Чацвер, 05 Верасень 2013 16:21

29 верасня 2013 г. – 105 гадоў з дня нараджэння Пятра Юльянавіча Корбута (1908–1944), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Героя Савецкага Саюза (1944)

Пётр Юльянавіч Корбут з’явіўся на свет 29 верасня 1908 года ў сям’і сталяра чыгуначных майстэрняў у г. Пінску Брэсцкай вобласці.

{gcontent}Толькі некалькі гадоў жыцця звязваюць П. Ю. Корбута з горадам над Пінай. У часы ваеннага ліхалецця Першай сусветнай Корбуты пераехалі на станцыю Калінкавічы (цяпер у Гомельскай вобласці). Тут у 1919 годзе ад тыфу памёр бацька.

З адзінаццацігадовага ўзросту Пётр працаваў падсобным рабочым на чыгунцы, а некалькі пазней, калі маці з дзецьмі ўладкаваліся ў Бежыцэ Арлоўскай вобласці (Расія), Пётр стаў вучнем слесара на заводзе. Токар, нарміроўшчык, студэнт паровозабудаўнічага факультэта машынабудаўнічага інстытута, член камуністычнай партыі з 1928 года – такія вехі яго біяграфіі.

У 1931 годзе Пётр Корбут па спецыяльным наборы прызываецца ў Чырвоную Армію і становіцца курсантам Арлоўскага танкавага вучылішча. Менавіта ў арміі ён знаходзіць сваё прызванне. Праз пяць гадоў, за поспехі ў баявой, палітычнай і тэхнічнай падрыхтоўцы падраздзялення лейтэнант Корбут ўзнагароджаны ордэнам Леніна.

Вялікая Айчынная вайна застала нашага земляка слухачом Ваеннай акадэміі механізацыі і матарызацыі Чырвонай Арміі. Першыя бітвы прыняў пад Масквой у якасці старшыні штаба, а затым і камандзіра 23-й танкавай брыгады, якая дзейнічала на ўчастку славутай дывізіі Панфілава. Будучы ўжо камандзірам асобнага гвардзейскага танкавага палка, падпалкоўнік П. Ю. Корбут граміў ворага ля сцен цытадэлі на Волзе. За ўдзел у аперацыях на Заходнім фронце і Сталінградскай бітве, а таксама за восеньскую кампанію 1943 года Пётр Юльянавіч быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I ступені і Аляксандра Неўскага.

У пачатку 1944 года савецкія войскі прыступілі да ўзяцця Нікольскіх ўмацаванняў на левым беразе Дняпра (Днепрапятроўская вобласць). Знішчаючы гітлераўцаў, 37-я гвардзейская танкавая брыгада пад камандаваннем падпалкоўніка П. Ю. Корбута смела кінулася на штурм Нікопольскага плацдарма. “Браняваная кавалерыя” руйнавала ўмацаванні праціўніка. У баі за высату 837 4 лютага 1944 года танк камандзіра быў падпалены. Пётр Юльянавіч Корбут загінуў. Горад Нiкопаль быў вызвалены 8 лютага.

П. Ю. Корбут пахаваны ў брацкай магіле ў г. Мелітопалі Запарожскай вобласці (Украіна).

19 сакавіка 1944 года П. Ю. Корбут за мужнасць i гераiзм пасмяротна удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Паэт Сяргей Арлоў прысвяціў яму верш “У сгоревшего танка” (1947). У горадзе Нiкопаль Днепрапятроўскай вобласцi i райцэнтры Верхнi Рагачык Херсонскай вобласцi вулiцы названы ў гонар П. Ю. Корбута. На радзiме ў Пiнску яго імянем названа вуліца, а 23 лютага 2006 года адкрыта мемарыяльная дошка (вул. Брэсцкая, 65).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 годзе Пінскай цэнтральнай гарадской бібліятэкай. Баговіч Таццяна Канстанцінаўна, гал. бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі

{/gcontent}

 

  1. Корбут Пётр Юлианович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2007. Т. 4. С. 210.
  2. Корбут Пётр Юльянавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 236.
  3. Корбут Пётр Юлианович // Их именами названы… : энциклопедический справочник / гл. ред. И. П. Шамякин. Минск, 1987. С. 299.
  4. Корбут Пётр Юлианович // Герои Советского Союза : краткий биографический словарь : [в 2 т.]. Москва : Воениздат, 1987. Т. 1. С. 725.
  5. Командир танковой бригады [П. Ю. Корбут] // Их имена в названиях улиц нашего города : [информ. изд.] / Пинская централизованная библиотечная система; библиотека-филиал № 5 ; сост. Е. В. Майорова. Пинск, 2012. С. 8–11.
  6. Родина Корбута Петра Юлиановича// Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 327–328.
  7. Ильенков, В. Во славу Родины, за верность Отечеству! : [об открытии мемориальных досок А. Е. Клещёву (1905–1968) и П. Ю. Корбуту (1908–1944)] / Вячеслав Ильенков // Пiнскi веснiк. 2006. 28 лют.
  8. Андреева, Н. Отмечаем по традиции : [об открытии мемориальных досок А. Е. Клещёву (1905–1968) и П. Ю. Корбуту (1908–1944)] / Надежда Андреева // Мясцовы час (Пiнск). 2006. 2 сак. С. 2.
  9. Михайлов, К. Командир танковой бригады : П. Ю. Корбут / Константин Михайлов // Пінскі веснік. 1997. 3 ліп.
  10. Самуйлик, М. Улица Корбута / М. Самуйлик // Полесская правда (Пинск). 1977. 24 дек.
  11. Орлов, С. У сгоревшего танка : [стих.] // Орлов, С. Собрание сочинений : в 3 т. Т. 1. Стихотворения и поэмы / Сергей Орлов. Москва : Художественная литература, 1979. С. 151.
  12. Мамонтов, В. И пришел от Заволжья к Днепру : [о подвиге танкистов на Днепре, в т. ч. П. Ю. Корбута] / Виктор Мамонтов // Одесские известия. 2013. 1 июня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 890 разоў Апошняя змена Серада, 08 Красавік 2020 12:44