Серада, 19 Сакавік 2014 17:26

2014 г. – 85 гадоў з часу заснавання (1929) Баранавіцкага краязнаўчага музея

Баранавіцкі краязнаўчы музей – адзін са старэйшых музеяў Брэсцкай вобласці, старэйшая ўстанова культуры ў горадзе. Музей у горадзе Баранавічы Брэсцкай вобласці быў створаны ў кастрычніку 1929 года па ініцыятыве прафесара польскай гімназіі Леанарда Турскага. Да 1939 года музей дзейнічаў як павятовы і меў краязнаўчую накіраванасць.

 

Наступныя крокі станаўлення і развіцця музея ў Баранавічах былі звязаны з падзеямі 1939–1940 гадоў. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у Баранавічах і Баранавіцкай вобласці працавала камісія па абследванню помнікаў гісторыі і культуры (створана 4 снежня 1939 года). Члены камісіі не маглі абысці ўвагай павятовы музей – сховішча цікавых помнікаў, магчымую базу для развіцця музейнай справы ў краі. Адным з вынікаў гэтай камісіі стала рашэнне Саўнаркома БССР аб адкрыцці ў 1940 годзе на аснове павятовага краязнаўчага музея Баранавіцкага абласнога музея выяўленчага мастацтва. За гэты перыяд фонды былога павятовага музея якасна папоўніліся. У пачатку 1940 года ў выніку правядзення нацыяналізацыі ў Заходняй Беларусі, якая закранула і маёмасць мясцовай шляхты, са шляхецкіх маёнткаў Баранавіцкай вобласці, Нясвіжскага палаца Радзівілаў сталі паступаць мэбля, посуд, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кнігі, карціны і г. д. Многія з іх былі сапраўднымі творамі мастацтва (цудоўныя шкатулкі, саксонскі, сеўрскі, англійскі, галандскі і японскі фарфор, пячаткі князёў Радзівілаў ХVІ–ХVІІ стст.).

Музей працягваў дзейнічаць і ў ва ўмовах нямецка-фашысцкай акупацыі. Аб гэтым перыядзе ў яго гісторыі звестак вельмі мала. У адным з нумароў часопіса “Наш край” за 1943 год, які выдаваўся ў Берліне, быў надрукаваны артыкул “Выстаўка беларускага мастацтва”, дзе расказваецца, што летам 1942 года ў Баранавіцкім музеі адкрылася мастацкая выстава “Маладая Беларусь”, на якой экспанаваліся работы баранавіцкіх, а таксама мінскіх, навагрудскіх і іншых мастакоў. Былі выстаўлены палотны
М. Сеўрука (“Кудзельніца”, “Беларускі селянін”), А. Шымановіча (“Беларуская дзяўчына”, “Вясковыя дзяўчаты”). Мяркуючы па фотаздымках, якія суправаджаюць артыкул, у музеі захавалася яшчэ многае з таго, што трапіла ў яго фонды ў перадваенныя гады. Але вось да нас з таго, што яшчэ можна было пабачыць у музеі ў вайну, нічога не дайшло. Вядома, што з Баранавіцкага музея нямецка-фашысцкімі захопнікамі было вывезена 1716 экспанатаў. Сярод іх палотны Рэмбрандта, Я. Мацейкі, Жэрыко, калекцыя японскіх ваз і інш.

Адметным для першых пасляваенных гадоў Баранавіцкага музея стала тое, што яго лёс аказаўся цесна звязаны з другім музеем – Слонімскім. У зруйнаваным горадзе не засталося адпаведнага будынка для яго размяшчэння. Музейныя фонды былі знішчаны. У гэтых умовах у 1946 годзе на базе Слонімскага музея, адзінага ўцалелага ў вобласці, быў утвораны Баранавіцкі абласны гісторыка-краязнаўчы музей. І толькі праз пяць гадоў музей вярнуўся ў Баранавічы. 30 мая 1952 года выканкам аблсавета прыняў пастанову “Аб пераводзе абласнога гісторыка-краязнаўчага музея з г. Слоніма ў г. Баранавічы”.

22 лютага 1953 года ў музеі была адчынена першая пасляваенная экспазіцыя. 9 сакавіка 1954 года ў сувязі са скасаваннем Баранавіцкай вобласці Баранавіцкі абласны музей стаў называцца Баранавіцкім краязнаўчым. Размяшчаўся ён па вуліцы Міцкевіча, 45 (зараз вуліца Леніна).

