Панядзелак, 05 Жнівень 2013 11:05

24 снежня 2013 г. – 100 гадоў з дня нараджэння Мiкалая Дзмiтрыевiча Чурабы (1913–1998), мастака ў галiне кнiжнай i станкавай графiкi, жывапiсу

Мікалай Дзмітрыевіч Чураба нарадзіўся 24 снежня 1913 года ў Мінску.

{gcontent} Бацька служыў у паштовым ведамстве, любіў музыку, іграў на флейце. Сям’я была працоўнай, усе любілі спяваць, прыахвоцілі да спявання і малога Мікалая. На ўсё жыццё ў яго засталася схільнасць да харавых спеваў, удзельнічаў, нават саліраваў, у харавых калектывах.

У 1920 годзе Чурабы пераехалi ў Клімавічы Магілёўскай вобласці. У семігодцы першым для Міхаіла настаўнікам малявання быў Міхаіл Ігнатавіч Станкевіч, які раскрыў здольнасці хлапчука і падрыхтаваў да паступлення ў тэхнікум. У 1930–1933 гадах вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме. Яго педагогамі былі мастак І. В. Ахрэмчык і скульптар М. А. Керзін.

У 1940 годзе скончыў графічны факультэт Маскоўскага мастацкага інстытута імя В. І. Сурыкава. Вучыўся ў М. Эндэ, А. Фогта, Х. Даркевіча, У. Фаворскага, П. Паўлінава, К. Істоміна. Маладога спецыялiста накiравалi на працу выкладчыкам ў Беласток, які на той час быў далучаны да БССР. Тут яго застала Вялікая Айчынная вайна. Дапамагаў падпольшчыкам, а на жыццё зарабляў распілоўкай дроў, афарміцельскімі работамі і іншым, акрамя таго саліраваў у хоры, які часам выязджаў у іншыя мястэчкі. У пачатку 1943 года з хорам трапіў у Пружаны Брэсцкай вобласцi, дзе пазнаёміўся з 17-гадовай Таццянай Уладзіміраўнай Утгоф, якая стала яго музай. Неўзабаве яны пабралiся, засталіся жыць ў Пружанах, у будучым у iх сям’і нарадзiлiся трое дзяцей.

З 1946 года М. Чураба жыў у Брэсце, працаваў у абласным Доме народнай творчасці, мастацкім камбінаце. Разам з П. Данелія, І. Фяцісавым, В. Шыкіным, І. Рудчыкам, П. Пагодзіным стварылі групу прафесійных мастакоў, фiлiял Саюза мастакоў, якая ў 1971 годзе пераўтворана ў абласную арганізацыю СМ БССР. У 1947 годзе Мікалай Чураба стаў членам Саюза мастакоў СССР. Быў арганізатарам першых мастацкіх выстаў у горадзе, якiя сталi праводзіцца з 1950 года. У 1966–1982 гадах Мікалай Дзмітрыевіч выкладаў малюнак і жывапіс у Брэсцкім інжэнерна-будаўнічым інстытуце. З 1972 года – дацэнт.

Творчую дзейнасць Мікалай Чураба пачаў з 1939 года, калі яго творы з’явіліся на выставе пад час вучобы ў Маскве. Працаваў ў кніжнай і станкавай графіцы, жывапісе. Пісаў пейзажы, партрэты, нацюрморты. Маляваў алеем, акварэллю, тэмперай, пастэллю. Ніколі не развітваўся з алоўкам і блакнотам, паўсюль маляваў, нават у грамадскім транспарце. Аформіў кнігі: “Вершы для дзяцей” М. Лужаніна (1948), “Залаты карп”
Я. Стаховіча (1951), “Новая зямля” Я. Коласа (1958) i iнш.

Галоўная тэма жывапісных работ – гераічная абарона Брэсцкай крэпасці. Упершыню ў крэпасць Міхаіл Чураба трапіў у 1947 годзе, адразу адчуў трагізм апаленай вайной зямлі, гераізм савецкіх салдат, хоць на той час яшчэ не былі напісаны нарысы С. Смірнова аб абароне Брэсцкай крэпасці. Асноўныя творы гэтай тэмы: “Цаною жыцця” (1961), “У Брэсцкай крэпасці” (1964), “Цярэспальскія вароты” (1966), “Цішыня ў цытадэлі” (1967), “Руіны парахавога склада” (1969), трыпціх “На парозе бессмяротнасці” (1971), “Не зарасце народная сцежка” (1973), “Смага” (1979), “Пад чыстым небам” (1981), “Байніцы Брэста” і “Ветэраны” (1982), “Зноў згушчаюцца хмары” (1983) і інш.

На працягу творчага жыцця каля 1000 твораў мастака выстаўляліся на 100 выставах у Маскве, Мінску, Брэсце і многіх іншых гарадах. З 1964 па 1996 год М. Чураба правёў 13 персанальных выстаў. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, фондах БСМ, музеі мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” і інш.

Мікалай Дзмітрыевіч Чураба памёр 29 студзеня 1998 года.

У 2000 годзе ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” прайшла выстава твораў М. Чурабы. У студзенi 2004 года ў Брэсцкім мастацкiм музеi, а ў вераснi ў выставачнай зале Брэста прайшла выстава “Доброта взгляда”, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння М. Чурабы. У студзенi 2009 года ў выставачнай зале Брэста – выстава з 136 твораў жывапісу і графікі да 95-годдзя з дня нараджэння майстра. Затым у сакавіку гэта выстава дэманстравалася ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтваў”.

