Серада, 19 Сакавік 2014 17:39

1 снежня 2013 г. – 80 гадоў з часу адкрыцця ў Брэсце станцыі па аказанні хуткай дапамогі хворым (1933)

Гісторыя Брэсцкай бальніцы хуткай дапамогі бярэ свае вытокі з далёкіх 1930-х гадоў. 1 снежня 1933 года ў Брэсце-над-Бугам была створана станцыя па аказанні хуткай дапамогі хворым. Будынак бальніцы быў пабудаваны па новай вулiцы ў заходняй частцы горада ў 1935 годзе. У новым будынку змяшчалася таксама станцыя па аказанню хуткай дапамогі, а пасля рэканструкцыі ў 1939 годзе ўстанова мела 250 ложкаў.

 

На перыяд устанаўлення савецкай улады ў Брэсце налічвалася дзве бальніцы, дзве амбулаторыі, адзін кантрольна-венерычны пункт і 10–16 ўрачоў. У 1940 годзе колькасць ложкаў у дзвюх бальніцах павялічылася да 360, а ўрачоў – да 29. У тым жа годзе была праведзена рэканструкцыя бальніцы з мэтай павялічыць яе да 500 ложкаў. Усе работы па рэканструкцыі і будаўніцтву станцыі хуткай дапамогі ўзначальвала Марыя Нікіфараўна Гарбаценка, якая займала пасаду загадчыка аддзела аховы здароўя пры гарвыканкаме.

Гады фашысцкай акупацыі нанеслі вялікія страты гораду, была разбурана і сістэма медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, якая стваралася намаганнямі ў першую чаргу медыцынскіх работнікаў.

Калі ў 1944 годзе горад быў вызвалены, пытанні аховы здароўя займалі асаблівае месца сярод першачарговых задач. Бальніца зноў размясцілася ў сваім ранейшым будынку (цяпер вул. Леніна, 15) і атрымала статус абласной, была пашырана да 300 ложкаў, а ў 1965 годзе – да 400. 11 верасня 1974 года яна была перайменавана ў гарадскую бальніцу.

У сярэдзіне 1970-х гадоў у гарадской бальніцы сфарміраваўся працаздольны калектыў. Бальніца выйшла ў лік перадавых устаноў і была ўзнагароджана Памятным знакам ГК КПБ, Ганаровым вымпелам савецкага фонду міру, граматай Міністэрства аховы здароўя БССР. У бальніцы існаваў брыгадны метад працы ўрачоў, які забяспечваў якасць і эфектыўнасць работы. Важным звяном у арганізацыі медыцынскага абслугоўвання была хуткая і неадкладная медыцынская дапамога. Удасканаленне яе арганізацыі было актуальна ў сувязі з ростам сардэчна-сасудзістай паталогіі, траўматызму. Арганізацыя спецыялізаваных брыгад, забяспячэнне іх неабходнымі медыкаментамі і медыцынскім абсталяваннем дазвалялі аказваць эфектыўную дапамогу на дашпітальным этапе.

Брэсцкая гарадская бальніца хуткай медыцынскай дапамогі была створана 1 кастрычніка 1976 года на падставе загада аблздраўаддзела № 270 ад 17 верасня 1976 года, на 300 ложкаў. Са студзеня 2011 года бальніца разлічана на 242 ложкі, у тым ліку рэанімацыйнае аддзяленне на 12 ложкаў. Былі дасягнуты значныя поспехі ў рабоце хуткай дапамогі. Колькасць выязных брыгад павялічылася з 9 (1976) да 17 (1980). З мэтай набліжэння меддапамогі да насельніцтва і паляпшэння яе якасці ў 1981 годзе была адкрыта падстанцыя хуткай дапамогі.

На пачатак 1986 года бальніца мела 7 лячэбных аддзяленняў і 3 дапаможныя аддзяленні. Працавалі 59 урачоў, 149 работнікаў сярэдняга медыцынскага персаналу.

Спецыфіка працы дадзенай лячэбнай установы ў тым, што сюды паступаюць пацыенты, якім патрабуецца менавіта экстраная дапамога: з інфарктамі, інсультамі, ранамі сэрца і іншых жыццёва важных органаў, хірургічнымі захворваннямі брушной паражніны.

У цяперашні час гэта трохпавярховы галоўны адміністрацыйны корпус бальніцы, які быў пабудаваны ў 1936–1937 гадах. Будынак бальніцы з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю стылю канструктывізму. У 1989–1990 гадах пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю прыбудова. У 2007 годзе пабудаваны аперацыйны блок.

Сучасная назва бальніцы – Установа аховы здароўя “Брэсцкая гарадская бальніца хуткай медыцынскай дапамогі”, а Станцыя хуткай медыцынскай дапамогі – падведамственая ўстанова (вул. Пушкінская, 31).