З 1960 года Баранавіцкі краязнаўчы музей знаходзіцца ў гістарычным цэнтры горада, па вуліцы Савецкай, 72, у будынку пачатку ХХ ст. Валодае багатымі фондамі, якія сабраны, галоўным чынам, у пасляваенны час. Гэта больш за 40 тыс. музейных прадметаў. Экспанаты музея сабраны ў 35 калекцый: паштовак з краявідамі Баранавіч (пачатак ХХ ст.), ручнікоў (канец ХІХ – 1-я палова ХХ стст.), нумізматыкі (манеты ХVІ–ХХ стст., у тым ліку 4 манетныя клады), археалагічных знаходак, побыту і этнаграфіі, падпольных выданняў на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці ў перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі, плакатаў часоў Вялікай Айчыннай вайны, жывапісу і графікі (карціны А. Кашкурэвіча, Л. Шчамялёва) і інш. У ліку найбольш цікавых экспанатаў два арнаты, пашытыя са знакамітых слуцкіх паясоў, Статут ВКЛ выдання 1694 года і інш.

У сямі залах музея размешчана асноўная экспазіцыя, створаная ў перыяд 1994–2006 гадоў. Яна складаецца з трох раздзелаў – “Прырода краю” (1–2 залы), “Гісторыя краю” (3–6 залы), “Баранавічы сёння” (7 зала – прысвечана гісторыі і жыццю горада ў перыяд з 1985 года да цяперашняга часу).

Музей мае дзве выставачныя залы (адна з іх размешчана ў асобным будынку і дзейнічае з 1984 года), у якіх праходзяць выстаўкі твораў жывапісу, графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з уласных фондаў і фондаў іншых музеяў Беларусі.

Разам з экспазіцыйнай і выставачнай работай прыярытэтнымі напрамкамі ў дзейнасці музея з’яўляюцца збіральніцкая, навукова-даследчая і выдавецкая работа (каталогі, артыкулы ў мясцовым друку і энцыклапедычных выданнях, кніга “Памяць. Горад Баранавічы і Баранавіцкі раён” і інш.).

Музей у розны час узначальвалі: Л. Турскі, Г. М. Мацвеева,
П. М. Волкаў, Л. А. Сокал-Кутылоўскі, І. В. Біруля, Н. П. Паўлоўская,
Т. П. Гірдзюк, Л. З. Лобач, М. А. Мартыновіч, В. К. Палікарпаў,
Ю. А. Любамірскі, М. В. Гарбуноў. Шмат гадоў прысвяціў музею дырэктар Станіслаў Аляксандравіч Шчарбакоў, гісторык, аўтар кніг, публікацый у перыёдыцы аб горадзе і Баранавіцкім краі. З 2006 года ўстанову ўзначальвае Ірына Паўлаўна Станюк.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г. Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя В. П. Таўлая. Кіпель Надзея Мікалаеўна, бібліятэкар ІІ кат. чытальнай залы літаратуры па краязнаўству, Старук Алена Валер’еўна, бібліятэкар І кат. аддзела інфармацыйна-бібліяграфічнай работы

 

1.     Баранавіцкі краязнаўчы музей // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2010. Т. 1. С. 443–444.

2.     Барановичский краеведческий музей // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1. С. 4647.

3.     Баранавіцкі краязнаўчы музей / І. П. Станюк ; Барановичский районный музей / И. П. Станюк // Музеі Беларусі = Музеи Беларуси. Мінск, 2008. С. 80–84.

4.     Барановичский краеведческий музей // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. Минск, 2006. Т. 2. С. 195–196.

5.     Баранавіцкі краязнаўчы музей // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 2. С. 294–295.

6.     Баранавіцкі краязнаўчы музей // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусіі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 286.

7.     Сватко, А.Коллекции прошедшей эпохи / Анна Сватко // Наш край (Барановичи). 2013. 17 янв. С. 5.

8.     Волков, С. Своим путем : [о выставке произведений минских художников в выставочном зале Барановичского краеведческого музея] / Сергей Волков // Заря. 2013. 29 окт. С. 2.

9.     Рудковский, С.В выставочном зале Летний вернисаж / Сергей Рудковский //Intex-press (Барановичи). 2012. 18 июля. С. 6.

10.                       Равяка, Р. Гісторыя баранавіцкага музея / Р. Равяка // Intex-press (Барановичи). 2011. 1 июня. C. 15.

