Серада, 19 Сакавік 2014 17:34

13 кастрычніка 2013 г. – 240 гадоў з дня нараджэння Лукаша Іосіфавіча Галамбёўскага (1773–1849), польскага гісторыка, этнографа, архівіста

Лукаш Іосіфавіч Галамбёўскі нарадзіўся 13 кастрычніка 1773 года ў вёсцы Пагост каля г. Пiнска (цяпер Пагост-Загародскі Пінскага раёна Брэсцкай вобласці). У Дубровіцы (зараз раённы цэнтр на Украіне) скончыў манаскую школу. Працаваў бібліятэкарам у вядомага гісторыка Т. Чацкага, разам з якім дзеля адшукання кніг і рукапісаў наведаў многія кляштары і касцёлы Польшчы.

 

Лукаш Галамбёўскі удзельнічаў у паўстанні пад кіраўніцтвам
Т. Касцюшкі ў 1794 годзе. У адным з баёў ён быў кантужаны. Прымаў удзел у абароне Варшавы, пасля падзення якой вярнуўся на ранейшую службу.

У той час, калі Л. Галамбёўскі працаваў у Т. Чацкага, яму вельмі спадабалася калекцыя кніг, але яна была прададзена Чартарыйскім у Пулавы. Па гэтай прычыне ён едзе туды і з 1818 па 1823 год займае пасаду бібліятэкара ў Пулавах. Тут Лукаш Іосіфавіч займаўся перакладамі, наладзіў сувязі з замежнымі архівамі – пачаў займацца навуковай дзейнасцю.

У 1818 годзе яго актыўная дзейнасць была заўважана і ён выбіраецца сапраўдным членам таварыства сяброў навук. Праз некалькі гадоў пераехаў у Варшаву, дзе становіцца сакратаром (1824–1831) гэтага таварыства. З 1827 года – прафесар літаратуры педагагічнага інстытута. У 1831 годзе працаваў бібліятэкарам Публічнай бібліятэкі Варшаўскага ўніверсітэта і адначасова выкладаў там курс бібліяграфіі. Аўтар адной з першых прац па гісторыі Варшавы “Гісторыка-статыстычнае апісанне горада Варшавы” (1826).

У 1830 годзе Лукаш Галамбёўсківыпускае кнігу “Люд польскі, яго звычаі, забабоны”, дзе змяшчае апісанні вяселля, радаўніцы, іншых абрадаў, адзення і звычаяў беларусаў, узятыя з прац З. Даленгі-Хадакоўскага,
М. Чарноўскай і іншых. У наступным годзе выйшла яшчэ адна яго кніга “Гульні і забавы розных саслоўяў ва ўсім краі або ў некаторых толькі правінцыях”. У кнізе ён апісаў побыт, абрады, адзенне, народныя святы і фальклор розных этнічных груп: палякаў, беларусаў, рускіх, украінцаў і літоўцаў. У гэтай кнізе ўпершыню апісаў унікальны абрад “куст”, які бытаваў на абмежаванай тэрыторыі Піншчыны (увайшло ў том БНТ “Гульні, забавы, ігрышчы”, 1996). Блізкае Л. Галамбёўскаму пінскае Палессе прадстаўлена дажынкавай песняй, якую трэба лічыць адной з першых публікацый такога жанру. У том “Беларускай народнай творчасці” “Земляробчы каляндар: абрады і звычаі” (1990) уключаны яго апісанні беларускіх абрадаў Сёмухі і Дажынак. Апублікаваў забаўлянку “Сарока-варона”, легенды пра папараць-кветку, ноты беларускай купальнай і русальнай песень.

Здавалася б, што Лукаш Галамбёўскіўладкаваў сваё жыццё, знайшоў працу па душы. Але ён стаў сведкам таго, як знішчаліся набыткі таварыства сяброў навук. Гэта яго псіхічна і маральна зламала. Ён спрабаваў прыхаваць некаторыя каштоўнасці з музейных калекцый, якія вывозіліся з роднага краю. За гэта Л. Галамбёўскі быў вызвалены ад пасады сакратара таварыства. У 1833 годзе ён пакідае Варшаву і пераязджае ў мястэчка Казіміраўка пад Грубешавам.

У апошнія гады свайго жыцця Лукаш Галамбёўскі напісаў такія значныя творы, як “Кабінет польскіх медалёў з часу панавання Станіслава Аўгуста” ў 4-х тамах, “Гісторыя Польшчы” у 3-х тамах. Над “Гісторыяй Польшчы” ён працаваў у 1846–1848 гадах. Пісаў пераважна на польскай мове, прытрымліваўся кансерватыўных поглядаў. Лічыў сябе ліцвінам, а гэта значыць – беларусам. Захаваўся ягоны ліст да сына, дзе ён піша: “Там ліцвіны і ты ад ліцвіна паходзіш. Я ліцвін да мозга касцёў, а яшчэ і пінчук”.

Лукаш Іосіфавіч Галамбёўскі памёр 7 студзеня 1849 года ў мястэчку Казіміраўка (Люблінскае ваяводства). У яго творчай спадчыне засталося каля 40 ненадрукаваных рукапісаў.

У гонар Л. Галамбёўскага на радзіме ў вёсцы Пагост-Загародскі Пінскага раёна ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц. Станкевіч Клаўдзія Аляксандраўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.     Галамбёўскі Лукаш Іосіфавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 4.С. 449–450.

2.     Галамбёўскі Лукаш Іосіфавіч / І. У. Саламевіч // Беларускі фальклор : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 320–321.

3.     Саўчанка, М. Л. Лукаш Галамбёўскі – гісторык, архівіст, этнограф / М. Л. Саўчанка // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Пінскага раёна. Мінск, 2003. С. 544–545.

4.     Галамбёўскі Лукаш (13.10.1773–7.01.1849) // Асветнікі зямлі Беларускай : энцыклапедычны даведнік. Мінск : БелЭн, 2001. С. 104.

5.     Галамбёўскі Лукаш // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994.Т. 2. С. 453.

6.     Васілевіч, У. А. Лукаш Галамбёўскі / У. А. Васілевіч // Каханоўскі, Г. А. Беларуская фалькларыстыка : эпоха феадалізму / Г. А. Каханоўскі, Л. А. Малаш, К. А. Цвірка. Мінск, 1989. С. 61–64.

7.     Саўчанка, М. Лукаш Галамбёўскі – гісторык, архівіст, этнограф / М. Саўчанка // Полесская правда (Пинск). 1991. 16 июля.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 3158 разоў Апошняя змена Серада, 08 Красавік 2020 14:57