Бальніца мае наступныя падраздзяленні: 1-е і 2-е хірургічнае аддзяленні; анестэзіялагічнае аддзяленне; кардыялагічнае аддзяленне; неўралагічнае аддзяленне; прыёмнае аддзяленне; рэнтгеналагічнае аддзяленне; траўматалагічнае аддзяленне; фізіятэрапеўтычнае аддзяленне; эндаскапічнае аддзяленне. У бальніцы арганізаваны: кругласутачная служба рэнтгенолага, неўрапатолага, урача-эндаскапіста і яшчэ шэраг спецыялістаў.

Пры бальніцы працуе кабінет ультрагукавой дыягностыкі; кабінет функцыянальнай дыягностыкі; клініка-дыягнастычная лабараторыя. Бальніца разлічана на 250 ложкаў. Акрамя таго на тэрыторыі бальніцы працуе кругласутачны траўматалагічны пункт. У цокальным паверсе будынка знаходзяцца харчаблок і склады. У асобных будынках на тэрыторыі бальніцы знаходзяцца пабудаваная адначасова з прыбудовай кіслародна-размеркавальная станцыя, дэзкамера, склады і бойлерная.

Клопат пра здароўе людзей, павышэнне ўзроўню і якасці медыцынскага абслугоўвання насельніцтва – галоўная задача работнікаў бальніцы. У розныя гады галоўнымі ўрачамі тут працавалі Васіль Кісцень, Алег Вялічка, Валянцін Мілашэўскі, зараз установу ўзначальвае Вадзім Аляксеевіч Галаўко. У бальніцы працуюць урачы: Віталь Іосіфавіч Максімчук, Алена Іванаўна Карагода, Уладзімір Пятровіч Церашчук, Яўген Аляксеевіч Сарока, Ірына Уладзіміраўна Швергалава, Таццяна Яўгенаўна Казакова, Аксана Аляксееўна Дудзік, Алена Веніямінаўна Хромава, Аляксандр Віктаравіч Барысевіч, Мікалай Леанідавіч Базан, Таццяна Аркадзьеўна Зайчук, Сяргей Уладзіміравіч Цароў, Людміла Уладзіміраўна Хільчук, Вадзім Мікалаевіч Чарнякоў і інш.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

 

1.     Больницы // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 1. С. 113–115.

2.     Больница скорой медицинской помощи городская // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 95–96.

3.     Ахова здароў’я // Памяць : Брэст : гісторыка-дакументальная хроніка ў 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 319320.

4.     Галімава, Н. П. Ахова здароў’я / Н. П. Галімава // Памяць : Брэст : гісторыка-дакументальная хроніка ў 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 548–558.

5.     Коршак, М. А. Сістэма аховы здароўя ў 1944–1948 гг. / М. А. Коршак // Памяць : Брэст : гісторыка-дакументальная хроніка ў 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 382–383.

6.     Ярацэвiч, Г. М. Урачэбная дзейнасць на Брэстчыне ў 1921–1939 гадах / Г. М. Ярацэвiч // Памяць : Брэст : гісторыка-дакументальная хроніка ў 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 243244.

7.     Трибулева, Е. “Неотложка” становится респектабельной / Елена Трибулева // Вечерний Брест. 2003. 28 февр.

8.     Величко, О. “Обязанностей много, задача одна – охрана здоровья людей : [интервью с главным врачом Брестской больницы скорой помощи] / Олег Величко ; записал А. Логвинович // Заря. 2004. 28 авг. С. 3.

9.     Шеламова, Т. Возвращение по мировому стандарту : [реанимационное отделение горбольницы скорой медицинской помощи] / Татьяна Шеламова // Вечерний Брест. 2005. 30 нояб.

10.                       Кряквин, А. Здесь возвращают людям жизнь : Обновлённое реанимационное отделение горбольницы скорой медицинской помощи открылось после реконструкции / Алексей Кряквин // Вечерний Брест. 2006. 15 марта. С. 1, 5.

11.                       Охремук, Л. На европейском уровне : В Бресте после реконструкции открылось реанимационное отделение городской больницы скорой медицинской помощи / Лариса Охремук // Заря. 2006. 14 марта. С. 1.

12.                       Милошевский, В. “К полновесному “полтиннику” многое оцениваешь по-иному” : [интервью с главным врачом Брестской городской больницы скорой помощи] / Валентин Милошевский ; беседу вела Л. Волынчук // Вечерний Брест. 2010. 6 окт. С. 6.

13.                       Петровский, В. Самые здоровые – в больнице “скорой помощи” : [главный врач Брестской городской больницы скорой помощи Валентин Милошевский] / В. Петровский // Брестский вестник. 2010. 25 марта. С. 8.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1145 разоў Апошняя змена Серада, 08 Красавік 2020 15:23