У кастрычнiку 2010 года ў Брэсцкiм мастацкiм музеі была адкрыта сумесная выстава М. Чурабы і яго вучня з Беластока А. Краўчука, які з 1940 года праз усё жыццё пранёс памяць пра яго ўрокі. З-за вайны сын селяніна Анатоль Краўчук застаўся працаваць на зямлі, не стаў прафесійным, але стаў адметным самадзейным мастаком, вядомым сярод землякоў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

{/gcontent}

  1. Николай Чурабо : [альбом] / вступ. ст. Николая Александрова. Минск : Юнипак, 2004. 41 с.: ил.
  2. Мікалай Чураба : [“Краявід”] // Мастакі Брэстчыны : альбом-каталог. Брэст, 2010. С. 148–149.
  3. Чурабо Николай Дмитриевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2008. Т. 7. С. 556.
  4. Чураба Мікалай Дзмітрыевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 17. С. 291.
  5. Николай Чурабо : [Родной край»] // Художники Брестчины : альбом-каталог. Минск, 2002. С. 142–143.
  6. Чураба Мікалай Дзмітрыевіч : [“У сваёй майстэрні”] // Беларускі саюз мастакоў : энцыкл. даведнік. Мінск, 1998. С. 596.
  7. Николай Чурабо : [“Родной край”, 1992] // Художники Брестчины : альбом-каталог. Минск : Хелмон, 1997. С. 108–109.
  8. Чураба Мікалай Дзмітрыевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 531.
  9. Чурабо, Н. Д. Выставка живописи и графики, посвященная 75-летию со дня рождения и 50-летию творческой деятельности : каталог / Брест. обл. орг. Союза худож. БССР. Брест, 1989. 49 с.: ил., портр.
  10. Павлова, Л. Николай Чурабо – художник-первопроходец Брестской крепости : штрихи к портрету / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2013. 25 июля (№ 30). С. 22.
  11. Бунеева, Л. “Тыя ўрокі я пранёс праз усё жыццё” : [пра выставу жывапісу М. Чурабы і самадзейнасга мастака з Беластока А. Краўчука ў Мастацкім музеі] / Людміла Бунеева // Вечерний Брест. 2010. 5 нояб. С. 7.
  12. Павлова, Л. Сердечная встреча через семь десятилетий : [о выставке живописи Н. Д. Чурабо и польского самодеятельного художника А. Кравчука (Белосток) в Художественном музее] / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2010. 4 нояб. (№ 45). С. 20.
  13. Павлова, Л. 95-й Сочельник художника Николая Чурабо / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2009. 8 янв. (№ 2). С. 8.
  14. Альшова, И. Полотна, где царят доброта и свет : [о выставке живописи Н. Д. Чурабо к 95-летию со дня рождения] / Ирина Альшова // Брестский вестник. 2009. 5 февр. С. 14.
  15. Дзічэнская, А. Акварэльная настальгія : [пра выставу да 95-годдзя М. Чурабы ў Брэсце] / Алена Дзічэнская // Культура. 2009. 28 лют. – 6 сак. (№ 9). С. 11.
  16. Валасюк, Л. Восень патрыярха : памяцi мастака-педагога М. Д. Чурабы : [верш] / Лявон Валасюк // И физики, и лирики… : [сборник] / сост. Т. Ю. Шульга. Брест, 2007. Вып. 3. С. 11–12.
  17. Бунеева, М. Песня Сольвейг : Портрет жены художника : [о Татьяне Владимировне Чурабо] / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2007. 9 марта. С. 5.
  18. Памяти негаснущей любви : [памяти Т. В. Чурабо (1925–2005)] // Брестский курьер. 2005. № 14. С. 29.
  19. Каско, А. Iмёны, вартыя нашчадкаў : [пра спадчыну брэсцкага жывапiсца М. Д. Чурабы (1913–1998)] / Алесь Каско // Брестский курьер. 2004. № 33. С. 9.
  20. Алексеева, М. Сентиментальный тост : [о брестском живописце Н. Д. Чурабо] / Мария Алексеева // Брестский вестник. 2004. 27 дек. С. 6.
  21. Александров, Н. Чурабо – принцип измерения смысла жизни / Николай Александров // Брестский курьер. 2004. № 2. С. 1.
  22. Александров, Н. Река судьбы Николая Чурабо / Николай Александров // Брестский курьер. 2004. № 39. С. 9.
  23. Гордеева, Г. Воспоминания… : [о художнике Н. Д. Чурабо] / Галина Гордеева // Брестская газета. 2004. № 38. С. 13.
  24. Мартысевич, А. Быть, как стебель, и быть, как сталь… : [о вдове брестского художника Н. Д. Чурабо Татьяне Владимировне] / А. Мартысевич // Заря. 2003. 13 марта. С. 6.
  25. Александров, Н. Счастливые : История одной любви : [о художнике Н. Д. Чурабо и его супруге Татьяне Владимировне] / Николай Александров // Брестский курьер. 2003. № 31. С. 17, 19.
  26. Хадаровіч, А. “Ніводнага дня без эскізу” : [пра выставу жывапісу М. Д. Чурабы ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”] / А. Хадаровіч // Раённыя будні (Пружаны). 2000. 11 ліст.
  27. Памяці Мікалая Чурабы // Культура. 1998. 7–13 лют. С. 11.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2083 разоў Апошняя змена Панядзелак, 06 Красавік 2020 15:17