микола // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. : Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 433.
  2. Мікола Федзюковіч // Лiтаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзiч. Брэст : ААТ «Брэсцкая друкарня», 2008. С. 181–182.
  3. Федюкович Микола // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 7. С. 356.
  4. Федзюковіч Мікалай // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск : БелЭн, 2003. Т. 16. С. 345.
  5. Федзюковiч Мiкола // Беларускiя пiсьменнiкi : бiябiблiяграфiчны слоўнiк : у 6 т. Мiнск, 1995. Т. 6. С.
  6. Панасюк, М. Усе трывогі, боль і хваляванне : [пра дзень памяцi паэта-земляка М. Федзюковіча “Мілавіца над Гутавам”] / Мікалай Панасюк // Народная трыбуна. 2013. 31 мая. (№ 22). С. 4.
  7. Марціновіч, А. Вагон, з якога бачны макаў цвет : [пра творчасць паэта М. Федзюковіча. Да 65-годдзя з дня нараджэння] / Алесь Марціновіч // ЛіМ. 2008. 1 жн. (№ 31). С. 14.
  8. Мікола Федзюковіч : [біяграфічная даведка] // Ясельда : юбілейны зборнік Іванаўскага літаб’яднання. Іванава, 2006. С. 65–67.
  9. Грышкевіч, Т. Магла б хацінка стаць музеем : [пра М. Федзюковіча i яго радзiму – вёску Гутава] / Таццяна Грышкевiч // Белорусская нива. 2005. 16 февр. С. 4.
  10. Гардзей, В. …Паклікаў жураўліны вырай : [да 60-годдзя з дня нараджэння М. Федзюковіча] / Вiктар Гардзей // ЛІМ. 2003. 30 мая (№ 22). С. 14–15.
  11. Трафiмчук, М. Фэст на радзiме паэта : [пра М. Федзюковiча] / Мiкола Трафiмчук // ЛiМ. 2003. 30 мая (№ 22). С. 15.
  12. 12. Гальпяровіч, Н. Мікола Федзюковіч : [штрыхі да партрэта] / Навум Гальпяровіч // Роднае слова. 2003. № 5. С. 99.
  13. Трафімчук, М. Мілавіца над Гутавам : [да 55-годдзя з дня нараджэння М. Федзюковіча] / Мікола Трафімчук // Драгічынскі веснік. 1998. 23 мая.
  14. Панасюк, М. Як зямное прычасце : [памяці М. Федзюковіча] / Мiкола Панасюк // Драгічынскі веснік. 1998. 14 студз.
  15. Панасюк, М. Свята паэзіі ў Гутаве : Аднавяскоўцы М. Федзюковіча шануюць яго імя : [пра свята да 55–годдзя з дня нараджэння М. Федзюковіча] / Мiкалай Панасюк // Драгічынскі веснік. 1998. 6 чэрв.
  16. Гардзей, В. I два радкі гаркотай на губах : [пра М. Федзюковіча] / Вiктар Гардзей // Чырвоная змена. 1998. 26 сакав. С. 3.
  17. Галіцкі, Р. Водар нерасцвіўшагася красадзёна : [да 55-годдзя з дня нараджэння М. Федзюковіча] / Рыгор Галіцкі // Драгічынскі веснік. 1998. 20 мая; Акно. 1998. № 1. С. 62–67.
  18. Малец, Я. Я выпадкова сеў не ў той вагон… : Слова пра Міколу Федзюковіча / Янусь Малец // ЛіМ. 1997. 30 мая (№ 22). С. 16.
  19. Аляксейчык, Я. Я. Мікола Федзюковіч / Я. Я. Аляксейчык // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Драгічынскага раёна. Мінск : БЕЛТА. 1997. С. 439–441.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2359 разоў Апошняя змена Панядзелак, 30 Сакавік 2020 16:19