Серада, 19 Сакавік 2014 17:41

24 кастрычніка 2013 г. – 270 гадоў з дня нараджэння Рафала Юзафа Чарвякоўскага (1743–1816), вучонага-медыка, асветніка

Рафал Юзаф Чарвякоўскі нарадзіўся 24 кастрычніка 1743 года пад горадам Пінскам (цяпер Брэсцкая вобласць). Дакладнае месца яго нараджэння невядома. Каб атрымаць адукацыю ў Рэчы Паспалітай, ён уступіў у манаскі ордэн піяраў. Скончыў піярскія школу ў 1762 годзе і вучылішча ў 1765 годзе.

 

У 1771 годзе Рафал Чарвякоўскі накіраваны ў Італію вывучаць медыцыну. Потым пры падтрымцы польскага грамадскага дзеяча, рэфарматара вышэйшай адукацыі Хуга Калантая ён сем гадоў правёў у Рыме, дзе 16 сакавіка 1776 года атрымаў ступень доктара медыцыны.

У 1777 годзе па асабістай просьбе Р. Чарвякоўскага папа рымскі Пій VI вызваліў яго ад духоўнага тытула і звання. Праходзіў медыцынскую практыку ў шпіталях Неапаля, Фларэнцыі, Падуі, Турына, Вены, Парыжа і Берліна. 5 (16) кастрычніка 1779 года накіраваны з Пінска ў Кракаў выкладаць медыцыну ў Галоўнай кароннай школе (Ягелонскі ўніверсітэт), з 1780 года – прафесар. Заснаваў там кафедру анатоміі, хірургіі і акушэрства. Трэба адзначыць, што такія дысцыпліны не чыталі тут студэнтам з самага заснавання ўніверсітэта – больш чатырох стагоддзяў.

Рафал Чарвякоўскі з’яўляецца заснавальнікам першага ў Кракаве анатамічнага тэатра. Паводле ўказа караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў 1785 годзе ўзнагароджаны залатым медалём і зацверджаны прыдворным дарадчыкам па медыцыне.

Пад уплывам Х. Калантая ён пакінуў манаскі ордэн і стаў свецкай асобай. Вучоны апіраўся пры гэтым на прынцып: аказваць медыцынскую дапамогу хворым жанчынам несумяшчальна з духоўным санам. Акрамя таго, ён зрабіў першае ў Кракаве ўскрыццё трупа чалавека. Вучоны праводзіў складаныя для таго часу аперацыі – «сшыванне ран жывата і кішак», трэпанацыі чэрапа, трахеатаміі і іншыя.

У час паўстання 1794 года быў галоўным урачом лазарэта пры саборы Святога Пятра ў Кракаве.

Рафал Чарвякоўскі празваны “бацькам польскай хірургіі”. Аўтар шэрагу фундаментальных навуковых прац па медыцыне і хірургіі, у тым ліку кніг: «Агляд хірургічных інструментаў» (т. 1–6, 1816–1817), “Практычная хірургія” (1796), “Падрыхтоўка да хірургічнай дапамогі” (1816) і інш. Вынаходнік шэрагу хірургічных інструментаў і аперацыйных метадаў. Падрыхтаваў звыш 200 вучняў, сярод якіх – Францішак Касцецкі, прафесар паталогіі і тэрапіі Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве.

Рафал Юзаф Чарвякоўскі памёр 5 лiпеня 1816 года.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц. Казлова Людміла Яўгенаўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.     Червяковский Рафал Юзеф // Учёные Пинщины / авт.-сост. И. А. Кибак, П. Н. Синкевич, В. В. Василевецкий. Пинск, 2012. С. 129.

2.     Чарвякоўскі Рафал Юзаф // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2003. Т. 6, кн. 2. С. 139.

3.     Саўчанка, М. Л. Чарвякоўскі Рафал Юзаф / М. Л. Саўчанка // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Пінскага раёна. Мінск, 2003. С. 131–132.

4.     Грицкевич, В. П. С факелом Гиппократа : из истории белорусской медицины : [Рафал Юзеф Червяковский] / В. П. Грицкевич. Минск, 1987. С. 130131.

5.     Эльяшевич, Е. Г. Ученые-медики Пинщины ХVI–ХIХ веков / Е. Г. Эльяшевич // Социально-экономическое и историко-культурное развитие Полесского региона в ХХI веке : материалы международной научно-практической конференции. Пинск, 2006. С. 221–223.

6.     Очерки истории культуры Пинска XIVXVIII веков : [Рафал Юзеф Червяковский] // Гістарычная брама. 2009. № 1 (24).

7.     Червяковский (Czerwiakowski) Рафаэль Юзеф (1743–1816) // Rhilatelia.Ru

8.     Глубокое : [Рафал Червяковский] // govorim.by/vitebskaya-oblast/glubokoe/stati-o-glubokom/

9.     zhitkovichi.com/_news/main/

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1938 разоў Апошняя змена Чацвер, 09 Красавік 2020 12:09