11.                       Юркевич, Е. Выставка счастья : [о выставке свадебных фотографий в  Барановичском краеведческом музее] / Елена Юркевич// Заря. 2011. 10 марта. C. 8.

12.                       Чертко, Р. Музыкальная коллекция : [о коллекции музыкальных инструментов в фондах музея] / Рита Чертко // Наш край (Барановичи). 2011. 10 марта. С. 5.

13.                       В Барановичском краеведческом музее открылась выставка 22 июня ровно в 4 часа..., посвященная 70-летию начала Великой Отечественной войны // Брестский курьер. 2011. 12 мая. C. 2.

14.                       Сайко, І. Далучэнне да спадчыны : [гiсторыя Баранавіцкага краязнаўчага музея] / І. Сайко // ЛiМ. 2010. 5 сак. (№ 9). С. 13.

15.                       Лебедзева, С. Зберагальнікі гісторыі : Баранавіцкаму краязнаўчаму музею споўнілася 80 год / Святлана Лебедзева // Народная трыбуна. 2010. 9 студз. C. 9.

16.                       Юркевич, Е. Хранители истории : 80 лет Барановичскому краеведческому музею / Елена Юркевич// Заря. 2009. 31 окт. C. 8.

17.                       Сайко, І. Нам засталася спадчына / І. Сайко // Наш край (Барановичи). 2009. 24 окт. C. 2, 5.

18.                       Савіч, Т. 80 год краязнаўчаму музею / Т. Савіч // Intex-press (Барановичи). 2009. 28 окт. C. 2.

19.                       Юркевич, Е. Секреты истории, или Как экспонаты попадают в музей? : [о фондах Барановичского краеведческого музея] / Елена Юркевич // Заря. 2008. 19 июня. С. 3.

20.                       Станюк, И. П. С цветка родного василька сдувая пыль времён… : [интервью с директором Барановичского краеведческого музея, назначенном осенью 2006 г.] / Ирина Павловна Станюк ; интервью взяла Зоя Сороковик // Наш край (Барановичи). 2007. 15 марта. С. 5.

21.                       Колосова, Е. Сохранить для потомков : краеведческий музей // Шаг (Барановичи). 2007. 5 дек. С. 2.

22.                       Шарай, Н. Здесь можно увидеть купоны и «зайчики» : [о зале новейшей истории (с 1985 г.) Барановичского краеведческого музея] / Наталья Шарай // Вечерний Брест. 2007. 14 февр. С. 7.

23.                       Гарбачоў, Р. Узбраенні ВКЛ прывезлі ў Баранавічы / Р. Гарбачоў // Intex-press (Барановичи). 2007. 15 нояб. С. 4.

24.                       Щербаков, С. Барановичский краеведческий музей / С. Щербаков // Шаг (Барановичи). 2006. 19 апр. С. 8.

25.                       Ширко, Т. Чернобыль 20 лет спустя : [о выставке «Чернобыль… Взгляд сквозь годы (1986–2006)» в краеведческом музее] / Татьяна Ширко // Intex-press (Барановичи). 2006. 27 апр. С. 4.

26.                       Ленько, О. Реликвии войны : [об экспозиции «Реликвии Великой Отечественной» в выставочном зале музея] / Оксана Ленько // Intex-press (Барановичи). 2005. 12 мая. С. 5.

27.                       Васільева, А. Святы і будні музея : [да 75-годдзя Баранавіцкага краязнаўчага музея] / Алена Васільева // Народная трыбуна. 2004. 6 ліст.

28.                       Пономарёв, О. Барановичскому краеведческому – 75! / Олег Пономарёв, Оксана Гринченко // Intex-press (Барановичи).

29.                       Иванов, И. Дом, где ведают краем : [к 50-летию первой послевоенной экспозиции] / И. Иванов // Шаг (Барановичи). 2003. 19 февр. С. 13.

30.                       Бутько, І. Музей-воспитатель : [о Барановичском краеведческом музее] / И. Бутько // Заря. 2001. 13 дек.

31.                       Щербаков, С. А. Барановичи на открытках и фотографиях : документально-исторический очерк / Станислав Александрович Щербаков. Барановичи : Красная звезда, 2009. 119 с. : ил.

32.                       http://be.wikipedia.org/wiki/

33. http://baranovichi.museum.by/

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1721 разоў Апошняя змена Пятніца, 03 Красавік 2020 12:39