Серада, 19 Сакавік 2014 17:50

19 лістапада 2013 г. – 105 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Трыфанавіча Іаўчука (1908–1990), вучонага ў галіне філосафіі, партыйнага дзеяча Беларусі, члена-карэспандэнта АН СССР, замежнага члена Балгарскай АН

Нарадзіўся Міхаіл Трыфанавіч Іаўчук 19 лістапада 1908 года ў в. Завужоўе Кобрынскага павета Гродзенскай губерніі (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці).

 

Закончыў філасофскае аддзяленне Акадэміі камуністычнага выхавання ў 1931 годзе. У 1936–1939 гадах кіраваў кафедрамі дыялектычнага матэрыялізму марксізму-ленінізму Маскоўскага хіміка-тэхналагічнага інстытута імя Мендзялеева і Маскоўскай сельскагаспадарчай акадэміі імя Ціміразева. У 1939–1941 гадах – на партыйнай рабоце ў Выканкаме Камінтэрна. У перыяд з 1941 па 1947 гады Міхаіл Трыфанавіч працуе ва ўпраўленні прапаганды і агітацыі ЦК ВКП(б).

У розныя перыяды жыцця М. Т. Іаўчук займаў пасады: сакратара ЦК КП(б)Б па прапагандзе і агітацыі, выкладчыка ў Маскоўскім, Уральскім універсітэтах, Інстытуце філасофіі АН СССР, рэдактара часопіса “Философские науки”, кансультанта Інстытута марксізму-ленінізму пры ЦК КПСС. Быў старшынёй Навуковага савета АН СССР па гісторыі грамадскай думкі, кандыдатам у члены ЦК КПСС. У 1941–1950 гадах з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР.

У 1946 годзе М. Т. Іаўчук абараніў дысертацыю на тэму “Из истории русской материалистической философии ХVIII–ХIХ веков” і стаў доктарам філасофскіх навук. З 1946 года – член-карэспандэнт АН СССР. Рэктар Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС у 1970–1990 гадах.

М. Т. Іаўчук узнагароджаны ордэнамі Леніна (1949), Чырвонай Зоркі (1944), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1945, 1954), Кастрычнiцкай рэвалюцыі (1975), “Знак Пашаны” (1968), Дружбы народаў (1978), многімі медалямі. Лаўрэат прэміі імя Г. В. Пляханава (1971).

У 1972 годзе стаў замежным членам Балгарскай Акадэмii навук.

Міхаіл Трыфанавіч даследаваў праблемы гісторыі філасофіі, гісторыі марксізму-ленінізму, пытанні тэорыі культуры, ідэалагічнай барацьбы і інш. Аўтар кніг “Белинский. Его философские и социально-политические взгляды” (1939), “Г. В. Плеханов и его труды по истории философии” (1960), “История философии как наука, её предмет, метод и значение” (1960), “Ленинский этап в развитии марксизма и его философии” (1969) і іншых, адзін з аўтараў і рэдактараў 6-томнай “Истории философии”.

Асоба Міхаіла Трыфанавіча вельмі супярэчлівая. У ім сканцэнтравана адлюстраваліся ўсе супярэчлівасці таталітарнай эпохі. Ён быў і яе актыўным дзеячам, і яе ахвярай, мова ідзе не столькі аб “ганаровай” ссылцы ў Свярдлоўск, а пра непрарыўнае самападаўленне. Міхаіл Трыфанавіч быў зусім шчыра перакананы ў мудрасці “лініі ЦК”. “Унутраны рэдактар” глушыў у ім многія творчыя парывы. Ён быў таленавіты арганізатар, чалавек фенаменальнага славалюбства. Рэдактарам ён быў вельмі прыдзірлівым. Быў запальчывы, але хутка “адыходзіў”, быў здольны прасіць прабачэння, перажываў свае зрывы, не быў злапамятным. Незвычайна чутка адчуваў каньюктуру. Шмат працаваў і патрабаваў гэтага ад іншых. У зносінах з калегамі быў просты і прыветлівы, ахвотна ўдельнічаў у вечарынках.

Міхаіл Трыфанавіч Іаўчук памёр 9 студзеня 1990 года. Пахаваны на Уведзенскіх могілках г. Масквы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бiблiятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

1.     Иовчук Михаил Трифонович // Регионы Беларуси : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 1. С. 431.

2.     Иовчук Михаил Трифонович // Корнилович, Э. А. Беларусь: созвездие политических имен / Э. А. Корнилович. Минск, 2009. С. 342–343.

3.     Іаўчук Міхаіл Трыфанавіч // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Кобрынскага раёна. Мінск : БЕЛТА, 2002. С. 435.

4.     Иовчук Михаил Трифонович // Философский энциклопедический словарь. Москва, 1983. С. 220.

5.     Іаўчук Міхаіл Трыфанавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 5. С. 2627.

6.     Коган, Л. Н. Неповторимая романтика социологии / Л. Н. Коган // Российская социология шестидесятых годов в воспоминаниях и документах / ред.-сост. С. Ф. Ярмолюк. СПб., 1999.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 548 разоў Апошняя змена Чацвер, 09 Красавік 2020 12:14